Калі мы пачыналі абмяркоўваць гэты праект восенню 2020-га, то яго ідэя палягала ў выпрацоўцы і абмеркаванні пакета рэформ для новай Беларусі. Мы хацелі стварыць вобраз больш паспяховай Беларусі, але з часам гэта місія станавілася ўсё больш адарванай ад рэальнасці — на фоне таго, як аддалялася сама новая Беларусь.  

Сёння мы аказаліся ў часе паміж унутранымі крызісамі. Той, які пачаўся ў 2020 годзе, скончыўся, але ягоныя наступствы з намі і, хутчэй за ўсё, застануцца нават калі прыйдзе час наступнага палітычнага крызісу — ці акна магчымасцяў —  залежыць ад абранай вамі тэрміналогіі. 

Абрысы ж наступнага крызісу ўлады ў Беларусі праглядаюцца. Ён будзе звязаны з магчымай геапалітычнай трансфармацыяй рэгіёну і непазбежнай зменай кіраўнікоў Беларусі і Расіі. 

Вялікі выклік для нас заключаецца ў тым, што ў прамежку паміж нашымі палітычнымі крызісамі адбываецца змена эпох. Фундаметальна змяніліся Захад, Расія і нашы стасункі з імі. Істотна змянілася і Беларусь. Магчыма, змены настолькі вялікія, што дэмакратызацыя Беларусі стала малаімавернай. Пра гэта пішуць Дзмітры Крук і Рыгор Астапеня ў артыкуле, з якога мы пачынаем перазапуск нашага сайта. 

Місія абноўленага “Банка Ідэй” — дапамагчы лідарам і звычайным людзям, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці, зразумець, якім чынам мы можам адаптавацца да палітыкі новай эпохі і выкарыстаць наступнае акно магчымасцяў на карысць Беларусі. Гэта мы плануем ажыццявіць праз дыялог як мага больш шырокага кола беларускіх і замежных інтэлектуалаў. 

Раней “Банк Ідэй” факусаваўся на “Праектах” — праектах рэформаў найважнейшых сфераў. Цяпер не менш увагі мы будзем надаваць карацейшым тэкстам — “Меркаванням”, якія, нягледзячы на іх большую суб’ектыўнасць, будуць і надалей кіравацца розумам. Тэксты будуць выходзіць на беларускай альбо рускай мовах і, пры неабходнасці, перакладацца на англійскую. 

Калі ў вас ёсць жаданне напісаць “Меркаванне” для нашага сайту, калі ласка, запоўніце форму.  Чальцы нашай каманды з вамі звяжуцца.

Ад усіх аўтараў, якія звяртаюцца самі або да якіх звяртаемся мы, мы чакаем аднаго і таго ж: не проста падсумоўваць тое, што адбывалася або адбываецца, а аналізаваць, што гэта азначае на думку аўтара.

Нягледзячы на тое, што мы засяроджваем увагу на прыняцці новай рэчаіснасці і падрыхтоўцы да новых магчымасцяў, гэта зусім не значыць, што мы займаемся напісаннем палітычных метадычак на 2030 год. Нас цікавяць і сацыяльныя пытанні, і змены ў глабальнай эканоміцы, і іншыя важныя аспекты. Галоўнае — каб развагі на гэтыя тэмы былі накіраваны на будучыню і спрыялі пазітыўным зменам.