Гісторыі поспеху — танны кагнітыўны рэсурс: яны дазваляюць эканоміць на аналізе гэтак жа, як нафтавая рэнта дазваляе эканоміць на інстытутах. Цэнтральна-Усходняя Еўропа дала ідэі дэмакратызацыі адну з галоўных такіх гісторый, а разам з ёй пытанне: дзясяткі краін рэгіёна «змаглі» ў 1989-м, дык чаму Беларусь «не змагла» ў 2020-м? Піша Пётр Рудкоўскі.

Метадалагічны праклён

Рэгіён Цэнтральна-Усходняй Еўропы — адзін з найбольш паспяховых прыкладаў дэмакратызацыі. Абсалютная большасць краін рэгіёна прайшла шлях ад закрытых аўтакратый да мінімальнага ўзроўню дэмакратыі ўсяго за тры гады (1989–1992).

Для параўнання: Паўднёвай Еўропе ў XX стагоддзі на аналагічны пераход спатрэбілася каля 30 гадоў. А краінам-піянерам дэмакратызацыі — Скандынавіі, Заходняй Еўропе і Паўночнай Амерыцы, якія праходзілі гэты шлях у XIX–XX стагоддзях і стваралі інстытуты з нуля, — ад 115 да 130 гадоў (паводле маіх падлікаў на аснове Liberal Democracy Index праекта V-Dem). Зразумела, гаворка ідзе пра розныя гістарычныя эпохі і кантэксты, але менавіта гэта паказвае ўнікальнасць ЦУЕ: тое, што іншыя выбудоўвалі стагоддзямі, рэгіён прайшоў на экстрэмальных хуткасцях.

Па аналогіі з эканамічным паняццем «праклён рэсурсаў» напрошваецца іншы тэрмін — метадалагічны праклён поспеху. І гэта не проста рытарычны прыём: паміж першым і другім ёсць рэальнае падабенства, бо гісторыі поспеху — гэта нішто іншае, як разнавіднасць «эўрыстыкі даступнасці», якая дазваляе эканоміць на аналітычных высілках.

Вось такі метадалагічны праклён раз-пораз дае аб сабе знаць у дачыненні да Беларусі. Маўляў, дзясяткі краін рэгіёна «змаглі» ў 1990 годзе, дык чаму Беларусь «не змагла» ў 2020 годзе?

Разабрацца ў гэтым і ёсць задача артыкула. Дзеля гэтага мы разгледзім два пытанні. Першае — чаму польскі досвед, які найчасцей служыць пунктам адліку для Беларусі, насамрэч складаецца з дзвюх прынцыпова розных гісторый. Другое — як за апошнія дзесяцігоддзі змянілася эканамічная прывабнасць Захаду для такіх краін, як Беларусь. Гэтыя пытанні не вычэрпваюць усіх фактараў, якія тлумачаць, чым адрозніваецца ўмоўны 1990-ы ад 2020-га, — але без іх немагчыма зразумець галоўнае: чаму тое, што спрацавала ў Польшчы, не спрацавала ў Беларусі.

Што не так з параўнаннем Беларусі да Польшчы-1989?

Польскі шлях ад аўтарытарызму да дэмакратыі часта ўспрымаецца як адна гісторыя — ад узнікнення «Салідарнасці» ў 1980 годзе да Круглага стала і свабодных выбараў 1989–1990 гадоў. Такая перспектыва выглядае натуральнай: у абодвух эпізодах дзейнічалі збольшага тыя самыя асобы, арганізацыі і палітычныя ідэі.

Аднак пры больш уважлівым аналізе відаць, што гэта дзве розныя гісторыі. Паўстанне «Салідарнасці» (1980–1981) і дэмакратычны транзіт (1989–1990) адбываліся ў прынцыпова іншых міжнародных і ўнутрыпалітычных умовах: адрозніваліся структура магчымасцяў, суадносіны сіл і самі вынікі. Першы эпізод скончыўся паразай масавага руху і ваенным становішчам, другі — перамовамі, паўсвабоднымі выбарамі і пачаткам дэмакратычнага транзіту.

Адсюль вынікае просты метадалагічны прынцып: беларускія падзеі 2020 года варта параўноўваць не з абстрактнай «польскай мадэллю», а асобна з Польшчай-1980 і асобна з Польшчай-1989.

Паводле ацэнак V-Dem, узровень прадэмакратычнай мабілізацыі ў Беларусі ў 2020 годзе быў прыблізна такім самым, як у Польшчы на піку «Салідарнасці» ў 1980-м (гл. графік 1).

Графік 1. Прадэмакратычная мабілізацыя ў Польшчы і Беларусі: 1980 vs 2020 (шкала ад 0 да 100)

Крыніца: V-Dem

Як бачым, узровень грамадскай мабілізацыі ў абодвух выпадках набліжаўся да максімуму — такія паказчыкі V-Dem фіксуе рэдка, лічаныя разы за апошнія два стагоддзі. Але ў абодвух выпадках грамадская мабілізацыя прывяла не да дэмакратызацыі, а да процілеглага выніку. У Польшчы пратэст 1980–1981 гадоў завяршыўся ўвядзеннем ваеннага становішча і разгромам «Салідарнасці», у Беларусі — беспрэцэдэнтна жорсткімі рэпрэсіямі.

Прычына палягала не ў слабасці грамадства, а ў міжнародным кантэксце: у 1980-м Савецкі Саюз заставаўся кансалідаваным гегемонам, а ў 2020-м у падобнай ступені кансалідаваным гегемонам заставалася Расія.

Цяпер — параўнанне з Польшчай-1989. Паводле ацэнак V-Dem, узровень прадэмакратычнай мабілізацыі тады быў не толькі ніжэйшы, чым на піку «Салідарнасці» 1980-га, але і ніжэйшы за беларускі пратэст 2020-га (гл. графік 2).

Графік 2. Прадэмакратычная мабілізацыя ў Польшчы і Беларусі: 1989 vs 2020 (шкала ад 0 да 100)

Крыніца: V-Dem

Круглы стол стаў магчымым не дзякуючы «мацнейшаму пратэсту», а таму, што да 1989 года адбыўся гегемонны шок: Савецкі Саюз, падарваны ўнутраным крызісам і паразай у Афганістане, адмовіўся ад дактрыны Брэжнева. Гэты «геапалітычны бонус» у выглядзе аслабелага гегемона змяніў разлік коштаў для польскай эліты: Масква не прыйдзе на дапамогу, значыць, трэба дамаўляцца з народам.

Беларусь у 2020 годзе апынулася ў іншай сітуацыі. Паводле маштабу мабілізацыі яна была бліжэй да Польшчы-1980, чым да Польшчы-1989, а пратэстная актыўнасць у Беларусі да 2020 года была нашмат большай, чым у Польшчы да 1980-га. Але, у адрозненне ад польскага выпадку канца 1980-х, беларускі рэжым карыстаўся падтрымкай кансалідаванага вонкавага гегемона: Расія не толькі не адмовілася ад падтрымкі Мінска, але і ўзмацніла яе фінансавымі, інфармацыйнымі і сілавымі рэсурсамі.

Зразумела, што ў сацыяльна-палітычных працэсах не бывае жорсткіх, стоадсоткавых дэтэрмінантаў, і фактар гегемона — не выключэнне. Тым не менш, як паказваюць даследаванні Севы Гуніцкага, гэта дужа магутны фактар. На першы погляд, магчымымі выключэннямі могуць здавацца падзеі ва Украіне (2004 і 2014 гады) або ў Арменіі (2018 год), дзе пратэсты перамаглі, нягледзячы на суседства з аўтарытарным гегемонам. Аднак гэтыя выпадкі істотна адрозніваліся ад беларускага. Напярэдадні названых падзей Украіна (за Леаніда Кучмы і Віктара Януковіча) і Арменія (за Сержа Саргсяна) не былі кансалідаванымі аўтакратыямі. Гэта былі гібрыдныя рэжымы з рэальным інстытуцыйным плюралізмам, прадстаўніцтвам апазіцыі ў парламенце і расколам эліт, што стварала прынцыпова іншае поле палітычных магчымасцяў.

Эканамічная прывабнасць

Паміж Польшчай-1989 і Беларуссю-2020 — а шырэй, паміж большасцю краін ЦУЕ 1989–1990 і сучаснай Беларуссю — існуе яшчэ адно прынцыповае адрозненне.

Напрыканцы 1980-х паміж сацыялістычным блокам і Захадам існавала выразная эканамічная асіметрыя. Краіны Еўрапейскіх супольнасцяў (тады — ЕС-12) утваралі адзін з найбуйнейшых эканамічных цэнтраў свету, на які прыпадала больш за чвэрць сусветнага намінальнага ВУП. Доля СССР была ў некалькі разоў меншай, а Кітай яшчэ не адыгрываў значнай ролі ў сусветнай эканоміцы.

У 2019 годзе, напярэдадні беларускіх падзей, макраэканамічная карціна была ўжо прынцыпова іншай. Еўрапейскі саюз налічваў 28 дзяржаў (Вялікабрытанія яшчэ ўваходзіла ў яго склад). Аднак, нягледзячы на пашырэнне з 12 да 28 краін і далучэнне 16 новых эканомік, яго доля ў сусветным намінальным ВУП скарацілася прыкладна да 21%. За гэты ж час Кітай павялічыў сваю долю прыкладна да 16–17% і стаў адным з галоўных цэнтраў сусветнай эканомікі.

Гэта не адзіны, але адзін з найважнейшых фактараў страты прывабнасці ЕС і Захаду ў цэлым да 2020 года ў параўнанні з умоўным 1990-м.

Стратэгія доўгай волі

Галоўная выснова простая: Беларусь-2020 не была спозненай Польшчай-1989. Яна значна больш нагадвала Польшчу-1980 — краіну з магутнай грамадзянскай мабілізацыяй, але без спрыяльнага міжнароднага кантэксту. Няўдачу беларускага пратэсту вызначылі не слабасць грамадства і не «няспеласць» дэмакратычных сіл. Вырашальнымі аказаліся два структурныя фактары: адсутнасць гегемоннага шоку і невысокая прывабнасць эканамічнай мадэлі Заходняй Еўропы.

Аднак структурныя фактары не з’яўляюцца нязменнымі. Вайна Расіі супраць Украіны павялічвае нагрузку на расійскую дзяржаву: растуць эканамічныя выдаткі, паглыбляецца міжнародная ізаляцыя, узрастаюць кошты доўгатэрміновай ваеннай мабілізацыі. Ці прывядзе гэта да новага гегемоннага шоку, прадказаць сёння немагчыма. Але гісторыя вучыць іншаму: міжнародныя сістэмы не бываюць вечнымі. Перыяды адноснай стабільнасці рана ці позна змяняюцца новым пераразмеркаваннем сілы.