Што грамадзянскай супольнасці рабіць сёння, каб быць рэлевантнымі заўтра? Меркаванне Антона Раднянкова
Автор: Антон Родненков | 27 июня 2023 г.
Да 2020-га года большая частка беларускага грамадзянскага сектара займалася адвакатаваннем дзеля змены палітыкі дзяржавы ў канкрэтных сферах (change of policies). Экалагічныя НДА рыхтавалі праекты законаў аб зялёнай эканоміцы альбо арганічнай сельскай гаспадарцы. «Мінскае роварнае таварыства» і іншыя падобныя ініцыятывы мянялі падыходы ДАІ да планавання адпаведнай інфраструктуры. Частка ініцыятываў працавала з мясцовымі ўладамі дзеля скарачэння выкідаў CO2 (да прыкладу, «Пагадненне мэраў»). BEROC і Даследчы цэнтр ІПМ прасоўвалі эканамічныя рэформы сярод тэхнакратычнай часткі элітаў.
Прастору свабоды ў гэтай працы заўсёды вызначала дзяржава, падзяляючы НДА на «правільныя», якія маглі быць зарэгістраванымі і адпаведна рэалізоўваць буйныя праекты за грошы ЕС, і «няправільныя», якім гэта недасяжна, бо ўлады лічылі іх небяспечнымі для сябе.
Але пасля знішчэння грамадзянскай супольнасці, падчас якога ў Беларусі ліквідавалі 1279 арганізацый, дзяржава ўсіх зраўняла.
Цяпер практычна ўсе НДА сталі аднолькавымі «ворагамі» для беларускай дзяржавы: што «Ахова птушак Бацькаўшчыны», што «Беларускі гаюн», што SYMPA ды іншыя
Юрыдычнае вынішчэнне трэцяга сектара не прывяло да яго фактычнага знікнення. Некаторыя з’ехалі за мяжу, іншыя перайшлі ў падполле. Але ў такім стане практычна немагчыма займацца policy change. Цяпер гэта даступна толькі частцы прыхільнікаў рэжыму, напрыклад Юрыю Васкрасенскаму з яго спробай амністыі, якая таксама нічым не скончылася, альбо актывістцы Вользе Бондаравай, якая ініцыявала знішчэнне помніка Ларысе Геніюш.
Канец гісторыі старога падыходу
У нядаўнім даследаванні Цэнтра новых ідэй да арганізацый грамадзянскай супольнасці было скіраванае пытанне: «Ці лічыце вы, што інтарэсы вашых мэтавых груп можна абараняць праз узаемадзеянне з інстытутамі дзяржаўнай улады?» Большасць адказала, што гэта немагчыма. Толькі 12% адзначылі, што спрабавалі гэта рабіць цягам мінулага года.
Трэці сектар у сваёй большасці перастаў верыць у магчымасць працаваць у фармаце policy change — і гэта пры тым, што арганізацый існуе даволі шмат і ўсе яны нешта робяць. Тады ў мяне ўзнікае пытанне: калі мы не займаемся policy change, абаронай інтарэсаў нашых мэтавых груп, бо прасторы на адвакатаванне не засталося, тады чым мы ўсе займаемся?
Не (зусім) наш выбар
З таго, што бачу я, большасць арганізацый грамадзянскай супольнасці так ці інакш пераўтварыліся ў інструмент прасоўвання дэмакратычных перамен. Калі раней той жа ЦЭР пісаў праект закона аб зялёнай эканоміцы, ён не думаў аб тым, каб памяняць Аляксандра Лукашэнку. Альбо калі BEROC і Даследчы цэнтр ІПМ праводзілі KEF, яны таксама пра гэта не разважалі.
Цяпер вялікая колькасць НДА асэнсавана стала вельмі палітызаванай — яны ставяць сваёй мэтай набліжэнне новай Беларусі. Іншыя гэта адмаўляюць, кажучы, што яны па-за палітыкай, што проста дапамагаюць людзям. Не ведаю, на колькі такая дзейнасць з’яўляецца асэнсаванай і ці не «награваем мы паветра».
Што тычыцца першай групы, то для часткі з іх палітызацыя — гэта свядомы выбар, але ж для некаторых — адказ на дзеянні дзяржавы. Мы можам лічыць, што не займаемся палітычнай дзейнасцю, але дзяржава нас паставіла ў такую пазіцыю, дзе мы для яе — палітычныя ворагі.
Задача 1: працаваць на шырокую аўдыторыю
У гэтых новых абставінах, з гэтай новай роллю, грамадскі сектар у выгнанні ўсё роўна павінен захоўваць фокус на ахопе шырокіх слаёў грамадства. Для актывізацыі і ўцягвання грамадства патрэбныя розныя падыходы да розных аўдыторый, дзе палітызаваныя і радыкальныя дзеянні маюць месца, але толькі ў працы з той часткай супольнасці, якая ў гэтым зацікаўленая.
Асноўная частка дзейнасці ўсё роўна павінна быць накіраваная на шырэйшую аўдыторыю, вялікія слаі грамадства, якія не хочуць альбо не могуць радыкалізавацца і палітызавацца. Зразумела, гэта магчыма толькі тады, калі самі арганізацыі робяцца менш палітызаванымі. Здаецца, гэта контрінтуітыўна, але інакш мы не зможам пашыраць абсяг сваёй аўдыторыі, скурчваючыся разам з усё меншай колькасцю «прыхільнікаў перамен».
Задача 2: пазбягаць радыкалізацыі дзейнасці
У гэтым працэсе ёсць адна небяспечнасць: некаторыя арганізацыі пачалі блытаць палітызацыю з радыкалізацыяй, схіляючыся да апошняй. На гэта паўплывала і эміграцыя, калі адчуванне страху за ўласную бяспеку знікае. Выказванні раней разважлівых экспертаў робяцца больш вострымі, актыўнасці НДА — больш смелымі.
Але ж радыкалізацыя НДА вядзе да страты аўдыторыі. Грамадства дэпалітызуецца, а грамадскі сектар у выгнанні пачынае падавацца небяспечным для беларусаў унутры краіны.
Задача 3: рабіцца менш таксічнымі для беларусаў унутры краіны
Працаваць з-за мяжы з аўдыторыямі ўнутры краіны робіцца ўсё больш цяжка: вялікая колькасць праектаў і асобаў, узніклых на хвалі 2020-га альбо актыўных цягам апошніх гадоў, цяпер таксічная, не камфортная для людзей у Беларусі.
Калі мы хочам далучаць шырокую аўдыторыю, працаваць з нашымі мэтавымі слаямі, трэба знаходзіць новыя шляхі да іх. Калі нас будуць успрымаць як «беглых», якія сядзяць у бяспецы і вучаць беларусаў у краіне жыццю, то нічога ў нас не атрымаецца.
Але мы павінны размаўляць пра тое, што хвалюе людзей (не толькі нас), на зразумелай ім мове. Колькасць каментароў пад любым сацыяльна вострым відэа ў «Ціктоку» пацвердзіць, што запыт аўдыторыі застаецца высокім.
Задача 4: ствараць новыя брэнды, персаналіі і прадукты
Неабходна ствараць неэкстрэмісцкія праекты, якія будуць бяспечнымі для людзей унутры Беларусі. Трэба думаць пра новыя брэнды і асобы, тлумачыць, у чым нашая карысць.
Як казаў палітолаг Андрэй Ягораў, дыяспара мусіць быць «тылам» для беларусаў у Беларусі. Наша задача арганізоўваць доступ да рэсурсаў, кансультаваць, дапамагаць выстройваць масты для тых, хто працуе ўнутры краіны. Але ж для гэтага трэба выбудоўваць давер, выходзіць на тыя групы ў Беларусі, якія будуць пасярэднікамі. Для гэтага спатрэбіцца прымаць нетрывіяльныя рашэнні.
Новыя праекты працягваюць з’яўляцца — непалітызаваныя, часта культурніцкія. Яны звязаныя з новымі тварамі. Выходзіць на іх, дапамагаць, прасоўваць праз іх свае ідэі, дапамагаць неабыякавым, ініцыятыўным беларусам, якія засталіся ў Беларусі — гэта тое, што нам яшчэ дасяжна.
Гэта дапаможа пашыраць каналы выхаду на аўдыторыю. У гэтым зацікаўленыя і НДА, і сама іх мэтавая група. Неабходна шукаць тыя напрамкі і тэмы, дзе ёсць водгук аўдыторыі, вакол чаго канцэнтруецца яе цікавасць.
Што рабіць? Прайсці даліну смерці
Беларускі грамадскі сектар перажыў першую хвалю крызісу — юрыдычную ліквідацыю ды выгнанне большасці арганізацый з краіны. Мы адаптаваліся, выжылі, пачалі адбудоўваць працу з-за мяжы.
Цяпер перад сектарам стаіць новы выклік — захаваць сваю рэлевантнасць для беларусаў унутры краіны. Гэта магчыма калі на іх, шырокіх групах грамадства, і захоўваць фокус працы. Задача не самая простая, але ад нашай адаптыўнасці ды здольнасці ўплываць на грамадства і залежыць доўгатэрміновае выжыванне сектару.