Даследаванне Civitta Institute, падрыхтаванае сумесна з “Лятучым універсітэтам” у кастрычніку 2026 года, паказвае, што беларуская дыяспара ў Польшчы можа стаць значна больш актыўнай крыніцай фінансавання незалежных грамадскіх і культурных ініцыятываў. Аднак гэты патэнцыял пакуль выкарыстоўваецца не вельмі эфектыўна. Асноўная праблема, паводле аўтараў, заключаецца не толькі ў недахопе грошай у людзей, але і ў нізкім даверы да арганізацый, недастатковай празрыстасці іх дзейнасці і слабой камунікацыі з патэнцыйнымі ахвярадаўцамі.
Даследаванне спалучае анлайн-апытанне 214 беларусаў ва ўзросце ад 18 да 59 гадоў, якія жывуць у Польшчы, шэсць глыбінных інтэрв’ю з буйнымі прыватнымі ахвярадаўцамі і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, а таксама аналіз чатырох краўдфандынгавых кампаній адной беларускай культурнай арганізацыі. Апытанне праводзілася ў ліпені–жніўні 2026 года.
Трэба адзначыць, што выбарка не можа з’яўляцца цалкам рэпрэзентатыўнай для ўсёй дыяспары. У апытанні ўдзельнічалі 128 чалавек, якія ахвяравалі грошы на беларускія ініцыятывы цягам апошняга года, і 86 чалавек, якія гэтага не рабілі. Аўтары прызнаюць, што анлайн-рэкрутынг праз сацыяльныя сеткі мог прыцягнуць пераважна людзей актыўных, неабыякавых да грамадскай дзейнасці.
1. Немалая і адносна заможная дыяспара, актыўнасць і патэнцыял якой далёка не вычарпаны
На 31 жніўня 2026 года ў Польшчы налічвалася больш за 163 тысячы грамадзян Беларусі з дзейнымі дазволамі на пражыванне. Пры гэтым гэтая лічба не ўключае людзей, якія знаходзяцца ў краіне на падставе нацыянальных або гуманітарных віз ці чакаюць рашэння па міжнароднай абароне. Таму відавочна, што фактычная колькасць беларусаў у Польшчы большая за пазначаныя 163 тысячы.
Паводле даследавання Нацыянальнага банка Польшчы за 2025 год, 84% беларусаў, ахопленых адпаведным даследаваннем, прыехалі пасля падзей 2020 года, а галоўнымі прычынамі ад’езду былі палітычныя абставіны і страх рэпрэсій. Амаль 45% беларусаў у Польшчы маладзейшыя за 35 гадоў, 62% маюць вышэйшую адукацыю, а ўзровень занятасці дасягае 87%. Каля траціны зарабляюць больш за 7 тысяч злотых у месяц – вышэй за сярэдні заробак у Польшчы. Толькі 18% паведамляюць, што на бягучыя выдаткі сыходзіць увесь або амаль увесь іх даход.
Гэтыя паказчыкі сведчаць пра існаванне значнай групы людзей, якія маюць матэрыяльную магчымасць фінансава падтрымліваць незалежныя беларускія праекты. Асабліва важнымі групамі для фандрайзінгу даследчыкі называюць супрацоўнікаў міжнародных карпарацый і ІТ-кампаній, прадпрымальнікаў, а таксама спецыялістаў, якія пасля пераезду здолелі аднавіць сваю прафесійную дзейнасць і даходы.
Нават сярод тых, хто не рабіў ахвяраванняў цягам апошняга года, 64% калісьці ахвяравалі грошы. Толькі 3% апытаных адказалі, што не гатовыя падтрымліваць ніводнага з прапанаваных напрамкаў дзейнасці беларускіх арганізацый.
Аднак поспех асобных арганізацый ці гучных ініцыятыў не азначае, што ўся грамадзянская супольнасць здольная эфектыўна працаваць з прыватнымі ахвяраваннямі. Даследаванне паказвае, што паміж патэнцыйнай гатоўнасцю людзей дапамагаць і фактычнымі вынікамі канкрэтных збораў застаецца значны разрыў. Аўтары даследавання, як нам здаецца, даволі глыбока прааналізавалі ягоныя прычыны.
2. Тры найбольш перспектыўныя напрамкі: палітвязні, культура і інтарэсы дыяспары
Найбольш устойлівы патэнцыял маюць зборы на падтрымку палітвязняў, захаванне беларускай культуры і абарону інтарэсаў беларусаў у Польшчы.
Дапамога палітвязням – самы ўніверсальны і прывабны для масавых донараў напрамак. Асноўная прыцягальнасць – салідарнасць з людзьмі, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі. Сярод тых, хто гатовы падтрымліваць палітвязняў, 73% называюць менавіта гэты матыў важным для ахвяраванняў.
Беларуская культура таксама мае значны патэнцыял, але тут ёсць асаблівасць: культурныя праекты часцей гатовыя падтрымліваць людзі, якія ўжо ахвяруюць грошы, чым тыя, хто раней не ўдзельнічаў у зборах. Для паспяховай кампаніі недастаткова сказаць, што кніга, фестываль або культурная імпрэза важныя самі па сабе. Неабходна актыўна і зразумела патлумачыць, які вынік атрымае беларуская супольнасць, як праект дапамагае захоўваць мову і ідэнтычнасць і што ён зменіць у будучыні краіны.
Сярод людзей, гатовых падтрымліваць нацыянальную культуру, 68% адзначаюць важнасць адчування агульнасці з іншымі беларусамі, а 63% – магчымасць зрабіць унёсак у будучыню Беларусі.
Трэці напрамак – абарона інтарэсаў беларусаў у Польшчы. Юрыдычная дапамога, інтэграцыя і прадстаўніцтва перад польскімі ўладамі могуць прыцягнуць людзей, якія не вельмі зацікаўленыя ў палітычнай або культурнай дзейнасці. Для іх важна бачыць непасрэдную карысць ад працы арганізацый, канкрэтны і хуткі вынік. Паводле аўтараў, людзі часцей гатовыя фінансаваць абарону калектыўных інтарэсаў беларускай супольнасці, чым дапамогу асобным мігрантам.
Сярод аўтсайдараў, не самых прывабных тэмаў – палітычныя, гендарныя і экалагічныя ініцыятывы. Выглядае што такім праектам неабходныя больш вузкая аўдыторыя і выразнае абгрунтаванне.
Асобная тэма – буйныя прыватныя ахвярадаўцы. Яны часцей падтрымліваюць праекты, блізкія да іх прафесійных інтарэсаў і вопыту, часам гатовыя дапамагчы не толькі грашыма, але і ведамі, кантактамі і экспертызай. Прадстаўнікі бізнесу таксама выказваюць большы давер да культурных ініцыятываў, чым да палітычных. Прычына – стомленасць ад канфліктаў паміж палітычнымі актарамі, невыканання дамоўленасцяў і змена першапачатковых абяцанняў.
3. Галоўная праблема – не адсутнасць грошай, а недавер
Магчыма, найбольш вострая, «контраверсійная» выснова даследавання: давер да беларускіх грамадскіх арганізацый за мяжой застаецца слабым. Сярэднестатыстычна беларускай арганізацыі давяраюць толькі 45% тых, хто ўжо ахвяруе грошы, і 28% тых, хто не робіць ахвяраванняў. Пры гэтым 20% неахвярадаўцаў не давяраюць ніводнай з 14 арганізацый, уключаных у спіс аўтарамі даследавання.
У апытанні толькі 18% называлі страх за бяспеку як прычыну сваёй неактыўнасці, устрымання ад ахвяраванняў.
Больш вострая праблема – недастатковае разуменне таго, навошта арганізацыя збірае грошы. Частка людзей мяркуе, што іх патрэбы ўжо пакрываюцца міжнароднымі грантамі.
Людзі чуюць пра гранты ад буйных фондаў, і вырашаюць, што арганізацыя можа абысціся і без іх сціплага ўнёску. Такім чынам, арганізацыям неабходна ясна тлумачыць, якія выдаткі пакрываюць гранты, а якія застаюцца па-за імі, і чаму прыватныя ахвяраванні таксама важныя для пэўнага канкрэтнага праекта. Замест абстрактнага закліку «дапамажыце выжыць» (які можа быць эфектыўным адзін раз, але не заўсёды) лепш паказваць канкрэтны вынік, якога можна дасягнуць разам з ахвярадаўцамі.
4. Зборы часта правальваюцца праз недастатковую і слабую камунікацыю
Аўтары даследавання прааналізавалі чатыры зборы адной беларускай культурнай арганізацыі ў Польшчы (прыклады можна знайсці ў даследаванні, тут няма месца іх прыводзіць). Вынікі паказваюць, што нават актуальная тэма і наяўнасць лаяльнай аўдыторыі не гарантуюць поспеху. Яны добра ілюструюць тыповыя праблемы, якія паўтараюцца ў розных кейсах: недастатковае тлумачэнне мэты, мала напамінаў, адсутнасць візуальных матэрыялаў, слабая справаздачнасць і адсутнасць зразумелай інфармацыі пра тое, што адбылося з грашыма пасля заканчэння кампаніі.
У адным выпадку збор на аперацыйныя выдаткі працягваўся без рэгулярных абнаўленняў. У іншым збор запускалі паўторна, не патлумачыўшы, чаму першая кампанія не дала чаканага выніку. Для ахвярадаўца гэта стварае няпэўнасць: ці былі грошы сабраныя, куды яны пайшлі, ці патрэба яшчэ існуе і чаму трэба ахвяраваць зноў.
Інфармацыя пра збор мусіць быць зразумелай і даступнай у сацыяльных сетках, мэсэнджарах, на сайце арганізацыі і ў матэрыялах СМІ. Кожны збор павінен мець ясную мэту, канкрэтную суму, апісанне выніку, рэгулярныя абнаўленні і выніковую справаздачу – нават калі патрэбную суму не ўдалося сабраць. Канкрэтныя сумы і рэгулярныя напаміны працуюць лепш за абстрактныя заклікі
Большасць ахвярадаўцаў аддаюць перавагу разавым пераводам непасрэдна арганізацыям – гэты фармат выбралі 64%. Магчымасць пералічыць арганізацыі 1,5% падаходнага падатку ў Польшчы назвалі 63%. Такія спосабы зручныя тым, што не патрабуюць доўгатэрміновых абавязацельстваў.
Цікава, якія сумы гарантуюць найбольшы масавы ўдзел: для звычайнага збору найбольш рэалістычным арыенцірам з’яўляюцца 50–80 злотых. Сума ў 50 злотых аказалася найбольш камфортнай для шырокай аўдыторыі, пасля 80 злотых павялічваецца доля людзей, якім ужо патрэбная важкая прычына для ахвяравання.
Існуюць і адрозненні паміж узроставымі групамі. Маладыя людзі да 29 гадоў часцей выбіраюць мерч і квіткі на дабрачынныя мерапрыемствы. Таму арганізацыям варта прапаноўваць не адзін універсальны спосаб падтрымкі, а некалькі фарматаў для розных аўдыторый.
Высновы: развіваць культуру ўдзелу, павялічваць давер праз розныя формы камунікацыі
Галоўная выснова даследавання заключаецца ў тым, што беларуская дыяспара ў Польшчы мае рэальныя магчымасці стаць важнай крыніцай фінансавання незалежнай грамадзянскай супольнасці. Ёсць вялікая супольнасць, значная доля людзей з вышэйшай адукацыяй і стабільнай занятасцю, досвед ахвяраванняў і гатоўнасць падтрымліваць палітвязняў, беларускую культуру і абарону калектыўных інтарэсаў.
Аднак колькасць патэнцыйных ахвярадаўцаў сама па сабе не ператвараецца ў грошы. Для гэтага патрэбныя прафесійны фандрайзінг, сістэмная камунікацыя, празрыстасць і ўстойлівыя адносіны з аўдыторыяй.
Такім чынам, галоўны выклік для беларускай грамадзянскай супольнасці ў эміграцыі – стварыць культуру ўдзелу, у якой людзі разумеюць, навошта патрэбныя іх ахвяраванні, бачаць вынікі і давяраюць тым, каму перадаюць сродкі. Менавіта пераход ад разавых эмацыйных збораў да празрыстай, рэгулярнай і прафесійнай працы з прыватнымі ахвярадаўцамі можа дазволіць больш актыўна выкарыстаць патэнцыял беларускай дыяспары.
