Паўстанне 2020 года і яго трагічная параза – не першы эпізод падобнага кшталту ў беларускай гісторыі. У ёй нічога не паўтараецца дакладна, але некаторыя агульныя рысы ў сцэнарах падобных падзей можна заўважыць. Піша Юры Дракахруст.

Аўтар гэтых радкоў – не гісторык і не прэтэндуе на дэталёвае веданне гістарычных рэалій. Але падабенства адзначаюць і прафесійныя гісторыкі. Да таго ж гэтае падабенства можна ўбачыць і ў агульнавядомых гістарычных абставінах.

Адрозненняў, напэўна, больш. Адно з найважнейшых і фундаментальных – тое, што падчас шматлікіх беларускіх паўстанняў самастойнай беларускай дзяржавы не існавала, а паўстанні на беларускіх землях былі часткай працэсаў, якія адбываліся ў складзе шырэйшых дзяржаўных утварэнняў.

Так, у прыватнасці, было падчас паўстанняў 1831 і 1863 –1864 гадоў, да пэўнай ступені гэтак было і ў 1918 годзе. У апошнім выпадку ўтварэнне БНР было часткай працэсу распаду Расеі.

Але, тым не менш, у беларускіх паўстанняў было і шмат агульнага. Адна з важных асаблівасцяў – значныя часавыя прамежкі паміж імі. Размова ідзе пра дзесяцігоддзі.

На гэта можна запярэчыць, што ў ХХІ стагоддзі масавыя народныя выступленні адбываліся часцей – амаль на кожных прэзідэнцкіх выбарах: 2001-м, 2006-м, 2010-м, 2020-м.

Фота: AP Photo/picture alliance

Аднак дастаткова шырокія масы насельніцтва ахапіла толькі паўстанне 2020 года. Толькі гэтае паўстанне можна супаставіць з паўстаннямі XIX стагоддзя як па размаху і працягласці, так і па наступствах. Паслявыбарчыя пратэсты ў 2006 і 2010 годзе невыпадкова атрымалі найменне «Плошчы»:  яны былі лакалізаваны ў сталіцы, у 2006 годзе працягваліся менш за тыдзень, у 2010 годзе – адзін дзень.

Таму выснова аб вялікіх часавых інтэрвалах не цалкам абвяргаецца досведам 2006 і 2010 гадоў.

Варта адзначыць, што прамежкі паміж паўстаннямі былі настолькі вялікія, што за гэты час адбывалася змена пакаленняў і ў грамадстве, і ў элітах, у контрэлітах у тым ліку. Практычна ніколі лідары ранейшага паўстання не адыгрывалі значнай ролі ў наступным. Цікаўна адзначыць, што гэта адбывалася і ў ХХI стагоддзі – лідары «Плошчы-2006» Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін не адыгрывалі ніякай ролі ў «Плошчы-2010», Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў не ўдзельнічалі ў паўстанні 2020 года.

Гэтая адсутнасць пераемнасці была вынікам уздзеяння некалькіх фактараў. Адным з іх была жорсткая рэакцыя. Чым большы размах мела паўстанне, тым шырэйшай і працяглейшай была рэакцыя.

Рэакцыя прапарцыйная выкліку

Рэакцыя пасля паўстання 2020 года ўяўляецца сучаснікам беспрэцэдэнтнай па маштабах і працягласці. У незалежнай Беларусі рэпрэсіі 20-х гадоў былі сапраўды беспрэцэдэнтныя.

Аднак пасля паўстання 1863-1864 гадоў многія яго лідары ​​і ўдзельнікі былі пакараныя сьмерцю. Але насамрэч гэтым рэпрэсіі не абмяжоўваліся. Вось што гавораць пра гэта гісторыкі.

Павал Церашковіч:

– Мураўёў увёў кантрыбуцыю, якую мусілі плаціць усе памешчыкі, у тым ліку і расейскага паходжання.

– Галоўнай мішэнню сталі палякі, палякам-каталікам было забаронена працаваць на дзяржаўнай службе.

– Палякам было забаронена купляць зямлю.

– Былі забароненыя адукацыя і друк па-польску.

– У Сібір пасля паўстання выслалі сама меней 12 тысяч чалавек (на 3,5 мільёна тагачаснага насельніцтва беларускіх земляў).

Захар Шыбека:

– Дробная беззямельная шляхта рыцарскага кшталту была вынішчаная, расцярушаная па імперыі.

– Мясцовыя землеўладальнікі атрымалі амністыю, але былi абкладзеныя кантрыбуцыяй у памеры 10% ад прыбыткаў, якая ішла на русіфікацыю краю.

– Да 1870 года захоўвалася ваеннае становішча.

Рэпрэсіі і тады былі працяглымі, яны закраналі не толькі непасрэдных удзельнікаў паўстання, але і людзей, якія мелі да яго толькі ўскоснае і апасродкаванае дачыненне. Усё так, як у 2021-2025 гадах.

Беларускія землі захапіла і рэвалюцыя 1905-1907 гадоў у Расейскай імперыі. У кастрычніку 1905 года ў Менску на загад губернатара Паўла Курлова была расстраляная антыўрадавая дэманстрацыя, было забіта каля 100 чалавек. 

Паводле ацэнак Паўла Церашковіча, «падчас рэвалюцыі 1905-1907 гадоў праз Пішчалаўскі замак у Менску прайшлі 28 тысяч чалавек, тады ў Беларусі ўжо жыло каля 6 мільёнаў». Захар Шыбека адзначае, што пасля той рэвалюцыі «у Беларусі ў выніку рэпрэсій дзейнасць бальшавікоў, меншавікоў і эсэраў з 1908 года фактычна зусім прыпынілася і была адноўлена толькі ў 1917 годзе».

Як адбывалася аднаўленне

Апошняя заўвага вельмі паказальная: з яе вынікае, што апазіцыйная палітыка ў Беларусі тады фактычна спынілася на доўгіх 9 гадоў. 

Пасля паражэння парасткі новай грамадскай актыўнасці прарасталі паволі і спакваля. Паводле Шыбекі, гэта адбывалася «на сямейных вечарынах, у студэнцкіх гуртках, у сінагогах і часткова на старонках афіцыйных перыядычных выданняў…у расейскай дзяржаве, з яе паліцэйскім наглядам, цэнзурай, адсутнасцю грамадзянскіх свабодаў, сустрэчы ў карчмах за квартай піва і шклянкай гарэлкі давалі адзіную магчымасць сустрэцца і абмяняцца думкамі».

Цяперашняя беларуская дзяржава – усё ж не расейская, але яе іншыя характарыстыкі – вельмі падобныя. Цяпер да карчмаў дадаліся сацыяльныя сеткі, але падабенства – у дыфузным, разрозненым аднаўленні і адраджэнні разгромленай грамадзянскай супольнасці.

Шыбека адзначаў і важную характарыстыку гэтага аднаўлення пасля 1905-1907 гадоў – яго пераважна непалітычны характар: «У гады сталыпінскай рэакцыі бундаўцы пакідалі рэвалюцыйныя справы і браліся за развіццё габрэйскай культуры, пашырэнне мовы, дамагаліся культурна-нацыянальнай аўтаноміі. Гэткі ж паварот яшчэ падчас рэвалюцыі зрабіла і іншая нацыянальная партыя краю – Беларуская Сацыялістычная Грамада. Грамадоўцы абвясцілі пра роспуск партыі, а самі гуртаваліся вакол газеты «Наша Ніва».

Screenshot 2025-03-31 at 17.43.06
Screenshot 2025-03-31 at 17.43.16

Іншымі словамі, гаворка не ішла пра складанне планаў і падрыхтоўку новага паўстання, нават і ў аддаленай будучыні.

Таксама варта адзначыць, што ў гэтым аднаўленні грамадзянскай супольнасці роля палітычнай эміграцыі была нязначнай.

Савецкая «перабудова», крах камунізму і распад СССР былі рэвалюцыяй, якая не атрымала сваёй назвы. У Беларусі гэтая рэвалюцыя стала часткай агульнасавецкага, агульнаімперскага працэсу. І была рэдкім выпадкам, калі паўстанне перамагло. Аднак і ў ім палітычная эміграцыя не адыграла ніякай ролі.

Усе колькі-небудзь значныя актары той эпохі, у тым ліку і найбольш значныя – Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазняк, Васіль Быкаў, жылі і нарадзіліся ў СССР, былі дзецьмі савецкай эпохі.

Ці трэба было паўставаць?

Гэтае пытанне ў сувязі з паўстаннем 2020 года задаюць сабе многія. Насамрэч гэтае пытанне актуальнае і ў дачыненні да далёкага мінулага. Вось адказ гісторыка Алега Латышонка на гэтае пытанне ў адносінах да паўстання 1863-1864 гадоў:

«Паўстанне было суцэльнай катастрофай. Яно выкапала вялікі роў паміж католікамі і праваслаўнымі. Яно зруйнавала беларускае школьніцтва, якое было ўжо ўведзенае.

Было страчана два пакаленні, пакуль зноў з’явілася нейкая магчымасць беларускай дзейнасці. Ну, хіба можна сказаць, што ў 80-я гады ХІХ стагодздзя існаваў «Гоман». Але беларускія літаратары, паэты былі вымушаныя заціхнуць або былі высланыя ў Сібір».

Ацэнка Латышонка – не ісціна ў апошняй інстанцыі. Але прынамсі варта звярнуць увагу на некаторыя яго аргументы. Адным з вынікаў таго паўстання стала трактоўка ўладамі беларушчыны як «крамолы», як крыніцы палітычнай пагрозы. Вынікам сталі маштабная вонкавая эміграцыя, сыход многіх ва «ўнутраную эміграцыю», замарозка грамадскіх працэсаў на доўгія гады. І ў гэтым тая і цяперашняя эпохі выглядаюць вельмі падобнымі.

Умова поспеху – крызіс у Расеі

Раней ужо адзначалася, што рэвалюцыя канца 80-х-пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя была адной з нямногіх паспяховых у беларускай гісторыі. І ўяўляецца, што яна была паспяховай таму, што тады яна была паспяховай паўсюль. Падзенне камунізму ў васальных у адносінах да Масквы, але фармальна незалежных краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы таксама было абумоўленае палітычным крызісам у СССР.

Першы дазволены ўладамі мітынг на стадыёне «Дынама», 19 лютага 1989 года. Фота: Радыё Свабода

Але ў гісторыі здаралася па-рознаму. Пачатак 1860-х гадоў у Расейскай імперыі – гэта перыяд рэформ імператара Аляксандра II, уключаючы адмену прыгону. Аднак нават гэтая лібералізаваная, аслабленая паразай у Крымскай вайне Расія мела дастаткова волі і сіл, каб здушыць паўстанне 1863–1864 гадоў на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.

Таксама і ў ХХ стагоддзі: Мікіце Хрушчову ў 1956 годзе хапіла сіл і на «выкрыццё культу асобы Сталіна» на ХХ зʼездзе, і на тое, каб утапіць у крыві паўсталую Венгрыю.

У гэтым сэнсе безумоўна глыбокія ўнутраныя змены ў сучаснай Расеі ствараюць перадумовы для адпаведных зменаў і ў Беларусі. Па меркаванні некаторых гэта – неабходная ўмова, паводле іх думкі без змен у РФ, без яе паслаблення і лібералізацыі, істотныя перамены ў Беларусі папросту немагчымыя. Гэта дыскусійнае пытанне.

Але і пры наяўнасці такіх зменаў у Расеі яны – не дастатковая ўмова. У XIX стагоддзі, нават у эпоху рэформаў, для Беларусі знайшоўся свой Міхаіл Мураўёў.

***

У гісторыі мінулае ніколі не паўтараецца дакладна. Аднак некаторыя заканамерныя асаблівасці паражэнняў беларускіх паўстанняў можна адзначыць. Гэта:

Вялікія часавыя інтэрвалы паміж паўстаннямі.

Рэакцыя пасля паражэнняў паўстанняў прапарцыйная іх размаху.

Працягласць перыядаў рэакцыі значна перавышае працягласць саміх паўстанняў.

Лідары ранейшых паўстанняў не адыгрываюць істотнай ролі ў наступных.

Аднаўленне грамадзянскай супольнасці пасля паражэнняў адбываецца паволі і ў непалітычных формах.

Палітычная эміграцыя не мае значнага ўплыву ў беларускіх паўстаннях.