Журналістка Вольга Лойка абмяркоўвае з медыяэкспертам, кандыдатам навук, былым дацэнтам факультэта журналістыкі БДУ Дзмітрыем Нікановічам асноўныя выклікі і магчымасці, якія будуць стаяць перад беларускімі медыя ў бліжэйшыя гады, магчымасці і рызыкі для СМІ ў краіне і ў экзайле.

Гэта скарочаная тэкставая версія выпуску «Беларусь-2030» — сумеснай праграмы Банка Ідэй і Еўрарадыё. Поўную версію глядзіце ніжэй.

Новыя выклікі для медыя і выжыванне супольнасці

Вольга Лойка: Асноўныя выклікі і магчымасці, якія стаяць перад беларускімі медыя, перспектывы і рызыкі для СМІ ў краіне і ў экзайле абмяркоўваюцца ў рамках супольнага праекта «Еўрарадыё» і Банка ідэй «Беларусь 2030». Раней самымі вялікімі выклікамі нам здаваліся сацыяльныя сеткі і блогеры. Сёння ж перад журналістамі стаяць фэйкавыя навіны, праблемы з алгарытмамі, блакаванні і статусы «экстрэмістаў»  ды «тэрарыстаў». Ці здолеем мы ў гарызонце да 2030 года захавацца як супольнасць беларускіх журналістаў?

Дзмітрый Нікановіч: Я згадваю яшчэ больш «траваедныя» часы, калі праблемамі лічыліся савецкія загалоўкі, пераход у лічбавую прастору і тое, ці не пішуць раённыя газеты толькі для старшыні райвыканкама і мясцовага ідэолага. Сёння незалежная журналістыка ўнутры Беларусі фактычна знішчана, а грамадска-палітычнай тэматыкай уразрэз з афіцыйнай лініяй займацца немагчыма. Рэдакцыі знаходзяцца за мяжой.

Канешне, мы выжывем, але галоўнае пытанне — у якой якасці, з якой інфраструктурай і ў якой медыясістэме. Пытанне ў тым, ці здольныя мы ў спартанскіх умовах захаваць сувязь з аўдыторыяй у Беларусі.

Вольга Лойка: Нават калі выжыванне застаецца адзіным матывам, усё адно трэба выжыць. У Беларусі застаюцца гарадскія навіны і побытавыя канфлікты, але ад гэтага да нармальнай журналістыкі ўсё яшчэ даволі далёка.


Які журфак патрэбны «здароваму чалавеку»?

Вольга Лойка: Як мусіць выглядаць журфак «здаровага чалавека» у сярэднетэрміновай перспектыве?

Дзмітрый Нікановіч: Я не прыхільнік думкі, што ў новай дэмакратычнай Беларусі журфак увогуле не патрэбны. У большасці еўрапейскіх краін існуе журналісцкая адукацыя — у выглядзе асобных факультэтаў ці медыямодуляў. Але сама па сабе адукацыя не зменіцца, пакуль не зменіцца медыясістэма, бо раней існавала жорсткая залежнасць журфака ад Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства інфармацыі і дзяржаўных холдынгаў.

Журфак здаровага чалавека — гэта факультэт з акадэмічнай аўтаноміяй, заснаваны на даследаваннях, вывучэнні права, эканомікі, штучнага інтэлекту і лічбавых тэхналогій.

Раней мы рыхтавалі журналіста для рэдакцыйнай установы — «перадавіка вытворчасці» для раёнкі. Цяпер і ў будучыні трэба рыхтаваць не чалавека для рэдакцыі, а чалавека, здольнага стварыць уласную рэдакцыю. Логіка медыяменеджменту мусіць быць у фундаменце.

Вольга Лойка: Раней на журфаку студэнтаў вучылі вярстаць папяровыя газеты, але выпускнікі часта не маглі апрацаваць звычайную прэс-канферэнцыю ці сфармуляваць асноўныя думкі.

Дзмітрый Нікановіч: Хоць журфак дае базавую медыяпісьменнасць, глыбокая спецыялізацыя (напрыклад, у эканоміцы) мусіць з’яўляцца на старэйшых курсах альбо ў магістратуры. Чатыры гады вывучаць толькі вёрстку газет — гэта здзек.


Пратэст, кавід і адмова ад кар’еры ў БДУ

Вольга Лойка: У які момант ты знайшоў сябе эмігрантам, маючы абароненую дысертацыю, пасаду дацэнта і зразумелую графіку кар’еры да пенсіі?

Дзмітрый Нікановіч: Напрыканцы 2019 года ВАК зацвердзіў маю навуковую ступень кандыдата навук. У 2020 годзе ўнутраны пратэст пачаўся яшчэ падчас пандэміі праз кавід-дысідэнцтва ўладаў. Калі я прыходзіў на факультэт у масцы, а на мяне глядзелі з падазрэннем і намякалі, што я сею паніку і іду ўразрэз з дзяржаўнай палітыкай, гэта прымусіла зрабіць высновы.

Пасля былі фальсіфікацыя выбараў, беспрэцэдэнтны гвалт, відэазвароты выкладчыкаў і падпісанне адкрытых лістоў. Калі кола пачало сціскацца, а калегаў пачалі арыштоўваць, я свядома пайшоў на звальненне і з’ехаў у Польшчу.

Вольга Лойка: Журналістыка заўсёды суправаджаецца кампрамісамі. Але ці не карысней заставацца і вучыць студэнтаў чамусьці прыстойнаму?

Дзмітрый Нікановіч: Застацца на журфаку ў цяперашніх умовах — гэта не адзін кампраміс, а тысячы саступак сумленнем. Сёння ты прамаўчыш, калі ў суседняй аўдыторыі лекцыю чытае Азаронак ці Мукавозчык, а заўтра даведаешся, што тваё прозвішча ўпісанае ў пратакол аб адкрыцці філіяла дзяржаўнай газеты.

Няма магчымасці вучыць журналістыцы як прафесіі ў краіне, дзе з экранаў абвяшчаюць: «Няма ніякай журналістыкі, ёсць толькі салдаты інфармацыйнай вайны».


Ці варта ісці на журфак БДУ сёння?

Вольга Лойка: Што рабіць студэнту ў Беларусі, які бачыць сябе ў гэтай прафесіі?

Дзмітрый Нікановіч: Ад самай прафесіі я б не адгаворваў, але ад журфака БДУ буду адгаворваць. Там няма што рабіць, залежнасць ад сістэмы і расійскага кантэксту вельмі моцная. Раней былі магчымасці манеўру і замежныя стажыроўкі, але цяпер гэта заблакавана.

Тым, хто хоча працаваць у беларускай журналістыцы, варта ўжо зараз вывучаць мовы, набываць лічбавыя навыкі і разглядаць навучанне ў еўрапейскіх ВНУ.

Вольга Лойка: Многія кажуць, што разумныя студэнты розумам разумеюць межы і прапаганда ў іх не пранікае. Наколькі рэальна абараніць сябе ад прапаганды?

Дзмітрый Нікановіч: Ментальна бар’еры паставіць можна, але інстытуцыйна сістэма заціскае: набор суцэльна бюджэтны, а размеркаванне — толькі ў дзяржаўныя рэдакцыі. Вырвацца з гэтай сістэмы вельмі складана.


Незалежныя медыя ў экзайле: рэсурсы і міфы пра гранты

Вольга Лойка: Сёння фактычна існуюць дзве беларускія журналістыкі — у краіне і ў экзайле. Многія сцвярджаюць, што якасць упала, а медыя за мяжой «заліваюць грашыма».

Дзмітрый Нікановіч: Фінансавая перавага і доступ да рэкламнага рынку застаюцца на баку дзяржаўнай медыясістэмы ў Беларусі. У незалежных медыя за мяжой перавага ў творчым інтэлектуальным рэсурсе і свабодзе.

Крытыкаваць якасць ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў несправядліва. На незалежныя медыя ў экзайле ўскладзены касмічныя задачы: захаванне мовы, нацыянальнай памяці, фактчэкінг, расследаванні і падтрыманне мастоў з людзьмі ў Беларусі.

Вольга Лойка: Прапаганда стварае міф пра «багацце» журналістаў за мяжой, але ў рэальнасці рэдакцыі крыміналізаваныя, пазбаўленыя рэкламы і не могуць нават збіраць данаты з Беларусі праз небяспеку для падпісчыкаў.

Дзмітрый Нікановіч: Наратыў пра «тлустыя гранты» — гэта даўні прапагандысцкі хіт. Вытворчы працэс у медыя патрабуе вялікіх інфраструктурных укладанняў (абсталяванне, эфірны час, каманда), і людзі звонку часта проста не разумеюць гэтай складанасці.


Будучыня Мінінфарма і гарантыі для прафесіі

Вольга Лойка: Як мусіць выглядаць Міністэрства інфармацыі «здаровага чалавека»?

Дзмітрый Нікановіч: Я сумняюся, што гэтая інстытуцыя ўвогуле патрэбная. Пры правільна пабудаванай дэмакратычнай сістэме стрыманняў і проціваг ані Міністэрства інфармацыі, ані Адміністрацыя прэзідэнта не патрэбныя.

Вольга Лойка: Ці стане беларуская журналістыка прывабнай і «сэксі» ў гарызонце 10 гадоў?

Дзмітрый Нікановіч: Журналістыка стане прывабнай тады, калі яна будзе прэстыжнай, годнай, добра аплачваемай і паважанай. Калі сістэма гарантуе журналістам бяспеку і прафесійную аўтаномію, а далей супольнасць будзе самарэгулявацца на ўзроўні этыкі — вось тады яна сапраўды стане «сэксі».