15 кастрычніка ў Варшаве адбыўся Салон Банка Ідэй, прысвечаны будучыні аўтарытарных рэжымаў, выклікам для заходніх дэмакратый і сцэнарам палітычных змен у Беларусі ды Еўропе. Галоўнымі спікерамі дыскусіі “На парозе зменаў ці на краю прорвы? Будучыня аўтарытарызму ў Еўропе” сталі амерыканская гісторык, журналістка і лаўрэатка Пулітцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм, а таксама юрыст, праваабаронца і былы палітвязень Максім Знак. Мадэраваў сустрэчу старшыня Рады Цэнтра новых ідэй Антон Раднянкоў. Размова выклікала вялікую цікавасць у публікі.
“Аўтакратыя, Inc.“ і сутнасць беларускага пратэсту
Дыскусійная частка вечара адзначылася серыяй канцэнтраваных і глыбокіх тэз. Эн Эплбаўм, аўтарка фундаментальнага даследавання “Аўтакратыя, Inc.: Дыктатары, якія хочуць кіраваць светам”, падкрэсліла, што беларускія пратэсты 2020 года былі змаганнем не толькі супраць рэжыму Лукашэнкі, але і супраць Пуціна ды Сі Цзіньпіна.




Паводле яе слоў, сучасныя аўтарытарныя рэжымы аб’ядналіся і перайшлі ад нейтральнасці ды гандлю да ўспрымання дэмакратычнага свету як ідэалагічнага ворага. Гэта прывяло да істотных змен у іх прапагандзе, гандлёвай палітыцы і транснацыянальных рэпрэсіях.
Аналізуючы дзеянні Крамля, Эплбаўм адзначыла, што галоўны кашмар Пуціна — гэта народныя пратэсты. Падчас украінскага Майдану расійскі лідар убачыў, як людзі з антыкарупцыйнымі плакатамі і сцягамі Еўрасаюза прымусілі прэзідэнта ўцякаць з краіны, а натоўп зайшоў у яго палац з залатымі кранамі. Менавіта гэты страх перад пагрозай свайму аўтарытарнаму рэжыму вымусіў Пуціна пайсці на здушэнне ўкраінскай рэвалюцыі.
Каментуючы падзеі 2020 года ў Беларусі, Максім Знак сказаў, што ён па-ранейшаму верыць у мірны пратэст, і падкрэсліў: каб змагацца за дэмакратыю, не абавязкова сядзець у турме. Максім нагадаў, што наша грамадства і пратэстны рух былі вельмі моцнымі, але калі супраць цябе выступае ўзброеная аўтарытарная дзяржава, то ты мала што можаш зрабіць нават пры такім уздыме народных сіл.




Адказваючы на пытанні пра будучыню рэгіёна, Эн Эплбаўм выказала цвярозую ацэнку: Расія нікуды не знікне, а ўяўленні пра яе распад на сотню дробных рэспублік не адпавядаюць рэчаіснасці.
Пакуль мэта Пуціна — няспынная вайна супраць Захаду, разбурэнне НАТА і Еўрасаюза ды ўсталяванне кантролю над Усходняй Еўропай, нармалізацыя адносін немагчымая. Нармальныя сувязі запатрабуюць глыбокіх змен у самой расійскай палітычнай сістэме.
Палітычныя змены ў Беларусі і роля Захаду
У супольнай дыскусіі закраналіся пытанні будучых зменаў у Беларусі і Расіі, уплыву завяршэння вайны ва Украіне і выбару паміж прагматычнымі інтарэсамі і дэмакратычнымі каштоўнасцямі. Удзельнікі абмеркавалі, як дэмакратыі могуць адстойваць свае стратэгічныя інтарэсы і пры якіх умовах узаемадзеянне з аўтарытарнымі рэжымамі здольнае прыносіць вынікі.
Напрыканцы юрыст, праваабаронца і былы палітвязень Максім Знак падзяліўся меркаваннем пра тое, што можна рабіць тут і зараз для супрацьстаяння аўтарытарным рэжымам. На думку Максіма, важна захоўваць аптымізм, працягваць асабіста прытрымлівацца дэмакратычных каштоўнасцей і развіваць дэмакратычныя супольнасці.









Пасля афіцыйнай часткі і пытанняў з залы сустрэча працягнулася фуршэтам і нетворкінгам. Удзельнікі і госці Салону яшчэ доўга не разыходзіліся, абмяркоўваючы пачутыя тэзы і абменьваючыся думкамі.
Сачыце за Банкам Ідэй, каб не прапусціць наступныя падзеі і цікавыя публікацыі.





Фота: Таццяна Капітонава
