У 2026 годзе BEROC скончыў вялікі даследчы праект па вывучэнні еўраінтэграцыі Беларусі ў эканамічным вымярэнні. Галоўнай мэтай гэтага цыклу даследаванняў было праэкзаменаваць ідэю беларускай еўраінтэграцыі, кіруючыся крытэрыямі эканамічнага аналізу і эканамічнай палітыкі, заснаванай на фактах, даных і доказах. Гэтая серыя даследаванняў дае адказы на пытанні: якія магчымасці і рызыкі будуць атаясамляцца з еўраінтэграцыяй; якія захады эканамічнай палітыкі магчымыя, каб нівеліраваць выяўленыя рызыкі. Аўтары прыходзяць да наступных галоўных высноў:

  • Еўраінтэграцыя для Беларусі будзе азначаць пошук балансу паміж доўгатэрміновымі выгодамі і кораткатэрміновымі выдаткамі дапасавання.
  • Сяброўства ў Еўрасаюзе выглядае абгрунтаваным рэцэптам для таго, каб Беларусь выйшла на шлях высокага доўгатэрміновага росту і стала краінай з высокім узроўнем даходу (супастаўным з Польшчай).
  • Пераход на гэты шлях, верагодна, будзе асацыявацца з кораткатэрміновымі макраэканамічнымі выклікамі: спадам ВУП і інфляцыйным уздымам.
  • Макраэканамічныя выклікі — асабліва пры наяўнасці знешняй падтрымкі — будуць абмежаваныя ў маштабе і часе.

Для палітычнага дыскурсу гэта вядзе да наступных высноў:

  • Беларусь — атыпічны кейс для еўраінтэграцыі. Беларусі недастаткова проста скарыстацца існуючымі механізмамі еўраінтэграцыі. Краіне спатрэбіцца распрацаваць сваю ўнікальную дарожную мапу.
  • Еўраінтэграцыя Беларусі будзе азначаць пераход з адной — расійска-цэнтрычнай — сістэмы інстытуцыйных норм і механізмаў у прынцыпова іншую.
  • Еўраінтэграцыя для Беларусі — гэта паўнавартасная змена рэжыму функцыянавання краіны, а не проста набор ізаляваных рэформаў у асобных сферах і сектарах.

Цыкл даследаванняў BEROC фактычна пастулюе, што еўраінтэграцыя — цалкам рэалістычная і шматабяцальная опцыя для Беларусі, па меншай меры, у эканамічнай прасторы. Але гэты цыкл даследаванняў свядома абмяжоўваецца выключна гэтай прасторай і не шукае адказаў на пытанні кшталту:

  • Якія выклікі непазбежна звязаныя з еўраінтэграцыяй у сумежных — міжнародныя дачыненні, бяспека — кірунках?
  • А наколькі наогул вартая ідэя еўраінтэграцыі з перспектывы пераваг беларускага грамадства?
  • Наколькі дарэчным з’яўляецца выкарыстанне гэтай ідэі сёння, калі краіна ідзе зусім у адваротным накірунку?
  • Каму і навошта патрэбная сёння ідэя еўраінтэграцыі Беларусі?
  • Ці варта прасоўваць ідэю еўраінтэграцыі ўжо сёння? І калі так, то як і якім чынам?

На воркшопе “Еўраінтэграцыя Беларусі: ідэйны залаты актыў ці беларуская эмігранцкая ўтопія?” мы хочам прааналізаваць ідэю еўраінтэграцыі праз прызму сённяшніх рэалій. Асноўнымі пытаннямі, на якія мы хочам знайсці адказы, з’яўляюцца:

  • Як, стаўшы на шлях еўраінтэграцыі, забяспечыць “развод” з Расіяй і гарантаваць бяспеку Беларусі?
  • Як успрымаецца ідэя беларускай еўраінтэграцыі з боку Еўрасаюза, ЗША, Украіны, Расіі?
  • Ці можа еўраінтэграцыя стаць кансалідуючай ідэяй для значнай часткі беларускага грамадства?
  • Ці варта, і калі так, то як камунікаваць ідэю еўраінтэграцыі для беларускага грамадства?
  • Ці можа еўраінтэграцыя стаць кансалідуючай ідэяй для беларускіх дэмакратычных сіл?
  • Калі і як еўраінтэграцыя можа ператварыцца з ідэі ў палітычны праект?

🗓 7 кастрычніка, 15:00 CET, анлайн

Праграма:

15:00 – 15:10 | Уступнае слова пра мэты дыскусіі
• Рыгор Астапеня, заснавальнік ЦНІ
• Зміцер Крук, старшы даследчык BEROC

15:10 – 15:25 | Еўраінтэграцыя і сумежныя пытанні: як забеспечыць “развод” з Расіяй і гарантаваць бяспеку Беларусі
• Роза Турарбекава, даследчыца Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы Універсітэта Юстуса-Лібіха
• Зміцер Міцкевіч, журналіст “Белсат”, аўтар у праекце Veridica

15:25 – 15:45 | Як успрымаецца ідэя беларускай еўраінтэграцыі з боку Еўрасаюза, ЗША, Вялікабрытаніі, Украіны, Расіі?
• Кацярына Глод, намесніца кіраўніка аддзела знешняй палітыкі Цэнтра Новых Еўразійскіх Стратэгій (NEST)
• Рыгор Ніжнікаў, старшы даследчык Finnish Institute of International Affairs (FIIA)
• Каміль Клысінскі, старшы даследчык Centre for Eastern Studies (OSW)

15:45 – 16:00 | Ці можа еўраінтэграцыя стаць кансалідуючай ідэяй для значнай часткі беларускага грамадства?
• Генадзь Коршунаў, прафесар Wyższa Szkoła Kadr Menedżerskich (WSKM)
• Максім Кудрэвіч, даследчык iSANS

16:00 – 16:15 | Ці можа еўраінтэграцыя стаць кансалідуючай ідэяй для беларускіх дэмакратычных сіл і як яе камунікаваць з грамадствам?
• Вольга Лойка, галоўная рэдактарка Plan B
• Аляксандр Кныровіч, прадпрымальнік, блогер, медыядзеяч

16:15 – 16:30 | Калі і як еўраінтэграцыя можа ператварыцца з ідэі ў палітычны праект?
• Юрый Дракахруст, старшы даследчык ЦНІ
• Андрэй Казакевіч, кіраўнік інстытута “Палітычная сфера”

16:30 – 16:45 | Агульная дыскусія