Зміцер Міцкевіч, журналіст тэлеканалу “Белсат”, аўтар у праекце Veridica. Аналітык у сферы нацыянальнай бяспекі і абароны.
Нарастанне напружанасці ва Усходняй Еўропе на фоне агрэсіўных дзеянняў Расіі зноў прыводзіць да пытання аб стратэгічным кірунку ў сферы бяспекі для Беларусі ў выпадку дэмакратызацыі. Аб знаходжанні дэмакратычнай Беларусі ў саюзе з Расіяй, амаль напэўна, гаворка ісці не можа. Тады на стале фактычна застаюцца толькі дзве опцыі: нейтралітэт ці далучэнне да сістэмы абароны ў Еўропе ў рамках НАТА.
Погляд на пытанне аб выбары паміж гэтымі опцыямі моцна залежыць ад таго, у якім вымярэнні і гарызонце часу мы яго разглядаем. Фокус на тых ці іншых прававых, грамадскіх і палітычных аспектах можа весці да розных адказаў. Мяркую, вельмі важна прымаць да разгляду досвед апошніх гадоў і сучасны кантэкст. Бо самое нібыта імкненне Беларусі да нейтралітэту (да 2022 года замацаванае ў Канстытуцыі) ужо прывяло да наступстваў, якія невядома колькі мы будзем разграбаць. Больш за тое, гэтая гісторыя ўсё яшчэ працягваецца. І сёння выглядае на тое, што нашая краіна будзе ўцягнутая ў далейшую эскалацыю з боку Масквы супраць дзяржаў НАТА.
Нейтралітэт, якога ніколі не было
Беларусь не з’яўляецца нейтральнай дзяржавай. І дэ-факта не была ёю ад вяртання незалежнасці, паколькі ўвесь гэты час на яе тэрыторыі размяшчаліся расійскія ваенныя аб’екты. Ужо ў 1992 годзе Рэспубліка Беларусь далучылася да Дамовы аб калектыўнай бяспецы, якая пазней была трансфармаваная ў адпаведную арганізацыю – АДКБ.
Пасля 2022 года ўвогуле стала немагчыма размаўляць аб Рэспубліцы Беларусь як аб суверэнным актары ў галіне нацыянальнай бяспекі і абароны. З цягам вайны Расіі супраць Украіны мы назіраем не проста паглыбленне залежнасці рэжыму Лукашэнкі ад Масквы, але і пашырэнне ўдзелу Беларусі як дзяржавы ў агрэсіўных дзеяннях Крамля. Пачынаючы ад схемаў па абыходзе санкцый у інтарэсах Міністэрства абароны РФ да ўдзелу прадпрыемстваў як беларускага ваенна-прамысловага комплексу, гэтак і грамадскага сектару ў выкананні расiйскага “Гособоронзаказа”. Да таго ж неаднаразова канстатавалася далейшае выкарыстанне шэрагу элементаў інфраструктуры на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для працягу паветраных атак на Украіну з боку Расіі.
Роля, што наканавана Беларусі ў саюзе з Расіяй
Кіраўніцтвам Расіі адкрыта дэкларуецца жаданне не проста далей працягваць вайну супраць Украіны, але агулам ісці ў бок эскалацыі супраць краін НАТА. Развал Еўрапейскага звязу і НАТА, а таксама ўсталяванне поўнага палітычнага кантролю над Еўропай публічна заяўляецца Крамлём у якасці сярэднетэрміновай палітычнай мэты. І менавіта для яе рэалізацыі прадугледжана, у тым ліку, выкарыстанне тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама яе людскога і прамысловага патэнцыялу. У сваім стратэгічным планаванні Крэмль задаецца пытаннем, якім чынам ён мусіць выбудоўваць новы сусветны парадак, канкуруючы ў гэтым з КНР і ЗША. То бок фактычна захоп Еўропы там лічаць ужо вырашанай справай.
Беларусь з’яўляецца надзвычай важным балконам для расійскай агрэсіўнай палітыкі, пры выкарыстанні якога можна аказваць ціск на цэлы шэраг еўрапейскіх дзяржаў, што мы ўжо назіраем. І ў далейшым разліку Масквы роля тэрыторыі Беларусі ў якасці базы для стварэння гібрыдных пагроз для еўрапейскіх краін, найбольш імаверна, будзе толькі ўзмацняцца. У прыватнасці, гаворка ідзе як мінімум аб вядзенні з тэрыторыі Беларусі разведвальнай дзейнасці пад прыкрыццём кантрабанды, інфармацыйных аперацый, спрыянні нелегальнай міграцыі і выкарыстанню беларускіх грамадзян для правядзення дыверсій на тэрыторыі краін ЕС.
Нейтралітэт вачыма Масквы
Нават у выпадку спынення гарачай фазы вайны Расіі супраць Украіны, але пры захаванні Расійскай Федэрацыі ў цяперашнім выглядзе, нейтралітэт Беларусі немагчымы. На дадзены момант не праглядаецца магчымасці нейкіх радыкальных зменаў як у палітыцы Расіі, яе будове, а таксама ў самой сутнасці расiйскай імперыяльнай дзяржаўнай ментальнасці. Адпаведна, ніякага нейтралітэту Крэмль для Беларусі проста не бачыць.
Калі нават на нейкі час сітуацыя складзецца так, што дэкларатыўна Беларусь зможа яго абвесціць, Масква будзе разглядаць гэта як запрашэнне да чарговага ўсталявання кантролю над беларускай тэрыторыяй. Хоць метады для гэтага могуць быць выкарыстаныя розныя. Фармальнае патрабаванне Масквы нейтралітэту Украіны выдатна дае зразумець, што ў Крамлі разумеюць пад “нейтральным статусам”. Па сутнасці, гэтакім чынам Расія імкнецца ўсталяваць поўны кантроль над ключавымі сферамі жыцця дзяржаў, пры гэтым ствараючы ўражанне іх “нейтралітэту” і “незалежнасці” для міжнароднай супольнасці. Так ствараецца яшчэ адзін інструмент для гібрыдных аперацый Крамля па ўсім свеце пад прыкрыццём “нейтральных актараў”.
Кошт нейтралітэту
Яшчэ адно пытанне да гіпатэтычнага нейтралітэту – фінансавае. Дзеля таго, каб мець магчымасць нанесці паразу такому праціўніку, як Расійская Федэрацыя, — а іншых пагроз беларускай дзяржаве ў бліжэйшай і сярэдняй перспектыве не праглядаецца — трэба валодаць шмат чым. Гэта і ўся наменклатура ўзбраенняў, неабходная для поўнамасштабнага вядзення баявых дзеянняў, і адпаведны людскі патэнцыял. То бок краіне патрэбная сістэма агульнанацыянальнай абароны, калі ў выпадку неабходнасці ўдзел у абарончых захадах прымае ў прамым сэнсе слова кожны дарослы грамадзянін краіны.
Тут варта падкрэсліць, што сёння выдаткі на абарону і бяспеку Беларусі — найменшыя сярод краін рэгіёну. Нават ва ўмовах вайны Беларусь выдаткоўвае на абарону каля 1.6% ад ВУП (каля 1% ад ВУП да 2022 г.). Напрыклад, суседняя — значна больш заможная і буйная па памеры Польшча — давяла свае ваенныя выдаткі да 4.5% ад ВУП (з каля 2% да расiйска-украінскай вайны). Для Украіны і Расіі, якія ваююць, гэты індыкатар складае 40% і 7.5% ад ВУП адпаведна. У абсалютным вымярэнні беларускія выдаткі на абарону сёння складаюць каля 1.2% ад расійскіх, 2.4% ад украінскіх, 4.3% ад польскіх. Нават літоўскія і латвійскія абарончыя выдаткі перавышаюць беларускія. Адпаведна, нават гіпатэтычнае значнае нарошчванне выдаткаў на абарону ў абсалютным вымярэнні не дазволіць Беларусі наблізіцца да ўзроўню выдаткаў, які неабходны для таго, каб абараніць сябе ад Расіі. Больш за тое, найбольш імаверна, што Беларусь проста не зможа эканамічна забяспечыць значны рост ваенных выдаткаў.
Што рабіць дэмакратычнай Беларусі?
Прыклады Малдовы, Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя, Грузіі, а цяпер і Украіны выдатна дэманструюць, што без моцнага альянсу як мінімум з суседнімі краінамі паспяхова абараняцца ад расійскай агрэсіі без страты тэрыторыяў, людзей і часткі суверэнітэту проста немагчыма. З такога пункта гледжання, імкненне ўключацца ў агульнаеўрапейскую сістэму бяспекі для Беларусі — проста пытанне захавання дзяржаўнасці.
У той жа момант, гэта важна і для Еўропы агулам. У першую чаргу з геаграфічнага пункту гледжання. Пазбаўленне Расійскай Федэрацыі стратэгічнага балкону, з якога яна праектуе пагрозы на ўсю ўсходнюю частку кантыненту, дазволіць істотна спрасціць абарону. Гэта актуальна як у перыяд гібрыднай агрэсіі з боку Крамля, гэтак і ў выпадку магчымага пераходу канфлікту ў непасрэдна мілітарнае вымярэнне. Бо гэта амаль у два разы скароціць для Еўропы працягласць мяжы, якую трэба будзе абараняць.
Да таго ж Беларусь мае неблагі патэнцыял у ваенна-прамысловым комплексе. Гэта можа дазволіць уключыць беларускія прадпрыемствы ў агульнаеўрапейскія вытворчыя ланцужкі на карысць агульнай сістэмы бяспекі і абароны. Гэта было б выгадна як для беларускай эканомікі, гэтак і для краін Захаду — кошт пэўных відаў узбраення істотна б зменшыўся, а Беларусь мела б магчымасць атрымаць доступ да новых рынкаў і тэхналогіяў.
Высновы
Нельга весці дыскусію аб магчымым кірунку Беларусі ў забеспячэнні сваёй бяспекі ў будучым без уліку досведу актуальнай сітуацыі агрэсіўнай палітыкі Расіі. Калі рэжым Лукашэнкі прымае актыўны ўдзел у ваенных авантурах Масквы, беларускія дэмакратычныя сілы мусяць, наадварот, прыкладаць усе намаганні, каб умацаваць еўраатлантычную супольнасць і настойваць на неабходнасці ўключэння Беларусі ў адзіную еўрапейскую сістэму бяспекі. Такое памкненне з’яўляецца абсалютна лагічным як з пункту гледжання цяперашняй сітуацыі, гэтак і ў стратэгічным планаванні.
