БАНК
ИДЕЙ

Наменклатурнае веча: што такое УНС і куды яно нас завядзе

Автор: Мінай Гром | 25 февраля 2025

Усебеларускі народны сход задумваўся адначасова як утульная трыбуна для Лукашэнкі і орган кантролю за будучым транзітам улады. Ці атрымалася  рэжыму стварыць дзейсную канструкцыю? І як такія органы працавалі ў іншых аўтарытарных краінах?

Адкуль сход пачынаўся і куды прыйшоў

30 студзеня 2025 года старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Ігар Карпенка ў інтэрв’ю міністру інфармацыі Марату Маркаву выказаў здагадку, што ў будучыні прэзідэнт Беларусі будзе абірацца праз дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Гэтая ідэя агучваецца публічна не ўпершыню, але такі сцэнар выглядае хутчэй гіпатэтычным, чым працоўным. Аднак чарговае згадванне статусу УНС у працэсе выбараў падкрэслівае месца органа ў сістэме прыняцця рашэнняў як iнструмента перадачы і кантроля ўлады падчас будучага транзіта.

УНС быў створаны яшчэ ў 1996 годзе як падкантрольны механізм пацвярджэння падтрымкі Лукашэнкі. Падчас канфлікту з Вярхоўным Саветам тагачасны прэзідэнт звярнуўся да дэлегатаў з прамовай “Толькі народ управе вырашаць свой лёс” – то бок, умяшальніцтва парламентарыяў у прыняцце рашэнняў ўсенародна абранага прэзідэнта недапушчальна. З тых часоў УНС замацаваў за сабой статус бяспечнай трыбуны Лукашэнкі, дзе ён прэзентаваў планы развіцця на наступныя пяцігодкі і атрымліваў прастору для размовы перад загадзя лаяльнымі прадстаўнікамі наменклатуры сярэдняга ўзроўню. 

Фота: архіў Belta.by

Пасля рэферэндуму 2022 году, УНС атрымаў канстытуцыйны статус. Колькасць дэлегатаў органа не можа перавышаць 1200 асобаў,  у яго склад абавязкова ўваходзяць былы і дзейны прэзідэнт краіны, парламентарыі, чальцы Ураду, старшыні выканкамаў, суддзі, прадстаўнікі мясцовых Саветаў і грамадскай супольнасці.

Што сабой уяўляе сённяшні УНС

Новы орган дзеліцца на дзве структурныя часткі: агульны з’езд дэлегатаў і Прэзідыюм УНС. У склад Прэзідыюма ўвайшлі пятнадцаць чалавек. З публічна вядомых чальцоў – былы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, былая кіраўніца Нацыянальнага банка Надзея Ермакова і былы памочнік прэзідэнта, Аляксандр Косінец, які стаў намеснікам старшыні УНС. Склад Прэзідыюма нагадвае каманду “збітых лётчыкаў” – калісьці важных публічных фігур, якіх паставілі выконваць дэкаратыўную функцыю.

Прэзідуюм мае асноўныя паўнамоцтвы датычныя рэалізацыі рашэнняў УНС. А менавіта, ён можа распачаць працэдуру імпічменту, калі парламент альбо грамадзяне накіруюць адпаведны запыт, ініцыяваць увядзенне надзвычайнага або вайсковага становішча, зацвярджаць кандыдатаў на пасады суддзяў і распачынаць працэдуру адмены прававых актаў. Аднак дагэтуль Прэзідыюм рэалізаваў свае паўнамоцтвы толькі аднойчы – перадаўшы пяць суддзяў Вярхоўнага суда ў новы судовы орган.

За выключэннем прафесійнай бюракратыі і двух відавочна звязаных з узростам НДА – Саюзам ветэранаў Беларусi і БРСМ – у агульны склад УНС уваходзяць асобы, народжаныя ў канцы 70-х – пачатку 80-х гадоў. Сёняшняя вярхушка беларускай вышэйшай бюракратыі – міністры, старшыні камітэтаў і службоўцы адміністрацыі прэзідэнта – людзі, народжаныя, за пэўнымі выключэннямі, у канцы 60-х – пачатку 70-х гадоў. Варта назіраць за кар’ерным шляхам дэлегатаў УНС, бо цалкам магчыма, што адна з роляў гэтага органа – фармаванне кадравага рэзерву ўлады і стварэнне “кар’ернага трампліна” для наступных пакаленняў чыноўнікаў.

Фота: Валерыя Картуля

Што паспеў зрабіць УНС

Падаецца, што ва ўмовах адсутнасці фактычнага транзіту ўлады, УНС не можа паўнавартасна інтэгравацца ў сістэму прыняцця рашэнняў. За ўвесь час сход ратыфікаваў некалькі дэкларатыўных папер, а рыторыка Лукашэнкі сведчыць пра чаканне змяншыць і без таго нязначную ролю гэтага органу. 24 красавіка 2024 года адбылося першае, і пакуль адзінае пасяджэнне агульнага складу УНС. 

Апроч абрання адміністрацыйных органаў і Прэзідума, гэты сход адзначыўся прыняццем двух дактрынальных дакументаў – Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Вайсковай дактрыны. У параўнанні з папярэднімі рэдакцыямі, яны вылучаюцца большай крытыкай краін Захаду і пашырэннем увагі да ўнутрыпалітычных рызыкаў, уключаючы пратэсты і ўзброеныя мяцяжы. Аднак варта разумець, што УНС не ўносіў змены і не працаваў над гэтымі дакументамі, а толькі зацвярджаў іх. Ягоная роля ў фарміраванні доўгатэрміновай палітыкі носіць рытуальны характар.  Згодна з законам аб УНС, агульны з’езд мусіць праходзіць не радзей чым раз на год, таму верагодней за ўсё наступны з’езд адбудзецца да красавіка 2025 года.

Дагэтуль Прэзідыум збіраўся двойчы. Першы  раз  – 19 лістапада 2024, у пашыраным складзе, які ўключаў не толькі чальцоў прэзідыума, але і чальцоў ураду. Сустрэча характарызавалася рыторыкай Лукашэнкі  наконт паўнамоцтваў і ролі УНС. Ён адзначыў, што “УНС не мусіць замінаць працы іншых” – што хутчэй сведчыць аб паніжэнні ролі і важлівасці гэтага органа. Гэта пацвярджаюць і іншыя факты. 

Важныя рашэнні – аб  пашырэннi  фіскальных паўнамоцтваў старшынь райвыканкамаў – былі накіраваны хутчэй Ураду, чым УНС. Што датычыцца самога органа, то агульны з’езд, які планаваўся напярэдадні выбараў  і мусіў сфарміраваць перадвыбарчую праграму Лукашэнкі, быў перанесены на паслявыбарчы час. 

Другое пасяджэнне Прэзідыюму УНС адбылося 11 лютага 2025. На ім было прынята рашэнне  аб прызначэнні агульнага схода УНС на красавік 2025, стварэнні ў межах УНС галінных і рэгіянальных дэпартаментаў – агулам 17 адзінак, а таксама было адмоўлена ў стварэнні пастаянна працуючых камісій. Рашэнне аб адмове ад камісій чарговы раз абумовіла другасную роля УНС як сталага інстытута, не разлічанага на выбудову сувязяў паміж рознымі прадстаўнікамі наменклатуры. 

Усё сказанае вышэй  падкрэслівае, што УНС, нават з атрыманнем канстытуцыйнага статусу, застаецца хутчэй фармальным інстытутам і не ўпісваецца ў бягучую архітэктуру ўлады. Прадстаўнікамі вярхушкі УНС стала не вышэйшая наменклатура рэжыму, а хутчэй прадстаўнікі сярэдняга ўзроўню. Гэта можа сведчыць аб пэўным недаверы аўтакрата да сваёй палітычнай вярхушкі ў выпадку транзіту ўлады. Сыходзячы з паўнамоцтваў, УНС мусіў быць органам-бізуном, які б кантраляваў дзеянні будучых кіраўнікоў краіны і не даваў адыходзіць ад палітыкі Лукашэнкі. Аднак, з улікам вынікаў апошніх выбараў,  варта чакаць, што УНС яшчэ некалькі гадоў будзе адціснуты ад рэалізацыі сваіх магчымасцяў.

А што ў іншых?

Беларусь – не адзіная краіна ў свеце, дзе існуюць інстытуты падтрымкі легітымнасці аўтакрата. У фашысцкай Італіі Вялікі фашысцкі савет у свой час зладзіў дзяржаўны пераварот. Аднак часцей такія органы засяроджваюцца на забеспячэнні кантролю над новымі ўладамі, абнаўленні эліт і транзіце ўлады, паўсюль з рознай ступенню  паспяховасці. Набор паўнамоцтваў УНС дазваляе лічыць, што гэты орган таксама ствараўся дзеля кантролю за магчымай працэдурай транзіту. Вывучэнне замежнага досведу можа дапамагчы ў прагназаванні  лёсу дадзенага iнстытута  пасля змены ўлады.

Адной з падобных структур з’яўляўся Лівійскі Агульны Народны Кангрэс (ЛАНК), які распачаў дзейнасць у 1976 годзе  і быў галоўным прадстаўнічым органам Лівійскай Джамахірыі. Дэпутаты ЛАНК разглядалі і тлумачылі законы, прынятыя кангрэсамі ніжэйшага ўзроўню, але вышэйшая заканадаўчая і выканаўчая функцыя заставалася не ў руках народных прадстаўнікоў, а ў лідара Арабскай рэвалюцыі, палкоўніка Муамара Кадафі.

Нягледзячы на фіктыўныя паўнамоцтвы, камбінацыя базавых і ўсеагульнага народнага кангрэсу стварыла ўмовы для ратацыі палітычных эліт. Дэлегаты кангрэсу паходзілі з мясцовых рэвалюцыйных камітэтаў – фактычна  органаў гаспадарчай улады на месцах. Прасоўванне  найбольш кампетэнтных з іх у Кангрэс ператварала гэты орган у кар’ерны трамплін  для прафесійнай бюракратыі. 

Падчас Лівійскай рэвалюцыі супраць рэжыму Каддафі і грамадзянскай вайны 2011 года ЛАНК не адыграў палітычнай ролі. На пазнейшых парламенцкіх выбарах 2012 года былыя чальцы ЛАНК агулам не мелі магчымасць абірацца ў парламент. Сёння можна дакладна казаць, што рэвалюцыя і грамадзянская вайна даказалі нерэлевантнасць камітэту як механізма падтрымкі ўлады і сродку абнаўлення эліт .

Больш блізкім да Беларусі прыкладам iнстытута  транзітнага кантролю з’яўляецца  Савет Бяспекі Казахстана (СБК). Нягледзячы на тое, што  орган дзейнічаў з 1991 года, сваю палітычную ролю як сродак кантролю за новаабраным Прэзідэнтам Савет Бяспекі набыў у 2018 годзе. У законе аб Савеце Бяспекі было пазначана, што пажыццёвым старшынёй СБК з’яўляецца першы Прэзідэнт Рэспублікі – Нурсултан Назарбаеў. Рашэнні органа мелі абавязковую сілу для дзяржаўных iнстытутаў і арганізацый, склад Савета Бяспекі зацвярджаўся Прэзідэнтам па згодзе старшыні, СБК меў магчымасць склікаць усё вышэйшае кіраўніцтва Рэспублікі. 

У 2019 годзе Нурсултан Назарбаеў пакінуў пасаду Прэзідэнта на карысць наваабранага Касым-Жамарта Такаева. Першыя гады транзіту Назарбаеў захоўваў кантроль за  пераемнікам, аднак пасля пратэстаў 2022 году гэты кантроль быў страчаны. Ужо праз два тыдні пасля пратэстаў Мажыліс Парламента Рэспублікі Казахстан змяніў закон, выкрэсліўшы Назарбаева з пасады пажыццёвага старшыні. Кабінетны пераварот паўплываў не толькі на аўтакрата, але і на яго сям’ю: старэйшая дачка знікла з публікі, малодшая сутыкаецца з судовымі паразамі , а зяць губляе актывы. 

Фота: AP

Казахстанскі прыклад даводзіць, што нават легальна замацаваныя падчас персаналісцкай аўтакратыі інстытуты не заўсёды прыводзяць да пажаданых вынікаў у выглядзе ўмацавання элітнага статусу. Кожны новы аўтакрат, атрымаўшы ўладу , імкнецца зрынуць iнстытут, які абмяжоўвае яго паўнамоцтвы. У сваю чаргу, пры наяўнасці плюралістычных электаральных працэдур, усе паўнамоцтвы такіх кантрольных органаў страчваюць усялякі сэнс.

Будучыня УНС

Замежны досвед, вядома, не можа быць нязменна  перанесены на беларускую глебу. У параўнанні з папярэднімі прыкладамі, УНС замацаваны канстытуцыйна і мае паўнамоцтвы для непасрэднага ўплыву на дзейнага прэзідэнта. Аднак ён складаецца не з вышэйшай бюракратыі, здольнай на змовы, а з наменклатурных сярэднякоў, цалкам залежных ад Лукашэнкі. Калі сцэнар  транзіту калі-небудзь і будзе выкарыстаны ў Беларусі, УНС цалкам можа выканаць сваю ролю і дазволіць беларускаму аўтакрату захоўваць кантроль над пераемнікамі. 

Тым не менш, лёс органа па-за межамі транзіту невідавочны. Яго функцыі і паўнамоцтвы  звязаны з  кантролем за пераходам улады, а ў адсутнасці такога транзіту і пры больш празрыстых і плюралістычных электаральных працэдурах ён зусім губляе свой сэнс. Таму найбольш верагодны лёс Усебеларускага народнага сходу – сысці ў гісторыю разам са сваім стваральнікам.


Мінай Гром

Автор

Мінай Гром