1 кастрычніка варшаўскі Stand Up Lokal ледзь умясціў усіх ахвотных: на сустрэчу, прысвечаную будучыні і прасоўванню беларускай культуры ў свеце, сабралася сотня чалавек. Поўны аншлаг паказаў: пытанне захавання і развіцця нашага мастацтва за межамі краіны сёння баліць і цікавіць многіх.

Вечар распачаўся з серыі кароткіх, але надзвычай канцэнтраваных выступаў. Куратарка і арт-менеджарка Вольга Мжэльская заклікала паглядзець на адсутнасць звыклых дзяржаўных інстытуцый як на шанец для будаўніцтва прыватных і грамадскіх сеткавых інфраструктур.

Пісьменнік, кніжнік і кніжны прадавец Цімур Кудзеліч з правакацыйнай тэмай “Белліт ніхто не чытае” даў цвярозую ацэнку таму, што адбываецца з беларускай літаратурай тут і зараз.

Рэжысёр і сцэнарыст Аляксей Палуян падзяліўся інсайдамі пра інтэграцыю беларускага кіно ў еўрапейскі працэс і кампрамісы, на якія даводзіцца ісці аўтарам.

Артыстка, сограйтэрка і музычная прадзюсарка Анастасія Рыдлеўская распавяла пра досвед стварэння музыкі “супраць плыні” — без лэйблаў і прадзюсараў, абапіраючыся на прамую сувязь са слухачамі.

Усе спікеры так ці інакш канстатавалі: сітуацыя з беларускай культурай цяпер складаная. Але ў кожным выступе знайшлася і надзея на тое, што культурны працэс не проста жыве, часам насуперак абставінам, а шукае новыя фарматы. А супольная дыскусія, дзякуючы мадэрацыі культуролага Максіма Жбанкова, ператварылася ў яркую, гарачую і запамінальную падзею.

Асобным момантам вечара стала прэзентацыя ад Maldzis. Яе заснавальнік Рыгор Астапеня прадставіў унікальны артэфакт, які ініцыятыва выкупіла праз аўкцыён у Нідэрландах — арыгінальнае выданне “Слоўніка беларускай гаворкі” (“Словарь бѣлорусскаго нарѣчія”) Івана Насовіча 1870 года.

Гэта фундаментальная праца мовазнаўцы, фалькларыста і этнографа была выдадзеная Імператарскай акадэміяй навук у Санкт-Пецярбургу. Улады тагачаснай імперыі не прызнавалі беларускую мову асобнай, таму выданне атрымала спецыфічную назву (сам Насовіч хацеў назваць яе слоўнікам “крывіцкай мовы”). Для ўсіх гасцей Салона выпала рэдкая магчымасць убачыць гэты гістарычны лексікаграфічны скарб на ўласныя вочы.

Завяршыўся вечар фуршэтам і цёплым нетворкінгам: удзельнікі і спікеры яшчэ доўга не разыходзіліся і працягвалі абмяркаванне.

Сачыце за Банкам Ідэй, каб не прапусціць наступныя падзеі і цікавыя публікацыі.

Фота: Johnny Cosmic