Павел Мацукевіч піша пра культурную спадчыну, якая знікла невядома куды, і ідэнтычнасць, якая паўстала ніадкуль.
Сімяон Полацкі і Казімір Семяновіч – хто з іх наш, а хто здраднік?
Абодва нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, апярэдзілі свой час і прытрымліваліся гуманістычных поглядаў у неспрыяльных для гэтага гістарычных умовах. Адзін з іх – Полацкі – пайшоў на службу да рускага цара, а другі працаваў быццам на свайго гаспадара – польскага караля і вялікага князя літоўскага 1.
Служыць рускаму цару, які захапіў Полацк, ганебна. Як працаваць на Пуціна і Расію. Так гэта сёння ўспрымаецца. Таму пра Сімяона Полацкага часам можна пачуць, што ён здраднік і калабарацыяніст.
У гэтым праблема беларускай гісторыі: нам дагэтуль цяжка зразумець, што ўласна з’яўляецца «нашым».
Полацкі, як і Семяновіч, жыў у сямнаццатым стагоддзі. Гэта цалкам іншыя рэаліі – каштоўнасці, жыццёвы змест, стаўленне да веры, гаспадара, дзяржавы. Да іх нельга падыходзіць з сучаснай меркай.
Аднак паўстае яшчэ адно важнае пытанне: якое ўсё гэта мае дачыненне да Беларусі? У спрэчках кшталту «чый Касцюшка ці Міцкевіч» яно гучыць адкрыта. Маўляў, гаворка ж ідзе пра ВКЛ, Рэч Паспалітую, Расійскую імперыю і каго заўгодна, але Беларусі ў гэтым пераліку няма.
Усё гэта стварае ўражанне – асабліва звонку, – што наша краіна існуе як рэха чужога мінулага: расійскага, польскага, літоўскага 2.
Гісторыя Беларусі як незалежнай дзяржавы сапраўды яшчэ кароткая, але як зямлі і людзей, якія тут жылі, – доўгая і глыбокая. Усё гэта і ёсць Беларусь, хоць і пад рознымі назвамі, у складзе розных дзяржаваў.
Даказаць гэта магла б культурная спадчына. Але яна, на жаль, амаль цалкам страчаная.
Пытанне не толькі ў тым, як і куды яна знікла. Пытанне яшчэ і ў тым, што мы самі пра яе ведаем і што здольныя вярнуць. Бо культурная спадчына – гэта не дадатак да гісторыі, а яе найважнейшы доказ. І яго няма.
Беларусь – рэгіянальны донар каштоўнасцей
Так сцвярджаў прафесар Адам Мальдзіс: стагоддзямі, уваходзячы ў розныя дзяржаўныя аб’яднанні, Беларусь была «асуджана на добраахвотны або прымусовы вываз значнай часткі сваіх матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей» у сталіцы і культурныя цэнтры, якія сёння знаходзяцца па-за яе межамі.
Лідарам гэтага гістарычнага марафона можна лічыць Расію, хоць да справы вывазу нашых культурных скарбаў далучыліся ўсе суседзі, а таксама немцы, шведы, французы.
Характэрны прыклад: у Беларусі няма ніводнага асобніка «Катэхізіса» Сымона Буднага, выдадзенага ў 1562 годзе ў Нясвіже. А гэта першая кніга на беларускай мове, надрукаваная ў нас. У расійскіх бібліятэках захоўваецца 8 з 10 існуючых асобнікаў гэтага каштоўнага старадруку. Астатнія – у Кракаве і Празе.
Лічыцца, што Беларусь страціла да 99% нацыянальных культурных скарбаў. Такую жахлівую лічбу называў першы міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка.
Магчыма, праз такія страты, нават калі яны перабольшаныя, і паўстае ўяўленне, што ВКЛ – гэта сучасная Літва, а Рэч Паспалітая – Польшча, а ўсё астатняе – гэта Маскоўшчына, Расійская імперыя ці СССР. Што Беларусі толькі 30 гадоў: беларусы быццам высадзіліся невядома адкуль, як дэсант, з місіяй стварыць краіну з нуля.
Да таго ж так склалася гістарычна, што нас імкнуліся русіфікаваць, паланізаваць і нават германізаваць. Мы ацалелі і нават маем сваю нацыянальную дзяржаву. Але існаванню вонкавай і ўласнай блытаніны з тым, хто мы, гэта не замінае.
Што лічыць беларускім?
Беларускія культурныя межы аспрэчваюцца суседзямі; можна прыгадаць канфлікт з Польшчай вакол надпісу «выдатнаму сыну Беларусі» для беларускага помніка Касцюшку ў Залатурне. Але гэтыя межы нам самім трэба вызначыць. Крытэр тут можа быць даволі просты: беларускім у культурным сэнсе можна лічыць усё, што мае дачыненне да нашай тэрыторыі.
Прыкладна такім было меркаванне Уладзіміра Шчаснага, вядомага беларускага дыпламата і мастацтвазнаўцы, які кіраваў нацыянальнай камісіяй ЮНЕСКА.
Зямля вызначае прыналежнасць культурных скарбаў. Таму Касцюшка, Міцкевіч, Манюшка – таксама нашы, бо нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. «Таксама» – бо яны і польскія, і літоўскія. Яны і такія, як яны, – сусветная спадчына, народжаная беларускай зямлёй.
Мы маем права на прысутнасць у нашай культурнай прасторы ўсіх выбітных дзеячоў, якія паходзяць з беларускіх гарадоў, вёсак і мястэчак, а сталі вядомымі за мяжой.
Пры гэтым варта ведаць спадчыну, якую вяртаем у беларускі кантэкст: музыку Агінскага ці Манюшкі, жывапіс Глюкмана ці Любіча, лёс Мінейкі ці творчасць Урсын-Нямцэвіча. Героі належаць тым, хто шануе іх памяць.
Паказальна і тое, што ўсе яны існавалі на розных мовах – рускай, польскай, французскай, – але не беларускай. Аднак гэта яшчэ нічога не кажа пра іх ідэнтычнасць, тым больш – пра іх асабістае вызначэнне яе.
Напрыклад, Адам Міцкевіч, якога мы лічым сваім як сына Наваградчыны, ведаў беларускую мову, але пісаў па-польску, – таму сенсацыяй у 2016 годзе стала інфармацыя, што ў яго ёсць адзін верш на беларускай.
Аднак галоўны эпічны твор Міцкевіча «Пан Тадэвуш» напісаны ў Францыі на польскай мове і пачынаецца з словаў, якія ўжо літоўцы ўспрымаюць як доказ літоўскай ідэнтычнасці творцы, хоць у яго нічога няма па-літоўску. І словы гэтыя – «О, Літва! Мая Айчына».
Праўда, гаворка тут пра іншую – летапісную Літву, што ахоплівае Беларусь з роднай паэту Наваградчынай.
Міцкевіча дакладна хопіць на ўсіх, калі яго не дзяліць, але вось што паказвае яго польскамоўная гісторыя: мова не вызначае культурныя межы – гэта не безапеляцыйны крытэр у гісторыі.
У выпадку беларускай мовы ўсё яшчэ куды больш складана, бо пытанне, як і стагоддзі таму, балюча радыкальнае – аб яе захаванні.
Не меч, не шчыт бароніць мову, а дасканалы твор
Гэта цытата з верша польскага паэта Цыпрыяна Норвіда, і яна гучыць быццам напісаная для нас.
Беларусь заўсёды існавала на скрыжаванні культур, дзяржаў і моў. І нават сёння большая частка беларусаў, у тым ліку ў эміграцыі, размаўляе па-руску. Гэта рэальнасць, якую можна не любіць, але немагчыма не прызнаваць.
Змены моўнай рэчаіснасці патрабуюць не толькі іншага стаўлення дзяржавы. Патрэбна магутная культурная прапанова: кнігі, музыка, кіно, серыялы, падкасты, створаныя на такім мастацкім узроўні, каб чытаць, глядзець і слухаць гэта хацелі нават замежнікі.
Натхняльныя прыклады ёсць, як беларускі павільён на сёлетнім Венецыянскім біенале. Экспартны прадукт, але місію выканаў – і сваю, і міжнародную аўдыторыю зачапіў.
Будучыня Беларусі наўрад ці можа будавацца на моўным ці культурным пурызме. Хоць уплыў буйных дзяржаў будзе заўсёды адчувальным і рызыкоўным для нас.
Гэта натуральна, як і жаданне падчас вайны Расіі супраць Украіны адкінуць усё, што звязана з агрэсарам.
Але ж не культура здзяйсняе такія напады.
Пра тое казаў Васіль Быкаў, разважаючы пра рэтраспектыўную нянавісць да Гётэ і Мана падчас Другой сусветнай вайны: «Толькі разумныя ці адукаваныя людзі маглі да канца захаваць аб’ектыўнасць і разумець, што нахабны фашысцкі фельдфебель – гэта найперш фашыст-салдафон, а ўжо потым няшчасны прадстаўнік вялікай і культурнай нацыі Еўропы, якой ён здрадзіў самым ганебным чынам».
Будзе дзіўна, калі ўмацаванне беларушчыны будзе адбывацца за кошт адмены рускай мовы і культуры – яны ж ужо з’яўляюцца часткай існай беларускай ідэнтычнасці.
Беларускія погляды на гэта, асабліва ў такія драматычныя часы, могуць разыходзіцца як караблі. Але ёсць адна рэч, якая аб’ядноўвае большасць беларусаў.
Гэта свая дзяржава.
Галоўная падзея ў нацыянальнай гісторыі
У свеце існуюць тысячы нацый і народаў. Сваю дзяржаву маюць каля двухсот. Гэта значыць, што мець уласную краіну – не норма, а выключэнне.
Беларусы гэтага каштоўнага выніку свайго развіцця дасягнулі ў дзевяностых. Дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце – лагічная дата адліку незалежнасці. Таму што гаворка ідзе пра суверэнную Беларусь, прызнаную міжнароднай супольнасцю ў сваіх межах.
І гэта галоўная падзея ў нашай гісторыі. Бо толькі ўласная дзяржава дазваляе вызначаць свой лёс, абапіраючыся на свае магчымасці і сваё мінулае. Усё мінулае, а не яго «правільны» бок.
Гэта складана, як і з мовай. Для адных цяпер наша сапраўдная гісторыя – Аршанская бітва 1514 года, паколькі пабілі маскавітаў. Тое, што вайну ў рэшце рэшт прайгралі – нібыта не істотна.
Для другіх, якія кіруюць у Мінску, Вялікая Айчынная вайна цалкам засланіла ўсё неба. Нават дзень незалежнасці Беларусі прывязаны менавіта да яе, хоць у 1944 годзе наша краіна засталася ў СССР. Да таго ж унутры той вайны праглядваецца безлітасная грамадзянская.
Невыпадкова БНР для кагосьці – гэта калабарацыянізм з нямецкімі акупантамі. Для іншых БССР – савецкая акупацыя і знішчэнне нацыянальнага жыцця.
Паразумення тут не знайсці. І не варта яго шукаць праз адмену «неправільнай» гісторыі.
Трэба прыняць, што наша мінулае складанае і супярэчлівае. Як само жыццё. Што яно дакладна не меню, дзе можна абраць, што падабаецца. Перамогі і паразы, героі і здраднікі, падзеі, за якія сорамна, і падзеі, якімі можна ганарыцца, – усё гэта перамешана, а выцягнутае паасобку з кантэксту – працуе як маніпуляцыя.
Беларусь складаецца з усяго, што было да нас на гэтай зямлі. Незалежна ад назваў дзяржаваў, незалежна ад моваў, незалежна ад таго, каму служылі людзі сваёй эпохі. Менавіта тады, калі мы вяртаем гэтую культурную спадчыну без выключэнняў, наша краіна перастае быць рэхам чужой гісторыі.
- Цікавы факт: польскі кароль і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV, якому служыў Семяновіч, яшчэ як каралевіч на пачатку сваёй манаршай кар’еры пару гадоў пабыў царом маскоўскім і ўсея Русі.
- У літоўскім наратыве ВКЛ найперш падаецца як гісторыя літоўскай дзяржаўнасці, у польскім – як частка гісторыі Рэчы Паспалітай і польскіх усходніх крэсаў, а ў расійскім – як мінулае «заходнерускіх тэрыторый».

