Літва, верагодна, адна з найбольш спрыяльных краін для захавання беларускай мовы ў эміграцыі. Тут гістарычна існуе беларуская нацыянальная меншасць, з 1994 г. працуе муніцыпальная гімназія з беларускай мовай навучання, а дзяржава мае механізмы падтрымкі адукацыі нацыянальных меншасцяў. Дзейны Закон аб нацыянальных меншасцях — але важна памятаць, што ён распаўсюджваецца толькі на прадстаўнікоў такіх меншасцяў з ліку грамадзянаў Літвы — замацоўвае абавязак дзяржавы ствараць умовы для захавання іх культурнай і моўнай ідэнтычнасці.

Але досвед апошніх гадоў паказвае: нават пры такой базе беларуская адукацыя не развіваецца аўтаматычна. Патрэбныя арганізаваная супольнасць, актуальныя дадзеныя, дыялог з дзяржаўнымі ўстановамі і прафесійныя рэсурсы. Менавіта гэта робіць досвед Асацыяцыі беларускіх бацькоў у Літве карысным і для іншых беларускіх супольнасцяў.

Старая меншасць і новая міграцыя

Беларусы жылі ў Літве задоўга да 2020 года, яны лічацца нацыянальнай меншасцю разам з палякамі і рускімі. Паводле перапісу 2021 года, беларусамі сябе назвалі каля 28 тысяч жыхароў краіны1, прычым найбольш прыкметнай была іх доля ў старэйшых узроставых групах.

Пасля 2020 года змяніліся і колькасць, і структура супольнасці. Колькасць грамадзян Беларусі ў Літве вырасла з 17 769 на пачатак 2020 года да больш як 62 тысяч у пачатку 2024-га; на 1 верасня 2026 года іх было 47 872. Новая міграцыя прынесла шмат людзей працаздольнага ўзросту і сем’яў з дзецьмі. Паводле даследавання беларускай сямейнай міграцыі, на канец 2025 года ў Літве магло жыць каля 2 600 беларускіх сем’яў з дзецьмі, у якіх выхоўвалася 3 926 непаўнагадовых беларусаў з дазволамі на жыхарства.

Інфраструктура, якая гістарычна існавала для нацыянальнай меншасці, сутыкнулася з новым і значна большым попытам. Найбольш відавочны прыклад — Віленская гімназія імя Францішка Скарыны, адзіная дзяржаўная школа ў Літве з поўным цыклам сярэдняй адукацыі на беларускай мове. Колькасць вучняў вырасла з 235 у 2019-2020 навучальным годзе да 401 у верасні 2024 года — больш чым на 70%. Не менш за палову вучняў — грамадзяне Беларусі. Па меншай меры да нядаўняга часу гімназія працавала блізка да мяжы сваіх магчымасцяў.

Ад нефармальнай групы да арганізацыі

Недахоп месцаў у гімназіі стаў адным са штуршкоў да самаарганізацыі бацькоў. З 2023 года нефармальная ініцыятыва збірала подпісы за адкрыццё другой беларускамоўнай школы ці пашырэнне гімназіі Скарыны, фармавала спісы патэнцыйных вучняў і настаўнікаў, сустракалася з муніцыпалітэтам. Але мэты не былі дасягнуты, а ў 2024 годзе 50 дзецям было адмоўлена ў прыёме праз недахоп месцаў.

У жніўні 2025 года ядром нефармальнай супольнасці была створана Асацыяцыя беларускіх бацькоў у Літве. Рэгістрацыя дала магчымасць сістэмна прадстаўляць інтарэсы сем’яў, размаўляць з дзяржаўнымі структурамі ад імя арганізацыі і ўдзельнічаць у афіцыйных працэсах.

Адным з інструментаў стала ўласнае даследаванне, праведзенае летам 2025 года сярод больш як 90 беларускіх сем’яў, пераважна ў Вільні. Яно не з’яўляецца статыстычна рэпрэзентатыўным для ўсіх беларусаў Літвы, але дазваляе апісаць патрэбы найбольш актыўнай часткі сямейнай супольнасці новых мігрантаў.

91% рэспандэнтаў лічаць важным вывучэнне беларускай мовы для захавання ідэнтычнасці дзяцей, хоць 69% дзяцей пераважна або выключна рускамоўныя. Адначасова 86% бацькоў лічаць літоўскую мову важнай для будучыні дзяцей, а 80% лічаць неабходнай інтэграцыю ў літоўскае грамадства. Гэта паказвае: рускамоўнасць сям’і не азначае адсутнасці запыту на беларускую мову, а захаванне ідэнтычнасці і інтэграцыя не супярэчаць адно аднаму.

Але самога існавання беларускай адукацыйнай магчымасці недастаткова. Напрыклад, падчас перамоў прадстаўнікі Віленскага самакіравання адзначалі, што, паводле іх дадзеных, каля 80% новых беларускіх мігрантаў у 2025 годзе выбіралі школы з рускай мовай навучання. Таму неабходна не толькі захоўваць магчымасці для беларускай адукацыі, але і тлумачыць беларускім сем’ям важнасць і перспектыўнасць такога шляху.

Рашэнні можна змяніць адным словам

У пачатку 2026 года Асацыяцыя сутыкнулася з першым практычным выклікам. 28 студзеня муніцыпальная рада Вільні змяніла правілы прыёму ў школы горада: дзеці замежнікаў з трэціх краін (не ЕС), якія раней не вучыліся ў Літве на пачатковай ступені, павінны былі выбіраць муніцыпальныя школы, дзе навучанне вядзецца па-літоўску.

За некалькі дзён была мабілізавана супольнасць, накіраваны звароты дэпутатам гарадской рады, праведзены перамовы з кіраўніцтвам горада і адміністрацыяй гімназіі. Паралельна пытаннем займаліся беларускія палітычныя структуры. У выніку горадам была прынята пратакольная рэзалюцыя ў падтрымку гімназіі і беларускай адукацыі, а ў сакавіку ў статут школы побач з беларускай была дададзена літоўская мова навучання. Такім чынам, была замацавана білінгвальнасць, якая давала магчымасць лічыць гімназію школай і з літоўскай мовай навучання.

Аднак 26 жніўня Віленская гарадская рада зноў скарэктавала правілы прыёму: фармулёўка “школы, у якіх навучанне вядзецца па-літоўску” — у дачыненні да магчымасці навучання дзяцей замежнікаў з краін па-за ЕС — была заменена на “школы, у якіх навучанне вядзецца толькі па-літоўску”. Адно слова — tik (“толькі”) — выключыла білінгвальныя школы нацыянальных меншасцяў з гэтага механізму. 

Такім чынам прадстаўленне інтарэсаў не заканчваецца адной паспяховай пастановай. Патрэбны пастаянны маніторынг і гатоўнасць зноў пачынаць працу. Асацыяцыя зноў мусіць пачаць дыялог з горадам.

Падручнікі: няўдача, якая адчыніла дзверы

Іншы прыклад — сёлетняя дзяржаўная закупка па распрацоўцы падручнікаў для школ меншасцяў з беларускай мовай навучання. Па просьбе адміністрацыі гімназіі Скарыны сёлета Асацыяцыя ўзялася за каардынацыю праекта і звярнулася да спецыялістаў і арганізацый, каб сабраць аўтарскі калектыў. Знайшлося толькі некалькі чалавек, гатовых далучыцца, і не ўсе адпавядалі кваліфікацыйным патрабаванням. Закупка ў чарговы раз завяршылася безвынікова.

Але пасля Нацыянальная агенцыя адукацыі сама зноў звязалася з Асацыяцыяй, дала рэкамендацыі і працягнула разглядаць нас як удзельніка працэсу. У верасні пачалася новая рынкавая кансультацыя, а цяпер Асацыяцыя вядзе перамовы з літоўскімі выдавецтвамі, каб разам узяцца за праект, калі тэндар будзе абвешчаны зноў.

Гэтая сітуацыя паказала дзве рэчы: нават няўдалая спроба можа пабудаваць давер і дапамагчы ўсталяваць камунікацыю з дзяржаўнымі установамі. Адначасова беларускай адукацыі за мяжой бракуе прафесійнай сеткі аўтараў, метадыстаў, настаўнікаў і выдаўцоў.

Чатыры ўрокі для іншых краін

Саму літоўскую мадэль скапіяваць немагчыма, але некаторыя падыходы можна пераносіць.

  • Па-першае, бацькоўскія ініцыятывы могуць быць удзельнікамі адукацыйнай палітыкі — не толькі рэагаваць на рашэнні, але і фармуляваць прапановы і весці дыялог з дзяржаўнымі ўстановамі.
  • Па-другое, дадзеныя змяняюць якасць размовы. Нават невялікае даследаванне дапамагае дакументаваць праблемы і прапаноўваць рашэнні на падставе фактаў.
  • Па-трэцяе, захаванне беларускай ідэнтычнасці варта спалучаць з інтэграцыяй. Беларуская адукацыя не павінна азначаць закрытую супольнасць; яе задача — дапамагаць інтэгравацца без страты ўласнай мовы і культуры.
  • Па-чацвёртае, беларусам патрэбная транснацыянальная прафесійная інфраструктура ў замежжы. Падручнікі, дадатковыя заняткі, анлайн-рэсурсы, дзіцячы кантэнт і падрыхтоўка настаўнікаў не павінны кожны раз пачынацца з пошуку некалькіх валанцёраў у адной краіне.

Досвед Асацыяцыі беларускіх бацькоў у Літве — не гісторыя поўнай перамогі. Частка праблем застаецца нявырашанай, а дасягнутыя кампрамісы могуць пераглядацца. Але гэты досвед паказвае, што бацькоўская самаарганізацыя можа пракласці шлях ад нефармальнай актыўнасці да ўдзелу ў дзяржаўных працэсах і дапамагчы стаць самастойным актарам адукацыйнай палітыкі прымаючых краін.

1Гэтая лічба — 28 183 чалавекі — паводле перапісу насельніцтва Літвы 2021 года адлюстроўвае колькасць жыхароў Літвы, якія ідэнтыфікавалі сябе як беларусы паводле нацыянальнасці, незалежна ад грамадзянства. Верагодна, большасць з іх складалі грамадзяне Літвы. У тым жа перапісе асобна ўлічаныя 3071 чалавек з выключна беларускім грамадзянствам, незалежна ад іх этнічнай прыналежнасці. Такім чынам, беларусы паводле нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і грамадзяне Беларусі — гэта розныя статыстычныя сукупнасці, якія толькі часткова перасякаюцца. Адпаведна, колькасць беларусаў паводле перапісу і колькасць беларусаў паводле грамадзянства — пра што гаворыцца ніжэй у тэксце — трэба разглядаць асобна.