Аўтарытарны рэжым трымаецца не толькі на дыктатары, але і на тысячах шэрагоўцаў. Адны ўдзельнічаюць у рэпрэсіях неахвотна, баючыся неадкладнай страты, другія ўжо не могуць спыніцца, бо “замазаныя”, трэція робяць на пераследзе кар’еру. Паводзінская эканоміка і тэорыя гульняў даюць сваё тлумачэнне, чаму кожны з іх працягвае і чаму так цяжка дамовіцца пра адмову. Яны ж падказваюць, што можа зламаць гэтую логіку. Піша Максім Знак.

Складаныя сацыяльныя сістэмы падобныя да жывых арганізмаў, і людзі схільныя іх спрашчаць, перабольшваючы ролю асоб, якія знаходзяцца навідавоку. Мы звыкліся асацыяваць аўтарытарныя рэжымы з адыёзнай постаццю дыктатара, але іх базу забяспечвае нізавы ўзровень — звычайныя людзі-функцыянеры, “ходзікі”: чыноўнікі ніжэйшага і сярэдняга звяна, следчыя, сілавікі, выкладчыкі, суддзі, спецыялісты дзяржаўных прадпрыемстваў. Іх дробныя, нярэдка нябачныя аперацыі кумулятыўна ствараюць агідны агульны вынік, а праз пасіўнасць, інерцыю і вымушаную рацыяналізацыю ўласных выбараў шасцярэнькі сістэмы круцяцца ва ўнісон з рэпрэсіўным механізмам дзяржавы.

Пры гэтым “ходзікі” неаднародныя. Большасць удзельнічае ў рэпрэсіях без энтузіязму, толькі пазбягаючы непрыемнасцяў. Частка ўжо настолькі “замазаная”, што спыніцца для іх небяспечна. А для некаторых пераслед стаў сацыяльным ліфтам. Паводзіны першых шмат у чым тлумачацца кагнітыўнымі скажэннямі, а другіх і трэціх — цалкам рацыянальным разлікам у межах той “сапсаванай матэматыкі” стымулаў, якую выбудоўвае рэжым. Папярэдні тэкст быў пра сацыяльна-псіхалагічныя механізмы рэпрэсій, гэты — пра іх эканоміку і тэорыю гульняў.

Неахвотныя: сапсаваная матэматыка рызыкі

Даніэль Канеман і Амос Тверскі ў тэорыі перспектыў паказалі, што рашэнні ва ўмовах рызыкі сістэматычна адхіляюцца ад мадэлі рацыянальнага суб’екта. Людзі ацэньваюць вынікі адносна наяўнага стану рэчаў, а страты ўспрымаюць прыкладна ўдвая больш балюча, чым аналагічныя выйгрышы. Да таго ж, як апісвае Канеман у кнізе “Думай павольна… вырашай хутка”, кожнае рашэнне ацэньваецца паасобку, “тут і цяпер”, і чалавек не бачыць, што серыя дробных “бяспечных” выбараў складаецца ў значна большую рызыку.

Для беларускага чыноўніка пасля 2020 года гэта выглядае так. Трэба падпісаць фальшывы акт, звольніць іншадумца ці ўзгадніць рэпрэсіўную ініцыятыву. Адмова азначае гарантаваную і неадкладную страту: пазбаўленне прэміі, разрыў кантракта, магчымы адміністрацыйны ці нават крымінальны пераслед. Згода абяцае захаванне звыклага становішча і толькі гіпатэтычную, адкладзеную ў часе адказнасць — калі ўлада калі-небудзь зменіцца і справа дойдзе да люстрацыі.

Выбіраючы паміж гарантаванай стратай і рызыкай яшчэ большай страты, людзі звычайна абіраюць рызыку — гэта так званы эфект адлюстравання. Тэорыя перспектыў прадказвае і пераацэнку малых імавернасцяў, якая павінна была б палохаць будучай адказнасцю. Але калі рызыка вядомая з уласнага досведу — “мінулі гады, і нікога не пакаралі”, — рэдкія падзеі, наадварот, недаацэньваюцца. Дадаецца і нерэалістычны аптымізм: “з кімсьці іншым гэта можа здарыцца, але не са мной”. Так, пазбягаючы лакальнай непрыемнасці, чалавек робіць першы крок, пасля якога становіцца закладнікам уласных дзеянняў.

“Замазаныя”: закладнікі ўласных учынкаў

Першы неправавы ўчынак становіцца рычагом для наступных: за ранейшае парушэнне непаслухмянага можа пакараць сама дзяржава. Гэта разумее кожны ў сістэме, таму неправавыя дзеянні хаваюцца: лісты вязням паляцца без пісьмовых загадаў, парушэнні фабрыкуюцца, прыдумваюцца схемы, каб схаваць злачынствы. Выканаўцы ведаюць: вецер можа змяніцца ў любы момант, і прагучыць каманда “Фас!” у дачыненні да кагосьці асобна альбо да цэлай групы — як ужо здаралася, напрыклад, з “ежоўцамі” ў 1938–1939 гадах. А калі час бяспраўя скончыцца, несумленныя паводзіны абернуцца крымінальнай адказнасцю за саўдзел у злачынствах, стратай прафесійнай рэпутацыі і маральнай дэградацыяй. Гэты страх не стрымлівае, а штурхае далей: адступаць ужо няма куды.

У тэорыі гульняў такі механізм называецца “закладнікам” — інструментам праўдападобнага абавязацельства. Дыега Гамбэта паказаў, што ў крымінальным асяроддзі ўзаемная кампраметацыя служыць гарантыяй даверу: той, на каго ёсць кампрамат, не здрадзіць. Кіт Дардэн апісаў, як на гэтым прынцыпе будуецца “шантажная дзяржава”: улада свядома фіксуе парушэнні сваіх службоўцаў, каб трымаць іх на кручку. “Замазанасць” выканаўцы для такой сістэмы — не пабочны эфект, а інструмент кіравання.

Ёсць падставы меркаваць, што колькасць службоўцаў, датычных да рэпрэсій, з часам павялічваецца: гэта ўжо не “адмысловыя” суддзі ці следчыя, а ўсе па чарзе. Сістэме патрэбныя не прыроджаныя каты, а шырокае кола “замазаных”. Пятля зацягваецца паводле прынцыпу “нага ў дзвярах”: першая саступка здаецца дробязнай — паставіць подпіс, прамаўчаць на сходзе, правесці “прафілактычную размову”, — але пасля яе чалавек бачыць сябе тым, хто “ўжо пагадзіўся”, і наступная даецца лягчэй.

Далей працуе “эскалацыя абавязацельстваў”: пачаўшы ўдзельнічаць у бруднай справе, чалавек укладае ў яе ўсё больш і апраўдвае мінулыя дзеянні яшчэ большай лаяльнасцю. Класічная эскалацыя — гэта ірацыянальная прывязанасць да ўжо панесеных выдаткаў, але ў рэпрэсіўным апараце лаяльнасць можа быць і цалкам рацыянальнай: выхад з гульні стаў рэальна небяспечным.

Сістэма рэдка аддае пісьмовыя злачынныя загады: яна вусна інфармуе пра пажаданні, пакідаючы выканаўцу сам-насам з юрыдычнай адказнасцю. Кожны эпізод можа быць выкарыстаны для шантажу, а падтрымка рэжыму становіцца пытаннем самазахавання. Гарантыям амністыі з боку дэмакратычных сіл “замазаныя” не вераць па дзвюх прычынах. Першая — псіхалагічная: людзі схільныя меркаваць, што іншыя дзейнічаюць гэтак жа, як яны самі, і той, хто сам парушаў абяцанні, чакае таго ж ад астатніх. Другая — “праблема абавязацельства”: будучая ўлада не можа сёння праўдападобна паабяцаць, што не будзе караць заўтра.

Кар’ерысты: эканоміка пераследу

Для часткі сілавікоў рэпрэсіі — не вымушаная неабходнасць, а выгадная справа. Менавіта службоўцы ніжэйшага ўзроўню, якія прызвычаіліся да ўзнагарод за “барацьбу з палітычнымі ворагамі”, часта і выступаюць галоўным рухавіком пераследу. Сапраўдная барацьба са злачыннасцю — працаёмкая, небяспечная і не заўсёды выніковая, а рэпрэсіі нясуць мінімальную рызыку пры гарантаванай узнагародзе: зоркі на пагонах, пазачарговыя званні, прэміі. Напрыклад, ужо ў сярэдзіне жніўня 2020 года больш за 300 супрацоўнікаў МУС — ад кіраўнікоў да кіроўцаў аўтазакаў — атрымалі ведамасныя медалі.

Выгада расце, калі кар’ера залежыць ад колькасных паказчыкаў: паводле “закона Кэмпбэла”, любы індыкатар, які выкарыстоўваецца для прыняцця рашэнняў, пачынае скажаць тое, што павінен вымяраць, — і сілавікам становіцца выгадна фабрыкаваць ворагаў. Дадаецца спаборніцтва ў лаяльнасці, якое Ян Кершоў назваў “працай у кірунку фюрэра” і пра якое ішла гаворка ў папярэднім тэксце. Спасылкі ж на закон ці эканамічную мэтазгоднасць успрымаюцца як здрада, што канчаткова абясцэньвае голас несілавога крыла наменклатуры.

Паляванне на аленя: чаму ніхто не хоча быць першым

Чаму ж “ходзікі” не адмаўляюцца разам? Калі б адначасова адмовілася большасць суддзяў, сяброў выбарчых камісій ці настаўнікаў, рэжым не змог бы пакараць кожнага — гэтак жа, як немагчыма пасадзіць сотні тысяч пратэстоўцаў або масава звольніць бюджэтнікаў. Але ніхто не хоча апынуцца сярод тых нямногіх, каго пакараюць: страціць прэмію, працу ці службовую кватэру або плаціць дзяржаве вялізны штраф за “адукацыю” і “падрыхтоўку”.

Гэтую сітуацыю апісвае гульня каардынацыі — “паляванне на аленя”. Двое паляўнічых незалежна выбіраюць паміж рызыкоўным супрацоўніцтвам і бяспечным эгаізмам. Разам яны могуць здабыць аленя. Але калі адзін пагоніцца за сціплым, затое гарантаваным зайцам, ён яго злавіць, а даверлівы партнёр застанецца ні з чым. Таму пры недахопе даверу абодва ловяць зайцоў. У адрозненне ад дылемы зняволенага, супрацоўніцтва тут выгаднае кожнаму — калі ён упэўнены ў іншых. Праблема не ў стымулах, а ў даверы і інфармацыі.

Таму рэжым змагаецца не толькі з пратэстамі, але і з незалежнымі медыя, чатамі і любымі гарызантальнымі сувязямі: ён руйнуе не столькі матывацыю, колькі ўзаемную ўпэўненасць. Марк Гранаветэр паказаў, што масавыя дзеянні залежаць ад размеркавання індывідуальных “парогаў” — колькі людзей павінна выйсці першымі, каб далучыўся наступны. Цімур Куран дадаў да гэтага “фальсіфікацыю пераваг”: пры рэпрэсіях людзі публічна паказваюць не тое, што думаюць, і ніхто не ведае рэальнай колькасці незадаволеных, пакуль каскад раптоўна не запусціцца. Паказальныя рэпрэсіі павышаюць парогі для ўсіх астатніх — таму яны і эфектыўныя.

Іншая гульня — Дылема зняволенага, сфармуляваная ў 1950 годзе, дакладна апісвае іншую сітуацыю ўнутры сістэмы — даносы. Калі некалькі выканаўцаў становяцца сведкамі недазволеных паводзін “экстрэмістаў” у месцах зняволення або чуюць “крамольную” размову калег, кожнаму выгадна паведаміць першым: хто прамаўчыць, рызыкуе стаць наступнай мішэнню. Таму раз за разам абіраецца данос — хоць атмасфера даносаў у выніку шкодзіць усім.

Безбілетнікі і выхад з пасткі

Паводле тэорыі калектыўных дзеянняў Мансура Олсана, рацыянальныя індывіды не дзейнічаюць супольна, калі група вялікая, а вынікам скарыстаюцца ўсе, у тым ліку “безбілетнікі”, якія нічым не рызыкавалі. Гэта тычыцца і службоўцаў: калі сістэма зменіцца, выйграюць усе, таму рызыкаваць асабіста няма сэнсу. Затое невялікія згуртаваныя групы з асабістымі (“селектыўнымі”) стымуламі арганізуюцца лёгка. Сілавы апарат — менавіта такая група: параўнальна невялікі, іерархічны, з персанальнымі ўзнагародамі, тады як грамадства і цывільныя службоўцы — вялікая і рассеяная група. Так Олсан тлумачыць не толькі пасіўнасць большасці, але і перавагу меншасці.

Адны бягуць з краіны, іншыя застываюць у маўклівым чаканні, спадзеючыся, што машына рэпрэсій праедзе міма іх дзвярэй. Альберт Хіршман апісаў тры магчымыя рэакцыі на заняпад інстытуцыі — “выхад”, “голас” і “лаяльнасць”: калі выхад даступны, першымі сыходзяць найбольш актыўныя, і голас унутры слабее. “Выхадам” можа быць і звальненне, і эміграцыя. Аднак цікава, што, як Хіршман пазней паказаў на прыкладзе ГДР, у 1989 годзе масавы выезд, наадварот, узмацніў голас, бо зрабіў незадаволенасць бачнай для ўсіх.

Пасіўнасць тых, хто застаўся, нагадвае вывучаную бездапаможнасць Марціна Селігмана: пераканаўшыся, што вынік не залежыць ад намаганняў, чалавек спыняе спробы нават тады, калі абставіны змяняюцца. Гэта індывідуальная мадэль, і на грамадства яе можна пераносіць толькі як аналогію. Але пазнейшыя працы самога Селігмана паказалі, што пасіўнасць — зыходная рэакцыя на працяглую пагрозу, а “вывучаецца” якраз адчуванне кантролю. Значыць, нават невялікі досвед паспяховага дзеяння здольны разбурыць бездапаможнасць.

Пакуль давер не адноўлены, грамадства застаецца ў раўнавазе “зайцоў”: кожны пазбягае асабістага пакарання “тут і цяпер”, а велізарны турэмны тэрмін — прававы дэфолт, рэпрэсіўную задуху і страту суб’ектнасці — атрымлівае ўся краіна. Выйсці з такой раўнавагі дапамагаюць агульнае веданне і бачныя сігналы: калі кожны ведае, што іншыя таксама не падтрымліваюць рэпрэсіі, і ведае, што іншыя пра гэта ведаюць, парогі зніжаюцца. Таму кожная бачная адмова — у тым ліку саміх “ходзікаў” — змяняе разлік для ўсіх астатніх.

Для “замазаных” жа галоўная перашкода — недавер да абяцанняў будучай улады. Маніка Налепа на прыкладзе Польшчы, Чэхіі і Венгрыі паказала, што абяцанне становіцца праўдападобным, калі ў таго, хто абяцае, ёсць уласная зацікаўленасць яго выканаць: апазіцыя там мела “шкілеты ў шафе” — агентаў спецслужбаў у сваіх шэрагах — і сама не спяшалася з люстрацыяй. Для Беларусі гэта азначае, што гарантыі мусяць быць механізмам, а не дэкларацыяй: загадзя апублікаваныя дыферэнцыяваныя крытэрыі адказнасці, бачная абарона тых, хто адмовіўся выконваць злачынныя загады, міжнародныя гаранты. Для тых, хто ўнутры сістэмы, вырашальнай становіцца праўдападобная перспектыва — і адказнасці для тых, хто працягвае, і дыферэнцыяванага стаўлення да тых, хто спыніцца.