Што на самой справе адбываецца з беларускім суверэнітэтам у межах праекта Саюзнай дзяржавы? Ці з’яўляецца “інтэграцыя” эканамічным кампрамісам – ці паступовым размываннем права Беларусі самастойна вырашаць уласную будучыню?
22 снежня а 14:00 CET адбудзецца прэзентацыя даследавання, якая стане падставай для дыскусіі пра тое, дзе сёння праходзіць мяжа паміж адаптацыяй і паглынаннем.
У даследаванні, праведзеным пры падтрымцы Банка Ідэй, прааналізаваны два этапы інтэграцыі Саюзнай дзяржавы (2021–2023 і 2024–2026): ад “дарожных карт” да ваенна-палітычных і ідэалагічных механізмаў збліжэння з Расіяй. Яно заснавана на маніторынгу рэалізацыі інтэграцыйных планаў, параўнальным аналізе і падыходзе гістарычнага інстытуцыяналізму і дазваляе аддзяліць паняцці незалежнасці, суверэнітэту і залежнасці без ідэалагічных спрашчэнняў.
Падчас прэзентацыі абмяркуем:
- У якіх сферах Беларусь ужо страчвае элементы суверэнітэту;
- Чаму другі этап інтэграцыі становіцца больш небяспечным за першы;
- Як “пакетныя дамоўленасці” (газ, падаткі, электраэнергія) працуюць на карысць Крамля;
- Дзе рэжым Лукашэнкі супраціўляецца, і чаму гэты супраціў пакуль застаецца абмежаваным;
- Ці застаецца працэс залежнасці зваротным – і пры якіх умовах.
Выступоўцы:
- Роза Турарбекава, ганаровая стыпендыятка Інстытута Глабальнага ўстойлівага развіцця (Універсітэт Уорыка, Злучанае Каралеўства), члянкіня Савета Беларускай Адукацыі і Навукі, PhD па гісторыі міжнародных адносін;
- Лізавета Дубінка-Гушча, незалежная даследчыца, раней афіляваная з Дацкім інстытутам міжнародных даследаванняў і Капенгагенскай школай бізнесу, PhD у галіне міжнародных адносін і знешняй палітыкі.
Мадэратар: Вадзім Мажэйка, кіраўнік Інстытуту бяспекавых даследаванняў імя Касцюшкі, PhD па культуралогіі.
Дадзенае даследаванне падрыхтавана ў межах адкрытага конкурсу Банка Ідэй для знешніх даследчыкаў і даследчыц. Гэты праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.
