Беларусь сёння знаходзіцца ў цэнтры геапалітычнага супрацьстаяння паміж Расіяй і Захадам. Але ці сапраўды ў краіны ёсць выбар паміж гэтымі вектарамі? Ці гэта хутчэй тэарэтычная канструкцыя, якая мала звязаная з рэальнасцю?
Пра гэта ў дыскусіі Банка Ідэй разважаюць экспертка Цэнтра новых еўразійскіх стратэгій Кацярына Глод, старшыня рады Цэнтра новых ідэй Антон Раднянкоў і палітычны аналітык, заснавальнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. Мадэратар — галоўны рэдактар Банка Ідэй Рыгор Астапеня.
Ніжэй тэкставая версія размовы. Поўная версія стрыму тут.
Антон Раднянкоў: «Геапалітычны выбар ёсць. Але не цяпер»
Рыгор Астапеня: Мы сёння абмяркоўваем, ці ёсць у Беларусі геапалітычны выбар. Антон, у сваім тэксце ты выкарыстоўваеш «Тэорыю шэлтару» — і выглядае, што з яе вынікае даволі песімістычная выснова: Беларусь ужо зрабіла свой выбар. Ці правільна я разумею?
Антон Раднянкоў: Так, я паспрабаваў паглядзець на беларускую сітуацыю праз «Тэорыю шэлтару» (Shelter Theory). Яна кажа, што малыя дзяржавы ўразлівыя перад крызісамі і таму ім уласціва шукаць апору ў больш моцных дзяржавах або міжнародных арганізацыях. Гэтая тэорыя ўзнікла пасля фінансавага крызісу ў Ісландыі ў 2008 годзе, калі краіна сутыкнулася з катастрофай і зразумела, што ў крытычны момант ёй проста няма на каго абаперціся.
Калі паглядзець на постсавецкую прастору, мы бачым, што ўсе краіны ў нейкі момант шукалі такі «шэлтар». У Беларусі ён быў выбраны яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў — гэта Расія. Нават у перыяд так званага «сітуацыйнага нейтралітэту» ў 2015–2019 гадах Беларусь не рабіла рэальных крокаў для аддалення ад Расіі. Краіна працягвала ўдзельнічаць у расійскіх інтэграцыйных структурах, праводзіць сумесныя вайсковыя вучэнні і закупляць расійскую зброю.
Так, у той час адбывалася пэўная нармалізацыя адносін з Захадам. Але гэта хутчэй быў добры дыпламатычны брэндынг, чым сапраўдны геапалітычны паварот.
Калі адказваць на пытанне, ці ёсць у Беларусі геапалітычны выбар — так, ён ёсць. Але не цяпер.
Кацярына Глод: «Еўропа сёння — гэта ўжо Еўропа інтарэсаў»
Рыгор Астапеня: Кацярына, а што адбываецца з другога боку? Ці гатовая Еўропа стаць для Беларусі альтэрнатыўным «шэлтарам»?
Кацярына Глод: Я пагаджуся, што выбар ёсць. І больш за тое — сёння для Беларусі можа быць адзін з найлепшых шанцаў наблізіцца да Еўропы за апошнія дзесяцігоддзі. Але трэба разумець, што сама Еўропа моцна змянілася. Вайна ва Украіне зрабіла яе значна больш прагматычнай. Калі раней Еўропа была асцярожнай і даволі пасіўнай, то цяпер яна дзейнічае як геапалітычны актар. Галоўнай тэмай стала бяспека.
Еўрапейскі саюз пачаў хутчэй прымаць рашэнні, актыўна падтрымліваць Украіну і фармуляваць уласную палітыку адносна такіх глабальных гульцоў, як Кітай. Мы бачым, што Еўропа сёння — гэта ўжо не Еўропа мараў, а Еўропа інтарэсаў. І для Беларусі гэта не абавязкова дрэнная навіна. Наадварот: у такім фармаце з’яўляюцца новыя магчымасці супрацоўніцтва, напрыклад, праз праграмы для грамадзянскай супольнасці.
Кацярына Глод: «Еўрапейская перспектыва можа быць не толькі праз сяброўства ў ЕС»
Важна таксама разумець, што еўрапейская перспектыва — гэта не абавязкова хуткае ўступленне ў Еўрапейскі саюз. Сёння ўсё больш абмяркоўваюцца прамежкавыя фарматы супрацоўніцтва. Напрыклад, Еўрапейская палітычная супольнасць, дзе краіны могуць інтэгравацца ў асобныя палітыкі ЕС без поўнага членства.
Мы бачым, як Еўрасаюз падтрымлівае Малдову і Украіну. Гэтыя краіны пачыналі з вельмі складаных пазіцый, але ў крытычны момант атрымалі еўрапейскую перспектыву. Таму важна, каб дзверы для Беларусі заставаліся адчыненымі. Еўропа не можа ігнараваць Беларусь, бо гэта важная частка архітэктуры бяспекі на кантыненце.
Андрэй Ягораў: «Для незалежнай Беларусі альтэрнатывы еўрапейскаму курсу няма»
Рыгор Астапеня: Андрэй, ці ёсць у Беларусі геапалітычны выбар?
Андрэй Ягораў: Калі адказваць строга — геапалітычнага выбару ў Беларусі няма. Для незалежнай беларускай дзяржавы няма іншага варыянту, акрамя еўрапейскага кірунку. Гэта не абавязкова азначае поўнае ўступленне ў Еўрапейскі саюз, але нейкая форма інтэграцыі або асацыяцыі з Еўропай непазбежная. Бо ўсходні «шэлтар» не прапануе Беларусі незалежнасці. Ён прапануе розныя ступені залежнасці — ад саюзнай дзяржавы да фактычнага пратэктарату.
Таму ў доўгатэрміновай перспектыве альтэрнатывы еўрапейскаму вектару проста няма.
Андрэй Ягораў: «Свет уваходзіць у новую халодную вайну»
Калі глядзець шырэй, мы бачым, што свет паступова ўваходзіць у новую халодную вайну. Міжнародныя даследаванні паказваюць, што краіны ўсё больш групуюцца вакол двух вялікіх блокаў. Унутры блокаў гандаль расце, паміж імі — зніжаецца. Гэта бачна і ў палітыцы: свет усё выразней падзяляецца на дэмакратычныя і аўтарытарныя сістэмы.
У такой сітуацыі Беларусь знаходзіцца на мяжы гэтых блокаў. І гэта робіць яе становішча асабліва складаным. Сёння Беларусь фактычна ўцягнутая ў рэгіянальнае супрацьстаянне паміж Расіяй і Еўропай — у тым ліку праз вайну ва Украіне. Таму пытанне геапалітычнага выбару Беларусі будзе вырашацца не толькі ўнутры краіны, але і ў кантэксце будучай архітэктуры еўрапейскай бяспекі.
«Беларускае грамадства неаднароднае ў сваіх геапалітычных арыентацыях»
У ходзе дыскусіі ўдзельнікі закранулі пытанне, наколькі беларускія грамадскія настроі сапраўды падтрымліваюць еўрапейскі выбар. Некаторыя ўдзельнікі адзначалі, што беларускае грамадства культурна і гістарычна звязана з Расіяй. Іншыя звярталі ўвагу на сацыялагічныя даследаванні, якія ў розныя перыяды паказвалі як падтрымку еўрапейскага кірунку, так і рост прарасійскіх настрояў. Эксперты адзначылі, што грамадскія настроі ў Беларусі моцна залежаць ад палітычнага кантэксту і магчымасці людзей свабодна выказваць свае погляды.
Геапалітычны выбар – пытанне будучыні
У выніку дыскусіі ўдзельнікі пагадзіліся, што пытанне геапалітычнага выбару Беларусі не мае простага адказу. З аднаго боку, сённяшняя палітычная і эканамічная залежнасць ад Расіі значна абмяжоўвае магчымасці краіны. З іншага — доўгатэрміновая перспектыва развіцця Беларусі ўсё роўна будзе звязаная з еўрапейскай прасторай.
