Рэжым Лукашэнкі спрабуе манеўраваць паміж транзакцыянізмам Трампа, для якога сама здзелка можа быць важнейшай за яе змест, і рэсентыментам Крамля, які прагне статусу Захаду, а саступкі ўспрымае як слабасць і запрашэнне да эскалацыі. Праз кантакты з Вашынгтонам Мінск разлічвае аслабіць заходні ціск і прадэманстраваць самастойнасць. Аднак межы гэтай самастойнасці вызначае найперш Масква: чым больш Крэмль схіляецца да канфрантацыі з Захадам, тым менш прасторы застаецца для беларускай гульні.
Перад тым як перайсці да тэмы Беларусі, варта сказаць некалькі слоў пра разлікі ЗША і Расіі.
Трамп абяцаў хутка скончыць вайну ва Украіне і выйсці з перамоваў, калі яны не дадуць выніку, скараціў дапамогу Кіеву і прапанаваў Маскве саступкі. Аднак Расія працягвае ваяваць, а Вашынгтон — шукаць дамоўленасці. Такая настойлівасць сведчыць, што амерыканскія мэты выходзяць за межы спынення вайны.
Вашынгтон разлічвае перацягнуць Расію на свой бок ці прынамсі забяспечыць яе нейтралітэт у супрацьстаянні з Кітаем. Пра гэта адкрыта казалі два былыя кіраўнікі апарату Рады нацыянальнай бяспекі ЗША пры Трампе. Падобную палітыку Трамп праводзіў і падчас першага тэрміну, спалучаючы спробы зблізіцца з Масквой з жорсткім курсам у дачыненні да Пекіна.
Масква ахвотна падсілкоўвае гэтыя чаканні. Паводле дзвюх крыніц, блізкіх да перамоваў па Украіне, расійскі спецпрадстаўнік Кірыл Дзмітрыеў прыватна паведамляў амерыканскім перамоўшчыкам, што Расіі цяжка давяраць Кітаю і яна аддае перавагу даваеннаму супрацоўніцтву з ЗША.
Але магчымасці такога развароту абмежаваныя: Расіі няма кім замяніць Кітай. Тавараабарот паміж краінамі вырас са $147 млрд у 2021 годзе да $228 млрд у 2025-м — супраць $4,4 млрд паміж Расіяй і ЗША. Прамысловая, фінансавая і тэхналагічная падтрымка Пекіна крытычна важная для расійскай эканомікі і вайсковай машыны, што робіць Расію малодшым партнёрам Кітая з абмежаванымі альтэрнатывамі.
Хоць Крэмль публічна называе гэтыя адносіны раўнапраўнымі, залежнасць ад Пекіна ён лічыць прымальнай, пакуль яна дазваляе захоўваць унутраны лад і супрацьстаяць Захаду. Гэтую логіку ілюструюць словы Пуціна пра мангола-татарскае іга: ардынцы дзейнічалі жорстка, але, у адрозненне ад заходніх заваёўнікаў, не замахваліся на мову, традыцыі і культуру.
Таму, падыгрываючы Трампу, Масква імкнецца аслабіць амерыканскі ціск, выйграць час для знясілення Украіны і паглыбіць супярэчнасці паміж ЗША і Еўропай. Глеба для гэтага ўжо ёсць: еўрапейцы ўзялі на сябе большую частку цяжару падтрымкі Кіева і адначасова сутыкнуліся з ціскам Вашынгтона ў гандлі, рэгуляванні і пытаннях суверэнітэту. Напружанне ўзмацняе і перспектыва дамоўленасцяў ЗША з Расіяй у абыход Украіны і саюзнікаў. На гэтым фоне ў Еўропе расце папулярнасць пераважна правых папулісцкіх сіл, частка якіх выступае супраць канфрантацыі з Масквой і захавання цяперашняга ўзроўню падтрымкі Кіева.
Аднак нават пры такіх спрыяльных для Масквы тэндэнцыях час працуе і супраць Крамля.
Павуціна абмежаванняў
Крэмль доўгі час ператвараў страты ў палітычны капітал: Пуцін называе санкцыі каталізатарам пазітыўных змен у эканоміцы, а дзяржмедыя тлумачаць няўдачы на фронце супрацьстаяннем усяму НАТА. Аднак такі рэсентымент прывёў Крэмль да аб’ектыўных абмежаванняў, якія ўзмацняюць адно аднаго і робяць змену курсу ўсё больш дарагой. Даследаванне Стэнфардскага форуму ЗША–Расія (SURF), адным з аўтараў якога з’яўляецца аўтар калонкі, вылучае чатыры такія абмежаванні.
- “Смерцяноміка” — спалучэнне ваеннай эканомікі і сацыяльнага кантролю. Абарона і бяспека паглынаюць амаль 40% федэральнага бюджэту, а ВПК застаецца апошнім значным рухавіком эканомікі, рост якой у 2025 годзе запаволіўся прыкладна да 1%. Высокія выплаты робяць кантрактную службу найбольш выгадным, а часта безальтэрнатыўным выбарам для многіх мужчын. Разам з электронным рэестрам ваеннаабавязаных, звязаным з усімі асноўнымі дзяржаўнымі базамі даных, гэта дазваляе папаўняць страты без абвяшчэння ваеннага становішча і парушэння стабільнасці ў палітычных цэнтрах краіны — перш за ўсё ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Спыненне вайны падарвала б гэтую сістэму, а вяртанне больш як 700 тысяч вайскоўцаў (паводле самога Пуціна) з рэзкім падзеннем даходаў стварыла б рызыку найбуйнейшай з 1990-х хвалі гвалту і злачыннасці.
- Залежнасць ад Кітая, праз які праходзіць каля 90% імпарту санкцыйных тэхналогій для расійскага ВПК. Пекін падтрымлівае ваенную эканоміку Расіі не з саюзніцкай салідарнасці, а з прагматычнага разліку. Вайна ўзмацняе ўплыў Кітая на Маскву, пашырае ягоны ўплыў у Цэнтральнай Азіі ў абыход Масквы і адцягвае рэсурсы ЗША ад Ціхаакіянскага рэгіёна і Тайваня, дзе ў Пекіна ёсць уласныя прэтэнзіі, звязаныя і з гістарычнымі рахункамі з Захадам. Таму Кітаю больш выгадная Расія, якая ваюе, хоць ядзерную эскалацыю з яе боку ён, як і Захад, спрабуе стрымліваць. Крэмль жа не можа адкрыта прызнаць залежнасць, не падарваўшы вобраз вялікай дзяржавы.
- Радыкальна настроеныя праваенныя грамадзяне Расіі. Яны падзяляюць антызаходнія мэты Крамля, але абвінавачваюць яго ў карупцыі, хлусні і нерашучасці. Такая крытыка стварае для Крамля больш рызык, чым ліберальная: яе нельга адкінуць як “замежны ўплыў”, бо яна гучыць з пазіцый афіцыйнага курсу. Мір без перамогі гэтыя людзі могуць успрыняць як здраду. Рэпрэсіі ж супраць іх здольныя пацвердзіць іх правату ў вачах шырэйшых праваенных слаёў і аслабіць баяздольныя фарміраванні. Мяцеж Прыгожына паказаў непрадказальнасць такога канфлікту.
- Імкненне Пуціна захаваць уласнае жыццё. Крэмль фактычна звязаны з воляй аднаго чалавека, які параўноўваў сябе з Пятром I і ўкладае значныя рэсурсы ў бяспеку і падаўжэнне жыцця. Такая асцярожнасць можа часова стрымліваць асобныя формы эскалацыі, але мір, успрыняты як параза, таксама пагражае ягонай уладзе. Пры гэтым яго замена небяспечная і для эліт: вакуумам улады могуць скарыстацца праваенныя радыкалы.
Разам гэтыя абмежаванні могуць ствараць для Крамля пастку. З аднаго боку, спыненне вайны без перамогі можа пагражаць хуткай дэстабілізацыяй, і гэтага наўрад ці зменіць нават згода Украіны аддаць увесь Данбас: незалежная празаходняя Украіна ў логіцы Крамля, хутчэй за ўсё, застаецца паразай. Мір таксама дазволіў бы Еўропе перанакіраваць частку рэсурсаў з падтрымкі Украіны на паскарэнне ўласнага ўзбраення. З другога боку, працяг вайны адкладае ўнутраныя ўзрушэнні, але паглыбляе іх прычыны і робіць магчымую дэстабілізацыю яшчэ больш маштабнай.
Большасць магчымых выхадаў з гэтай павуціны абмежаванняў — ад замарозкі вайны да ядзернага ўдару па Украіне, разрыву з Кітаем ці замены Пуціна — у значнай ступені блакуюцца тымі ж абмежаваннямі.
Акно магчымасцяў Масквы
Найбольш выгадным для Крамля выхадам быў бы параліч украінскай улады, які прывёў бы да капітуляцыі і прарасійскага кіравання. Аднак гэта малаверагодна, пакуль захоўваецца знешняя дапамога, большую частку якой забяспечвае Еўропа. Нават знішчэнне ўкраінскага кіраўніцтва хутчэй кансалідавала б супраціў і саюзнікаў Кіева. Таму для Масквы важней пазбавіць Украіну еўрапейскага фінансавання.
Прыход да ўлады ў Еўропе сіл, гатовых скараціць падтрымку Кіева, мог бы дапамагчы, але гэта павольны шлях. Тым часам Еўропа ўзбройваецца, а ўкраінскія вайсковыя магчымасці ўдасканальваюцца. Гібрыдныя атакі гэтых працэсаў не спынілі, хоць пасля амерыканскіх выбараў у лістападзе 2024 года іх колькасць супраць краін НАТА вырасла больш чым удвая.
У гэтых умовах Крэмль можа паспрабаваць як мінімум прымусіць еўрапейцаў тэрмінова перанакіраваць рэсурсы з Украіны на ўласную абарону, пакуль вайна яшчэ ідзе, і тым самым яшчэ больш аслабіць Кіеў, а як максімум — падарваць іх адзінства. Інструментам можа стаць абмежаваная неядзерная аперацыя супраць адной ці некалькіх краін НАТА, найперш у Балтыйскім рэгіёне, без абавязковага перакідання войскаў з украінскага фронту. Пра рызыку такой аперацыі ў бліжэйшай перспектыве папярэджваюць заходнія разведкі, а краіны ўсходняга флангу ўжо рыхтуюцца да яе.
Масква магла б разлічваць, што такая аперацыя прадэманструе ненадзейнасць калектыўных гарантый бяспекі ў НАТА — як амерыканскіх, так і ўнутрыеўрапейскіх, — а таксама няздольнасць Еўропы абараніцца. Страх і спрэчкі пра адказ паглыбілі б раскол у ЕС і НАТА і ўзмацнілі б еўраскептычныя і прарасійскія сілы. Адначасова Крэмль атрымаў бы “перамогу” для ўласных праваенных радыкалаў, верагодна, без прамога супраціву Пекіна.
Раней такую рызыку мог стрымліваць у тым ліку страх Пуціна і Крамля за ўласнае выжыванне. Але захаванне статус-кво таксама робіцца небяспечным: лёс Мадура і Хаменеі паказаў, што адміністрацыя Трампа, нягледзячы на рызыкі і абмежаванні міжнароднага права, не мае бязмежнага цярпення, калі здзелкі не даюць выніку. Да таго ж крызіс даверу на Захадзе і назапашванне ўнутраных праблем у Расіі могуць зніжаць у вачах Крамля кошт спробы выпрабаваць НАТА.
Большасць заходніх прагнозаў адносіць магчымую аперацыю да 2027–2030 гадоў, пасля спынення баёў ва Украіне. Аднак спрыяльныя для яе ўмовы найбольш выяўленыя менавіта цяпер: Кіеў не атрымлівае бязвыплатных паставак зброі ад ЗША і залежыць ад еўрапейскага фінансавання, Еўропа яшчэ недастаткова падрыхтаваная да сучаснай вайны з масавымі атакамі танных беспілотнікаў, а саюзнікі сумняваюцца ў калектыўнай абароне. Акрамя таго, Вашынгтон заняты прамежкавымі выбарамі ў Кангрэс і вайной з Іранам. У верасні ЗША папярэдзілі саюзнікаў у Еўропе і Азіі, што праз вычарпанне запасаў пастаўкі абяцанага ўзбраення могуць затрымацца да пяці гадоў.
Гэта не азначае непазбежнага нападу, але дае падставы лічыць бліжэйшыя месяцы асабліва спрыяльным для Крамля перыядам, каб паспрабаваць выйсці з пасткі.
Акно магчымасцяў Мінска
У магчымай аперацыі ў Балтыйскім рэгіёне беларуская тэрыторыя стане для Масквы ключавым рэсурсам: яна ахоплівае Літву з поўдня, а без яе перакрыццё Сувалкскага калідора паміж Беларуссю і Калінінградам амаль немагчымае. Нават пры ўдары па іншых краінах Балтыі Масква наўрад ці адмовіцца ад беларускай тэрыторыі — для авіяцыі, беспілотнікаў, выведкі і лагістыкі. Згода Лукашэнкі наўрад ці будзе вырашальнай.
У гэтым кантэксце варта разглядаць і перамовы Мінска з Вашынгтонам. У сакавіку беларускія ўлады вызвалілі 250 палітвязняў, а пасля перамоваў са спецпасланнікам Трампа Джонам Коўлам 15–16 верасня — толькі 25, хоць, паводле крыніц, рыхтавалі каля 200. Коўл выказаў надзею, што падчас наступнага візіту, прыкладна праз месяц, на волю выйдуць “сотні”.
Сціплы вынік можа тлумачыцца цяжкасцямі ў гандлі за зняццё санкцый: транзіт калійных угнаенняў праз Літву, якога найперш дамагаецца Мінск, залежыць ад Вільні і ЕС, а не ад ЗША. Пры гэтым магчымае і іншае тлумачэнне. Для Мінска дыялог з Вашынгтонам, верагодна, важны і як спосаб пазбегнуць глыбейшага ўцягвання ў расійскую вайну. Але калі Масква ператварае беларускую тэрыторыю ў плацдарм для эскалацыі, а ЗША не могуць ці не хочуць гэтаму перашкодзіць, амерыканскі трэк як своеасаблівая гарантыя бяспекі можа губляць для Лукашэнкі сэнс. Адпаведна, можа зніжацца і гатоўнасць вызваляць палітвязняў за абмежаваныя эканамічныя саступкі.
Пакуль Масква сама падыгрывае Трампу, дыялог Мінска з Вашынгтонам упісваецца ў яе стратэгію. Новая эскалацыя можа хутка гэта змяніць: выкарыстанне Беларусі для нападу на НАТА зробіць працяг перамоваў і зняцце санкцый цяжкаўявальнымі. Нават нарошчванне расійскіх войскаў ці сур’ёзныя памежныя інцыдэнты могуць зрабіць саступкі Мінску палітычна занадта дарагімі.
Такім чынам, акно Мінска можа зачыняцца тым хутчэй, чым шырэй адкрываецца акно Масквы. Наступны раўнд перамоваў прыпадае на патэнцыйна спрыяльны для расійскай эскалацыі перыяд. Таму і вызваленні палітвязняў паводле цяперашняй схемы, і сам дыялог могуць спыніцца ўжо да канца года. Вызначаць гэта будуць хутчэй у Маскве, чым у Мінску ці Вашынгтоне.

