Што адбываецца з беларускімі медыямі і як прарваць медыяблакаду? Меркаванне Максіма Беразінскага
Аўтар: Максім Беразінскі | 14 лістапада 2023 г.
Беларусь цяпер жыве ў вельмі цяжкай сітуацыі. Гэта тычыцца ўсіх сфер, у тым ліку медыйнай. Магчыма, у свеце ўвогуле ніколі не было так, што пераважная колькасць незалежных СМІ павінна працаваць з-за мяжы. Асабліва, калі казаць пра сучасныя медыі, якія распаўсюджваюцца праз сеціва. КНДР і іншыя закансерваваныя краіны — нерэлевантныя прыклады. Там увогуле іх няма. У нас яны ёсць, працягваюць працу і збіраюць мільённыя аўдыторыі. Тыя ж «Люстэрка» ці «Наша Ніва» нават з улікам блакаванняў збіраюць мільённыя прагляды.
Так здарылася, што маштаб рэпрэсій пасля 2020 года (з Беларусі выціснуты сотні тысяч беларусаў) дапамагае рабіць паўнавартасныя, а не эмігранцкія медыі з-за мяжы. Вялікая частка асноўных спікераў — не ў Беларусі: палітычныя аглядальнікі, лідары думак, культурніцкія дзеячы (адразу скажу, што ў Беларусі засталося шмат таленавітых людзей, але па зразумелых прычынах медыі не могуць выкарыстоўваць іх меркаванні).
Магчыма, гэта адна з памылак рэжыму: выціснулі занадта шмат людзей. Інакш «экстрэмісцкім» медыям было б вельмі складана заставацца цікавымі ў Беларусі
Гэта плюс. Мінус палягае ў тым, што цяпер вельмі складна атрымліваць інфармацыю з Беларусі. Зламана тое, што працавала шмат гадоў. Раней медыі маглі зрабіць рэпартаж з вёскі, запісаць апытанку на вуліцы, узяць каментар у гарвыканкаме — цяпер гэта ўсё амаль немагчыма. У тэкставым варыянце яшчэ сёе-тое рабіць можна, але з відэа — татальная блакада. Інфармацыя з Беларусі — гэта выклік для кожнай рэдакцыі.
Што яшчэ з мінусаў:
разбураныя рэгіянальныя медыі, якія ў Беларусі былі традыцыйна моцнымі (шмат з якіх з’яўляліся камерцыйна паспяховымі). Напрыклад, «Рэгіянальная газета» ў Маладзечна, «Ганцавіцкі час», «Інтэкс-прэс» з Баранавіч. Сюды ж дадам, што вялікая колькасць рэгіянальных суполак у сацыяльных сетках таксама была перакупленая,
вялікае пранікненне расійскіх медыяў. З ТБ усё зразумела даўно. Але з улікам блакаванняў цяпер у пашукавіках на верхніх прыступках — расійскія сайты,
рэжым Лукашэнкі намагаецца перахапіць кіраванне тымі медыямі, якія засталіся ў краіне, ці стварае новыя. Але ў першым выпадку ўсё вельмі слізка (Азаронак час ад часу ўзгадвае дрэнным словам «Анлайнер», а «Прэсбол» увогуле быў заблакаваны). У другім — якасць кадраў дае аб сабе ведаць. На усіх платформах, дзе можна лічыць аўдыторыю, рэжым прайграе ў адну калітку. Яны не могуць зрабіць нічога цікавага, што людзі хацелі б глядзець самі, а не з-пад палкі. Дастаткова паглядзець ахопы пастоў у падобных тэлеграм-каналах і ў таго ж Матолькі. Колькасць падпісантаў параўнальная, але ў першым выпадку ахоп паста — 7–8 тысяч, у другім — 30–40 тысяч. У YouTube такая ж карціна. Дзяржаўныя каналы растуць па падпісантах, але сярэдняя колькасць праглядаў аднаго відэа на канале АНТ — 2–5 тысяч. Тыя ж навіны «Нашай Нівы» збіраюць 50–60 тысяч арганічных праглядаў. Я ўжо не кажу пра стрымы Азаронка.
Ландшафт так сабе, але ці можна з гэтым працаваць?
Перакананы, што так. Гэта выклік для медыяў. Гэта павінен быць адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці дэмакратычных сіл. Ты ні на што не можаш уплываць, калі цябе ніхто не слухае.
2020 год стаў магчымым якраз таму, што на нейкі момант удалося прарваць медыяблакаду. Улады недаацанілі Ціханоўскага і моц яго стрымаў. З’явіліся блогеры-расследавальнікі (Спірын), блогеры, якія ўмеюць перадаваць атмасферу (Івулін), рэгіянальныя лідары думак (Пятрухін і Кабанаў з Брэста), народныя палітолагі (Цыгановіч). Стрымы ў ютубе глядзелі па 50–100 тысяч чалавек.
Але тады кожны мог узяць мікрафон і паехаць у любы горад Беларусі. Цяпер сітуацыя іншая. Але што можна рабіць?
ТРЫ ПРАПАНОВЫ
Дапамагаць новым лідарам думак
Пасля арыштаў у інтэрнэт-прасторы з’явіўся вакуум сапраўдных блогераў, якія не ходзяць на працу, а выказваюцца, таму што не могуць маўчаць. Менавіта такая прастата і прываблівала людзей. Ім не патрэбныя дарагія медыйныя прадукты ў багатых студыях. Ім патрэбна шчырасць і давер.
І такія праекты з новымі тварамі з’яўляюцца, але іх патрэбна больш. У тым ліку, каб канкураваць з расійскамоўнымі каналамі.
Цяпер не час думаць пра глабалізацыю. Нам трэба стварыць сваю інфапрастору, свой шоу-біз
Прыемна, што ўсё больш праектаў выходзіць на беларускай мове. Здаецца, цяпер у крэатараў менш страху паставіць беларускамоўны загаловак. Беларуская мова — гэта не значыць, што цябе не паглядзяць. Калі ты зняў цікавы кантэнт, у яго будзе аўдыторыя.
Магчыма, нават для медыяў мае сэнс задумацца, каб развіваць не толькі ютуб-праекты брэнда, а і персанальныя ютубы і ціктокі. У гэтым плане добры прыклад — праект «Ток» «Нашай Нівы» з Настай Роўдай. Ці Саша Івулін, які зняў моцны фільм пра беларусаў, якія хочуць вярнуцца ў Беларусь.
Шукаць новую аўдыторыю і аднаўляць інфраструктуру
Пасля разгрома рэгіянальных і нішавых медыяў вельмі вялікая група аўдыторыі застаецца без альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. І дацягнуцца да гэтых аўдыторый звычайнымі метадамі складана.
І медыям, і палітычным сілам трэба быць хітрэйшымі
Зразумела, што сайты хутчэй будуць абвешчаныя экстрымісцкімі, чым збяруць нейкую аўдыторыю. Таму альтэрнатыва — відэа ва ўсіх праявах: ад паўнафарматных — да вертыкальных. Алгарытмы YouTube і TikTok не вымагаюць падпіску. Яны будуць паказваць відэа чалавеку, нават калі ён проста глядзіць ролікі.
Тэматыка — тое, што цікавіць чалавека і тое, што ён можа спраўдзіць і пабачыць на свае вочы. Калі мы кажам пра рэгіянальную аўдыторыю, то гэта навіны горада, раёна, вуліцы. На кантрасце з ТБ-прапагандай аўдыторыя адчуе, што ёй распавядаюць тое, што адпавядае рэчаіснасці.
Калі кажам пра нішавыя каналы, то з’явілася цікавая плынь гістарычных каналаў: «Вусы Скарыны» Цімоха Акудовіча, «Тутэйшы Шляхціч» Усяслава Пашкевіча, «Слухай сюды» Аляксея Унучака і «Загляне сонца» Мікіты Мелказёрава. І хочацца, каб іх было болей. Разбор ваенных перамог, лекцыі пра цікавых гістарычных асоб.
Так ці інакш, вельмі важна хаця б часткова аднавіць тую інфраструктуру, якая была ў Беларусі да 2020 года. Рэжым намагаецца таксама рухацца ў гэты бок, але атрымліваецца дрэнна. У Instagram і Telegram сотні падпісантаў, на сайтах дзясяткі праглядаў. Сюды можна ўбудавацца. Вось, напрыклад, газета «Асіповіцкі край»: тэксты пра партыйныя білеты «Белай Русі» і расстрэлы ў 1941 годзе не сабралі і 100 праглядаў. «Тэлеграм» газеты з Чэрыкава — 352 падпісанты, рагачоўскае «Свабоднае слова» — 195 падпісанты.
Ствараць больш забаўляльнага кантэнту
Беларускі ютуб вельмі сур’езны. Калі і ёсць нешта забаўляльнае, то хутчэй на расійскай мове і накіравана на тамтэйшую аўдыторыю (з кантэкстуальным гумарам пра Расію)
Недахоп забаўляльнага кантэнту не дазваляе дацягнуцца да аўдыторыі, якая глядзіць па ТБ не навіны, а серыялы, музычныя і гумарыстычныя перадачы. Калі паглядзець на статыстыку каналаў, то вельмі мала такіх, дзе жанчыны складаюць хаця б 45–50 адсоткаў аўдыторыі.
Тут усё зразумела: беларускія прадакшэны ў YouTube пакуль не маюць бюджэтаў, якія б дазволілі рэалізоўваць вялікія фарматы. Але цяпер, трэба адзначыць, унікальная сітуацыя, калі беларускія комікі, якія з’ехалі з Расіі праз палітычныя моманты, гатовыя працаваць для Беларусі.
Таксама ёсць патэнцыял у музычных шоу кшталту «Голаса» ці «Х-фактара». Паслухайце, як цудоўна гучыць Стынг ці Radiohead па-беларуску.
Замест высновы
Цяпер усё яшчэ ёсць магчымасці працаваць з беларускай аўдыторыяй, але гэта патрабуе нестандартных рашэнняў. Без іх аднавіць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру і супрацьстаяць расійскім медыям будзе складана. Але калі прарыў інфаблакады адбыўся ў 2020 годзе, то нічога не перашкаджае паўтарыць.