Расійскую мяккую сiлу (soft power) у Беларусі за апошнія пяць гадоў лёгка пераацаніць, калі глядзець на яе выключна праз прызму вайны, інтэграцыі і рэзкага ўзмацнення залежнасці Мінска ад Масквы. На першы погляд усё выглядае лагічна: чым мацней Беларусь залежыць ад Расіі палітычна, ваенна і эканамічна, тым больш маштабным мусіла б выглядаць наступленне расійскай мяккай сiлы. Аднак на практыцы сітуацыя выглядае інакш.

Уплыў Расіі ў Беларусі сапраўды ўмацаваўся, але не ў форме рэзкага прарыву, а хутчэй як замацаванне ўжо асвоенай прасторы ўплыву. У вачах Крамля Беларусь даўно не выглядае тэрыторыяй, якую трэба нанова заваёўваць праз складаную працу з грамадскай думкай. Наадварот, яна ўспрымаецца як асяроддзе, дзе базавыя інстытуцыйныя, культурныя і сімвалічныя пазіцыі Расіі і без таго застаюцца моцнымі. Таму задача Масквы не ў тым, каб заваяваць большасць, а ў тым, каб утрымліваць ужо кіруемыя сегменты, падтрымліваць лаяльныя сеткі і не дапускаць з’яўлення альтэрнатыўнага бачання будучыні.

У гэтым сэнсе пасля 2022 года мяккая сiла Расіі ў Беларусі стала менш рамантычнай і больш прыкладной. Чым мацней у Беларусі прысутнічае расійская “жорсткая сіла”, тым менш аўтаномнай становіцца яе “мяккая сіла”. Пасля 2022 года Расія ў Беларусі ўжо не столькі пераконвае, колькі замацоўвае. Таму больш дакладна казаць не пра ўсплёск расійскай “мяккай сілы”, а пра яе перафарматаванне.

Тры ўзроўні расійскага ўплыву

Калі разглядаць прарасійскую інфраструктуру ў Беларусі, яе можна ўмоўна падзяліць на тры ўзроўні.

Першы — афіцыйны і паўафіцыйны контур. Гэта структуры, звязаныя з дзяржавай, Саюзнай дзяржавай, царкоўнымі і квазідзяржаўнымі праектамі. Іх функцыя — трансляваць устойлівы набор сэнсаў: гістарычнае адзінства, саюзніцтва, рускую мову, агульную памяць, антызаходнюю рыторыку, сакралізацыю савецкага і ваеннага мінулага.

Напрыклад, у гэтым кантуры дзейнічаюць форумы Саюзнай дзяржавы, дзе цэнтральнымі тэмамі становяцца агульная гістарычная памяць, Вялікая Айчынная вайна, барацьба з фальсіфікацыяй гісторыі і ідэя непарыўнай сувязі двух народаў.

Да гэтага ж контуру належаць праграмы вакол рускай мовы і навучання ў Расіі, афіцыйныя мерапрыемствы да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, акцыі памяці да 9 Мая. Гэты сегмент арыентаваны перш за ўсё на старэйшую аўдыторыю і на тых, хто ўспрымае саюз з Расіяй не як праект будучыні, а як інерцыю звыклага парадку. Яго слабасць у архаічнасці, прадказальнасці і амаль поўнай адсутнасці новай мовы зносін. Яго сіла – у інстытуцыйнай устойлівасці.

Рэалізацыя адбываецца праз міждзяржаўныя структуры і мерапрыемствы, якія непасрэдна курыруюцца дзяржаўнымі інстытутамі Беларусі і Расіі. Фарматы правядзення, узгаднення і прасоўвання застаюцца прывязанымі да дзяржаўнай вертыкалі, афіцыйных працэдур і звыклых бюракратычных механізмаў. Асвятленне такіх ініцыятыў таксама ідзе пераважна праз дзяржаўныя інфармацыйныя каналы: сайты прэзідэнтаў дзвух краін, парламенцкіх структур, Дзяржаўнай думы, а таксама афіцыйныя рэсурсы Саюзнай дзяржавы і дзяржаўных медыя.

Другі ўзровень — праектны контур. Сюды ўваходзяць некамерцыйныя арганізацыі (НКА) (Цэнтр развіцця еўразійскіх камунікацый, Рух «Саюз»), фонды (Фонд Гарчакова, Фонд РАСКАНГРЭС), медыя, універсітэцкія і экспертныя пляцоўкі (Цэнтр аналізу і прагназавання саюзных інтэграцыйных працэсаў пры БДУ), маладзёжныя школы, адукацыйныя і публічна-дыпламатычныя праграмы.

Менавіта тут для Масквы склаліся найбольш выгадныя суадносіны выдаткаў і эфекту. Такія структуры не імкнуцца ахапіць усё грамадства. Іх задача — працаваць з актыўнай меншасцю: студэнтамі, маладымі спецыялістамі, лаяльнымі экспертамі, рэгіянальнымі актывістамі, медыйнымі фігурамі, адміністратарамі — усімі тымі, хто ў будучыні можа стаць рэтранслятарам патрэбных Маскве наратываў. Пасля 2022 года гэты ўзровень даволі хутка прыстасаваўся да новага парадку дня: ад традыцыйнага “рускага свету” да лексікі еўразійства, БРІКС, інфармацыйнай бяспекі і рэгіянальнай інтэграцыі.

Трэці ўзровень — маргінальны і толькі часткова кіраваны (В. Бондарава, Э. Мірсалімава, А. Агафонаў). Гэта нізавая ініцыятыўнасць, якую падхопліваюць і тыражуюць, калі яна становіцца карыснай. Яе носьбіты працуюць праз скандал, шум, дэманстратыўную радыкальнасць і маралізатарскую просталінейнасць: Расія заўсёды мае рацыю, Захад заўсёды варожы, лібералізм гэта дэградацыя.

Гэты сегмент яркі, але дрэнна паддаецца кіраванню. Для афіцыйных і праектных структур ён можа быць карысны ў кароткатэрміновай перспектыве — як крыніца эмацыйнага ціску і спосаб праверыць межы дапушчальнага. Але ўдоўгую на яго не абапіраюцца менавіта з-за абмежаваных магчымасцяў кіравання ім. У такім выпадку мяккая сiла лёгка пераходзіць у агрэсіўную субкультурную прапаганду.

Сёння цэнтр цяжару расійскага ўплыву змясціўся менавіта на другі ўзровень — туды, дзе можна фармаваць лаяльныя супольнасці, не выходзячы на занадта прыкметны палітычны ўзровень.

Гаворка ідзе пра праекты Рассупрацоўніцтва, Фонду Гарчакова, BRICS Project Lab – Minsk, курсы для беларускіх НКА, арганізацыйна звязаныя з Масквой, і іншыя падобныя ініцыятывы. Пры гэтым важна, што расійская інфраструктура ў Беларусі не згортваецца, а, наадварот, становіцца больш шчыльнай і больш рэгіяналізаванай.

Масква паглыбляе сваю “мяккую сілу”, укараняючы яе ў адукацыйныя трэкі, экспертныя сеткі, рэгіянальныя кантакты, прыгранічныя праекты, ідэалагізаваныя дыскусіі пра інтэграцыю, бяспеку і еўразійства. Адзін з паказальных прыкладаў — адкрыццё Рускага дома ў Гародні.

Галоўная праблема праектнага прарасійскага сектара ў Беларусі – кадравае знясіленне і паўтаральнасць удзельнікаў. Адны і тыя ж асобы ўдзельнічаюць у медыя, форумах, экспертных дыскусіях і грантавых ініцыятывах. Прыцягваць новых людзей становіцца ўсё цяжэй. Старыя экспертныя сеткі кіруюцца, але не растуць. У гэтым асяроддзі ўсё больш прыкметныя кадравая замкнёнасць, зніжэнне вертыкальнай мабільнасці і складанасці з пошукам ды прыцягненнем новых фігур. Пры гэтым існуе група актыўных прыхільнікаў, якія не гатовыя губляць свае палітычныя і фінансавыя бонусы: А. Дзермант, А. Пятроўскі, С. Лушч, В. Гігін і іншыя.

Маладзёжныя прарасійскія праекты ствараюць уражанне абнаўлення, але часта працуюць у межах ужо лаяльнага ці нейтральнага асяроддзя. У выніку ўзнікае парадаксальная сітуацыя: у Расіі шмат рэсурсаў, інфраструктура шчыльная, але прастора для сапраўды новага пашырэння на беларускім кірунку абмежаваная. І ўсё ж магчымасць пашырэння не знікла цалкам, бо расійскі ўплыў значна залежыць ад структуры медыяспажывання.

Беларусь даўно вырашанае пытанне

Насуперак пашыранаму меркаванню, Беларусь не стала для Масквы прыярытэтным кірункам “мяккай сiлы” у тым сэнсе, у якім прыярытэтам бывае спрэчная тэрыторыя, якую трэба тэрмінова перацягваць на свой бок. Хутчэй наадварот: для расійскага істэблішменту Беларусь выглядае занадта блізкай і занадта ўбудаванай, каб прыкладаць да яе намаганні, супастаўляльныя з барацьбой за грамадствы, якія вагаюцца.

Пасля 2022 года расійская “мяккая сіла” ў Беларусі не аслабла, але і не перажыла якаснага трыумфу. Яна страціла частку сваёй аўтаноміі, бо апынулася ўбудаванай у значна больш жорсткую архітэктуру залежнасці.

Што гэта азначае для Беларусі

Для Беларусі гэта азначае, што пагроза зыходзіць не столькі ад гучных прарасійскіх кампаній і маргінальных фігур, колькі ад нармалізацыі расійскай рамкі як «натуральнага асяроддзя». Калі еўразійскія камунікацыі, адукацыйныя абмены, дыскусіі пра інтэграцыю, агульную памяць, супольныя медыйныя і маладзёжныя праекты становяцца фонам, мяккая сiла перастае ўспрымацца як знешні ўплыў. Яна ператвараецца ў штодзённую норму.

Верагодна, менавіта ў гэтым і палягае галоўны вынік перыяду пасля 2022 года. Сёння Расія ў Беларусі прасоўвае не столькі любоў да сябе, колькі прывыканне да адсутнасці альтэрнатывы.