БАНК
ИДЕЙ

Вяртанне маёмасцi — вяртанне законнасцi 

Авторы: Арцём К.Вольга З. | 4 марта 2025

Беларусь згубіла сотні бізнесаў і маёмасці ў выніку рэпрэсій. Вяртанне прыватнай уласнасці і стварэнне спрыяльнага эканамічнага клімату дапамогуць аднавіць давер і вярнуць частку беларусаў і іх бізнесы дадому, а галоўнае — аднавiць  законнасць i давер iнвестароў і мясцовага грамадства да дзяржавы.

Зламаныя лёсы і страчаныя магчымасці

Пасля 2020 года Беларусь сутыкнулася з сістэматычным парушэннем правоў уласнасці, а рэпрэсіі супраць бізнесу сталі нормай. Улады сістэматычна арыштоўвалі нерухомасць тых, хто выступіў супраць іх, у тым ліку ў якасці кампенсацыі так званых запазычанасцяў. Так, напрыклад, на аўкцыёне “БелЮрАбеспячэнне” ў 2023 годзе была прададзена кватэра Сяргея і Святланы Ціханоўскіх.  

Закрыццё кампаній і прымусовы ціск на бізнес прывялі да таго, што тысячы прадпрымальнікаў былі вымушаны пакідаць краіну. Па афіцыйных лічбах, за апошнія гады 37 чалавек страцілі свае кватэры і бізнесы, а яшчэ 250 чалавек сутыкнуліся з пагрозай канфіскацыі сваёй маёмасці. Больш за 20 кампаній былі знішчаныя толькі падчас усебеларускай стачкі ў кастрычніку 2020 года. Нярэдка людзі, якія будавалі сваю справу гадамі, былі вымушаныя пачынаць усё наноў за мяжой. Для вяртання страчанай маёмасці і аднаўлення эканомікі патрабуюцца празрыстыя рэформы, якія забяспечаць абарону правоў грамадзян. Стабільны эканамічны клімат, у сваю чаргу, стане асновай для рэінтэграцыі бізнесу ў краіне.

Фота: REUTERS/Vasily Fedosenk

Гісторыя ведае падобныя выпадкі

Вопыт іншых краін паказвае, што рэстытуцыя і аднаўленне ўласнасці могуць быць рэалізаваныя праз сістэмныя механізмы. Напрыклад, пасля Другой сусветнай вайны рэстытуцыя дазволіла некаторым габрэям вярнуць сваю нерухомасць цi  атрымаць кампенсацыю. У Германіі ў 1950-х гадах вяртанне маёмасці адбывалася праз спецыяльна створаныя камісіі, якія разглядалі кожную справу асобна.  

Iншы прыклад — Партугалія, дзе пасля рэвалюцыі гваздзік 1974 года была створана адмысловая камісія, якая займалася расследаваннем злачынстваў рэжыму Салазара. Гэты орган распрацаваў сістэму кампенсацый для ахвяраў. Барацьбіты за свабоду і дэмакратыю, а таксама тыя, хто быў вымушаны пакінуць краіну, былі ўзнагароджаныя Ордэнам Свабоды і атрымлівалі пенсіі. Нягледзячы на тое, што  сітуацыя ў Беларусі мае свае асаблівасці,  спецыяльныя камісіі таксама могуць арганізаваць працэс вяртання маёмасці. А, напрыклад, прыцягненне міжнародных экспертаў можа дапамагчы пазбегнуць палітычнага ўмяшання і забяспечыць надзейнасць вынікаў.

Дарога дадому

Паводле даследавання BEROC, беларускія прадпрымальнікі, якія сёння працуюць у эміграцыі, сутыкаюцца з шэрагам складанасцей. Сярод асноўных праблем вылучаюцца цяжкасці ў кіраванні камандамі, пошук кліентаў, высокi кошт арэнды і рост агульных выдаткаў. 

Многія сутыкаюцца з  эмацыянальным ціскам: страх перад дэпартацыяй, выгаранне супрацоўнікаў і цяжкасці ў наладжванні камунікацый праз моўныя і культурныя бар’еры. 

Гэта даследаванне паказвае, што значная частка прадпрымальнікаў разглядае магчымасць вяртання ў Беларусь пры спрыяльных умовах. Гэтыя ўмовы ўключаюць бяспеку, абарону правоў уласнасці і празрысты эканамічны клімат. Стварэнне такога асяроддзя ў Беларусі можа стаць ключавым фактарам, каб беларускія прадпрымальнікі вярнуліся і аднавілі сваю дзейнасць на радзіме.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pixabay.com

Як можа выглядаць рэформа

Першым крокам можа стаць стварэнне незалежнай камісіі па вяртанні маёмасці. Важна, каб такая камісія самастойна ініцыявала перагляд старых спраў і правяла іх аналіз. Гэта азначае, што працэс будзе арганізаваны не на аснове заяў ад пацярпелых, а на падставе ініцыятывы новага ўрада, паколькі ўсе выпадкі канфіскацыі павінны быць перагледжаны. 

Гэты падыход прынцыпова адрозніваецца ад іншых практык, калi пацярпелыя былі вымушаныя самі падаваць такія заявы. Кожны чалавек ці кампанія, якiя страцілі сваю маёмасць у выніку рэпрэсій, таксама атрымаюць магчымасць прадставіць дадатковыя доказы ўласнасці. Спецыяльныя трыбуналы будуць выносiць  рашэнні на падставе фактаў, а вынікі будуць даступны для грамадскасці.  

Закон аб вяртанні маёмасці стане юрыдычным падмуркам рэформы. Дзеля прыкладу, вернемся да страчанай кватэры Ціханоўскіх. У гэтым выпадку, магчымае рашэнне можа грунтавацца на пераглядзе справы праз прызнанне прысуду незаконным. Калі суд прызнае, што канфіскацыі былі несправядлівымі, такія здзелкі па продажы кватэр цi іншых маёмасцей будуць прызнаны несапраўднымі. Гэта можа быць зроблена нават у адпаведнасці з існуючым артыкулам 167 Грамадзянскага кодэкса.  

Аднак, калі набывальнік маёмасці будзе прызнаны «добрасумленным», бо не ведаў, што маёмасць знаходзілася ў прадаўца незаконна падчас набыцця, дзяржава павінна кампенсаваць яму страты. Тыя, хто не зможа вярнуць сваю ўласнасць у першапачатковым выглядзе, атрымаюць фінансавую кампенсацыю, якая будзе разлічвацца па рынкавай вартасці. Гэта забяспечыць справядлівасць і мінімізуе канфлікты паміж пацярпелымі і новымі ўладальнікамі. 

Аднаўленне эканамічнага клімату стане наступным крокам. Незалежная судовая сістэма, празрыстыя антыкарупцыйныя органы і стымулы для інвестараў створаць бяспечнае асяроддзе для бізнесу. Вяртаючыяся прадпрымальнікі атрымаюць падатковыя льготы, крэдыты з нізкімі працэнтамі і кансультацыйную падтрымку. Гэта дапаможа ім хутка аднавіць сваю справу і стаць падмуркам адноўленай беларускай эканомікі.

Вопыт Польшчы: урокі для Беларусі

Польшча — краіна, культурна і гістарычна блізкая да Беларусі. Пасля 2020 года большасць беларускіх эмігрантаў абралі менавіта Польшчу ў якасці новага дома, і сёння тут зарэгістраваны больш за 7070 беларускіх кампаній.  

У Польшчы дзейнічае спрошчаная працэдура рэгістрацыі бізнесу, якая дазваляе адкрыць кампанію за адзін дзень праз інтэрнэт. Спецыяльныя эканамічныя зоны прапануюць падатковыя льготы да 70%  інвестыцыйных выдаткаў, а для малых прадпрыемстваў стаўка падатку на прыбытак складае толькі 9%. Праграма Start in Poland прадастаўляе гранты і падтрымку стартапам, уключаючы падатковыя канікулы і ментарскую дапамогу. 

Гэты досвед паказвае, што празрыстая сістэма, падтрымка прадпрымальнікаў і падатковыя льготы могуць зрабіць краіну прывабнай для інвестараў. Беларусь можа выкарыстаць гэты вопыт і стварыць умовы, якія будуць зразумелыя і блізкія беларусам, бо многія ўжо сутыкнуліся з гэтым  ў Польшчы.

Куда бежал и сколько заработал беларуский бизнес в эмиграции

Графік узяты з прэзентацыі ZPP Belarus Business Center

Праграма падтрымкі эмігрантаў

Многія беларускія прадпрымальнікі сёння працуюць у Польшчы, Літве і Латвіі. Стварэнне праграмы вяртання дапаможа ім перанесці свае кампаніі дадому альбо адкрыць фiлiялы, прадстаўніцтва або RnD oфiсы. Гэта можа ўключаць грашовыя гранты на рэлакалізацыю, падатковыя канікулы і дапамогу ў пераадоленні бюракратычных перашкод. 

Асаблівую ўвагу варта надаць бяспецы. Людзі павінны быць упэўненыя, што іх маёмасць і жыццё не апынуцца пад пагрозай. Гарантыі бяспекі, падтрымка з боку праваахоўных органаў і прававая абарона дапамогуць пераадолець недавер да новай сістэмы. 

Акрамя таго, неабходна правесці шырокую інфармацыйную кампанію. Вяртанне бізнесу дадому варта разглядаць як частку працэсу нацыянальнага аднаўлення і прымірэння. 

Чаму гэта важна

Эканамічнае аднаўленне праз вяртанне прадпрымальнікаў і інвестыцый можа стаць асновай для росту. Малы і сярэдні бізнес, які сёння складае толькі 25% ВУП, зможа заняць цэнтральнае месца ў эканоміцы краіны. Гэта створыць працоўныя месцы, павысіць узровень жыцця і зробіць Беларусь канкурэнтаздольнай на міжнароднай арэне. 

Гэтая рэформа не толькі адновіць справядлівасць, але і стане сімвалам новай Беларусі. У краіне, дзе паважаюцца правы чалавека і пануе вяршэнства права, людзі будуць гатовыя інвеставаць, ствараць і развівацца. 

Аднаўленне права ўласнасці — першы крок да дэмакратычнай будучыні. Краіны, якія прайшлі падобны шлях, даказалі, што рэформы магчымыя, калі ёсць воля і празрыстыя механізмы. Беларусь таксама можа зрабіць гэты крок, вярнуўшы сваім грамадзянам тое, што належыць ім па праве.


Арцём К.

Автор

Арцём К.



Вольга З.

Автор

Вольга З.