Мы жывем у часы найвышэйшай нявызначанасці, якая мае шмат аспектаў і ўзроўняў. Патрабуюць перагляду і пераўсталявання прынцыпы мірапарадку. Еўропа, з яе ідэаламі свабоды і дэмакратыі, шукае шляхі для захавання сваёй значнай ролі ў развіцці чалавецтва.

Тое, што адбываецца ў нашым рэгіёне, — вайна, супрацьстаянне аўтарытарызму і імперыялізму, імкненні да нацыянальнага вызвалення, — з’яўляецца часткай гэтага складанага глабальнага кантэксту.

На лакальным узроўні ў беларускай прадэмакратычнай супольнасці ідзе працэс нацыянальнага самавызначэння, актуальнасць якога паўстала пасля 2020 і, яшчэ у больш радыкальнай ступені — пасля 2022. Гэты працэс патрабуе перманентнага асэнсавання, таму што, з аднаго боку, яму ўласцівая ўнутраная палемічнасць, з іншага боку — ад яго залежыць здольнасць беларускай прадэмакратычнай грамадскасці дзейнічаць скаардынавана ў інтарэсах Беларусі.

Бягучая сітуацыя з нацыянальным самавызначэннем у беларускай прадэмакратычнай супольнасці характарызуецца пэўнай кантраверсійнасцю. Яе можна адсачыць, калі прааналізаваць, як розныя актары разумеюць і інтэрпрэтуюць ключавыя канцэпты, праз якія гэтае самавызначэнне адбываецца. У слоўніку дэмсілаў можна пазначыць як мінімум тры такія канцэпты: нацыянальная ідэнтычнасць, дэкаланізацыя, геапалітычны выбар. Наконт кожнага з іх існуюць заўважныя разыходжанні паміж прадстаўнікамі розных палітычных і сацыяльных груп.

1. Нацыянальная ідэнтычнасць

На падставе тэкстаў і выступаў (відэа, падкасты), якія даступныя ў публічнай прасторы, можна адсачыць два трэндавыя падыходы да пытання нацыянальнай ідэнтычнасці.

Першы падыход па сваёй рыторыцы нагадвае пазіцыю этнічнага нацыяналізму. Гэты падыход часткова прадстаўлены ў некаторых дакументах вядучых палітычных інстытуцый дэмсілаў. Акрамя таго, ён прасоўваецца шэрагам вядомых беларускіх культурных дзеячоў і грамадзянскіх актывістаў. Адначасова шмат беларускіх інтэлектуалаў і дзеячоў культуры (у тым ліку беларускамоўных) прытрымліваюцца іншага падыходу. Ён адрозніваецца ад першага менш дагматычным стаўленнем да гістарычных мітаў і нацыябудаўнічых наратываў, а таксама больш гнуткім бачаннем моўнага пытання.

Пазначанае разыходжанне нельга назваць палярызацыяй, бо прадстаўнікі кожнага з падыходаў не ствараюць нейкай гамагеннай групы з фіксаванай пазіцыяй, якую ўсе аднолькава падзяляюць. Але тэндэнцыя кантраверсійнасці прасочваецца добра.

Выглядае на тое, што пакуль яна не выклікае сур’ёзнага дэструктыўнага эфекту ў прадэмакратычнай супольнасці. Аднак пры пэўным развіцці падзей кантраверсія ў разуменні нацыянальнай ідэнтычнасці можа ператварыцца ў ідэалагічны канфлікт.

Тут можна ўзгадаць сітуацыю пачатку 21 стагоддзя, калі даследчыкі фіксавалі дзве галоўныя версіі нацыянальнай ідэнтычнасці ў Беларусі — афіцыйную (неасавецкую) і апазіцыйную («адраджэнскую»), якія стваралі супрацьлеглыя ідэалагічныя палюсы. Пры гэтым існаваў і «трэці шлях», прадстаўнікі якога – Акудовіч, Абушэнка, Бабкоў – бачылі беларускую сітуацыю больш складанай — невытлумачальнай у рамках пазначаных ідэалогій. 

Атрымліваецца, што ў сённяшней прадэмакратычнай супольнасці адбываецца цікавае пераструктураванне. Калі (умоўна) «афіцыйны» дыскурс дэмсілаў пачынае крысталізавацца як дыскурс этнічнага нацыяналізму, у якасці «апазыцыі» прамаўляецца тое, што ў ранейшай канстэляцыі выглядала як «трэці шлях».

2.   Дэкаланізацыя

Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе можна назіраць імклівае развіццё дыскурса дэкаланізацыі ва Украіне, Беларусі ды іншых краінах рэгіёну. Паняцце і практыкі дэкаланізацыі сёння шырока прадстаўленыя ў самых розных асяродках беларускай прадэмакратычнай супольнасці — палітычных, акадэмічных, актывісцкіх і мастацкіх.

Запыт на паняцце «дэкаланізацыя» мае сваім вытокам вострае ўсведамленне неабходнасці супрацьстаяць імперскім (каланіяльным) памкненням расейскай улады да палітычнага і культурнага падпарадкавання Беларусі. Мноства «дэкаланізацыйных» ініцыатываў маюць сваёй мэтай аднавіць палітычную і эпістэмічную агентнасць беларусаў, прасунуць сваё (замест расейскацэнтрычнага) бачанне гістарычнай спадчыны і культурнай спецыфікі беларусаў. То бок распаўсюд дыскурса дэкаланізацыі мае вельмі слушную матывацыю і абумоўлены сапраўднай экзістэнцыйнай пагрозай для беларускай нацыі з боку пуцінскай Расеі — і ў сэнсе дзяржаўнага суверэнітэту, і ў сэнсе «уяўляемай» культурна-гістарычнай супольнасці.

Кантраверсія, якая тычыцца паняцця дэкаланізацыі, палягае ў тым, што трапнасць (адпаведнасць) яго ўжывання датычна Беларусі ёсць спрэчнай. Некрытычны перанос посткаланіяльнай і дэкаланіяльнай прызмы (якая ў класічным выглядзе была распрацаваная для краін «глабальнага поўдня») на Беларусь як былую постсавецкую краіну падаецца не толькі праблематычным з навуковага пункту гледжання, але і контрпрадуктыўным у практычным сэнсе. Сярод прычын, якія замінаюць наўпроставаму пераносу, перш за ўсё трэба адзначыць той факт, што беларусы былі актыўнымі ўдзельнікамі і бенефіцыярамі савецкай мадэрнізацыі (індустрыялізацыі, урбанізацыі, навукова-тэхналагічнага развіцця).

Таму, калі дыскурс дэкаланізацыі «адным сцяжком» звязвае адразу некалькі імперыяў — дарэвалюцыйную расейскую, савецкую і сучасную расейскую, — ён непазбежна сутыкнецца з унутраным супрацівам з боку сталага пакалення беларусаў, якія не змогуць пагадзіцца з тым, што былі «каланізаванымі» у савецкі перыяд сваёй біяграфіі (прынамсі, «каланізаванымі» у тым жа сэнсе, у якім, напрыклад, індыйцы былі каланізаваныя брытанцамі).

3. Геапалітычны выбар

На фоне расейскацэнтрычнай геапалітыкі рэжыму Лукашэнкі прадэмакратычныя беларусы прасоўваюць дзве розныя пазіцыі: пазіцыю нейтральнасці (у больш радыкальнай версіі – «фінляндызацыі») і пазіцыю «еўрапейскага выбару», якая адчыняе перспектыву для будучай інтэграцыі Беларусі ў Еўразвяз. Апошняя была сфармулявана вядучымі палітычнымі інстытуцыямі дэмсілаў пасля паўнамаштабнай расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны ў 2022 годзе. Прадстаўнікі абедзвюх пазіцый робяць акцэнт на пытаннях бяспекі — бяспекі Беларусі ў кантэксце міжнароднай аджэнды стратэгічнага пераасэнсавання сістэмы еўрапейскай бяспекі як такой. 

У пазначаным кантэксце трэба звярнуць увагу на тое, што пытанне ўключэння Беларусі ў еўрапейскую сістэму бяспекі мае добрую перспектыву толькі ў тым выпадку, калі беларусы і ў (геа)культурным сэнсе будуць успрымацца іншымі  еўрапейскімі народамі як нацыя, якая належыць «агульнай еўрапейскай прасторы». Сёння, на жаль, можна назіраць пэўнае разыходжанне геапалітычнай і геакультурнай перспектываў ва ўспрыманні Беларусі: прагматычныя падыходы, прадыктаваныя інтарэсамі забеспячэння бяспекі ў рэгіёне, не падмацоўваюцца пакуль пераканаўчымі пазітыўнымі зменамі ў культурным пераасэнсаванні Беларусі ў еўрапейскіх грамадствах. Пануе інэрцыя разумення Беларусі праз прызму імперскіх — савецкіх і расейскіх — гістарычных наратываў. З гэтага пункту гледжання дыскурс нейтральнасці, так жа як і традыцыя тлумачыць беларускую культуру як памежную («паміж Расеяй і Захадам»), не спрыяюць пераасэнсаванню месца Беларусі ў Еўропе. У больш шырокай гістарычнай перспекціве яны карэлююць з культурнай дэміарыенталізацыяй Усходняй Еўропы, то бок успрыняццем Усходняй Еўропы як «іншай Еўропы», якая цывілізацыйна адрозніваецца ад «аўтэнтычнай» Заходняй Еўропы. Такое разуменне Усходняй Еўропы з’яўляецца ідэалагічным канструктам, які паўстаў у перыяд Асветніцтва і атрымліваў розную інтэрпрэтацыю ў залежнасці ад геапалітычнага кантэксту (напр., у перыяд халоднай вайны, пасля распаду СССР).

Расейскае паўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ў 2022 годзе прывяло да парадыгматычнага перагляду ментальных мапаў еўрапейцаў. Сённяшняе абмеркаванне пытанняў еўрапейскай бяспекі сутнасна звязана з рэканцэптуалізацыяй Еўропы як геапалітычнай і геакультурнай прасторы. Перагляд паняцця Усходняй Еўропы, разам з новым пазыцыяваннем Беларусі ў еўрапескай прасторы ёсць неад’емнымі кампанентамі гэтага працэсу.

Падсумаванне

Акрэсліныя вышэй кантраверсіі нацыянальнага самавызначэння ў беларускай прадэмакратычнай супольнасці ёсць натуральным феноменам палітычнага жыцця.

Бо палітычнае жыццё — гэта не толькі (і нават не першасна) барацьба за ўладу.

Палітыка пачынаецца з вызначэння ідэй і мэтаў, якія могуць аб’ядноўваць і ствараць падмурак для супольных дзеянняў. Адпаведна, палітычная барацьба – гэта барацьба  ідэалогій і палітычных праграм. Пакуль прадстаўнікі дэмсілаў не маюць магчымасці ўдзельнічаць у цывілізаванай канкурэнцыі за ўладу ў Беларусі, ва ўмовах эміграцыі застаецца магчымасць для фармулявання і публічнага абмеркавання розных варыянтаў палітычных праграм. То бок існаванне кантраверсій — не падстава для трывогі. Хвалявацца трэба, калі ў дэмсілаў будзе бракаваць інструментаў і жадання іх адпаведным чынам абмяркоўваць.