Разглядаючы розныя сцэнары развіцця Беларусі, можна меркаваць, што самы верагодны з іх, які дае старт пераменам, гэта адыход Аляксандра Лукашэнкі ад улады. Ён запусціць працэс, які сёння знаходзіцца ў мёртвай зоне, у пункце замярзання.

Хаця будучыня нікому невядомая, але, калі зыходзіць з логікі палітычных працэсаў, якія развіваюцца сёння, можна паспрабаваць экстрапаляваць іх у будучыню і змадэляваць дзеянні асноўных палітычных суб’ектаў. Рызыкну зрабіць некалькі высноў.

Транзіт у форме крызісу

У персаналісцкіх дыктатарскіх рэжымах, кшталту беларускага, няма механізму перадачы ўлады нават усярэдзіне кіруючай каманды, не кажучы ўжо пра тое, каб яна магла перайсці да апазіцыі. І сыход дыктатара найчасцей ператвараецца ў палітычны крызіс.

Пасля сыходу ўладара рэжым не можа захавацца ў ранейшым выглядзе. Бо, нагадаем, тут існуе рэжым асабістай улады. У такой сістэме кіравання, уся сістэма ўладных інстытутаў і механізмаў пашытая пад аднаго чалавека, па яго выяве і падабенству, і замкнёная на ім. У такой мадэлі асоба, якая стаіць на чале рэжыму, з’яўляецца незаменнай. Лукашэнка — яе вузлавое звяно. Яго выпадзенне пацягне за сабой эвалюцыю рэжыму, адчыніць акно магчымасцяў.

Калі гавораць аб транзіце, то дыскусія ў асноўным тычыцца абмеркавання паводзінаў асяроддзя Лукашэнкі. Несумненна, кіруючая наменклатура паспрабуе стаць палітычным суб’ектам. Цяпер яна служыць інструментам у руках Лукашэнкі. Але ў яе ёсць уласныя інтарэсы, якія зараз душацца. І гэтыя інтарэсы ў розных частак эліты розныя. Паміж імі ўзнікнуць канфлікты.

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

Тым больш, што Лукашэнка ў новай Канстытуцыі ўнёс такія навацыі, якія моцна ўскладнілі палітычную сістэму. Надзяленне Усебеларускага народнага сходу (УНС) канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі разбалансавала рэжым праўлення. Цяпер усе рашэнні прымае Лукашэнка, астатнія ўладныя інстытуты знаходзяцца ў замарожаным стане. А вось без яго пачнецца канфлікт паміж прэзідэнтам, урадам, парламентам, УНС, Канстытуцыйным судом. А яшчэ Савету бяспекі ў Канстытуцыі прадастаўлены немалыя паўнамоцтвы ў пераходны перыяд. У краіне з нестабільнымі дэмакратычнымі традыцыямі такая разбалансіроўка сістэмы хутчэй за ўсё пагоршыць крызіс.

Непазбежная дэлукашэнізацыя

Развагі аб транзіце зводзяцца да пытання аб тым, што будзе рабіць кіруючая каманда ў момант сыходу Лукашэнкі. Народ апрыёры выносіцца за дужкі, яго ўплыў не ўлічваецца. У рамках наяўнага статус-кво грамадства сапраўды не з’яўляецца суб’ектам палітыкі.

Але мы зыходзім з цяперашняй сітуацыі. Аднак не ўлічваецца тое, што сыход Лукашэнкі яе моцна мяняе. Паколькі сёння ён прымае ўсе хоць трохі значныя рашэнні, то яго знікненне на нейкі час створыць сітуацыю ступару ўлады, можа нават вакууму. І ў гэты момант на палітычную арэну могуць выйсці сілы, якія мы зараз не бярэм у разлік. Напрыклад, яго вялікасць беларускі народ. У гэтую барацьбу паспрабуюць уклініцца апазіцыя, якая зараз сканцэнтравана за мяжой.

Вопыт Паўночнай Карэі, Азербайджана, Сірыі і іншых азіяцкіх дыктатур, у якіх адбываўся бязбольны пераход улады ад адной персоны да іншай, у прыватнасці, ад бацькі да сына, для Беларусі не рэлевантны. Па адной простай прычыне: краіна перажыла 2020 год. Ён паказаў, што ў Беларусі сёння мы маем мадэрнізаванае грамадства, арыентаванае на перамены, ахвочае вызваліцца ад дзяржаўнага патэрналізму, і ўладу, якая кансервуе статус-кво. Грамадства перарасло дзяржаву, яму стала цесна ў яго рамках. Няхай вымушаная эміграцыя сотняў тысяч людзей і змяніла сацыяльна-палітычныя расклады ў краіне, тым не менш, у Беларусі ёсць унутраны патэнцыял для рэформ. У кароткі перыяд непазбежнага вакууму ўлады грамадства можа зноў паспрабаваць стаць суб’ектам палітыкі.

Новая кіруючая каманда для набыцця ўнутранай легітымнасці будзе рухацца толькі па шляху дэлукашэнізацыі. Бо краіна атручана аўтарытарызмам Лукашэнкі, адбылося перанасычэнне ім, вакальнік грамадскіх настрояў моцна закручаны ў гэты бок. І па законах фізікі і палітыкі павінен адбыцца яго рух у зваротным напрамку. Беларусь саспела для перамен, якім перашкаджае адзін чалавек. Тут можна правесці паралелі з падзеямі ў СССР пасля смерці Сталіна. Усё асяроддзе «правадыра народаў» інстынктыўна адчувала, што здабыццё легітымнасці, падтрымка грамадства, партыйнага і дзяржаўнага апарата магчымыя толькі на шляхі дэсталінізацыі. Менавіта таму лідэры таго часу (Лаўрэнцій Берыя, Георгій Малянкоў, Мікіта Хрушчоў) рабілі ўсё больш рашучыя крокі ў гэтым напрамку.

Фактар Расіі

Зразумелая справа, у палітычны працэс актыўна ўмяшаюцца вонкавыя сілы. У першую чаргу, канешне, Расія.

І тут мы сутыкаемся з вялікай і сур’ёзнай праблемай. Праблемай хутчэй інтэлектуальнай. У беларускай дэмакратычнай супольнасці, як і ў асяроддзі заходніх элітаў, зацвердзіліся фаталістычныя ўяўленні пра залежнасць лёсу Беларусі ад волі Крамля. Маўляў, уплыў Расеі настолькі моцны, што Масква паставіць на чале Беларусі свайго чалавека, не моцна затлумляючыся тым, што на гэты конт думаюць самі беларусы. І таму, маўляў, перамены ў Беларусі немагчымыя без пераменаў у самой Расіі.

Мала хто сумняваецца, што Масква сапраўды будзе імкнуцца кантраляваць транзыт улады ў Беларусі. Аднак тут няма фатальнай перадвызначанасці.

Пачнем з таго, што ў сучаснай Расіі няма досведу і не існуе ніводнага прыкладу, калі б яна ставіла свайго пратэжэ ў краінах постсавецкай прасторы. Уключыцца ў палітычную барацьбу для падтрымкі ўжо дзейных у гэтых дзяржавах прарасейскага кандыдата ці партыі –- такое адбываецца рэгулярна. Але даслаць сюды ўмоўнага Міхаіла Мураўёва ў якасці губернатара, як гэта адбылося ў 1863 годзе для падаўлення паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, – гэта малаверагодна. Бо трэба правесьці пераемніка Лукашэнкі праз працэдуру прэзыдэнцкіх выбараў. Як паказаў досвед 2020 года, любыя, нават кантраляваныя, выбары нясуць у сабе рызыку палітычнага ўзрушэння.

Вунь у мінулым годзе ў Абхазіі ў выніку пратэстаў змяніўся прэзідэнт. І нічога, прайшло. Але ўплыў Расеі на Абхазію шматкроць вышэйшы, чым на Беларусь.

Пратэсты ў Абхазіі, 2024 год. Фота: РІА Навіны

У невялікіх краінах, залежных ад вялікай дзяржавы, фармаванне ўлады адбываецца па сваіх правілах і законах. Тут для захавання палітычнай стабільнасці кіраўніцтву патрэбна падвойная легітымнасць. Адна з іх забяспечваецца падтрымкай імперыі (у нашым выпадку Расіі), другая легітымнасць павінна быць забяспечана ў той ці іншай ступені падтрымкай народа і эліты гэтай залежнай краіны. У часы СССР любы лідэр сацыялістычнай дзяржавы, апроч «ярлыка» з Масквы, імкнуўся да заваявання папулярнасці сярод свайго народа і кіруючай наменклатуры.

Прычым новаму лідэру давядзецца заваёўваць грамадскую падтрымку з нуля. Гэта няпроста.  Аднаго КДБ і ГУБАЗіку для вырашэння гэтай задачы недастаткова. Нагадаю, што Лукашэнку ў пачатку свайго прэзідэнцтва спатрэбілася два гады (1994–1996 гады) упартай барацьбы з Вярхоўным Саветам і Канстытуцыйным судом, каб здабыць усю паўнату ўлады. Пераемніку таксама спатрэбіцца час, каб замацаваць свае пазіцыі. А без падтрымкі наменклатуры і народа гэта наўрад ці магчыма. Абапірацца толькі на Маскву –- пазіцыя хісткая.

Захад і Беларусь

Можна меркаваць, што і Захад вынес урокі з падзеяў апошніх гадоў і больш актыўна ўключыцца ў барацьбу за дэмакратычную трансфармацыю Беларусі.

Захад павольна рэагаваў на палітычны крызіс 2020 года ў Беларусі, разглядаючы яго як унутраную гуманітарную праблему. Але аказалася, што нявырашанасць унутрыбеларускага канфлікту вылілася за межы краіны, ствараючы праблему рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі ў цэлым. Беларускі палітычны крызіс набыў геапалітычнае вымярэнне, ператварыўся ў фактар міжнароднай напружанасці. І пакуль ва ўладзе ў Беларусі знаходзіцца рэжым Лукашэнкі, краіна застанецца крыніцай пагрозаў для заходніх суседзяў.

Агульная выснова: няма ніякай фатальнай перадвызначанасці будучага лёсу Беларусі. Перспектывы краіны залежаць ад актыўнасці ўсіх палітычных суб’ектаў, як унутры краіны, так і па-за ёй.