Моўная сітуацыя і лічбавыя паводзіны беларусаў ужо не першы год застаюцца прадметам гарачых дыскусій: з аднаго боку — статус дзяржаўнай мовы і нацыянальная ідэнтычнасць, з другога — рэальнае дамінаванне рускай мовы ў паўсядзённым жыцці. У новым даследаванні аналізуецца, як гэтыя тэндэнцыі праяўляюцца ў сучасным лічбавым асяроддзі і як карыстальнікі TikTok ужываюць і ўспрымаюць беларускую мову.

На аснове аналізу 2031 каментара з 9 папулярных беларускіх TikTok-каналаў даследчыкі прасачылі сувязь паміж мовай відэакантэнту і рэакцыяй аўдыторыі. Аказалася, што хоць руская мова абсалютна дамінуе ў каментарах (79,4%), беларускамоўны кантэнт стварае магутны штуршок для выкарыстання мовы: пад беларускімі відэа доля каментароў на беларускай мове вырастае да 27% (супраць 2% пад рускамоўнымі).

Акрамя таго, якасны аналіз і метрыкі ўзаемадзеяння выявілі выразную сімвалічную падтрымку беларускай мовы. Беларускамоўныя і прабеларускія каментары атрымліваюць прыкладна ў тры разы больш лайкаў, чым рускамоўныя ці антыбеларускія. Гэта сведчыць пра тое, што, нягледзячы на мінарытарнае становішча, беларуская мова захоўвае высокі статус і станоўчы імідж сярод карыстальнікаў.

Даследаванне закранае пытанні:

  • наколькі часта беларуская мова, руская мова і трасянка выкарыстоўваюцца ў лічбавай камунікацыі;
  • як мова відэа ўплывае на моўны выбар карыстальнікаў у каментарах;
  • чаму прабеларускія пазіцыі збіраюць значна больш лайкаў і падтрымкі;
  • як размяжоўваюцца моўныя сімпатыі і антыбеларускія пазіцыі ў сетцы;
  • і якую ролю TikTok і лічбавы кантэнт адыгрываюць у захаванні і пашырэнні беларускай мовы.

Спампаваць даследаванне цалкам:

“Моўныя паводзіны і адносіны да беларускай мовы ў TikTok: колькасны і якасны аналіз каментароў” (PDF).

Погляды, выказаныя ў гэтым матэрыяле, з’яўляюцца адказнасцю аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазіцыю каманды Банка Ідэй.