Найгоршы сцэнар для Беларусі
Калі ўявіць самы дрэнны варыянт для Беларусі ў 2035 годзе — такі, што горш і быць ня можа, дык гэта падзеньне на яе астэроіда з дыямэтрам кілямэтраў у пяць ці глябальная ядзерная вайна. Але ў такіх выпадках варта зьвяртацца па прагноз да адмыслоўцаў у сфэры геалёгіі, біялёгіі, батанікі ды іншых навукаў, якія вывучаюць зараджэньне жыцьця на плянэце.
З усіх іншых дрэнных варыянтаў самы кепскі — гэта поўная анэксія Беларусі Расеяй і ўключэньне яе тэрыторыі ў склад адноўленай Расейскай імпэрыі. Без захаваньня нават фармальнага сувэрэнітэту з атрыбутамі дзяржаўнасьці — сьцягу, гербу, Канстытуцыі і заканадаўства (хай бы нават і ўніфікаванага з расейскім, як у 2025-м).

Могуць запярэчыць: а якая розьніца, будзе Беларусь цалкам уключаная ў склад РФ шасьцю (ці сям’ю, калі Менск успрымуць асобна) суб’ектамі фэдэрацыі, альбо фармальна захавае цэласнасьць і сувэрэнітэт? Мы ж маем прыклад БССР — у яе Канстытуцыі было зафіксавана, што рэспубліка зьяўляецца сувэрэннай дзяржавай (і гэта, дарэчы, было прадметам дыскусіі дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў ліпені 1990-га, калі прымалася Дэклярацыя аб сувэрэнітэце: запісаць у прэамбуле «абвяшчае сувэрэнітэт» ці — толькі «пацьвярджае»? Дэпутат Лукашэнка прапаноўваў — «пацьвярджае»). Больш за тое: Беларусь нароўні з Украінай з’яўлялася сябрам ААН, а вось Расея — не. І пры ўсім гэтым — усё вырашала Масква, рэспубліка ня мела ні эканамічнай, ні палітычнай самастойнасьці.
Розьніца, аднак, ёсьць, і палягае яна ў патэнцыяле на будучыню, калі на абшарах былой Расейскай імпэрыі пачнуцца працэсы, якія адбываліся ў СССР ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Досьвед тых працэсаў сьведчыць, што незалежнымі дзяржавамі зрабіліся толькі саюзныя рэспублікі, якія мелі большую ступень самастойнасьці, чым аўтаномныя, якія ўваходзілі ў склад РСФСР. Да прыкладу, Татарская АССР была ў два разы большай за Малдаўскую ССР па тэрыторыі і ў паўтары — па насельніцтву, і значна больш эканамічна разьвітай, — але на мапе сьвету няма краіны са сталіцай Казань, а дзяржава са сталіцай Кішынёў — ёсьць.
Захаваньне атрыбутаў дзяржаўнасьці спрасьціць аднаўленьне незалежнасьці тымі, хто за гэта будзе змагацца. Але калі ў 2035 годзе не застанецца нават фармальнай дзяржаўнасьці, будзе накананаванае зусім незайздроснае жыцьцё.
Ваенны пляцдарм Расейскай імпэрыі
Паколькі РФ у 2035 стала ў сваёй сутнасьці ваюючай дзяржавай (і вярнула ранейшы назоў — Расейская імпэрыя), шэсьць новых паўночна-заходніх вобласьцяў замацаваліся за Масквой як стратэгічны пляцдарм на заходнім тэатры ваенных дзеяньняў. Акрамя тактычнай ядзернай зброі, тут месьціцца магутная ваенная групоўка. Асноўныя эшалёны, зразумела, знаходзяцца ў заходніх рэгіёнах, на мяжы з Украінай, Польшчай, краінамі Балтыі — але і цэнтральная ды ўсходняя частка запоўненыя вайсковымі фармаваньнямі.

Значная частка вытворчасьці пераключылася на патрэбы ваенна-прамысловага комплексу, і кіраўнікі найбуйнейшых (ясна, расейскіх, іншых жа не існуе) прадпрыемстваў ВПК сталі фактычнымі гаспадарамі ў рэгіёнах. Але сітуацыя трохі іншая, чым у часы СССР — тады генэральныя дырэктары асноўных прадпрыемстваў таксама наўпрост падпарадкоўваліся Маскве, мінуючы Менск, але як члены КПСС былі на ўліку ў мясцовых партарганізацыях. У выпадку, калі гендырэктар ігнараваў нейкія важныя мясцовыя праблемы (напрыклад, адмаўляўся дапамагаць у будаўніцтве школаў, бальніцаў і г.д. ) — гаркам ці абкам маглі прымяніць да яго «меры партыйнага ўзьдзеяньня», аж да выключэньня з партыі. У апошнім выпадку маскоўскі міністар быў вымушаны здымаць яго з пасады — ня член партыі ня мог быць кіраўніком буйной вытворчасьці, тым больш у ВПК.
Цяпер жа ніякага кантролю, акрамя як з Масквы, над кіраўнікамі няма. Хаця і над Крамлём ёсьць шэф — кіраўнік Кітайскай Народнай Рэспублікі, сатэлітам якой стала Расейская імпэрыя. Менавіта туды, у Кітай, ідзе ўсё лепшае. Мясцовае ж насельніцтва задавальняецца тым, што палічаць магчымым яму пакінуць — «каб не ўмёрлі».
Галодны і апусцелы край
Багушэвіч, як вядома, казаў пра мову — цяпер жа нарэшце рэалізуецца лёзунг Лукашэнкі: мова — не патрэбная, трэба накарміць народ.
Але спраўджаецца ня ў поўнай ступені: накарміць так, каб усе былі задаволеныя, ня ўдаецца. Як і ў апошнія савецкія дзесяцігодзьдзі, значная частка сельгаспрадукцыі накіроўваецца ў Санкт-Пецярбург, Маскву, а таксама ў вобласьці расейскага Нечарназем’я, якія практычна цалкам спынілі сваю ўласную аграрную вытворчасьць.
На Віцебшчыне ж ці Магілёўшчыне людзі недаядаюць. Сытуацыя ўскладняецца нізкім узроўнем аховы здароўя: за выключэньнем адмысловых паліклінік для чынавенства, спэцслужбаў і работнікаў сыстэмы ВПК, абсталяваньне «звычайных» бальніц істотна адстае ад аналягічнага ў расейскіх гарадах-мільёньніках, ня кажучы ўжо пра краіны Эўропы. Яшчэ горшае становішча з пэрсаналам: шмат мэдыкаў пасьпела эміграваць да таго моманту, як канчаткова зачынілі заходнюю мяжу.
Дэмаграфічная катастрофа ў 2035 выявілася ў поўнай ступені: насельніцтва шасьці вобласьцяў і Менску складае ня больш пяці мільёнаў чалавек.
Уласна, для абслугоўваньня ваеннага заходняга фарпосту, працы ВПК і вырабу прадуктаў харчаваньня для забесьпячэньня насельніцтва «старых» расейскіх рэгіёнаў больш і ня трэба.
Пад ботам крамлеўскіх сілавікоў
Ну а каб прадухіліць праявы незадаволенасьці і масавыя пратэсты, узмацніліся спэцслужбы. У 2025-м вам здавалася, што ўжо больш узмацніць немагчыма? Вы памыляліся. Прынцып Масквы — «Ніколі не давярай мясцовым!» — выявіўся напоўніцу. Ключавыя пазыцыі ў кіраўніцтве сілавых структураў, пачынаючы ад абласных упраўленьняў і заканчваючы раённымі, занялі прысланыя са «старых» расейскіх рэгіёнаў афіцэры. Гэта дазволіла гарантавана выключыць сантымэнты пры падаўленьні пратэстных настрояў у самым іх пачатку. Само ж падаўленьне было вельмі жорсткім, прычым асуджаныя па «палітычных» артыкулах адбываюць пакараньне ў калёніях на тэрыторыі, аддаленай ад былой Беларусі за сотні, а то і тысячы кілямэтраў.
Пры гэтым найбольш патэнцыйна небясьпечныя асобы, роўна як былыя актывісты дэмакратычных партый, ТБМ, былыя журналісты незалежных СМІ, нягледзячы на ўжо пэнсійны, у большасьці, узрост, прэвентыўна былі высланыя ў рэгіёны Сібіры і Далёкага Усходу. Паўтарылася тое, што адбывалася пасьля падаўленьня паўстаньня 1863 году і пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР у 1939-м.
Беларуская культура – экспанат у імперскім заапарку
Што ж да нацыянальнай ідэнтычнасьці, дык яна амаль зьнікла. Працэс ператварэньня беларусаў у рускіх да 2035 яшчэ не завяршыўся, але ў сфэры культуры і адукацыі асноўнае ужо зроблена. Тым больш, што пачатак быў пакладзены значна раней — рэфэрэндумам 1995 году і ліквідацыяй усіх нацыянальна арыентаваных арганізацый пасьля 2020-га.

У ФСБ добра памяталі, з чаго пачалося — з фальклёрных суполак і змаганьня за Верхні горад у 1980-я, і чым скончылася — галасаваньнем нават дэпутатаў-камуністаў за незалежнасьць 25 жніўня 1991-га. Таму да 2035 году ўжо ліквідаваныя апошнія беларускія клясы, катэдры беларускай мовы ва ўнівэрсытэтах, а таксама беларускае кнігадрукаваньне. Ніякіх новых выданьняў па-беларуску не выходзіць — навошта?
І ўсё ж, пачуць беларускую песьню і паглядзець на беларускі танец яшчэ можна — у Міры, Нясьвіжы ды яшчэ ў дзясятку месцаў, куды ўжо ў 2025 з ахвотай езьдзілі турысты з Краснаярску ды Вяткі. Там у 2035-м паказваюць беларусаў, не раўнуючы, як у пачатку ХХ стагодзьдзя паказвалі аўстралійскіх абарыгенаў дзе-небудзь пад Сіднеем.