Падзеі 2020 года сталі для беларускага грамадства траўмай яшчэ і таму, што жорсткасць здзяйснялі такія ж беларусы, якія разам са сваімі ахвярамі вучыліся па тых жа кніжках. Невыпадкова ў жніўні 2020 года папулярнымі сталі гісторыі пра замежных баевікоў у масках, бо “нашы так не маглі б”. Адкуль бяруцца тысячы суддзяў, следчых і турэмных наглядчыкаў і як яны могуць калектыўна рабіць жудасныя рэчы? Адсутнасць сумлення, прыхаваны садызм ці прыстасаванне закладнікаў бязлітаснай механікі сістэмы? Магчыма, усе адказы слушныя. Піша Максім Знак.

У цішы камеры ШЫЗА, назіраючы за тым, як раз у гадзіну падымаецца жалезнае вейка дзвераў і слухаючы, як па бясконцым крузе крочыць адным і тым жа калідорам  кантралёр, да мяне прыйшлі мелодыя і словы песні “Ходзікі”. Феномен “ходзікаў” — людзей, якія робяць штосьці несумленнае, часам насуперак сваёй волі альбо пад завесай абыякавасці, — можна растлумачыць з дапамогай класічных даследаванняў сацыяльнай псіхалогіі. Галоўны тэзіс тэксту: рэпрэсіўная машына мае ўласную логіку самаўзмацнення і не спыніцца сама са зменай аднаго актара. Разуменне псіхалагічных механізмаў — не спосаб апраўдаць злачынцаў, якія нясуць безумоўную адказнасць за свае дзеянні (кожны — згодна ступені віны і маштабу ўдзелу).

Найбуйнейшыя злачынствы ў гісторыі здзяйсняліся не дэманамі, а людзьмі, якія лічылі сябе законапаслухмянымі грамадзянамі. Крыстафер Браўнінг даследаваў гісторыю 101-га рэзервовага паліцэйскага батальёна, які ўдзельнічаў у масавых забойствах яўрэяў у акупаванай Польшчы ў 1942–1943 гадах. Большасць гэтых людзей не былі фанатычнымі нацыстамі: гэта былі паліцыянты-рэзервісты сярэдняга ўзросту, пераважна сямейнікі. Тым, хто не адчуваў сябе здольным страляць, прапанавалі адмовіцца, аднак выйшлі са строю адзінкі (і не былі пакараныя): большасць трымаў не страх пакарання, а канфармізм.

Ханна Арэндт пісала, што Адольф Эйхман не быў псіхапатам, а вызначаўся “бяздумнасцю“ — няздольнасцю паглядзець на свае дзеянні з пункту гледжання іншага. Беціна Штангнет даводзіла, што вобраз “шэрага чыноўніка” Эйхман у значнай ступені сыграў на працэсе, а насамрэч быў перакананым антысемітам, аднак сам феномен існуе: Харальд Вэльцэр паказаў, як зрушваецца “сістэма адліку“, у межах якой забойства пачынае ўспрымацца як нармальная праца.

Эксперыменты і чалавечая натура: роля і падпарадкаванне

Філіп Зімбарда ў Стэнфардскім турэмным эксперыменце 1971 года імкнуўся паказаць, як хутка сацыяльная роля паглынае асобу. Эксперымент крытыкуюць за самаадбор удзельнікаў і за тое, што “ахоўнікаў” падштурхоўвалі самі эксперыментатары, — але гэта толькі ўзмацняе выснову: “добрыя людзі” ператвараюцца ў злачынцаў асабліва лёгка, калі правілы гульні задае і ўхваляе кіраўніцтва. Кожны з беларускіх вязняў пацвердзіць, якія хуткія метамарфозы адбываюцца ў паводзінах тых зняволеных, якіх прызначылі “днявальнымі” ці “брыгадзірамі”, як яны выкарыстоўваюць здабытую ўладу, асабліва калі атрымліваюць неафіцыйныя загады.

Стэнлі Мілграм у знакамітым эксперыменце, датычным выканання злачынных загадаў, паказаў, што каля двух трацін удзельнікаў па патрабаванні даследчыка даходзілі да максімальнага “ўдару токам” у 450 вольт. Ён апісаў “агентны стан”, у якім індывід бачыць сябе толькі інструментам выканання чужой волі, — адсюль “я толькі выконваў загад”. Але падпарадкаванне аказалася крохкім: калі даследчык аддаваў загады па тэлефоне, да канца даходзілі 22,5% удзельнікаў; калі побач двое “калег” адмаўляліся працягваць — толькі 10%. Паводле Хаслама і Райхера, удзельнікі падпарадкоўваліся, бо ідэнтыфікавалі сябе з “важнай справай” навукі; для Беларусі гэта можа азначаць, што выканаўцы падпарадкоўваюцца тым ахвотней, чым больш падзяляюць наратыў пра “абарону дзяржавы”. Падчас выконвання непрыемных загадаў беларускія службоўцы рэгулярна супакойваюць сябе, паўтараючы наратывы афіцыйнай прапаганды і абвінавачваючы сваю ахвяру: маўляў, чаго табе не хапала, вось атрымлівай зараз тое, што заслугоўваеш.

Самаапраўданне і дэгуманізацыя

Каб жыць у згодзе з сабой, чалавек, які чыніць гвалт, павінен неяк гэта апраўдаць. Паводле тэорыі кагнітыўнага дысанансу Леона Фестынгера, калі паводзіны супярэчаць уяўленню пра сябе як пра “добрага чалавека”, прасцей змяніць перакананні, чым паводзіны. Паверыць у тое, што краіну атачылі ворагі, значна лягчэй, чым прызнаць ворагам свайго народа самога сябе.

У эксперыменце Фестынгера і Карлсміта студэнтам плацілі $1 або $20 за тое, каб яны сказалі наступнаму ўдзельніку, што нуднае заданне было цікавым. Тыя, каму заплацілі мізэрны $1, пасля самі ацэньвалі заданне як больш цікавае: узнагароды не хапала, каб апраўдаць хлусню, і яны тлумачылі свой учынак унутранай перакананасцю. Таму нібыта добраахвотныя дробныя саступкі — самы надзейны шлях да ідэалагічнай перабудовы. Фанатычнасць  шэрагоўцаў – ніжэйшых чыноў у беларускай рэпрэсіўнай машыне можа тлумачыцца не толькі лёгкасцю ўплывання на псіхіку, але і тым, што атрымліваемая імі ўзнагарода непрапарцыянальна найбольш цяжкай і бруднай частцы злачыннай працы.

Настроіцца на зневажанне ахвяры дапамагае “вера ў справядлівы свет“ Мэлвіна Лернера: “Калі іх б’юць і саджаюць, значыць, яны экстрэмісты, яны самі вінаватыя”. Гэта дазваляе і канфармісту захоўваць псіхалагічны камфорт, назіраючы за рэпрэсіямі. Да таго ж, падзяленне “мы/яны” робіцца ўсё больш выразным і ў ідэалагічным, і нават у фізічным плане, што спрашчае адаптацыю.

Мова прапаганды і фізічная сегрэгацыя палітычных вязняў у калоніях сведчаць, што дэгуманізацыя стала тэхналогіяй рэжыму. Альберт Бандура апісаў механізмы, праз якія адключаецца маральная самарэгуляцыя: маральнае апраўданне (“мы абараняем краіну”), эўфемістычныя ярлыкі (“прафілактычная размова”), выгаднае параўнанне (“у іншых яшчэ горш”), размыванне адказнасці (“я толькі падпісаў”), дэгуманізацыя і перакладанне віны на ахвяру. Жоўтыя біркі на адзенні беларускіх палітвязняў робяць ахвяру “аб’ектам”, а не чалавекам: калі чалавек становіцца “бэчэбэшнікам” ці “экстрэмістам”, эмпатыя да яго слабее.

Канфармізм і радыкалізацыя закрытых карпарацый

Чаму ў сістэме не знаходзіцца “праведнікаў”, якія б спынілі гвалт? Саламон Аш паказаў, што прыкладна траціна адказаў удзельнікаў эксперымента супадала з відавочна памылковым меркаваннем групы, хоць задача была элементарнай. Аднак з’яўленне хаця б аднаго саюзніка, які адказваў правільна, рэзка зніжала канфармізм: галоўны вораг нязгоды — адзінота кожнага з нязгодных. Ніхто не хоча зрабіць крок наперад, уяўляючы, што разагнаная да лютасці беларуская рэпрэсіўная машына наматае яго на свае колы нават яшчэ да таго часу, як гэты крок будзе завершаны.

Людзі, якія лічаць сваю думку меншасцевай, баяцца ізаляцыі і маўчаць, чым яшчэ больш змяншаюць бачнасць гэтай думкі, — гэта “спіраль маўчання“ Элізабэт Ноэль-Нойман. Калі большасць прыватна не згодная з нормай, але кожны мяркуе, што астатнія яе падтрымліваюць, узнікае “плюралістычная недасведчанасць“ — і ілюзія поўнай легітымнасці самых вар’яцкіх практык. Першыя “пакаяльныя ролікі” на фоне службовых дзвярэй выглядалі як агідная карыкатура на Оруэла і экстраардынарны гвалт, а зараз нармалізацыя практык дайшла да таго, што адпаведныя відэа “непалітычным” парушальнікам прапануюць зняць і беларускія падаткавыя службы.

У закрытых структурах сілавікоў, дзе ажыццяўляецца ідэалагічны нагляд і магчымае пакаранне за памяркоўнасць, гэты эфект узмацняецца “групавой палярызацыяй“: калі аднадумцы абмяркоўваюць пытанне толькі паміж сабой і імкнуцца заслужыць адабрэнне калег, іх пазіцыя становіцца больш радыкальнай. Там, дзе ўмеранасць ці сумнеў успрымаюцца як здрада, адбываецца натуральны адбор самых жорсткіх пазіцый, а спроба праявіць чалавечнасць можа мець матэрыяльныя і нават крымінальныя наступствы. Да гэтага дадаецца самаадбор: у такія структуры часцей прыходзяць тыя, каму падобнае асяроддзе псіхалагічна блізкае.

Нават тыя, хто ўнутры сістэмы ўнікае злачынных практык і, магчыма, знаходзіцца ва ўнутранай апазіцыі да рэжыму, наўрад ці здолеюць змяніць нешта да лепшага: у аўтакратыях лаяльнасць цэніцца вышэй за кампетэнтнасць. Афіцэры вермахта, якія пагарджалі Гітлерам, штодня старанна выконвалі сваю працу, а апраўданне “калі я сыду, маё месца зойме горшы”, як паказала Арэндт, дазваляе сістэме выкарыстоўваць і тых, хто яе ўнутрана не падтрымлівае.

Механізм “горшых практык” і эскалацыя

Групавая палярызацыя можа патлумачыць, чаму пры абмене вопытам сістэма пераймае не лепшыя, а горшыя практыкі. Імкненне не падацца занадта “спачувальным” вядзе да таго, што неправавыя механізмы, якія з’явіліся дзякуючы ініцыятыве аднаго садыста ці кар’ерыста — напрыклад, пазбаўленне вязняў сну, кніг, спатканняў ці гігіенічных сродкаў, — спачатку прымаюцца пры маўклівым канфармізме калег.

Пазней гэтая “інавацыя зла” распаўсюджваецца па іншых установах, адбываецца “нармалізацыя адхілення“, і практыка можа замацавацца ў ведамасных інструкцыях. Каб даказаць вернасць, наступны выканаўца павінен прыдумаць яшчэ больш жорсткую меру — гэта “дарагі сігнал” лаяльнасці, якую нельга праверыць напрамую. Гісторыкі нацысцкай дзяржавы апісвалі падобную дынаміку як “кумулятыўную радыкалізацыю“ і “працу ў кірунку фюрэра“, калі падначаленыя спаборнічаюць, хто лепш угадае і перавысіць чаканні кіраўніцтва.

Такім чынам, выканаўцы злачынных загадаў — часцяком не толькі садысты ці кар’ерысты, але і прадукт складанай сацыяльнай інжынерыі: сістэма адбірае і прасоўвае тых, хто схільны да жорсткасці, і адначасова стварае ўмовы, у якіх жорсткімі становяцца звычайныя людзі. Але нават у самых жорсткіх умовах знаходзіліся тыя, хто адмаўляўся і ратаваў. Бачны прыклад адмовы разбурае падпарадкаванне, але яго сіла залежыць ад таго, колькі адмова каштуе і ці застаецца яна адзінокай. Віна ў кожнага выканаўцы таксама розная: Ясперс вызначаў чатыры яе віды — крымінальную, палітычную, маральную і метафізічную.

Асэнсаванне гэтых механізмаў дазваляе зразумець, чаму спіраль рэпрэсій працягвае раскручвацца і чаму ўзмацняецца жорсткасць. Машына не спыніцца сама, і нельга спадзявацца на аўтаматычнае вырашэнне праблем нейкім адным актарам — патрэбная рэформа ўсяго рэпрэсіўнага механізму. “Ходзікі” — гэта метафара, літаратурны вобраз. Насамрэч у сістэме працуюць людзі, але большасць можа не разумець, якім чынам яны ўцягвуюцца ўсё глыбей у багну рэпрэсіўных практык, як не заўважалі гэтага гістарычныя злачынцы-канфармісты. Раскрыццё іллюзорнасці банальнасці зла, тлумачэнне таго, што сумленне лепей за закон падкажа, што можна, а што нельга — гэта адзінае, што можна зрабіць для гэтых людзей. А адзіны шлях выхаду з рэпрэсіўнай спіралі ляжыць праз аднаўленне індывідуальнай адказнасці і стварэнне сістэмы, дзе сумленне і чалавечая годнасць з’яўляюцца абсалютнай каштоўнасцю, а не нагодай для прызначэння пакарання