Вікторыя Леўкавец, Centre for Baltic and East European Studies, Södertörn University

На працягу больш чым трох дзесяцігоддзяў Швецыя была адным з найбольш паслядоўных прыхільнікаў дэмакратыі, правоў чалавека і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных рэпрэсій шведская падтрымка пашырылася і стала ўключаць палітычную падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл, незалежных медыя, даследаванняў і палітычнага дыялогу.

Пасля парламенцкіх выбараў у Швецыі 13 верасня 2026 года галоўнае пытанне палягае не ў тым, ці працягне Швецыя падтрымліваць дэмакратычную Беларусь, а ў тым, як гэтая падтрымка будзе арганізаваная. Змена ўрада наўрад ці зменіць агульную пазіцыю Швецыі, але яна можа паўплываць на ключавыя інстытуцыі, асабліва Шведскае агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (Sida), а таксама на шырэйшую архітэктуру падтрымкі, створаную за апошнія тры дзесяцігоддзі.

Шматгадовая падтрымка Беларусі з боку Швецыі

Сярод краін Паўночнай Еўропы і Балтыі Швецыя займае ўнікальнае месца ў сваёй палітыцы ў дачыненні да Беларусі. З першых гадоў беларускай незалежнасці ў 1991 годзе паслядоўныя шведскія ўрады спалучалі прынцыповую абарону дэмакратыі і правоў чалавека з доўгатэрміновымі інвестыцыямі ў грамадзянскую супольнасць, незалежную адукацыю і дэмакратычныя інстытуцыі. 

Падзеі 2020 года кардынальна змянілі як маштаб, так і характар шведскай падтрымкі. Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і беспрэцэдэнтных рэпрэсій, што адбыліся за імі, Швецыя хутка адмовілася прызнаваць афіцыйныя вынікі выбараў, падтрымала санкцыі Еўрапейскага саюза супраць рэжыму Лукашэнкі і ўстанавіла цесныя кантакты з беларускімі дэмакратычнымі сіламі на чале са Святланай Ціханоўскай. 

Поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну яшчэ больш узмацніла значэнне Беларусі ў знешняй палітыцы Швецыі. Па меры ўсё большай інтэграцыі Беларусі ў расійскія ваенныя структуры і структуры бяспекі падзеі ў Мінску перасталі разглядацца выключна праз прызму дэмакратыі і правоў чалавека –– да іх дадалася таксама прызма рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне Балтыйскага мораа. Пасля ўступлення Швецыі ў НАТА ў 2024 годзе гэтае стратэгічнае вымярэнне стала яшчэ больш выразным.

Аднак Швецыю вылучае не толькі яе палітычная пазіцыя ў дачыненні да Беларусі, але і шырокае кола суб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у яе рэалізацыі. Дзяржаўныя інстытуты, агенцтвы развіцця, палітычныя фонды, універсітэты, аналітычныя цэнтры і арганізацыі грамадзянскай супольнасці выконваюць розныя, але ўзаемадапаўняльныя функцыі. Гэтая інстытуцыйная разнастайнасць стварыла адну з найбольш комплексных у Еўропе сістэм падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху.

Палітыка ўрада Швецыі

Урад Швецыі забяспечыў палітычную рамку, у межах якой дзейнічае гэтая шырэйшая сетка. Незалежна ад палітычнай прыналежнасці ўрады, якія змянялі адзін аднаго захоўвалі стабільны курс, заснаваны на падтрымцы дэмакратыі, павазе да правоў чалавека і салідарнасці з беларускай грамадзянскай супольнасцю. Швецыя заставалася адным з найбольш актыўных прыхільнікаў санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, паслядоўна размяжоўваючы беларускія ўлады і беларускае грамадства.

Важным крокам стала стварэнне ў 2023 годзе асобнай дыпламатычнай пасады, па Беларусі і Усходнім партнёрстве. Крысціна Ёханэсан стала першым паслом і спецыяльным пасланнікам Швецыі па Усходнім партнёрстве і Беларусі, што сведчыла: Стакгольм разглядае беларускае пытанне як такое, што патрабуе пастаяннай дыпламатычнай увагі. Яе пераемнік Патрык Свенсан працягнуў гэтую працу ў 2025 годзе, каардынуючы рэгіянальную дзейнасць Швецыі і падтрымліваючы рэгулярны дыялог з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і еўрапейскімі партнёрамі. 

Міністэрства замежных спраў дапаўніла гэтыя дыпламатычныя намаганні падтрымкай канферэнцый у 2024 і 2026 гадах, палітычных дыялогаў і міжнародных сустрэч, прысвечаных Беларусі. Арганізаваныя ў супрацоўніцтве са шведскімі даследчымі ўстановамі, гэтыя ініцыятывы аб’ядноўвалі палітыкаў, навукоўцаў і прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху, захоўваць беларускую тэматыку ў еўрапейскім палітычным парадку дня.

Інвестыцыі ў беларускае грамадства

Калі Міністэрства замежных спраў задае палітычны кірунак, то свой доўгатэрміновы ўплыў Швецыя выбудавала праз інвестыцыі непасрэдна ў беларускае грамадства. Галоўным інструментам гэтай працы на працягу многіх гадоў з’яўляецца Шведскае агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (Sida), якое на працягу многіх гадоў фінансавала дэмакратычнае развіццё, незалежную экспертызу, вышэйшую адукацыю і грамадзянскую супольнасць, а не супрацоўнічае непасрэдна з беларускай дзяржавай. 

Пасля рэпрэсій 2020 года Sida хутка адаптавалася да рэалій выгнання. Дапамога ўсё больш канцэнтравалася на арганізацыях, якія працуюць з суседніх краін. Замест фінансавання асобных праектаў шведская дапамога была скіраваная на тое, каб захаваць інстытуты і прафесійныя супольнасці, здольныя зрабіць свой унёсак у будучыню дэмакратычнай Беларусі.

Сярод найбольш важных атрымальнікаў падтрымкі быў BEROC, даследаванні якога сталі незаменнай крыніцай незалежнага аналізу беларускай эканомікі. Швецыя таксама з’яўляецца шматгадовым прыхільнікам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільнюсе, дзякуючы чаму тысячы беларускіх студэнтаў змаглі працягнуць атрымліваць незалежную вышэйшую адукацыю пасля таго, як універсітэт быў вымушаны пакінуць Мінск.

Супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю таксама абапіраецца на доўгатэрміновыя партнёрствы. Праз такія арганізацыі, як ForumCiv, шведская дапамога ўмацоўвала мясцовыя ініцыятывы, праваабарончыя арганізацыі і грамадзянскую актыўнасць, захоўваючы пры гэтым дастатковую гнуткасць для працы ва ўмовах усё больш жорсткіх палітычных абмежаванняў. 

Працу Sida дапаўняе Шведскі інстытут. Праз стыпендыяльныя праграмы, лідарскія ініцыятывы і акадэмічныя абмены Інстытут інвеставаў у людзей, а не ў праекты. Беларускія студэнты, даследчыкі, журналісты і маладыя спецыялісты на працягу многіх гадоў удзельнічаюць ў праграмах Шведскага інстытута, ствараючы шырокія прафесійныя сеткі, якія і надалей спрыяюць супрацоўніцтву. 

Такое спалучэнне фінансавай дапамогі, адукацыйнага супрацоўніцтва і інстытуцыйных партнёрстваў стала адным з вызначальных моцных бакоў Швецыі. Не абмяжоўваючыся рэагаваннем толькі на бягучыя крызісы Швецыя паслядоўна інвеставала ў захаванне прафесійнага, інтэлектуальнага і арганізацыйнага патэнцыялу беларускага грамадства. Гэты падыход дазволіў многім беларускім інстытутам не проста выжыць у выгнанні, але і працягваць развіваць экспертныя кампетэнцыі, навучаць новыя пакаленні лідараў і рыхтавацца да дэмакратычнай будучыні.

Пасля прыходу да ўлады ў 2022 годзе правацэнтрысцкі ўрад правёў істотныя рэформы шведскай палітыкі развіцця, скараціўшы бюджэты дапамогі і надаўшы большае значэнне знешняй палітыцы, бяспецы і нацыянальным інтарэсам. Sida апынулася ў цэнтры гэтай дыскусіі: некаторыя кіруючыя партыі выступалі за істотнае скарачэнне або рэарганізацыю яе мандата. Для беларускіх арганізацый наступствы такіх рэформ выходзяць далёка за межы адной установы, якая займаецца фінансаваннем. Яны закранаюць шырэйшую інстытуцыйную сетку, якая больш за два дзесяцігоддзі падтрымлівала беларускую дэмакратыю ў выгнанні.

Палітычныя фонды, аналітычныя цэнтры і ўніверсітэты

У той час як урад вызначае палітычныя прыярытэты, а Sida забяспечвае значную частку фінансавай падтрымкі, сетка палітычных фондаў дапамагае падтрымліваць беларускіх дэмакратычных актараў і забяспечваць прысутнасць Беларусі ў шведскай публічнай дыскусіі. Хоць гэтыя фонды звязаныя з рознымі палітычнымі партыямі, у цэлым іх аб’ядноўвае прыхільнасць да дэмакратычнага развіцця ва Усходняй Еўропе. Міжнародны цэнтр Улафа Пальмэ, цесна звязаны з сацыял-дэмакратычным рухам Швецыі, ужо доўгі час падтрымлівае палітычныя партыі, незалежныя прафсаюзы і дэмакратычны ўдзел у Беларусі. Шведскі міжнародны ліберальны цэнтр (SILC) засяроджваецца на развіцці лідарства, палітычнай адукацыі і арганізацыйнай падтрымцы ліберальных палітычных партый, моладзевых арганізацый і ініцыятыў грамадзянскай супольнасці. Іх актыўная роля знайшла адлюстраванне ў рашэнні беларускіх уладаў прызнаць SILC «экстрэмісцкай арганізацыяй» 23 красавіка 2026 года. Фонд Ярла Яльмарсана, звязаны з Умеранай партыяй Швецыі, канцэнтруецца на дэмакратычным кіраванні, палітычным лідарстве і парламенцкім супрацоўніцтве. Фонд Hepatica, звязаны са Шведскімі дэмакратамі, таксама робіць свой унёсак у падтрымку дэмакратычнай Беларусі з боку Швецыі.

Не менш важны ўклад робяць шведскія ўніверсітэты і аналітычныя цэнтры. Паколькі з-за рэпрэсій праводзіць незалежныя даследаванні ў Беларусі становіцца ўсё складаней, шведскія ўстановы сталі важнымі пляцоўкамі для захавання экспертнага патэнцыялу, падтрымкі беларускіх навукоўцаў і экспертнага суправаджэння выпрацоўкі палітычных рашэнняў.

Стакгольмскі цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў (SCEEUS) пры Шведскім інстытуце міжнародных адносін мае мандат на працу па Беларусі і рэалізуе яго праз аналітычныя запіскі, экспертныя каментары і канферэнцыі. У Цэнтры балтыйскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў (CBEES) Універсітэта Сёдэртэрна Беларусь стала важным напрамкам даследаванняў, асабліва пасля 2020 года. Даследчыя праекты, канферэнцыі, семінары і праграмы для запрошаных даследчыкаў дапамагалі захоўваць незалежную беларускую навуковую экспертызу, адначасова ўмацоўваючы акадэмічнае супрацоўніцтва паміж шведскімі і беларускімі даследчыкамі. Інстытут расійскіх і еўразійскіх даследаванняў (IRES) Упсальскага ўніверсітэта таксама ўключыў беларускую тэматыку ў сваю даследчую і выкладчыцкую дзейнасць па Усходняй Еўропе, а Беларусь набывае ўсё большае значэнне і ў Шведскім універсітэце абароны, што адлюстроўвае змены ў сітуацыі ў сферы бяспекі Швецыі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну і ўступлення краіны ў НАТА. 

У сукупнасці гэтыя інстытуты выконваюць функцыі, якія выходзяць далёка за межы акадэмічных даследаванняў. Яны спрыяюць таму, каб Беларусь заставалася часткай шведскай знешнепалітычнай дыскусіі нават тады, калі сусветная ўвага пераключаецца на іншыя пытанні.

Выбары 2026 года: што можа змяніцца?

На гэтым фоне парламенцкія выбары 13 верасня 2026 года не варта разглядаць як рэферэндум аб падтрымцы Беларусі з боку Швецыі. Існуе шырокі палітычны кансэнсус адносна фундаментальных мэтаў шведскай палітыкі: падтрымка Украіны, санкцыі супраць Расіі і рэжыму Лукашэнкі, а таксама працяг узаемадзеяння з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Гэтыя пазіцыі наўрад ці зменяцца незалежна ад таго, якая кааліцыя сфарміруе наступны ўрад. 

Больш важнае пытанне датычыцца таго, якім чынам Швецыя аказвае гэтую падтрымку. Цяперашні правацэнтрысцкі ўрад імкнецца пераасэнсаваць супрацоўніцтва ў галіне развіцця як інструмент знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі. Гэта прывяло да скарачэння бюджэтаў дапамогі, большага акцэнту на стратэгічных інтарэсах Швецыі і дыскусіі, якая працягваецца, аб будучай ролі Sida. Крытыкі сцвярджаюць, што гэтыя рэформы могуць аслабіць інстытуцыйныя асновы доўгатэрміновай шведскай дапамогі дэмакратыі, тады як іх прыхільнікі лічаць, што дапамога павінна быць больш цесна ўзгоднена з сучаснымі геапалітычнымі рэаліямі.

Левацэнтрысцкі ўрад, верагодна, пойдзе іншым шляхам. Хоць фіскальныя абмежаванні захаваліся б, ён, хутчэй за ўсё, зноў узмацніў бы акцэнт на супрацоўніцтве ў галіне развіцця, умацаваў бы інстытуцыйную ролю Sida і зноў надаў бы прыярытэт грамадзянскай супольнасці, вышэйшай адукацыі і міжнародным партнёрствам. Для беларускіх арганізацый гэта забяспечыла б большую стабільнасць, нават калі б не прывяло да істотнага павелічэння аб’ёмаў фінансавання.

Высновы

Значэнне Швецыі для Беларусі нельга вымяраць толькі аб’ёмам яе дапамогі ў галіне развіцця. Яе найвялікшым унёскам стала стварэнне шчыльнай сеткі інстытутаў, якія падтрымліваюць беларускае грамадства праз дыпламатыю, адукацыю, даследаванні, палітычнае супрацоўніцтва і партнёрствы з грамадзянскай супольнасцю. З цягам часу гэта стварыла адну з найбольш комплексных у Еўропе сістэм узаемадзеяння з Беларуссю.

Парламенцкія выбары 2026 года наўрад ці істотна зменяць палітыку Швецыі ў дачыненні да Беларусі. Іх значэнне палягае ў тым, як гэтая палітыка будзе рэалізоўвацца і ці будуць інстытуты, якія на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў падтрымліваюць беларускія дэмакратычныя сілы на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў, і надалей атрымліваць дастатковую палітычную і фінансавую падтрымку. Па меры таго як Беларусь становіцца ўсё больш залежнай ад Расіі, а незалежныя актары застаюцца ў выгнанні, захаванне гэтай інстытуцыйнай архітэктуры будзе мець вялікае значэнне. Доўгатэрміновы ўклад Швецыі ў Беларусь у канчатковым выніку будзе залежаць не ад выніку адных выбараў, а ад яе гатоўнасці і надалей інвеставаць  інвеставаць у інстытуты, якія зрабілі яе ўзаемадзеянне адметным.