Не буду першаадкрывальнікам, сказаўшы, што масавая эміграцыя пасля 2020 года істотна падзяліла грамадства. Чым больш часу праходзіць, тым меншы ўплыў маюць тыя, хто з’ехаў, на тое, што адбываецца дома. Узнікае пытанне, ці ёсць нейкі сэнс у працы з-за мяжы, накіраванай на Беларусь. Мяркую, ёсць сферы, якія абавязкова ўзбагацяцца ад плённай працы на эміграцыі. Адной з такіх сфер, на маю думку, з’яўляецца сфера адукацыі, і ў першую чаргу ў гуманітарных і сацыяльных навуках. Менавіта адукацыя ў гуманітарных і сацыяльных навуках за мяжой можа выконваць найважнейшую функцыю для будучыні Беларусі, рэалізацыя якой сёння амаль немагчымая ўнутры краіны — стварэнне беларускага чалавечага капіталу, у падмурку якога — сучасныя і якасныя веды і кампетэнцыі.
Якія ж канкрэтна дзеянні маюць сэнс і з’яўляюцца сапраўднай інвестыцыяй у будучыню адукацыі Беларусі? Як выглядаюць кірункі нашай працы і з якімі праблемамі мы сутыкаемся?
Спачатку адзначу, што пад беларускай альтэрнатыўнай адукацыяй я маю на ўвазе адукацыю:
- з істотным удзелам беларусаў у навучальным працэсе (на даступных беларусам мовах) і з фокусам на Беларусі;
- беларускамоўную адукацыю і вывучэнне беларускай мовы.
Паглядзім на асноўных актараў у сферы, якая нас цікавіць:
1) Арганізацыі і ініцыятывы грамадзянскай супольнасці з асобнымі праектамі. Як правіла, яны вырашаюць сітуацыйныя задачы, пераважна вельмі кароткатэрміновыя.
2) Інстытуцыі. Структуры і аб’яднанні, якія дзейнічаюць не менш за два гады, стабільна маюць фінансаванне на сваю дзейнасць, ці аб’яднаныя на базе агульных каштоўнасцяў групы адмыслоўцаў. Гэта могуць быць універсітэты (ці аргкамітэты па стварэнні ўніверсітэтаў), асобныя інстытуты, кафедры, асацыяцыі.
3) Палітычныя структуры, якія спрабуюць лабіяваць пытанні адукацыі і ўмешвацца ў размеркаванне фінансавання для сектара.
4) Спажыўцы адукацыйных паслуг. Тут маюцца на ўвазе ўсе тыя, хто зацікаўлены ў атрыманні прадуктаў, ведаў, створаных беларусамі. Гэта як тыя, хто эміграваў, так і людзі ў Беларусі, якія могуць падключацца анлайн да лекцый і семінараў, знаёміцца з артыкуламі і г. д.
Фактычна, пералічаныя вышэй зацікаўленыя бакі павінны ствараць умовы для сумеснай выпрацоўкі новых ведаў і ідэй, у тым ліку, а то і ў першую чаргу, у дачыненні да Беларусі. Істотных вынікаў можна дасягнуць толькі пры сістэмным падыходзе. Неабходна пры гэтым арыентавацца на высокую ступень карыснасці працы для людзей у Беларусі. Без гэтага рана ці позна дзейнасць гэтая страціць свой сэнс. Быць альтэрнатывай беларускай сістэме адукацыі яшчэ можна, але адразу канкурыраваць з узроўнем інстытуцый краін ЕС — што спатрэбіцца, калі адмовіцца ад фокусу на Беларусі — безумоўна, немагчыма. Калі зацікаўленыя бакі пераарыентуюцца выключна на эміграцыю, то далейшы шлях прадказальны — знікненне і паглынанне такіх інстытуцый і праектаў.
Чаго нам не хапае?
На маю думку, галоўнай праблемай з’яўляецца тое, што пераважная большасць актараў у сферы беларускай адукацыі дзейнічае нескаардынавана. Сістэмны падыход адсутнічае. А гэта прынцыпова важна дзеля таго, каб амбіцыя фармаваць сучасны чалавечы капітал для Беларусі рэалізавалася. У ідэале рэалізаваць такую амбіцыю можа сістэма адукацыі, якая становіцца паўнавартаснай альтэрнатывай дзяржаўнай сістэме.
Паколькі рэсурсаў — як фінансавых, так і чалавечых — у нас відавочна недастаткова, мы павінны прынамсі імкнуцца да сістэмнасці, зрабіўшы яе дадатковай мэтай нашай працы. Беларускія адукацыйныя ініцыятывы і інстытуцыі сёння часткова ўпісаныя ў адукацыйныя сістэмы ці ў кантэкст іншых краін, але адначасова імкнуцца адпавядаць і беларускаму кантэксту. Пры гэтым камунікацыя паміж імі застаецца слабой, а сумесныя дзеянні маюць хаатычны характар. Яшчэ больш слабой з’яўляецца камунікацыя з калегамі ўнутры Беларусі. Разам з тым мой досвед паказвае, што з боку такіх калегаў унутры Беларусі ёсць запыт на супрацоўніцтва з калегамі па-за межамі Беларусіі на выкарыстанне створаных за мяжой адукацыйных прадуктаў (матэрыялаў для навучання і да т. п.).
Нам патрэбныя структуры, напоўненыя сэнсам, якія сапраўды выконваюць дэкларуемую функцыю: гучнай назвы недастаткова. Часцей за ўсё мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі чаканае выдаецца за рэчаіснасць.
Няма ў нас, напрыклад, свайго ўніверсітэта. Адзіная структура, якая ўжо зараз магла б прэтэндаваць на назву беларускага ўніверсітэта ў выгнанні, — Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ). Даводзіцца канстатаваць, што з пункту гледжання першапачатковага замыслу ЕГУ не прайшоў выпрабаванне часам і, мяркую, па сваёй інстытуцыйнай ідэнтычнасці ўжо ператварыўся ў літоўскую вышэйшую навучальную ўстанову. Беларускіх студэнтаў усё менш. Фокус на Беларусі ў навучальным працэсе там мінімізаваны. Супрацоўніцтва з іншымі беларускімі адукацыйнымі актарамі амаль адсутнічае. У той жа час значную частку абмежаванага фінансавання, якое прызначана для развіцця беларускай грамадзянскай супольнасці і адукацыі, па-ранейшаму атрымлівае ЕГУ. Гэта можа істотна абмяжоўваць магчымасці падтрымкі іншых інстытуцый у выгнанні, якія крытычна маюць патрэбу ў фінансаванні.
Гаворка не ідзе пра стварэнне нейкай адзінай структуры, якая б дамінавала, размяркоўвала грошы і раздавала задачы. Гаворка пра пляцоўку для каардынацыі высілкаў у сферы альтэрнатыўнай беларускай адукацыі, якая б збірала прапановы па яе развіцці, адкрыта іх абмяркоўвала і ацэньвала, давала свае рэкамендацыі па прыярытэтах. Яшчэ адна важная функцыя, якую можа выконваць такая структура — дапамагаць знаходзіць аднадумцаў. Такога кшталту дзейнасцю планавала займацца Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі, але істотных поспехаў пакуль не дасягнула.
Дадамо аптымізму: удалым прыкладам каардынацыі дзеянняў у сферы альтэрнатыўнай беларускай адукацыі выглядае спроба Таццяны Астроўскай з камандай стварыць інтэрдысцыплінарны акадэмічны форум, які аб’ядноўвае навукоўцаў, студэнтаў і шырокую публіку для абмеркавання мінулага і сучаснасці Беларусі. Гэты праект заслугоўвае падтрымкі, у тым ліку таму, што падвышае бачнасць беларускай праблематыкі ў англамоўным свеце. Гэта вельмі істотна для Беларусі як зараз, так і ў будучыні.
Якія дзеянні могуць быць карыснымі для будучыні?
Паспрабую прапанаваць некалькі канкрэтных рэчаў, якія могуць істотна змяніць сітуацыю ў сферы беларускай альтэрнатыўнай адукацыі. Рэалізацыя гэтых захадаў, асабліва ў межах сумесных праектаў і ўзгодненых прыярытэтаў, можа спрыяць не толькі развіццю адукацыйных прадуктаў, але і паступоваму пераадоленню недахопу каардынацыі ў сектары.
1) Неабходна арыентавацца на стварэнне прадуктаў. Трэба сыходзіць ад пустых “абмеркаванняў” і “дыялогаў”. Крытэрыем паспяховасці павінен быць канкрэтны прадукт, рэальны вынік. Ёсць патрэба ў стварэнні артыкулаў, відэазапісаў канферэнцый, матэрыялаў абмеркаванняў. І ўсім гэтым прадуктам патрэбная максімальная публічнасць. У іншым выпадку ствараецца палатно Пенелопы, калі адну і тую ж праблему абмяркоўваюць некалькі разоў, а ніякага выніку, ніякай фіксацыі, якая б спрыяла развіццю, няма. Гэта, на жаль, фундаментальная памылка ўсяго сектара. Трэба працаваць па формуле: няма прадукта — няма сэнсу.
2) Асноўнае значэнне ў стварэнні адукацыйных прадуктаў павінна надавацца даступнаму анлайн-фармату. У першую чаргу, гэта відэакурсы і медыяпраекты. Анлайн-лекцыі лепшых лектараў, запісаныя і апрацаваныя прафесійна. Пры гэтым трэба арыентавацца на патрэбы аўдыторыі ўнутры краіны. Асобныя лекцыі і відэакурсы павінны быць адаптаваныя для ўнутранага спажыўца. Аўдыторыя — там! Пры планаванні і стварэнні такіх прадуктаў трэба ўяўляць істотную розніцу паміж Беларуссю і краінамі ЕС.
3) Трэба працаваць над тым, каб найважнейшыя навуковыя тэксты перакладаліся і былі даступныя ў тым ліку па-беларуску. Пераклады — істотная частка акадэмічнай сферы; трэба накіроўваць рэсурсы на падтрымку перакладніцкай дзейнасці.
4) Неабходна ствараць і рускамоўны кантэнт. На мой погляд, істотнай недапрацоўкай з’яўляецца ігнараванне таго факта, што дамінуючай мовай унутры краіны з’яўляецца руская. Большасць матэрыялаў, прысвечаных беларускай культуры, мове, гісторыі, літаратуры, выходзіць па-беларуску. Ва ўмовах інфармацыйнай вайны і няведання беларускай мовы трэба абавязкова дбаць пра пераклад на рускую мову асноўных беларускамоўных тэкстаў. Наогул, асобнага разгляду заслугоўвае тэма беларускага “культурнага гета”.
5) Важна займацца дыгіталізацыяй і спрыяць ёй. Трэба падключаць валанцёраў і спецыялістаў па інтэлектуальнай уласнасці, каб як мага больш беларускіх тэкстаў трапіла ў сеціва. Ва ўмовах ліквідацыі ў Беларусі незалежнай кнігавыдавецкай дзейнасці неабходна павялічыць доступ менавіта да спецыяльнай вучэбнай і навуковай літаратуры анлайн.
6) Важна знаходзіць дадатковыя крыніцы фінансавання, у першую чаргу прыватнага. Неабходна ўсімі спосабамі дэманстраваць, якую важную ролю мае развіццё беларускага чалавечага капіталу, а дзеля гэтага — падтрымка альтэрнатыўнай беларускай адукацыі.
Выкананне нават гэтага кароткага спісу ў сённяшніх умовах магло б істотна змяніць сітуацыю ў сектары. Безумоўна, гэта патрабуе намаганняў вялікага кола адмыслоўцаў і людзей добрай волі.
Падсумаванне
Гаварыць пра існаванне альтэрнатыўнай сістэмы беларускай адукацыі зарана. Няма стратэгічнага планавання, недастаткова рэсурсаў. Структуры, якія існуюць дзесяцігоддзямі, адыходзяць ад беларускага парадку дня на карысць уласных патрэб. Беларускія актары часта сфакусаваны на кароткатэрміновых ініцыятывах і праектах, на сітуацыйных патрэбах, а таму не развіваюцца. Часам падаецца, што любыя спробы пабудовы альтэрнатыўнай сістэмы адукацыі марныя. Я выключаю магчымасць пабудаваць такую паўнавартасную сістэму за мяжой у сённяшніх умовах. Тым не менш, праца над сумеснай стратэгіяй, а пасля — у межах яе выканання цалкам рэальная. Важна правільна ставіць мэты, шчыра і адкрыта дзяліцца інфармацыяй пра сваю дзейнасць і рызыкаваць, каб дамагацца нечаканых вынікаў.
Беларуская адукацыя і навука за мяжой патрэбныя беларусам у Беларусі, і попыт на іх вялікі. Слова зараз за эміграцыяй, але толькі тады мы будзем паспяховымі, калі пачнём штодня арыентавацца на патрэбы сектара ўнутры краіны і рабіць усё магчымае, каб наша праца мела сэнс, а вынікамі яе былі канкрэтныя прадукты. Забяспечым падтрымку беларускай адукацыі за мяжой — выратуем будучыню Беларусі.
