Пасля прызнання ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй” беларускія студэнты сутыкнуліся з новымі рызыкамі, а ўніверсітэт — з крызісам даверу з іх боку. Наколькі ЕГУ аказаўся гатовы абараняць сваю супольнасць і што яму неабходна змяніць, каб не страціць беларускіх студэнтаў?

Вядома, я не магу казаць ад імя ўсіх беларускіх студэнтаў, ці нават усіх беларускіх студэнтаў ЕГУ. Разам з тым, маючы стасункі з шырокім колам цяперашніх і былых студэнтаў ЕГУ, мяркую, што мой уласны досвед і маё стаўленне да праблем Універсітэта вельмі падобныя на тыя, што ўласцівыя пераважнай большасці беларускіх студэнтаў ЕГУ.

Чаму беларускія студэнты выбіраюць ЕГУ: чаканні ад універсітэта

Для беларускіх студэнтаў выбар ЕГУ заўсёды адрозніваўся ад выбару звычайнага замежнага ўніверсітэта. ЕГУ ўспрымаўся як беларускі ўніверсітэт у Еўропе. Гэта давала магчымасць атрымаць еўрапейскую адукацыю, але пры гэтым не губляць сувязь з Беларуссю.

Пасля пратэстаў 2020 года гэта мела для мяне асаблівае значэнне. Ад ЕГУ я чакала не толькі якаснай адукацыі і дыплома еўрапейскага ўзору, але і бяспечнага асяроддзя, у якім я змагла б свабодна выказваць сваю пазіцыю і не баяцца наступстваў за ўласныя погляды.

У артыкуле 2.1 статута ЕГУ сказана: “Місія Універсітэта як ВНУ, арыентаванай на студэнтаў, заключаецца ў садзейнічанні развіццю грамадзянскай супольнасці праз гуманітарныя навукі і свабодныя мастацтвы для студэнтаў з Беларусі і рэгіёна, аб’ядноўваючы іх і забяспечваючы міжнародны досвед у якасці адукацыі.”

І да нядаўняга часу ўніверсітэт пераважна спраўляўся з гэтай місіяй: на яго базе праходзілі мерапрыемствы розных беларускіх НДА, запрашаліся беларускія эксперты з розных сфер грамадзянскай супольнасці, а на акадэмічных занятках мы на рэальных прыкладах вывучалі прыкметы прававога дэфолту ў Беларусі, і большасць з нас сапраўды імкнулася знайсці шляхі яго спынення.

ЕГУ быў месцам, дзе я магла не толькі атрымліваць адукацыю, але і гаварыць пра Беларусь адкрыта і гучна, слухаць розныя меркаванні, шукаць спосабы вырашэння крызісу ў краіне і знаходзіць для сябе месца ў барацьбе за дэмакратычныя змены.

Усё змянілася ў 2024 годзе, калі ЕГУ практычна спыніў супрацоўніцтва з беларускімі арганізацыямі, прызнанымі экстрэмісцкімі ў Беларусі.

Пачатак “экстрэмісцкай” гісторыі і першыя трывожныя званкі

20 жніўня 2025 года рашэннем суда Цэнтральнага раёна горада Мінска сайт і акаўнты ЕГУ ў сацыяльных сетках былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. 

Тады ЕГУ змяніў ідэнтыфікацыйныя сімвалы ў сацыяльных сетках і зрабіў рассылку для студэнтаў з рэкамендацыяй адпісацца ад акаўнтаў універсітэта і ачысціць гісторыю браўзера. Таксама на сайце была размешчана навіна з адпаведнай інфармацыяй і рэкамендацыямі. У сітуацыі прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі, лічу, гэта сапраўды правільныя крокі.

Але пасля першых слушных крокаў, далей праблему нібыта вырашылі прыхаваць і не заўважаць. Напрыклад, на сайце не з’явілася ніякай “плашкі” альбо аўтаматычна ўзнікаючага паведамлення аб небяспецы для тых, хто ў Беларусі. Дарэчы, менавіта так выглядае сітуацыя і па сённяшні дзень. Хоць пагроза пераследу за “экстрэмізм” нікуды не знікла, даведацца аб ёй можна толькі гартаючы стужку навінаў. Далёка не кожны, хто зайшоў на сайт ЕГУ, будзе ведаць аб “экстрэмізме” загадзя, і будзе гартаць стужку навінаў, каб аб гэтым даведацца.

Восенню 2025 года рэжым працягваў наступ на ЕГУ. Наступным крокам стаў публічны выступ генеральнага пракурора Андрэя Шведа, які паведаміў, што 15 верасня 2025 года накіраваў у Вярхоўны суд Беларусі заяву аб прызнанні ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”. 

У той пераломны і псіхалагічна важны момант летам-восенню 2025 г., ЕГУ, апроч рэкамендацый па забяспячэнні лічбавай бяспекі, не распачаў якіх бы то значных дзеянняў, накіраваных на абарону студэнтаў, выпускнікоў і абітурыентаў. Хоць станавілася відавочна, што пагроза і небяспека з боку рэжыму толькі нарастаюць. 

Студэнты ў той перыяд знаходзіліся ў стане панікі. Усіх бянтэжыла пытанне аб тым, як забяспечыць сваю бяспеку, сваіх родных і як працягваць вучыцца ў такіх варунках.

Але ва Універсітэце праблему нібыта хацелі “замесці пад дыван”. Ва ўніверсітэцкай рассылцы студэнтам прапаноўвалася пры перасячэнні мяжы з Беларуссю адкрыта паведамляць сілавікам пра месца свайго навучання. У сваю чаргу, у афіцыйным звароце для супольнасці ЕГУ рэктар заявіў, што ні студэнтам, ні іншым удзельнікам акадэмічнай супольнасці “баяцца няма чаго”.

Абвяшчэнне ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй” 

14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд задаволіў пазоў Генеральнай пракуратуры, і ў Беларусі ЕГУ быў аб’яўлены экстрэмісцкай арганізацыяй. Пад такой пагрозай апынуліся ўжо ўсе: студэнты, абітурыенты, выпускнікі, выкладчыкі і нават бацькі. Многія студэнты адразу пачалі задавацца пытаннямі: ці варта адлічвацца, што будзе з імі і іх бацькамі? На той момант я вучылася на пятым курсе, і мая група ўжо заканчвала навучанне, рыхтуючы магістарскія працы. Для нас пытанні гучалі наступным чынам: “Ці заканчваць навучанне ва ўніверсітэце? Што рабіць з гэтым дыпломам тым, хто вяртаецца ў Беларусь?”

У Універсітэта было сем месяцаў паміж заявай Шведа і рашэннем Вярхоўнага суда. За гэты час можна было правесці агульныя і індывідуальныя кансультацыі з дзейнымі профільнымі юрыстамі — не толькі для адміністрацыі, але і для студэнтаў; падрыхтаваць алгарытм дзеянняў для беларускіх студэнтаў у Літве і ўнутры Беларусі; стварыць інфраструктуру для магчымага экстранага вывазу студэнтаў з Беларусі.

Ці пачуў універсітэт сваіх студэнтаў?

Што ж атрымалі ў выніку студэнты:

  1. Афіцыйная рэакцыя ўніверсітэта на прызнанне ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй” з’явілася толькі праз суткі. 
  2. ЕГУ ўзмацніў меры падтрымкі студэнтаў, выкладчыкаў і іх сем’яў толькі праз два з паловай месяцы пасля аб’яўлення экстрэмісцкім, і пасля з’яўлення інфармацыі пра ператрусы і допыты студэнтаў у Беларусі. Пытанне, наколькі гэтыя меры насамрэч адпавядаюць патрэбам студэнтаў, застаецца вельмі актуальным па сённяшні дзень.
  3. У рассылцы для студэнтаў ЕГУ просіць устрымацца ад паездак у Беларусь, але замест падрабязнага тлумачэння рызык зводзіць рэкамендацыю да фармулёўкі “самастойна ацэньвайце рызыкі”. 
  4. Агульную кансультацыю з юрыстамі з удзелам студэнтаў ЕГУ правёў толькі праз месяц пасля надання ў Беларусі статусу “экстрэмісцкай арганізацыі”. 

Я неаднаразова накіроўвала пытанні і прапановы адносна таго, як палепшыць камунікацыю адміністрацыі з акадэмічнай супольнасцю. Аднак, будучы студэнткай ЕГУ, адказаў я так і не атрымала.

У гэты перыяд, калі студэнтам асабліва была патрэбная абарона з боку ўніверсітэта, у іх стваралася адчуванне, што адміністрацыя ЕГУ не разумее маштабу таго, што адбываецца, і не ўсведамляе рызык, звязаных з дзеяннямі рэжыму ў Беларусі.

Рызыка страціць беларускіх студэнтаў

На дапамогу беларускім студэнтам і абітурыентам прыйшлі незалежныя медыя і праваабарочныя арганізацыі, якія самі сутыкаліся з рэпрэсіямі ў Беларусі і разумелі звязаныя з гэтым рызыкі. У асноўным менавіта адтуль студэнты атрымлівалі інфармацыю пра магчымыя крымінальныя артыкулы, спосабы зніжэння рызык, досвед іншых арганізацый, а таксама меркаванні беларускіх юрыстаў, якія маюць практычны досвед працы з заканадаўствам аб “экстрэмізме”.

Паводле даных прэс-службы ЕГУ, якія прыводзіць Deutsche Welle, 80% студэнтаў ЕГУ — беларусы. І ў выпадку, калі беларускія студэнты прыходзяць да высновы, што Універсітэт не чуе іх запытаў, не можа, ці не хоча паклапаціцца аб іх належным чынам, то растае давер і паслабляецца матывацыя вучыцца ў такім універсітэце. Таму ў сённяшніх варунках ЕГУ сапраўды рызыкуе страціць беларускіх студэнтаў.

Вядома, міжнародны ўніверсітэт не павінен абмяжоўвацца студэнтамі адной нацыянальнасці. Але ў выпадку ЕГУ ўзнікае іншае пытанне: ці не прывядзе гэта да страты той ролі, дзеля якой універсітэт дзесяцігоддзямі існаваў у выгнанні? Бо ва ўласнай місіі ЕГУ асобна гаворыцца пра развіццё грамадзянскай супольнасці менавіта для студэнтаў з Беларусі і рэгіёна.

Пасля таго, што адміністрацыя зрабіла і чаго не зрабіла, універсітэт рызыкуе страціць давер беларускіх студэнтаў. Абітурыенты з Беларусі цяпер будуць прымаць рашэнне аб паступленні, зыходзячы не толькі з навучальных праграм і кошту адукацыі, але і з таго, ці здольны ўніверсітэт абараніць сваіх студэнтаў і адкрыта гаварыць пра рызыкі.

Што ЕГУ трэба змяніць, каб застацца ўніверсітэтам для беларусаў?

На мой погляд, важна, каб ва Універсітэце быў створаны і функцыянаваў прэвентыўны механізм змягчэння пагроз. Пагрозы кшталту “экстрэмізму” варта, наколькі гэта магчыма, нейтралізаваць загадзя, а не рэагаваць толькі пасля таго, як пагроза стала рэальнасцю.

  1. Неабходна змяніць камунікацыю. Калі рашэнне або падзея могуць паўплываць на бяспеку студэнтаў, інфармацыя павінна з’яўляцца хутка, публічна і адначасова ва ўсіх даступных каналах. Студэнт не павінен даведвацца пра ступень рызыкі з медыя раней, чым ад уласнага ўніверсітэта. 
  2. ЕГУ неабходна пастаяннае супрацоўніцтва з юрыстамі і дэмакратычнай супольнасцю Беларусі. Кансультацыі з беларускімі праваабаронцамі і юрыстамі павінны праводзіцца не пасля ўзнікнення праблемы, а на пастаяннай аснове. Рэкамендацыі павінны быць канкрэтнымі: што рабіць студэнту ў Беларусі, як дзейнічаць у выпадку выкліку на допыт, што рабіць сваякам, якія даныя захоўвае ўніверсітэт і якім чынам забяспечвае іх бяспеку. Акрамя таго, такія кансультацыі павінны адбывацца не толькі з юрыстамі і праваабаронцамі, але і з прадстаўнікамі іншых сектараў грамадзянскай супольнасці. 
  3. Універсітэту трэба прыслуховацца і рэагаваць на патрэбы і запыты студэнтаў. Неабходна размаўляць са студэнтамі, а не толькі інфармаваць іх пра ўжо прынятыя рашэнні. У студэнтаў з’явілася адчуванне, што інтарэсы ўніверсітэта стаяць вышэй за іх бяспеку, а такога быць не павінна. 

Універсітэт можа станавіцца больш міжнародным, але ён павінен захаваць сваю ўнікальную місію. Цяперашні крызіс для ЕГУ — гэта не толькі пытанне бяспекі або колькасці абітурыентаў. Гэта праверка таго, наколькі ўніверсітэт усё яшчэ гатовы адпавядаць сваёй асноўнай каштоўнасці — арыентацыі на студэнтаў і садзейнічанню развіццю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і рэгіёне. Бо немагчыма развіваць грамадзянскую супольнасць, замоўчваючы магчымыя выклікі.