Вайна за беларускасць — дзіўная справа. Яна даўно ператварылася ў серыйны выраб медыйных фантомаў, ахвярнай рыторыкі і шумавых эфектаў. Адміністратыўны ідыятызм, занядбаная родная мова, рашучая бездапаможнасць яе абаронцаў, маўклівая абыякавасць ціхай большасці — no news from Belarus. Танчым далей? Амаль нулявы вынік шматгадовага супрацьстаяння лёгка тлумачыць нягегласцю нацыі і цынізмам рэжыму. А можа, штосьці не так з бачаннем мэты? Што нам рабіць з беларускасцю і беларушчынай? Дзе іх межы і маркеры? І як шукаць нашу Міларусь (паводле Вольскага) у наяўным полі выпаленых сэнсаў? Піша Максім Жбанкоў.
I
Пачнём з падставовых рэчаў: як разумець беларускасць і беларушчыну? У публіцыстычным дыскурсе гэта амаль сінонімы. Але на карысць аналітычнай працы ёсць сэнс іх развесці. Скажам, такім чынам: беларускасць — стан свядомасці і мадэль ідэнтычнасці. Прадукт крэатыўнай працы і (умоўна) завершаны дызайн-праект. Беларушчына — ягоны рэсурс: тэксты, падзеі, практыкі. Архіў і традыцыя, грамадскі актывізм і адукацыя, інтэрвенцыі ды калабарацыі, маркеры сучаснасці, праектныя пошукі. Тады беларускаць жыве як розныя версіі зборкі зместу — дыялектаў беларушчыны.
Можна інакш: беларускасць — формы жыцця беларушчыны. Яе захаванне, адбудова, трансляцыя і засваенне ў розных (залежна ад агульнай сітуацыі і асабістых прэферэнцыяў) версіях і рэгістрах. Хронікі ментальных (з)рухаў.
Такім чынам, беларушчына — рэсурс самавызначэння. Беларускасць — сума гэтых высілкаў. Адначасова — выхад па-за межы шумавога кантэксту і яго змястоўнае прыстасаванне да сябе. Рэгулярны апгрэйд прыватнага досведу насуперак мабілізацыйным гістэрыкам і стратэгічным планіроўшчыкам.

II
Дзіўна, але беларушчыне часцяком замінае беларускасць — у яе дагматычна-пафасна-аўтарытарным выкананні. Гэтая версія любові да радзімы рушыць як марш апантаных. Шануе культуру крыўдаў. Гадуе камісарскі кураж напалам з міфацэнтрычным трызненнем. І спалучае савецкае іншадумства з піянерскай верай у перавыхаванне «няправільных» суайчыннікаў.
Нацыянал-рамантызм не лепшы і не горшы за ўсе іншыя фантазіі. І, як усе яны, не мае шанцаў перамагчы. Бо па-за марамі існуе спантанная штодзённасць нізавой беларускасці. Супярэчлівая. Нелінейная. Шматмоўная і полікультурная. Нізавы белкульт адмяніць немагчыма. Ён жыве не ідэямі, а пачуццямі. І ўсё перакладае на сваю адмысловую мову — мову сітуацыйнага дзеяння, якую не знайсці ў падручніках ды метадычках.
Нашая адметнасць — рэч натуральная і непадробная. Менавіта таму яе нельга накіраваць ды ўзначаліць. Гэта інтуітыўны стан свядомасці. Ён жыве, а не агучваецца. Таму выглядае нябачным. І робіцца важкім адно ў кароткія моманты выбару лёсу — калі здыхае эпоха і вар’яцеюць капітаны нашых касмалётаў.
З намі ўсімі адбылася Беларусь. Таму наша руская мова — гэта не ваш рускій язык. Не верыце? Чытайце Дзмітрыя Строцава, Таццяну Заміроўскую ці Сабіну Брыло. І не прыходзьце сюды з «рускім мірам». У нас тут свае рэміксы. Як казаў Маршал Маклюэн, што б ні паказваў тэлевізар — калі яго глядзіць кітаец, гэта будзе кітайскае ТБ.
Беларускасць насамрэч — не праграма перазагрузкі несвядомых, а мазаічнае існаванне транзітнай памежнай нацыі. Прыхаваная ідэнтычнасць на скразняках эпохі. Невідавочнае відавочнае.
Мы дзесьці зайчыкі. Мы як бы коцікі. І самураі па локаць у расе.
III
Беларускасць — не прадукт, а працэс. Практыкаванні ў незалежнасці, праблемнасці ды спрэчнасці. Гэта будоўля з бягучай ратацыяй кадраў, дзе перманентна хтосьці лажае, стабільна не хапае цвікоў, майстры не выходзяць з астралу, а зверху перыядычна нехта шпурляе цаглінамі.
Сэнс не ў тым, каб дачакацца адэкватных забудоўшчыкаў. А ў тым, каб зразумець, што гастарбайтары не ратуюць. І не зробяць нам нацыі. Застаецца жыць сваё. Такім, як ёсць. Бліскуча шматзначным. Нязручным і недарэчным. Прыўкрасна безнадзейным. Шурпатым і нязломным. Часам катастрафічным. Часам геніяльным.
Беларускасць — абдрукоўка ў чужых фаліянтах. Адвечны канфлікт інтарэсаў і посткаланіяльны вандроўны цыркус. Радзіма герояў і парад прыстасаванцаў. «Лясныя браты» ў залі паседжанняў Савета рэспублікі.
Мова — не ўсё. Пашпарт — не ўсё. Традыцыя — якая? Памяць — у чыім выкананні? Грамадзянская версія нацыі — культура шматгалосся і неадназначнасці. Яна па вызначэнні несумяшчальная з кананічна-манатоннай мадэллю “закрытай” нацыянальнай свядомасці. Адсюль вынікае, што “правільнай” беларускасці не існуе. Зрэшты, і “няправільнай” — таксама. Ёсць практыкі беларускасці. Набор самавызначэнняў у праблемным асяроддзі. Больш-менш беларускамоўных. Адносна паслядоўных. Умоўна асэнсаваных. Можна быць беларусам і гэтага не разумець.
Беларускасць — адкрыты праект. Ён харчуецца ўсім, што дасяжна нашаму зроку — ад відавочнага да экзатычнага. “РСП” і “Крамбамбуля”, японскія коміксы, украінскі попс, расейская публіцыстыка, амерыканскі псіхадэл, усходні дзэн, скандынаўскі дызайн. Высокае, нізкае, пасрэднае. Усё, што здолее знайсці і засвоіць беларус.

Моц памежнай нацыі — не ў этнацэнтрычным абмежаванні, а ў пашырэнні колькасці знешніх вектараў руху і культурных кантактаў. Ратаванне ад імперскай расейшчыны — не альтэрнатыўная манаполія, а лапікавая ідэнтычнасць. Нам патрэбна не згуртаванасць, а раз’яднанне. Культура цывілізаванага суіснавання разнастайных форм асабістага выбару. Што вырабляем? Істотна невызначальнае. Экзістэнцыяльную партызанку незавершанага шчасця.
IV
Можна пазначыць тры вымярэння беларускасці: памяць/штодзённасць/перспектывы. Разам яны працуюць як тры складнікі самаразумення з пераменным адсоткам кожнага кампанента ў розных версіях зборкі. Адпаведна выбару прыярытэтаў маем тры базавыя канцэптуальныя міксы і іх носьбітаў: рэтра-настальжы-рэканструкты (практыканты/рэаніматары ў дыяпазоне ад паганства да савецкасці), дызайн наяўнага (прагматыкі/інсайдары гарызантальнага руху), умоўная “imaginary architecture” (візіянеры/праектанты ментальных гарызонтаў).
Першыя выдумляюць традыцыю. Другія — харэаграфію штодзённасці. Трэція — сняць будучыню і гадуюць праекты немагчымага. Аднак мінулае невідавочна. Будучыні няма. Застаецца наяўнае. Самаробнае кіно паміж архівам і праектам. Інтуітыўны варушняк большасці.
Большасць не складае маніфестаў. Большасць не шукае імёнаў ды сэнсаў. Яна папросту ідзе скрозь лёс. Ладзіць свой прыватны перформанс. Сваю фрагментарную рэчаіснасць у прысутнай адсутнасці адназначных правадыроў ды камісараў. Большасць жыве беларускасць, пакуль разумнікі яе тлумачаць.
Нявызначанасць беларускай ідэі насамрэч не мінус, а плюс. Дзякуючы нашай невідавочнасці магчыма ўсё, да чаго дацягнуцца беларусы: у дыяпазоне ад штучнага інтэлекту да азіяцкай дэспатыі. Тут няма цэнтру і няма ўскраін. Кожны сам сабе культурная суполка. Сам сабе народны альбом. Альбо куля ў патыліцу.
Таму нельга вызначыць “больш / менш беларускае”. Бо не існуе ўзорнай беларускасці. Яна як дао памежнай нацыі: па вызначэнні — сістэма адхіленняў ды хістанняў. «Незавершаны лад…» (Анемпадыстаў). Work in motion. Акей, хай так і будзе. Пакіньце мне маю партызанку.

V
У краіне беларускасць належыць беларусам па праву паходжання — нават калі яны гэтага не бачаць і не разумеюць. А вось для замежніка (Мулявін) ці эмігранта (альбо беларуса за мяжой) — гэта ўжо свядомы выбар, засваенне пэўнага патэрну. Уваход праз беларушчыну.
Адсюль два ўзроўні беларускасці: інтуітыўны і канцэптуальны. Патаемнае і публічнае. Першы здараецца. Другі вырабляецца. Cітуацыйны джаз vs. ментальныя канструкты.
Ці могуць яны адбыцца адзін без аднаго? Анягож. З большага так усё і ідзе. Спікерам замінае ландшафт. Ландшафт не цікавяць спікеры. А мятлушкам усё адно. Бо яны ж мятлушкі.
VI
Ці можна адбудаваць сваю беларускасць, калі ніхто цябе сістэмна не вучыць беларушчыне? Напэўна, так. Бо ў валізках мабільнай нацыі маем рэсурс самавызначэння: тэксты, асобы, падзеі і ўзоры. Акудовіч, Прылуцкі, Мартысевіч, Кузьміч, Камоцкая, Вежнавец. Пушкін і Ашурак. Вайна і Акрэсціна. Нацыю гадуюць чытанка, сям’я і вуліца, асабісты густ і шыза рэжыму, сябрукі і панты, грамадскі актывізм, натуральнае асяроддзе ды культурны кантэкст. Беларускасць ёсць не ментальным імплантам, а станам свядомасці і культурным выбарам.

Геалакацыя робіцца ўмоўнай. Этнічная прыналежнасць — складанай. Нацыя жыве на розных хуткасцях, у розных кірунках, мовах, краінах ды эпохах.
Што з гэтага вынікае? Беларусі (як канону) няма. Ёсць — Беларусі. Тэма з варыяцыямі. Красовер памежжа — ад Анемпадыстава да Азаронка. Беларушчына (як поле сэнсаў) адна. А вось беларускасцяў (як мадэляў ідэнтычнасці) — шмат. Беларусы Брукліна тут нічым не горшыя за беларусаў Гарадзеншчыны. І наадварот.
Дык што рабіць? Вучыцца вольнаму руху праз дагледжаныя культурныя палі суседзяў. Вырабляць канцэпты і ідэі. Ракенрол, інтэлектуалізм, артхаўз, бульварную літаратуру. Рабіць белкульт. Не баяцца быць спрэчным. І не чакаць цудаў.
Наш хісткі стан — не адхіленне, а норма. Няправільная норма няправільных часоў. Эпохай трэба перахварэць. Каб атрымаць у выніку новыя формы руху — і новыя вымярэнні беларускасці. Каму “Махабхарата”, каму касяк на гаўбцы, каму канец дыктатуры.