article-img

Ці можна пераадолець палярызацыю беларускага грамадства? Меркаванне Лесі Руднік

Аўтар: Леся Рудник | 25 ліпеня 2023 г.

Адныя называюць гэта палярызацыяй, іншыя расколам. Але сутнасць застаецца адна: у беларускім грамадстве наспеў каштоўнасна-палітычны канфлікт.

Сацыялагічныя апытанні, беларускія і замежныя даследаванні, а таксама меркаванні мысляроў, якія ўжо выказваліся на гэтай пляцоўцы, сведчаць аб тым, што палярызацыя ў беларускім грамадстве абвастрылася ў выніку выкліку рэжыму Лукашэнкі летам 2020 году.

Беларусь сёння з’яўляецца краінай з адной з найбольш высокіх ступеняў палітычнай палярызацыі згодна з дадзенымі V-Dem. Цяжка адмаўляць тое, што вырашаць праблему расколу стане калі не першай, то адной з грунтоўных задач пасля адыходу дзеючага аўтарытарнага рэжыму.

У гэтым артыкуле я прапаную разгледзіць магчымыя дзеянні неабходныя для працэсу пераадолення расколу.

Даследаванні паказваюць, што палярызацыя нясе пагрозу перспектывам дэмакратыі. У першую чаргу таму, што замест шчырага вывучэння палітычных пытанняў, людзі аўтаматычна падтрымліваюць «сваіх» і падазраюць ці ненавідзяць «чужых». Палітыкі, медыя, лідары палітычнай думкі транслююць неабходнасць абіраць паміж чорным і белым.

Палітычная палярызацыя — складаны феномен, бо ён звязаны не толькі з палітычнымі поглядамі, але і з аспектам маралі. Часта лінія расколу праходзіць па каштоўнасных і маральных устаноўках, якія нашмат больш глыбінныя і працяглыя за палітычныя прэферэнцыі.

Гэта вядзе да таго, што ў высокапалярызаваных грамадствах абіраць нейтральную пазіцыю становіцца непрымальным. Таму выбар застаецца за тым: абіраць адзін з лагераў альбо не цікавіцца палітыкай

Пераадольваць палітычную палярызацыю варта дзеля аздараўлення палітычнай сістэмы, зніжэння вастрыні адносін паміж двума лагерамі. Пакуль да канца невядома, калі ў беларусаў з’явіцца магчымасць пераадолець раскол, але вопыт іншых краін паказвае, што працэс можа быць доўгім і складаным.

Прымірэнне палітычных эліт

У дэмакратычных грамадствах, палітычная палярызацыя — нармальная часовая з’ява, напрыклад, падчас выбарчых кампаній. Палітыкі выкарыстоўваюць даступныя медыйныя пляцоўкі, яскравыя лозунгі, каб публічна заявіць, чым яны лепей за сваіх апанентаў. Аднак, у грамадствах з няроўнай расстаноўкай палітычных сілаў, правілы гульні змяняюцца. На прыкладзе беларускай сітуацыі мы бачым, што адна палітычная сіла ўтрымлівае ўладу сілай, абмяжоўвае магчымасці сваім канкурэнтам весці палітычную барацьбу, а людзям гэтую палітычную сілу падтрымліваць проста небяспечна.

У напаўдэмакратычных грамадствах усталяваць роўнасць палітычнага ўдзелу дапамагаюць дзяржаўныя інстытуты. Але ў выпадку, калі апазіцыйным сілам недаступныя механізмы інстытуцыянальнага дзеяння, сілай апанентаў з’яўляецца адзінства. У даследаванні, якое вывучала кейсы пераадолення палітычнай палярызацыі на прыкладзе 11 краін, падкрэсліваецца, што менавіта высокае адзінства палітычнай сілы, якая супрацьстаіць уладзе, вяло да пазітыўных вынікаў. У выпадку моцнага адзінства эліт, канкурэнты ўлады маюць больш шансаў прымусіць кіруючыя эліты да ўнутраных рэформаў альбо дыялогу.

Відавочна, што прымірэнне паміж элітамі магчыма толькі ў выпадку гатоўнасці двух бакоў да пачатку дыялогу. У сітуацыі, калі непублічныя перамовы гэтых бакоў немагчымыя, трансляваць гэтую гатоўнасць можна праз публічную прастору альбо праз медыятараў.

Публічныя заявы пра дыялог могуць выклікаць непаразуменне электарату, таму наўрад ці бакі да гэтага гатовыя

Медыятарам можа выступіць міжнародная супольнасць, канкрэтныя краіны альбо міжнародныя арганізацыі. Аднак важна, каб гэта не ператварылася ў перамовы міжнароднай супольнасці і Лукашэнкі. Менавіта роля медыятара можа дазволіць трэцяму боку знайсці тыя аргументы, якія падштурхнуць як кіруючыя эліты, так і апанентаў да перамоў. Вышэйзгаданае даследаванне паказвае, што міжнародныя арганізацыі могуць прапаноўваць супрацоўніцтва краіне ў выпадку зніжэння ўзроўню палітычнай палярызацыі.

Разглядаючы кейс Беларусі, падаецца, што сёння Захад не можа прапанаваць такія стымулы, якія адначасова задаволяць рэжым Лукашэнкі і дэмакратычныя сілы. У гэтай сітуацыі застаецца выпрацоўваць новыя стымулы альбо адпусціць спадзеў на перамовы і чакаць калапсу рэжыму.

Прымірэнне грамадства праз інстытуцыянальныя механізмы

Пераадоленне палітычнага расколу немагчыма без прымірэння палітычных эліт, але гэта не значыць, што палітыкі павінны пагаджацца па ўсіх пытаннях. Таму, калі абодва бакі гатовыя да здаровай палітычнай канкурэнцыі, вырашаць цяжкія палітычныя пытанні, па якіх праходзіць лінія расколу ў грамадстве, можна праз механізмы галасавання альбо рэферэндумаў.

Важна адзначыць, што гэтая прапанова тычыцца пераходнага перыяду, калі грамадства спрабуе пераадолець палярызацыю. Прыкладамі такога галасавання можа стаць вырашэнне лёсу сілавікоў, якія былі задзейнічаны ў працяглых рэпрэсіях, механізмаў люстрацыі чыноўнікаў.

Калі грамадзяне будуць упэўненыя ў празрыстасці падліку галасоў, а палітычныя апаненты будуць гатовыя змагацца за электарат па правілах гульні, такі спосаб можа стаць хуткім вырашэннем вострых палітычных пытанняў у перыяд прымірэння

Важна тлумачыць грамадству пра неабходнасць галасавання за палітычную прапанову, а не за палітыкаў. Ва ўмовах пераадолення палярызацыі не толькі эліты, але і самі грамадзяне павінны быць гатовы выбіраць не кандыдата з аднаго ці іншага лагера, а кандыдата за яго палітычную павестку.

Палітызацыя нейтральнай часткі грамадства

Звяртаючыся да прыкладу Беларусі, мы бачым, што абодва лагеры палітычных апанентаў актыўна выказваюцца ў рыторыцы «Мы — Яны», падзяляюць прыхільнікаў па лініі палітычных і каштоўнасных поглядаў.

З аднаго боку, гэта ўзмацняе адзінства, з другога — палярызуе грамадства яшчэ мацней. У гэтай перспектыве паўстае пытанне, ці з’яўляецца правільнай стратэгіяй павелічэння ўзроўню палярызацыі грамадства, то бок перацягванне нейтральнай часткі насельніцтва на свой бок праз змяншэнне колькасці тых, хто не гатовы прымаць бок аднаго ці іншага лагераў?

У беларускай сітуацыі сілы палітычных апанентаў нероўныя, а бок, які ўтрымлівае ўладу, не гатовы ні да якіх кампрамісаў. З гэтага пункту гледжання, узмацненне адзінства, ціску і палітычнага капіталу апанентаў улады — стратэгія, якая можа падштурхнуць да рэформаў па ініцыятыве кіруючых уладаў.

З іншага пункту гледжання, нарастаючы канфлікт паміж палітычнымі сіламі вядзе да моцнай радыкалізацыі электарату апанентаў улады (ды й саміх апанентаў), якая яшчэ больш палярызуе грамадства і вядзе да росту нейтральнай часткі насельніцтва.

Такім чынам, стратэгія перацягвання нейтралаў на свой бок, хутчэй дае адваротны эфект, абвастрае палітычную палярызацыю

Вырашыць гэтае абвастрэнне (ва ўмовах зніжэння рэпрэсій) і прадухіліць дэпалітызацыю нейтральнай часткі насельніцтва можа палітычная сіла, якая будзе прадстаўляць інтарэсы нейтральнай часткі грамадства.

У нейтралаў павінны з’явіцца свае палітычныя прадстаўнікі, якія дазволяць займаць палітычную пазіцыю без прымусу абіраць лагер кіруючай улады ці дэмакратычных сілаў

Іншымі словамі, нейтралы павінны стаць цэнтрыстамі паміж рэжымам і дэмакратычнымі сіламі.

Пытанне ў тым, хто стане сілай, якая зможа прадстаўляць нейтралаў. Сёння на гэтае пытанне адказваць рана, бо ва ўмовах саўдзелу беларускага рэжыму ў расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, татальнага задушэння альтэрнатыўнага меркавання, нейтралы будуць апошнімі, хто вырашыцца на адкрыты палітычны ўдзел.

Фотаздымак вокладкі: Philip Montgomery


Леся Рудник

Аўтар

Леся Рудник


Директорка (Центр новых идей)