Польшча ўжо даўно з’яўляецца адной з мішэняў беларускай прапаганды, якая абвінавачвае Варшаву ў нібыта «імперскіх амбіцыях» і імкненні ўзяць пад кантроль Беларусь праз дэстабілізацыю «законнай» улады Аляксандра Лукашэнкі. Зразумела, што такая прапаганда не адлюстроўвае рэальную сутнасць польскай палітыкі. Пры гэтым ствараецца ўражанне, што нават сярод беларускай палітычнай эміграцыі існуе пэўная блытаніна ў разуменні крокаў Варшавы. Менавіта таму варта разгледзець сапраўдныя матывы польскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Піша Каміль Клысіньскі.
Прыярытэт незалежнасці
Цягам апошніх дзесяцігоддзяў галоўным прынцыпам для польскіх палітычных і інтэлектуальных эліт у адносінах да Беларусі застаецца перакананне ў неабходнасці падтрымкі незалежнай беларускай дзяржавы — як суб’екта асобнага ад Расіі. З польскага пункту гледжання ўсходнія межы краіны могуць быць бяспечнымі толькі ў тым выпадку, калі на гэтым абшары існуюць тры сапраўды суверэнныя дзяржавы: Літва, Беларусь і Украіна.
І калі Літва ўжо даўно з’яўляецца сябрам Еўрапейскага саюза і НАТА, а Украіна неаднаразова пацвярджала свае праеўрапейскія памкненні, то Беларусь ад самага пачатку сваёй дзяржаўнасці заставалася пад пагрозай поўнага падпарадкавання інтарэсам Крамля. Таму польская дыпламатыя яшчэ з пачатку 1990-х паслядоўна выказвала падтрымку незалежнасці свайго ўсходняга суседа — як праз палітычныя заявы, так і праз канкрэтныя прапановы супрацоўніцтва.
Арыентацыя на падтрымку беларускай дзяржаўнасці заставалася нязменнай нягледзячы на аўтарытарызм Лукашэнкі. Такі падыход грунтаваўся на рэалістычным разліку: гэты палітык здольны забяспечыць сваёй краіне хаця б частковую самастойнасць ад экспансіўнай Масквы, якая імкнулася аднавіць уплыў на постсавецкай прасторы. Менавіта таму польская дыпламатыя шукала магчымасці для дыялогу з рэжымам у сферах, дзе гэта магло спрыяць умацаванню міжнароднай суб’ектнасці Мінска. Пры гэтым Варшава захоўвала прынцыповую крытыку фальсіфікацыі выбараў, палітычных рэпрэсій, пераследу грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і польскай меншасці.
Такім чынам, ужо ў пачатку двухтысячных гадоў у польска-беларускіх адносінах сфармавалася з’ява, якая для некаторых выглядала як супярэчнасць або парадокс. Нягледзячы на палітычныя напружанні і дыпламатычныя крызісы, узровень эканамічных сувязяў заставаўся высокім: дынамічна раслі аб’ёмы гандлю, грузавыя перавозкі, а таксама інвестыцыі, пераважна польскія, якія накіроўваліся ў Беларусь.

Здараліся і перыяды дыялогу, калі на фоне пацяплення ў адносінах паміж Мінскам і Захадам Варшава імкнулася прапанаваць больш амбітную праграму супрацоўніцтва. Менавіта па ініцыятыве польскай дыпламатыі ў 2009 годзе было створана «Усходняе партнёрства», у якім знайшлося месца і для Беларусі.
Акрамя таго, пры актыўнай падтрымцы Польшчы ў 2020 годзе пасля шматгадовых перамоваў была падпісана дамова аб зніжэнні кошту шэнгенскай візы для грамадзян Беларусі з 80 да 35 еўра.
У тым жа годзе польскія нафтавыя кампаніі ўзялі ўдзел у беспрэцэдэнтным праекце паставак амерыканскай нафты на беларускія НПЗ. Сімвалічным выглядае тое, што другі і, як пазней высветлілася, апошні танкер з гэтым паліўным грузам прыбыў у літоўскі порт Клайпеда 9 жніўня — у дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія прывялі да трагічных наступстваў для краіны.
Неабходнасць перагляду парадыгмы
Жорсткая рэакцыя рэжыму на масавыя паслявыбарчыя пратэсты прымусіла Еўрапейскі саюз, у тым ліку і Польшчу, адрэагаваць рашуча. Акрамя палітычнай крытыкі, былі ўведзены санкцыі. Наступныя варожыя дзеянні Мінска — у тым ліку захоп беларускімі спецслужбамі самалёта Ryanair, правакаванне міграцыйнага крызісу і, у рэшце рэшт, удзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны — прывялі да яшчэ больш жорсткіх абмежаванняў, уключаючы поўнае эмбарга на асноўныя тавары беларускага экспарту.
Трэба адзначыць, што польская дыпламатыя адыграла актыўную ролю ў фарміраванні агульнаеўрапейскай пазіцыі адносна Беларусі і ў прынцыпе бярэ адказнасць за саўтваральніцтва ўсходняй палітыкі ЕС. Значны ўплыў польскага голасу ў гэтай сферы — натуральна непрымальны для аўтарытарнага рэжыму — надае дзеянням Бруселя большую рэалістычнасць, бо адлюстроўвае складаную і канфліктную сітуацыю на беларуска-еўрапейскай мяжы, якая цяпер стала таксама першай лініяй фронту гібрыднай вайны.
Дзеянні Мінска азначалі не толькі калапс даволі актыўнага двухбаковага супрацоўніцтва, але і неабходнасць пераасэнсавання ўсёй стратэгічнай канцэпцыі адносін з Беларуссю. Лукашэнка, якога яшчэ нядаўна ўспрымалі як гаранта незалежнасці краіны, за некалькі месяцаў ператварыўся ў яе галоўную пагрозу.
Не менш істотным фактарам, які блакаваў магчымасць супрацоўніцтва, стала выразная эвалюцыя палітычнай сістэмы Беларусі ў бок таталітарызму з беспрэцэдэнтным узроўнем рэпрэсій і найвялікшай у гісторыі краіны колькасцю палітвязняў. У сваіх выказваннях Лукашэнка неаднаразова даваў зразумець, што падзеі 2020 года сталі для яго глыбокай траўмай, і ён не мае намеру вяртацца да сапраўднага дыялогу з Захадам — хіба што пры поўным прызнанні ягонай палітыкі.
Стан польска-беларускіх адносін яшчэ больш пагоршыўся праз шэраг варожых дзеянняў Мінска на двухбаковым узроўні. З 2021 года рэзка ўзмацніўся антыпольскі курс афіцыйнай палітыкі: без усялякіх падстаў быў арыштаваны, а затым асуджаны на восем гадоў Анджэй Пачобут — адзін з лідараў польскай меншасці ў Беларусі. Гэтая супольнасць страціла большасць школ і класаў з польскай мовай навучання. У афіцыйнай прапагандзе Польшча стала галоўным аб’ектам варожай кампаніі. Акрамя таго, у заходніх рэгіёнах Беларусі былі зафіксаваныя выпадкі знішчэння польскіх вайсковых могілак — усё гэта адбывалася (і працягвае адбывацца) на фоне працяглай міграцыйнай напружанасці.

Пералічаныя праблемы сталі прадметам вострых дыскусій унутры Польшчы. Канфліктуючыя паміж сабой палітычныя партыі абвінавачвалі адна адну ў памылках і недаглядах, дапушчаных у розныя перыяды кіравання. Нягледзячы на гэтыя ўнутрыпалітычныя спрэчкі, польская пазіцыя адносна Мінска заставалася паслядоўнай і цэласнай.
У наяўных абставінах Варшава заняла ў дачыненні да Мінска выразную — і, як выглядае, абгрунтаваную — пазіцыю «крытычнага чакання». Пры гэтым польскія палітычныя эліты не адмовіліся ад ідэі незалежнай Беларусі: неабходнасць захавання беларускай дзяржаўнасці на мапе Еўропы ўспрымаецца ў Польшчы як нешта відавочнае. Гэта перакананне толькі ўмацоўваецца на фоне агрэсіўнай палітыкі Расіі ў адносінах да Захаду і працяглай вайны ва Украіне. Таму яшчэ шмат гадоў таму ў Польшчы сфармаваўся шырокі палітычны кансенсус паміж асноўнымі сіламі адносна істотнасці падтрымкі беларускіх дэмакратычных ініцыятыў і грамадзянскай супольнасці.
Аднак гэта не азначае, што ўсе грамадзяне падзяляюць такую адкрытасць. Паводле даследаванняў грамадскай думкі 2023 года, падтрымка рэжымам Лукашэнкі расійскай агрэсіі ў 2022 годзе прывяла да павелічэння негатыўнага стаўлення палякаў да беларусаў увогуле.
Перспектывы добрасуседства
За апошнія гады Мінск неаднаразова атрымліваў выразныя сігналы пра чаканні Варшавы. Нармалізацыя двухбаковых адносінаў магла б стаць магчымай толькі пры выкананні некалькіх асноўных умоў: найперш — вызвалення Анджэя Пачобута і спынення штучна створанага міграцыйнага крызісу, які кіруецца беларускімі ўладамі пры актыўнай падтрымцы Расіі.
На жаль, як паказвае практыка, нават гэтыя мінімальныя патрабаванні застаюцца невыканальнымі. Гэта звязана з падпарадкаваннем Беларусі расійскім інтарэсам. Дзеянні Мінска сталі часткай расійскай гібрыднай вайны супраць Захаду, а любыя прапановы рэжыму аб «аднаўленні дыялогу» разглядаюцца цяпер як элемент дэзінфармацыі.
У польскай ацэнцы сёння пераважае рэалістычны скептыцызм: існуе разуменне, што Лукашэнка наўрад ці зможа стаць бокам у любых перамовах аб «новым пачатку» адносінаў. Сапраўдным партнёрам для польскіх уладаў застаюцца перадусім дэмакратычныя сілы, згуртаваныя вакол Святланы Ціханоўскай. Нягледзячы на многія недахопы, яны падзяляюць агульныя для цывілізаванай Еўропы каштоўнасці і ставяць незалежнасць сваёй краіны вышэй за ўсё.
Нельга таксама выключаць, што ўнутры беларускай дзяржаўнай сістэмы існуюць людзі, якія адказна думаюць пра будучыню сваёй краіны. Іх гатоўнасць да дыялогу можа выявіцца ў момант крызісу рэжыму — напрыклад, у выпадку раптоўнай смерці дыктатара або ўнутранага палітычнага зруху.
Такім чынам, шанцы на сапраўднае добрасуседства паміж Польшчай і Беларуссю яшчэ не страчаныя. Для аднаўлення нармальных адносін патрэбныя толькі стратэгічная цярплівасць і адэкватныя партнёры па абодвух баках мяжы — якая павінна ўспрымацца не як лінія фронту гібрыднай вайны, а як адкрыты мост паміж народамі.

