Вераніка Ерш, Максім Зафранскі, Ліка Юр’ева, Алана Гебрэмарыям у межах Кейс-клуба 2024 ад ЦНІ.
Нават у часы рэпрэсій у беларускай моладзі ёсць патэнцыял, імпэт і сілы прыўносіць змены ў грамадства. Гэтую энергію варта заўважыць і накіраваць у тыя сферы, дзе яна запатрабаваная. Цяпер патэнцыял моладзі рэалізуецца не напоўніцу.
Гэтым дакументам мы закладаем пачатак працы па ўключэнні моладзі ў грамадскія працэсы, а не даем гатовыя рашэнні праблем, якія неабходна дэталёва распрацоўваць ва ўмовах небяспекі і зменлівасці ў краіне.
кантэкст
На 1-га студзеня 2023-га года ў Беларусі пражывала больш за 1,5 млн маладых людзей — 17,8% ад агульнай колькасці насельніцтва. Пры гэтым партрэт беларускай моладзі дастаткова неаднародны. Згодна з даследаваннем «Моладзевага блока», ёй характэрныя розныя каштоўнасныя тэндэнцыі: прага задаволення сваіх патрэбаў, самастойнасці, асабістай свабоды і дасягнення поспеху.
Такую вялікую і дынамічную групу немагчыма ігнараваць пры стратэгічным планаванні дэмакратычных рэформ і павышэнні дабрабыту ў Беларусі. Важна пазначыць, што ў маштабах агульнанацыянальных выклікаў праблемы моладзі ўспрымаюцца грамадствам без значнай увагі. У Беларусі не створаны спрыяльны асяродак для матывацыі моладзі ў грамадскім удзеле. Праблемы моладзі не заўважаюцца грамадствам праз адсутнасць пляцоўкі для іх фармулявання, абмеркавання і вырашэння. Моладзь сутыкаецца з бар’ерамі праз прадузятасць часткі грамадства, якая звязаная са стэрэатыпамі наконт узросту, малога досведу і недастатковых ведаў. Амаль цалкам знішчаныя мажлівасці для нефармальнай адукацыі і адсутнічае адукацыя, звязаная з грамадскай актыўнасцю.
Таму адна прыярытэтныя задачы — прааналізаваць стан беларускай моладзі, прапанаваць варыянты для бяспечнага ўдзелу моладзі ў грамадска-палітычных працэсах і выпрацаваць шляхі павышэння зацікаўленасці моладзі ўнутры Беларусі ў такім удзеле.
З улікам сітуацыі ў Беларусі мы не можам гаварыць пра ўдзел моладзі ў належным кіраванні ў класічным разуменні і разглядаем яго ў больш шырокім сэнсе праз бяспечную альтэрнатыву — грамадскі ўдзел. У гэтым аналітычным дакуменце пад грамадскім удзелам мы разумеем сукупнасць дзеянняў, накіраваных на тое, каб змяніць жыццё супольнасцяў і развіваць веды, навыкі, а таксама узмацняць каштоўнасці і матывацыю для дасягнення гэтых змен. Трэба таксама адзначыць, што мы факусуемся на беларускай моладзі ад 18 да 35 гадоў, якая жыве ў самой Беларусі.
бар’еры
Павысіць удзел моладзі ў вырашэнні праблем грамадства можна праз адукацыю, лакальныя супольнасці, блогерства, медыі і бізнес.
-
Бяспечная адукацыя
У фармальнай адукацыі становяцца ўсё больш відавочнымі праблемы ў галіне акадэмічных свабодаў. Гэта характэрна для беларускай і сусветнай акадэмічнай супольнасці, аднак Academic freedom index паставіў Беларусь на адну з самых нізкіх пазіцый. У беларускай сістэме адукацыі назіраецца цэнзура, пераслед іншадумства, адміністрацыйнае самавольства. У такіх умовах складана фармаваць бяспечную прастору для дыскусій, крытычнага мыслення моладзі. Сярод часткі моладзі гэта прыводзіць да пошукаў нефармальных магчымасцяў адукацыі ці праграм у еўрапейскіх ВНУ.
Аднак у выніку рэпрэсій, згодна з маніторынгам LawTrend, было закрыта больш за 20% НДА, а іншыя знаходзяцца ў працэсе роспуску. Вялікая колькасць з іх займалася нефармальнай адукацыяй. З крыміналізацыяй іх дзейнасці можна звязаць і зніжэнне ў два разы (з 24% у 2020-ым да 12% у 2022-ім годзе) папулярнасці нефармальнай адукацыі як спосабу ўдзелу ў вырашэнні праблем, што зафіксавана ў аналізе Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА». Унутры Беларусі амаль не застаецца даступных і бяспечных варыянтаў нефармальнай адукацыі. У такой сітуацыі павялічваецца запыт на анлайн-курсы.
-
Удзел у мясцовых ініцыятывах
На лакальным грамадскім узроўні ў 2020-ым годзе ў грамадстве, у тым ліку сярод моладзі, быў папулярны ўдзел у лакальных суполках: раённых актыўнасцях і чатах (канцэртах, лекцыях, прыбіранні тэрыторыі, чаяваннях). Але цяпер мы назіраем адваротную тэндэнцыю: звужэнне паняцця «грамадская актыўнасць». Яно ўсё больш разумеецца толькі як грамадска-палітычная дзейнасць: напісанне петыцыяў і зваротаў, галасаванне на выбарах, удзел у грамадска-палітычных аб’яднаннях. Падчас палітычнага крызісу дзейнасць лакальных суполак і ініцыятыў не ўспрымаецца сацыяльна важнай, але ж менавіта яна закладае падмурак для фармавання самасвядомасці, назапашвання новых ведаў і навыкаў, падтрымлівае сувязі паміж людзьмі і стварае прастору для праявы салідарнасці. У апісаных палітычных умовах для моладзі больш бяспечным ёсць удзел у лакальных аб’яднаннях грамадзян па інтарэсах. Такія актыўнасці не павінны быць інстытуцыяналізаванымі, да таго ж парог уваходу ў гэтыя працэсы ніжэйшы, яны не патрабуюць прафесійных кампетэнцыяў і выдаткаў вялікай колькасці часу. У межах універсітэтаў такая актыўнасць з’яўляецца добрай заменай праўладных студсаюзаў, прафсаюзаў і БРСМ.
Таксама на гэтым узроўні з’яўляюцца актуальнымі валанцёрства і ўдзел у лакальных ініцыятывах: дапамога дзіцячым прытулкам, дамам састарэлых, людзям з інваліднасцю, добраўпарадкаванне тэрыторыі, дабрачынныя зборы сродкаў, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Патэнцыял гэтага паказвае нядаўняе апытанне. На пытанне «Ці бралі вы ўдзел у аб’яднаннях […] у якасці валанцёра хаця б раз за апошні год?» 24% адказалі станоўча.
-
Грамадска-палітычны ўдзел
Што тычыцца грамадска-палітычнага ўдзелу, то паводле звестак вышэй згаданага аналізу ад «РАДА», больш чым удвая скарацілася колькасць тых, хто ведае, што такое арганізацыі грамадзянскай супольнасці (у 2020-ым — 16%, у 2022-ім — 7%). Матывацыя моладзі для фармальнага ўключэння ў грамадскія арганізацыі падае, а кола магчымасцяў для актыўнай дзейнасці звужаецца. У такіх умовах бачыцца магчымым удзел моладзі ў падрыхтоўцы петыцыяў, зваротаў, непалітызаваных адвакацыйных кампаніях, арганізацыях дабрачынных акцый. Таксама варыянтам з’яўляецца далучэнне да старых і новых некамерцыйных арганізацый без афіляцыі з «экстрэмізмам».
Існуюць і пэўныя складанасці спажывання інфармацыі. Шматлікія незалежныя СМІ прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі», таму праз іх складана дагрукацца да моладзі ўнутры краіны. Згодна з апытаннем Chatham House, траціна беларускай моладзі рэдка карыстаецца навінавымі СМІ, каля паловы не можа назваць блогераў і журналістаў, якія асвятляюць грамадска-палітычныя тэмы. У той жа час паводле вынікаў даследавання «Моладзевага блока», больш універсальнымі пляцоўкамі з’яўляюцца Instagram і YouTube. TikTok таксама папулярны сярод маладзейшай аўдыторыі (18-23 гады), якая прагне самаразвіцця і забаўляльнага кантэнту.
У апісаным кантэксце моладзь, згодна з даследаваннем Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, бачыць бар’еры і драйверы для свайго ўдзелу ў грамадскіх ініцыятывах. Стымуламі адзначаюцца цікавыя праекты, супадзенне каштоўнасцяў, імкненне дапамагчы іншым і ясныя мэты арганізацый і ініцыятыў. Сярод бар’ераў — адсутнасць інфармацыі, як можна ўдзельнічаць, недастатковая актыўнасць арганізацый па пашырэнні кола ўдзельнікаў і недахоп часу.
прапановы
Апісаная праблематыка, стан беларускай моладзі, магчымыя ўзроўні яе ўдзелу ў грамадска-палітычных працэсах даюць падставы выпрацаваць шэраг рэкамендацый, як павялічыць грамадскі ўдзел моладзі. Стэйкхолдарамі, да якіх скіраваныя варыянты вырашэння апісаных праблем, з’яўляюцца палітычныя актары, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, прыватны сектар, медыі, блогеры.
-
Арганізацыям грамадзянскай супольнасці і палітычным актарам варта ствараць даступныя і інклюзіўныя платформы для ўдзелу і выказвання моладзі. Тых, якія існуюць цяпер у Беларусі, недастаткова, часта — праз іх сімвалізм, а не рэальную спробу далучыць моладзь у працэсы. Таму мы прапаноўваем праводзіць у Беларусі разнастайныя фестывалі, летнікі і хакатоны па тэмах бізнесу і сацпрадпрымальніцтва (па прыкладу Social Weekend), культуры, адукацыі, экалогіі з удзелам прадстаўнікоў гэтых сфер, моладзі, ВНУ, дзейных НДА. Гэта магло б спрыяць дыялогу, аб’яднанню ў вырашэнні праблем.
-
Палітычным інстытутам і некамерцыйным арганізацыям мы раім шукаць новыя крыніцы і пашыраць рэсурсную дапамогу моладзі (праграмы фінансавай, псіхалагічнай і інфармацыйнай падтрымкі). Іншай крыніцай сродкаў мы бачым супрацоўніцтва з прыватным сектарам: з’яўленне стыпендыі для падтрымкі моладзі ўнутры Беларусі ад бізнесменаў, мецэнатаў, IT-кампаній (па прыкладзе стыпендыі імя Аркадзя Смоліча) для фінансавай падтрымкі моладзевых сацыяльных праектаў. Яшчэ адным прыкладам рэсурснай дапамогі могуць быць конкурсы эсэ, праектаў з фінансавай падтрымкай для альтэрнатыўнай адукацыі моладзі.
-
Медыям варта спрыяць павелічэнню прысутнасці моладзі ў публічнай прасторы. Гэта дапамагае дэманстрацыі добрых ролевых мадэляў, асвятленню актыўнасці моладзі і яе экспертнасці, а таксама дазваляе моладзі бачыць вынікі сваёй дзейнасці. Гэта могуць быць стажыроўкі ў рэгіянальных газетах; стварэнне тэматычных відэаэфіраў у TikTok, YouTube, рубрык з моладдзю на сайтах СМІ; дапамога моладзі ад СМІ ў рэкламе моладзевых блогаў на розных інтэрнэт-пляцоўках. Таксама ўключэнне моладзі магчыма і праз спецыялізаваны рэсурс Adu.place, дзе прадстаўленыя магчымасці ўдзелу моладзі праз фармальную і нефармальную адукацыю.
-
НКА ўнутры Беларусі маюць распрацоўваць і праводзіць адукацыйныя анлайн-курсы для маладых людзей па журналістыцы, сторытэйлінгу і вядзенні моладзевых пляцовак-аналагаў СМІ: «Тэлеграм»-каналы, самвыдатныя СМІ, блогі — з прыцягненнем топавых блогераў унутры краіны.
-
Моладзевыя лідары і лідаркі меркаванняў унутры Беларусі (блогеры ў YouTube, Instagram і TikTok) маглі б стаць мостам для камунікацыі і асветы для моладзі ўнутры і па-за краінай. Мы рэкамендуем блогерам заахвочваць моладзь праз рэалізацыю бяспечнай актыўнасці: сумесных пастоў, выпускаў шоу, эфіраў, відэа-рылсаў у межах тэматыкі свайго блога. Прыкладам такой дзейнасці можа быць відэа ад беларускіх блогераў пра дэбатныя клубы ва ўніверсітэтах і аповед, чаму ўмець дыскутаваць — гэта стылёва.