Стандартныя тэорыі нацыянальнай ідэнтычнасці — гэта застарэлы софт, які «вісне» пры спробе прымяніць да рэальнага свету. Патрэбен новы, прагматычны падыход да ідэнтычнасці, дзе замест пафасных лозунгаў — цвярозы разлік коштаў і выгадаў — піша Пётр Рудкоўскі.

Падзеі 2020 і 2022 гадоў актуалізавалі пытанне беларускай ідэнтычнасці, прымусіўшы грамадства шукаць новыя кропкі апірышча. Праблема ў тым, аднак, што стандартныя тэорыі нацыянальнай ідэнтычнасці ўсё часцей нагадваюць застарэлы софт, які «вісне« пры спробе прымяніць да рэальнага свету.

Папулярныя тэорыі — ад «уяўленых супольнасцяў» Бенедыкта Андэрсана да мадэрнізму Эрнэста Гелнера — часта аказваюцца аналітычна слабымі. Галоўная праблема існуючых падыходаў у тым, што даследчыкі не столькі ўзбагацілі аналіз, колькі проста перадэфініявалі паняцце нацыі і атачылі гэта аўрай інавацыйнасці.

Не ўваходзячы ў дэталёвую палеміку з існуючымі тэорыямі, прадстаўлю тут альтэрнатыўны падыход — «прагматыку ідэнтычнасці», якая можа служыць інструментам рацыянальнага аналізу нацыянальна-ідэнтычнаснай праблематыкі. У другой частцы будзе прапанавана ілюстрацыя таго, як гэты падыход працуе на прыкладзе беларускага кейсу.

Прагматыка нацыябудаўнітва (адраджэння)

Ключавое пытанне тут: якая мадэль нацыябудаўніцтва найбольш жыццяздольная ў доўгатэрміновай перспектыве? Або інакш: паводле якіх крытэраў можам рацыянальна ацэньваць і параўноўваць ідэнтычнасці і іх складовыя?

Нацыянальная ідэнтычнасць прадугледжвае дзве рэчы: адметнасць і кагерэнтнасць. Адметнасць — гэта адказ на пытанне: «чым мы адрозніваемся ад іншых?».

Паколькі адказ на гэтае пытанне, як правіла, мае разгорнуты характар і ўключае набор маркераў (ідэнтыфікатараў), вялікую ролю ў структуры ідэнтычнасці адыгрывае кагерэнтнасць — унутраная звязнасць гэтага адказу, дапасавальнасць асобных маркераў паміж сабой.

Цяпер некалькі слоў пра тыпы маркераў, бо іх распазнанне мае значэнне для ацэнкі іх прагматычнай вартасці.

Маркеры могуць быць інсулярнымі (астраўнымі) або паўінсулярнымі. Інсулярныя — гэта тыя, што ўласцівыя пераважна адной супольнасці і добра аддзяляюць «нас» ад «іх»: напрыклад, польская мова для палякаў ці літоўская для літоўцаў. Паўінсулярныя ж выходзяць за межы адной нацыі і таму слабей выконваюць адрознівальную функцыю — як, скажам, каталіцызм у выпадку абедзвюх гэтых супольнасцяў.

Іншая важная вось — адрозненне паміж эмпірычнымі і абстрактнымі маркерамі. Эмпірычныя маркеры наглядныя і лёгка ідэнтыфікуюцца — тыповы прыклад: тая ж самая мова. Абстрактныя ж (накшталт «працавітасці» або «гасціннасці», што часам прыводзяцца як маркер беларускага нацыянальнага характару) не маюць выразнай, стабільнай формы і не паддаюцца непасрэднаму ўспрыманню.

Нарэшце, маркеры адрозніваюцца паводле трываласці. Адны маюць трывалы, доўгатэрміновы, устойлівы характар — як мова або рэлігія. Іншыя ж носяць эфемерны, сітуацыйны характар: спартыўныя поспехі могуць выклікаць моцны ўсплёск нацыянальнага гонару, але гэты эфект, як правіла, кароткачасовы.

Няма адзінай формулы нацыянальнай ідэнтычнасці, як няма і магчымасці цалкам запраграмаваць гэты працэс. На практыцы ён часткова спантанны, часткова кіраваны: у залежнасці ад кантэксту можа дамінаваць то адзін, то другі кампанент. Не ўваходзячы ў дэталі, адзначым толькі наступнае.

На ўзроўні самой ідэнтычнасці: чым яна больш адметная і кагерэнтная, тым больш шанцаў, што яна стане доўгатэрміновай, моцнай і ўстойлівай.

На ўзроўні маркераў: чым больш распаўсюджаныя і замацаваныя інсулярныя, эмпірычныя і трывалыя маркеры, тым больш устойлівай аказваецца ідэнтычнасць, якая на іх грунтуецца.

Скуль такія канстатацыі? Тут працуе некалькі кагнітыўных механізмаў.

Па-першае, паўінсулярныя маркеры могуць генераваць кагнітыўны дысананс: яны нібыта павінны служыць адзнакай уласнай адметнасці, але адначасова ёсць і ў «іншых». Гэта аслабляе іх ідэнтыфікацыйную моц.

Па-другое, людзі па-змоўчанні абапіраюцца на тое, што лягчэй заўважыць (тзв. прынцып WYSIATI — «what you see is all there is»). Таму эмпірычныя маркеры працуюць лепш за абстрактныя: іх прасцей заўважыць, назваць і ўключыць у сімвалічную карціну «свайго».

Па-трэцяе, істотную ролю адыгрывае «эканомія намаганняў»: чым прасцей нешта распазнаць, тым часцей яно выкарыстоўваецца і запамінаецца.

Беларускі кейс

Патэнцыйных маркераў беларускай ідэнтычнасці шмат, а іх магчымых камбінацый — бясконцае мноства. Абмяжуемся тут, аднак, найбольш тыповымі:

  • беларуская і руская мовы
  • бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня»; чырвона-зялёны сцяг і герб «Узыходзячае сонца»
  • адраджэнскі і савета-цэнтрычны гістарычныя наратывы
  • уніяцтва, праваслаўе, каталіцтва
  • вышыванка, энданімізм1

Калі прыкладзем прапанаваную ў папярэдняй частцы тыпалогію, то можам сцвердзіць наступнае. Беларуская мова — інсулярны, эмпірычны і трывалы маркер: выразна адрознівае, лёгка распазнаецца і можа перадавацца пакаленнямі. Руская — эмпірычная і трывалая, але толькі паўінсулярная, таму слабей дыферэнцыюе.

З сімволікай падобна. Бел-чырвона-белы сцяг — інсулярны, пазнавальны і патэнцыйна трывалы. Чырвона-зялёны сцяг і герб «Узыходзячае сонца» — эмпірычныя і трывалыя, але іх складана трактаваць як інсулярныя: яны паўсталі і дзецягоддзямі функцыянавалі ў савецкай рэчаіснасці, дзе функцыя іх была ў большай ступені нагадваць пра быццё часткай «савецкага народа», чым пра нейкую сваю адметнасць.

Гістарычныя наратывы — змешаныя ў плане эмпірычнасці і абстрактнасці (сэнсы + матэрыяльныя носьбіты: назвы, помнікі, даты). Адраджэнскі — больш інсулярны; савецкі — паўінсулярны. Вышыванка і энданімізм — інсулярныя і эмпірычныя, але эфемерныя: залежаць ад моды і кантэксту.

Адсюль выснова: маркеры розняцца не толькі зместам, але і «працоўнай здольнасцю» кагерэнтнага ідэнтыфікавання — гэта і ёсць ключ да іх прагматычнай ацэнкі.

У ходзе прагматычнай ацэнкі асаблівай увагі заслугоўваюць «I–D ідэнтыфікатары» (insular & durable): беларуская мова, БЧБ-сімволіка і адраджэнскі наратыў. Яны маюць найбольшы ідэнтыфікацыйны патэнцыял — спалучаюць адметнасць, трываласць і нагляднасць.

Аднак у сённяшніх умовах гэта «дарагі» выбар: для большасці беларусаў яны не з’яўляюцца паўсядзённай нормай, а іх пашырэнне патрабуе часу, сістэмнай працы і не гарантуе поспеху — ні на ўзроўні масавага прыняцця, ні ў плане інстытуцыйнага замацавання.

Адсюль ключавая дылема. З гледзішча прагматычнага падыходу даводзіцца выбіраць не паміж «добрым« і «дрэнным», а паміж двума варыянтамі размеркавання коштаў і выгадаў (cost-benefit).

Першы варыянт — «прэміум-фундамент»: апора на I–D маркеры. Калі праект удасца, ён дае вельмі трывалую, кагерэнтную і доўгатэрміновую ідэнтычнасць. Але кошт — высокі: на яго пашырэнне і замацаванне патрэбныя гады, а то і дзесяцігоддзі, і пры гэтым няма гарантыі поспеху.

Другі варыянт — «adhoc фундамент»: апора на больш даступныя, часта паўінсулярныя або эфемерныя маркеры. Іх прасцей і хутчэй актываваць — яны лепш адпавядаюць існуючым звычкам і не патрабуюць значных кагнітыўных намаганняў. Але такая ідэнтычнасць, як правіла, менш устойлівая: яна горш вытрымлівае знешні ціск і можа лёгка размывацца або трансфармавацца.

  1. Маецца тут на ўвазе прасоўванне ў іншых мовах адпаведнікаў «Беларусь», «беларускі» і гд. максімальна фанетычна набліжаных да беларускамоўных эндонімаў, напр. Беларусь / беларуский замест Белоруссия / белорусский у рускай мове.