Беларуская сістэма крымінальнай юстыцыі пасля 2020 года ўсё часцей выкарыстоўваецца не як механізм абароны правоў, а як інструмент ціску, кантролю і палітычнага пераследу. У даследаванні Ліліі Беразюк аналізуецца, як крымінальны працэс у аўтарытарнай дзяржаве становіцца гендарна неадчувальным, і чаму жанчыны аказваюцца ў асабліва ўразлівым становішчы.

Даследаванне паказвае, што фармальна нейтральныя нормы заканадаўства на практыцы могуць працаваць па-рознаму ў залежнасці ад гендарных стэрэатыпаў, сацыяльных роляў і палітычнага кантэксту. Жанчыны сутыкаюцца з дадатковымі рызыкамі як пацярпелыя, сведкі, абвінавачаныя і палітзняволеныя: ад віктымблеймінгу і ціску праз мацярынства да прыніжальных умоў утрымання і адсутнасці бяспечных працэдур допыту.

Аўтарка разглядае, як пасля 2020 года ў Беларусі ўзмацнілася палітызацыя крымінальнага пераследу, былі аслаблены незалежная адвакатура і механізмы абароны, а гендарныя стэрэатыпы сталі часткай рэпрэсіўнай практыкі. Асобная ўвага надаецца таму, як дзяржава выкарыстоўвае сацыяльную ўразлівасць жанчын – сямейныя абавязкі, дзяцей, эканамічную залежнасць – як інструмент ціску.

Даследаванне грунтуецца на аналізе заканадаўства, міжнародных стандартаў, праваабарончых дакладаў і 14 экспертных інтэрв’ю з юрысткамі і юрыстамі, даследчыцамі і даследчыкамі, праваабаронцамі.

Гэтая праца паказвае: гендарная адчувальнасць – не “другасная” тэма, а паказчык якасці правасуддзя і здольнасці дзяржавы гарантаваць чалавечую годнасць, бяспеку і роўны доступ да абароны.

Дадзенае даследаванне падрыхтавана ў межах Belarus Young Research Award 2025. Гэты праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.

Спампаваць даследаванне цалкам

Гендарная чуллівасць ў крымінальным працэсе аўтарытарнай дзяржавы: нормы, практыкі і магчымасці для рэформ (PDF)

Погляды, выказаныя ў гэтым матэрыяле, з’яўляюцца адказнасцю аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазіцыю каманды Банка Ідэй.