Даследаванне “Банкруцтва і захаванне заводаў: ад ліквідацыйнай мадэлі да культуры выратавання бізнесу” аналізуе, як у Беларусі працуе сістэма банкруцтва і чаму яна сёння не спрыяе развіццю эканомікі.

Аўтар паказвае, што беларуская мадэль застаецца пераважна ліквідацыйнай: замест таго, каб даваць кампаніям шанец на аднаўленне, яна фактычна вядзе да іх закрыцця. У выніку капітал застаецца “замарожаным” у неэфектыўных, так званых зомбі-прадпрыемствах, якія існуюць дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, але не ствараюць росту і не павышаюць прадукцыйнасць.

Даследаванне таксама паказвае структурную няроўнасць: дзяржаўныя кампаніі маюць значна больш шанцаў на “санацыю”, чым прыватны бізнес. Гэта азначае, што доступ да механізмаў выратавання залежыць не ад эканамічнай жыццяздольнасці, а ад формы ўласнасці.

Аўтар параўноўвае беларускую сістэму з міжнароднымі практыкамі і паказвае, што ў свеце адбыўся пераход да “культуры выратавання бізнесу”, калі банкруцтва разглядаецца не як канец, а як магчымасць перазапуску. У Беларусі ж адсутнічаюць ключавыя інструменты такой мадэлі: ранняя рэструктурызацыя, абарона новага фінансавання, аўтаматычны мараторый і захаванне кіравання за ўладальнікамі бізнесу.

У працы прапануюцца канкрэтныя рэформы: пераход да ранняй рэструктурызацыі (pre-insolvency), увядзенне механізмаў падтрымкі бізнесу падчас крызісу, стварэнне канкурэнцыі планаў выратавання і зніжэнне ролі адміністратыўнага кантролю.

Галоўнае пытанне даследавання: як ператварыць банкруцтва з механізму ліквідацыі ў інструмент захавання і пераразмеркавання эканамічнай вартасці.

Дадзенае даследаванне падрыхтавана ў межах Belarus Young Research Award 2025. Гэты праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.

Спампаваць даследаванне цалкам

Банкруцтва і захаванне заводаў: ад ліквідацыйнай мадэлі да культуры выратавання бізнесу (PDF)

Погляды, выказаныя ў гэтым матэрыяле, з’яўляюцца адказнасцю аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазіцыю каманды Банка Ідэй.