Геапалітычны разварот у свеце адкрывае для Беларусі не толькі выклікі, але і новыя магчымасці.

Ва ўмовах, калі глабальная палітыка зноў пачынае круціцца вакол супрацьстаяння вялікіх дзяржаў, увага да памежных рэгіёнаў, у тым ліку да Беларусі, можа ўзрасці — не толькі як да аб’екта заняпаду, але і як да зоны канкурэнцыі, удзелу і ўплыву.

Правілы мяняюцца

З прыходам Дональда Трампа да ўлады Злучаныя Штаты, якія раней адыгрывалі вядучую ролю ў прасоўванні ліберальных каштоўнасцяў на міжнароднай арэне, сталі адступаць ад гэтай стратэгіі. Палітычнае атачэнне Трампа хутчэй схіляецца да бачання Сі Цзіньпіна і Уладзіміра Пуціна, паводле якога менавіта буйныя дзяржавы вызначаюць правілы гульні —  прымаюць ключавыя палітычныя і эканамічныя рашэнні — а менш уплывовыя краіны вымушаныя адаптавацца да іх.

У цэнтры новага глабальнага парадку — стратэгічнае суперніцтва паміж ЗША і Кітаем. Расія, якая саступае абедзвюм дзяржавам як у эканамічным, так і ў тэхналагічным плане, а таксама ў маштабе свайго ўплыву ў свеце, свядома выбірае ролю дэстабілізуючага актара. Найперш у Еўропе, дзе яна развязала найбуйнейшую вайну з часоў Другой сусветнай.

У новых умовах «эпохі сфер уплыву» ліберальныя дэмакратыі Еўрапейскага Звязу (ЕЗ) вымушаныя адмаўляцца ад ідэалістычных прынцыпаў на карысць практыкі рэалпалітык. Еўрапейскія краіны спрабуюць асцярожна балансаваць паміж уласнымі каштоўнасцямі і знешнепалітычнымі інтарэсамі.

Еўропа як геапалітычны гулец

Адным з прыкладаў з’яўляецца спроба выбудаваць стратэгічнае партнёрства з Турцыяй дзеля падтрымкі Украіны і рэгулявання эміграцыйных плыняў. Дзеля гэтага Еўрапейскі Звяз змякчыў крытыку аўтарытарнага праўлення Рэджэпа Эрдагана. З аднаго боку, Еўразвяз патрабаваў вызваленне лідара апазіцыі Экрэма Імамаглу з-пад арышту, але, з другога боку, гэта тэма не была цэнтральнай у адносінах Брусэлю і Анкары і не стала перашкодай да паглыблення супрацоўніцтва. Падобны зрух назіраецца і ў адносінах з краінамі Афрыкі: дэкларацыі пра правы чалавека саступаюць месца прагматычнаму дыялогу, скіраванаму на супрацьстаянне ролі Кітая, які ўмацаваў свае пазіцыі ў рэгіёне праз буйныя інвестыцыйныя праекты ў інфраструктуру.

Новая Нацыянальная стратэгія бяспекі Вялікабрытаніі таксама сведчыць пра гэты зрух. У ёй робіцца акцэнт на прасоўванні стратэгічных інтарэсаў, нават калі гэта суправаджаецца аслабленнем публічнай крытыкі ў дачыненні да краін, дзе назіраюцца парушэнні асноўных правоў і свабод. Напрыклад, у выпадку са свабодай прэсы ў Вугоршчыне.

Такая эвалюцыя не азначае поўны адыход ад ліберальных каштоўнасцяў. Хутчэй, гэта спроба адаптавацца да новай рэальнасці, у якой правілы гульні зноў усталёўваюцца буйнымі дзяржавамі, а ўплыў патрабуе палітычнай гнуткасці. Гэтаксама імкненне Еўропы да аўтаноміі не варта трактаваць як антыамерыканскі жэст або прызнанне сваёй ранейшай залежнасці ад ЗША. Гаворка ідзе пра спробу захаваць і ўмацаваць уласную суб’ектнасць ва ўмовах геапалітычнага перафарматавання.

Фота: REUTERS/Johanna Geron/File Photo

Еўрапейскі Звяз ужо цяпер дэманструе патэнцыял стаць самастойным геапалітычным гульцом на роўні з ЗША і Кітаем. Пра гэта сведчыць шэраг працэсаў. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ЕЗ дзейнічаў хутка і зладжана. Нягледзячы на ўнутраныя рознагалоссі, дзяржавы-чальцы ўзгаднілі маштабныя санкцыі супраць Расіі, запусцілі праграмы макрафінансавай і ваеннай дапамогі Украіне і адкрылі ёй шлях да статусу краіны-кандыдата на ўступленне ў Еўрапейскі Звяз. Гэта прыклад аператыўнай і згуртаванай знешнепалітычнай рэакцыі — асабліва на фоне папярэдніх крызісаў, калі ЕЗ часта папракалі за павольнасць і раздробленасць.

На працягу апошніх двух гадоў Еўрапейскі Звяз таксама здолеў выпрацаваць палітыку ў дачыненні да Кітая, нягледзячы на тое, што інтарэсы краін-чальцоў застаюцца разнастайнымі. Германія робіць стаўку на шырокія экспартныя сувязі з Кітаем, Францыя — наадварот, на стратэгічную аўтаномію, а краіны Ўсходняй Еўропы ўвогуле ставяцца да Пекіна з перасцярогай. У гэтай палітычнай мазаіцы ЕЗ сфармуляваў канцэпцыю так званага дэрыскінгу — зніжэння рызык у эканамічных адносінах з Кітаем без пераходу да поўнага дэкаплінгу (радыкальнага скарачэння двухбаковых эканамічных сувязяў), якога прытрымліваюцца ЗША. Сярод апошніх захадаў — узмацненне правілаў скрынінгу замежных інвестыцый, што дазваляе Еўразвязу ацэньваць і пры неабходнасці абмяжоўваць кітайскія інвестыцыі ў крытычна важныя сектары. 

Іншымі словамі, Еўрапейскі Звяз паступова навучаецца дзейнічаць больш кансалідавана — нават па тых пытаннях, дзе няма поўнай згоды. Гэта і ёсць ключавы крок у кірунку станаўлення паўнавартасным геапалітычным актарам.

Што стрымлівае Еўропу?

Аднак на гэтым шляху перад ЕЗ стаяць дзве сістэмныя праблемы:

  • страта эканамічнай канкурэнтаздольнасці
  • рост ультраправых папулістаў.

Першая падрывае глабальную вагу ЕЗ, другая пагражае ўнутранай згуртаванасці і прыняццю рашучых стратэгій. 

За апошнія дваццаць гадоў доля Еўразвязу ў сусветнай эканоміцы скарацілася з 20% да 15%. Як слушна адзначыў былы кіраўнік Еўрапейскага цэнтральнага банка і прэм’ер-міністр Італіі Марыа Драгі ў спецыяльнай справаздачы па даручэнні Еўрапейскай камісіі, страта канкурэнтаздольнасці стварае для Еўропы не толькі эканамічную, але і стратэгічную ўразлівасць. Кітай, напрыклад, лічыць, што Еўразвяз паступова скочваецца ў заняпад

Каб змяніць гэты вектар, неабходныя рашучыя і паслядоўныя дзеянні: завяршыць фармаванне адзінай унутранай эканамічнай прасторы – напрыклад, адзінага рынку капіталу (Capital Markets Union), спрасціць рэгуляторную нагрузку, павялічыць інвестыцыі ў лічбавую трансфармацыю і “зялёную” эканоміку. Нараўне з гэтым патрэбна новая прамысловая палітыка, здольная ўмацаваць тэхналагічную самастойнасць і стымуляваць вытворчасць.

Другая сістэмная праблема ЕЗ – імклівы рост ультраправых і папулісцкіх палітычных сіл – абумоўлена цэлым шэрагам фактараў. Гэта і незадавальняючы ўзровень жыцця, і эканамічная стагнацыя, і трывожнасць ад росту міграцыі і раздражненне «зялёным» палітычным курсам, які ўспрымаецца як абцяжарвальны і навязаны зверху.

У выніку сфарміраваўся ўстойлівы грамадска-палітычны попыт на больш жорсткі, суверэнісцкі падыход — як ва ўнутранай палітыцы, так і на знешнепалітычным трэкy. Гэта азначае, што кліматычная палітыка Еўрапейскага Звязу будзе змякчацца, а міграцыйная — наадварот, станавіцца больш жорсткай. Шэраг еўрапейскіх краін ужо арыентуецца на так званую «мадэль Даніі», у якой акцэнт робіцца на стрымліванні міграцыі, жорсткім кантролі мяжы і абмежаванні правоў прыезджых.

Пасля цэлай нізкі крызісаў — міграцыйнага, Brexit (выхаду Вялікай Брытаніі з Еўразвязу), пандэміі і вайны ва Ўкраіне — палітычная воля краін-чальцоў да прыняцця новай усеагульнай дамовы ў межах Еўрапейскага Звязу істотна паслабла. Асноўныя дакументы ЕЗ — Лісабонская і Маастрыхцкая дамовы — для прыняцця і ратыфікацыі патрабавалі шырокай палітычнай мабілізацыі. У сённяшніх умовах любая спроба іх перагледзець выклікае страх перад патэнцыйнымі праваламі на рэферэндумах, блакаваннем з боку асобных краін-чальцоў і пагрозай унутранага расколу.

У выніку Еўрапейскі Звяз імкнецца вырашаць унутраныя і знешнепалітычныя праблемы не праз стварэнне новых інстытутаў, а праз максімальнае выкарыстанне ўжо існуючых правілаў і механізмаў, нягледзячы на іхнія абмежаванні і супярэчнасці. Таму праблемы вырашаюцца павольна, фрагментарна і неамбіцыйна. Аднак такі працэс якраз і адпавядае логіцы цяперашняга еўрапейскага кіравання: паступовыя крокі замест гучных заяў.

Новыя мадэлі еўрапейскай інтэграцыі?

Цяперашні “інстытуцыйны застой” можа прывесці да часовага прыпынення працэсу пашырэння Еўрапейскага Звязу. Адна частка краін-чальцоў асцерагаецца, што далучэнне новых удзельнікаў можа прывесці да функцыянальнага паралічу інстытутаў. Іншыя краіны занепакоеныя магчымымі наступствамі для агульнага бюджэту ЕЗ, (напрыклад, неабходнасцю пераразмеркавання сродкаў са структурных фондаў і Праграмы агульнай сельскагаспадарчай палітыкі (CAP). У Францыі, і, імаверна, у Нідэрландах, пытанне аб далучэнні новай краіны да Еўразвязу запатрабуе правядзення нацыянальнага рэферэндуму.

Перад ЕЗ таксама стаіць складаная задача балансавання паміж інтарэсамі краін Усходняй Еўропы (найперш Украіны і Малдовы) і балканскіх дзяржаў — такіх як Сербія, Албанія, Боснія і Герцагавіна. Апошнія ўжо даўно чакаюць ад Еўразвязу больш дакладных перспектыў інтэграцыі. 

Пытанні якасці дзяржаўнага кіравання ў краінах-кандыдатах таксама застаюцца вострымі. Нягледзячы на гераічны супраціў у вайне Украіна дэманструе некаторыя аўтарытарныя тэндэнцыі кіравання. Рэформы ў Чарнагорыі выглядаюць паспяхова на паперы, але ўзровень карупцыі ў краіне застаецца даволі высокім.

У выніку працэс паўнавартаснага пашырэння набывае больш сымбалічны характар і становіцца сродкам палітычнай рыторыкі, а не інструментам стратэгічнага планавання. Аднак адным з магчымых выхадаў, якія актыўна абмяркоўваюцца цяпер у Бруселі, з’яўляецца канцэпцыя «асацыяванага сяброўства» — удзел краіны ў палітычных і эканамічных механізмах Еўрапейскага Звязу, але без права голасу.

Фота: EP

Еўропа ўзмацняецца

На фоне геапалітычнай нестабільнасці і вайны ва Украіне Еўропа перажывае беспрэцэдэнтны рост абаронных выдаткаў. У 2024 годзе сукупныя ваенныя бюджэты краін Еўрапейскага Звязу ўпершыню перавысілі 300 мільярдаў еўра — і гэтая тэндэнцыя працягвае набіраць тэмп. Напрыклад, у Германіі, дзе яшчэ нядаўна дзейнічалі жорсткія абмежаванні на павелічэнне абароннага фінансавання, канцлер Фрыдрых Мэрц абвясціў пра намер нарасціць выдаткі на абарону да 3,5 % ВУП да 2029 года. Польшча ўжо падняла абаронны бюджэт да 4% ВУП. Францыя і Італія актывізавалі інвестыцыі ў ваенную прамысловасць, у тым ліку ў вытворчасць боепрыпасаў і сістэм супрацьпаветранай абароны. Бельгія і Нідэрланды скіроўваюць сродкі на кіберабарону, а краіны Балтыі пашыраюць інфраструктуру для войскаў НАТА. 

Дадатковы імпульс еўрапейскай абароннай палітыцы надалі рашэнні саміту НАТА ў Гаазе ў чэрвені 2025, дзе была вызначана новая мэтавая планка. Чальцы Альянсу павінны імкнуцца выдзяляць 3% ВУП на “цяжкую” абарону (тэхнічнае абсталяванне) і яшчэ 1,5% на “мяккую” — устойлівасць грамадскасці перад гібрыднымі пагрозамі, такімі як кібератакі, дэзінфармацыя і энергетычная небяспека.

Паралельна з нарошчваннем абаронных выдаткаў адбываецца прыкметны зрух у балансе ўплыву ўнутры Еўрапейскага Звязу: узмацняецца роля краін Цэнтральнай Еўропы. Польшча, Чэхія і краіны Балтыі з’яўляюцца сёння рухавікамі рашэнняў — ад паставак узбраення Украіне да санкцыйнай палітыкі. Іх досвед суседства з Расіяй, гістарычная памяць і палітычная воля надаюць ім дадатковы маральны і стратэгічны аўтарытэт. Гэта праяўляецца не толькі на двухбаковым узроўні, але і ў структурах Еўразвязу: міністры, дыпламаты і эксперты з рэгіёну ўсё часцей адыгрываюць ключавую ролю ў выпрацоўцы калектыўных рашэнняў, фармуючы новы баланс палітычнай вагі ў ЕЗ.

Ці застанецца ў Еўропе месца для Беларусі?

Вяртанне да логікі сфер уплыву і рост геапалітычнай суб’ектнасці Еўропы ствараюць для Беларусі дваістую сітуацыю. З аднаго боку, акцэнт на рэалпалітык, а таксама хранічны дэфіцыт часу і рэсурсаў у еўрапейскіх сталіцах. У апошніх адначасова вырашаюцца задачы дапамогі Украіне, умацавання бяспекі кантыненту і рэагавання на ўнутраныя выклікі. Гэта можа прывесці да таго, што пытанні дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі адсунуцца на другі план. Гэта нясе рызыку змякчэння ціску на ўлады і паслаблення ўвагі да палітвязняў і рэпрэсій.

Але, з іншага боку, у новай геапалітычнай логіцы Беларусь набывае стратэгічную значнасць як частка памежнай зоны паміж Захадам і Расіяй. Для Еўропы, якая імкнецца да самастойнай ролі ў глабальным парадку і інвестуе ва ўласную бяспеку, Беларусь гэта не толькі праблема ўплыву Расіі, але і элемент уласнай стратэгіі. Гаворка ідзе не пра глыбокае ўцягванне, а пра далёкасяжны падыход: падтрымку грамадства, незалежных медыя, адукацыі, грамадзянскіх ініцыятыў і дыяспары як складнікаў «мяккай сілы». Еўропа ўсё больш глядзіць не толькі на лінію фронту, а і ўглыб «шэрых зон», дзе адбываецца барацьба без ваенных сродкаў. І пакуль Беларусь прысутнічае на мапе пагроз, яна застаецца і на мапе магчымых рашэнняў.

Менавіта таму так важна, што Беларусь ужо сёння ўключаная ў дыскусіі пра будучыню Еўропы. Ідэя «асацыяванага сяброўства», што усё часцей гучыць у Брусэлі, можа стаць рэалістычным сцэнаром для будучай Беларусі, калі краіна пачне рух да зменаў. Гэта значыць удзел у адзіным рынку, доступ да еўрапейскіх праграм і рэсурсаў, інтэграцыя ў энергетыку, лічбавую трансфармацыю, транспарт — без права голасу, але з палітычнай і эканамічнай сувяззю і інстытуцыйнай прысутнасцю. 

Прыклады надання статусу кандыдата ў ЕЗ Украіне, Малдове і Грузіі сведчаць, што нават ва ўмовах вайны ці аўтарытарнай спадчыны магчыма стаць часткай еўрапейскай архітэктуры праз гнуткія і адаптыўныя механізмы інтэграцыі.

Ні ўнутраны аўтарытарны рэжым, ні расійскі ўплыў не могуць “скасаваць” геаграфічную і культурна-гістарычную блізкасць Беларусі да Еўропы. Беларусь застаецца часткай еўрапейскай прасторы. Еўрапейская палітыка, нават калі яна непасрэдна не арыентавана на Беларусь, усё адно закранае краіну. Рашэнні, якія прымаюцца ў Бруселі, Варшаве, Вільні і Берліне, фарміруюць гарызонты будучыні для беларускага грамадства. 

Але гэтыя гарызонты не адкрываюцца самі — іх трэба адстойваць: заставацца чулымі да новай палітычнай дынамікі, захоўваць сілу салідарнасці і палітычнай волі, прытрымлівацца каштоўнасцяў, якія ляжаць у аснове еўрапейскага выбару. Еўропа — гэта не абстракцыя, а рэальная альтэрнатыва, якая знаходзіцца ад Беларусі на адлегласці працягнутай рукі.