Як павысіць колькасць беларусаў у лепшых універсітэтах свету? Кажа Цімох Акудовіч
Автор: Цімафей Акудовіч | 5 марта 2023 г.
Ідэя выглядае рызыкоўнай і гучыць правакацыйна, але думаю, што яна вартая абмеркавання. Гэтым разам пра вышэйшую адукацыю.
Праблема з падыходам да беларускай вышэйшай адукацыі мне бачыцца такой жа, як і ў сітуацыі са школьнай. Мы зараз шмат гаворым пра беларускі ўніверсітэт, але выглядае на тое, што ён нам патрэбны толькі ў мэтах беларусізацыі беларусаў. А чаму будуць навучаць у тым універсітэце ня дужа зразумела.
Агулам сфера вышэйшай адукацыі, як я чуў ад разумных людзей, цяпер стаіць перад сур’ёзнымі выпрабаваннямі. Чаму вучыць? Універсальным рэчам, ці канкрэтным прыкладным?У межах класічных навук, ці на перасячэнні сфер? І як агулам можна вучыць, калі большасць інфы дасягжая ў інтэрнэце ў любым выглядзе? У чым сэнс тады? На што абапірацца? І падазраю, што гэта я і дзясятай часткі ўсіх праблем не абазначыў. Глабальных праблем.
І вось у гэтыя глабальныя праблемы мы дадаём яшчэ сваю — беларускі ўніверсітэт. Што ў ім будзе, якое напаўненне? Усе прадметы толькі пра Беларусь? Ці пра ўсё на свеце, але па-беларуску?
Як ні круці, кожны пункт — сур’ёзнае абмежаванне, якое цягне ў маргінэз
Усе гэтыя праблемы трэба рашаць і класна будзе, калі беларускія адмыслоўцы прымуць у гэтым чынны ўдзел. Таму я адназначна за ўсе магчымыя рухі і ініцыятывы ў сферы вышэйшай адукацыі. Але мне падаецца, што ў цяперашніх абмежаваных умовах ёсць яшчэ адзін шлях, які можа прынесці беларускай супольнасці больш хуткі і зразумелы вынік.
СУСВЕТНАЯ ЛІГА БЕЛАРУСКАГА СТУДЭНЦТВА (назва, відавочна, умоўная)
Ну вось давайце пагодзімся, што нават, калі заўтра будзе ўтвораны праўдзівы беларускі ўніверсітэт з нармальным фінансаваннем, то ўзровень адукацыі выйдзе там на сусветны ўзровень вельмі няхутка. Проста па аб’ектыўных прычынах. Дык можа адразу пайсці туды, дзе добрая адукацыя ўжо ёсць?
Я б актыўна падтрымаў арганізацыю, якая ўзяла б сваёй мэтай павелічэнне колькасці беларускіх студэнтаў у ВНУ першай сусветнай сотні
Каб гэтая арганізацыя палічыла б колькі цяпер вучыцца беларусаў у першай сотні ўніверсітэтаў і абвясціла, што паспрабуе зрабіць так, каб у наступным годзе іх там было на 10% больш, а праз год на 20%.
Я поўны прафан у гэтай тэме, але мне падаецца, што такой арганізацыі было б чым заняцца, бо інструментаў, каб павялічваць паступленне беларускіх студэнтаў у замежныя ВНУ, дастаткова:
розныя піяр-кампаніі
дадатковыя курсы
метадычкі і трэнінгі
гарачая лінія з парадамі
лабіраванне на ўзроўні канкрэтных краін/універсітэтаў і гэтак далей
Дарэчы, уявіце наколькі б паслугі такой арганізацыі былі б запатрабавыя ўнутры Беларусі! Мінадукацыі лопнула б ад зайздрасці поўным складам. А мы мелі б у зразумелай перспектыве павелічэнне колькасці актыўных і адукаваных беларусаў. Цудоўна ж! Але ўся гэтая ідэя выклікае зразумелую перасцярогу —студэнты з’едуць і не вярнуцца. То нашто гэта трэба? Самі сваімі рукамі аддамо будучую эліту ў рукі Захаду. Цалкам апраўданая перасцярога. Але я маю тут наступнае бачанне.
Па-першае, цікава было б ведаць — колькі беларусаў адвучылася ў найлепшых ВНУ за апошнія 10 год і што ў іх сталася з самасвядомасцю? Усе гэтыя людзі збольшага сацыяльна актыўныя. Ладную частку іх можна знайсці і правесці апытанне пра іх ідэнтычнасць і дзейнасць. Я вось нават блізка не магу ўявіць сабе вынікаў такога апытання. А там можа быць не ўсё там будзе блага. Адвучыліся яны і засталіся беларусамі.
Па-другое, студэнтаў жа за мяжой можна і не кідаць. Зноўку, тут выключна мае фантазіі, я ня ведаю аналагічных прыкладаў, бо проста ня ў тэме, але… Калі маладзён паступае ў замежнае ВНУ праз падтрымку нейкай арганізацыі, то ён да яе так ці інакш прывязаны. Калі ў замежжы арганізацыя працягае дапамагаць новаспечанаму студэнту кансультацыямі і адаптацыяй, то ён будзе надалей да яе прывязаны. Бо ён/яна ў чужой краіне. Калі арганізацыя будзе ствараць і курыраваць беларускія студэнцкія кам'юніці ў канкрэтных ВНУ, то гэта прывяжа студэнтаў яшчэ больш.
У ідэале гэта бачыцца так:
зразумелая адрэса, куды заўсёды можна звярнуцца
талковы куратар
дадатковыя магчымасці ў стажыроўках і навуковых праектах праз актыўнае лабіраванне
беларускія студэнцкія сустрэчы штомесяц у вялікіх гарадах і адзін вялікі штогадовы злёт беларускіх студэнтаў канкрэтнага кантынента...
І ўся гэтая дзейнасць пад рызыкоўным, але яркім і зразумелым мэсэджам —
мы будуем сусветную беларускую супольнасць і вы, студэнты, яе будучыня і надзея
Як у Беларусі так і па-за яе межамі.
Ну нармальная ж, амбітная ідэя. Ніхто не пабяжыць ад яе хавацца ў нейкую эмігранцкую французскую ідэнтычнасць. Не ўсе, канешне, вернуцца на Радзіму, але застануцца беларусамі і будуць карысны за мяжой. Такія вось думкі.
Ідэя складаная, дарагучшая, месцамі рызыкоўная, але затое абяцае зразумелы і маштабны вынік пры добрым падыходзе: колькасць беларусаў з якаснай і актуальнай вышэйшай адукацыяй вырасце. Нам жа гэта і трэба. Я б актыўна падтрымаў такое.
Выява ўзятая адсюль. І не проста так!
Выява вокладкі: Belsat
Першапачатковая версія надрукавана на Facebook старонцы Цімоха Акудовіча.