Беларуская эканоміка зноў спаўзае да росту на 1–2% — гэта стагнацыя, якая будзе біць па даходах і настроях людзей. На гэтым фоне краіна стане больш схільнай да зменаў і найбольш інэрцыйны сцэнар — яшчэ глыбейшая залежнасць ад Расіі. Таму ўжо цяпер важна звужаць магчымасці расійскага патранажу і пашыраць прастору новых ідэй пра Беларусь як пра краіну, а не як пра рэжым. Піша Дзмітрый Крук.

Беларуская эканоміка вяртаецца да стагнацыі?

Перыяд 2021–2025 гг. аказаўся драматычным і прывёў да структурных зменаў у беларускай эканоміцы. 2025 год, імаверна, стане водападзелам: пасля двух з паловай гадоў паскоранага росту (каля 4%) у 2025 годзе эканамічны рост запаволіўся і па выніках года склаў 1,3%. 

У 2026–2027 гг. прафесійныя прагназісты, якія займаюцца беларускай эканомікай (BEROC, МВФ, Сусветны банк, WIIW, ЕАБР), чакаюць запавольвання росту да 1–2% у год. Якасна амаль усе яны сыходзяцца ў адным базавым сцэнары: 

  • беларуская эканоміка застаецца пад ціскам назапашаных макраэканамічных дысбалансаў (аслабленая знешняя пазіцыя, інфляцыйны ціск, уразлівае фінансавае становішча кампаній); 
  • спрыяльныя шокі знешняга попыту з боку Расіі з высокай верагоднасцю вычарпаныя (пры чаканым росце эканомікі Расіі на ўзроўні 1,0–1,5%); 
  • улады будуць вымушаныя абмяжоўваць/скарачаць стымуляванне ўнутранага попыту.

Адсюль вынікае важная выснова для сярэднетэрміновай перспектывы: павышаны рост 2023–2024 гг. быў вынікам кароткатэрміновых фактараў, у той час як доўгатэрміновы раўнаважны тэмп росту Беларусі застаецца слабым — верагодна, у дыяпазоне 1–2% (што адпавядае і ацэнкам на аснове статыстычных фільтраў). Такія ж ацэнкі раўнаважнага росту дамінавалі і ў 2020 годзе, да ўступлення эканомікі ў перыяд маштабных шокаў. Адпаведна, усе ключавыя высновы адносна слабога доўгатэрміновага роставага асяроддзя ў Беларусі і дэфіцыту крыніц росту прадукцыйнасці застаюцца актуальнымі і сёння.

Таму нядзіўна, што доўгатэрміновыя мадэлі росту (напрыклад, доўгатэрміновая мадэль LTGM Сусветнага банка) даюць падобную карціну для Беларусі на значна даўжэйшы гарызонт – рост у межах 1–2% у год у перыяд 2026–2100 — пры двух базавых дапушчэннях. Па-першае, рост прадукцыйнасці застаецца слабым і не перавышае сярэдні ўзровень за папярэднія дваццаць гадоў. Па-другое, дэмаграфічная дынаміка адпавядае доўгатэрміновым прагнозам ААН.

Вызначальнае абмежаванне доўгатэрміновага росту, што па-ранейшаму застаецца актуальным для краіны – недастатковы рост прадукцыйнасці – абумоўлена нежаданнем і няздольнасцю цяперашняга палітычнага рэжыму ліквідаваць існуючыя бар’еры для росту прадукцыйнасці. Іншымі словамі, гаворка ідзе не пра тэхналагічна зададзеную мяжу росту, а пра перавагі і прыярытэты дзеючага рэжыму, якія разбураюць стымулы для росту прадукцыйнасці. Дадаткова гэтыя выклікі ўзмацняюцца адмоўнымі трэндамі ў дэмаграфіі.

Рост у дыяпазоне 1–2% на доўгім гарызонце азначае  дэпрэсіўную будучыню для Беларусі. Гэта нішто іншае, як стагнацыя. Па сутнасці, такая траекторыя росту дазволіць Беларусі толькі праз 75 гадоў дасягнуць узроўню даходаў, які найбольш заможныя краіны свету маюць ужо сёння. Аднак, улічваючы, што іншыя краіны таксама будуць працягваць расці, такая траекторыя азначае далейшае адноснае збядненне Беларусі. Напрыклад, у параўнанні з Польшчай (базавыя сцэнары LTGM) Беларусь будзе станавіцца ўсё бяднейшай (гл. малюнак 1). Пытанне толькі ў тым, як хутка і наколькі.

ВУП на душу насельніцтва (па парытэту пакупніцкай здольнасці, міжнар. дол. 2024 г.): Беларусь як % ад Польшчы, прагноз па інэрцыйным сцэнары.

Крыніца: уласныя разлікі на аснове мадэлі WB LTGM (Loayza & Pennings, 2022) і базы World Development Indicators.

Палітыка-эканамічная логіка стагнацыі і верагодная паваротная кропка

Вяртанне да стагнацыі непазбежна будзе спараджаць новыя сацыяльныя эфекты. У літаратуры па палітычнай эканоміцы зафіксаваны шырокі спектр наступстваў працяглай стагнацыі даходаў і эканамічных паказчыкаў. У прыватнасці, устойлівыя адмоўныя эканамічныя патэрны часта прыводзяць да палітычных анамалій, такіх як палярызацыя і павышаная схільнасць дамашніх гаспадарак да палітычных эксперыментаў. Гэтыя эфекты ў значнай ступені абумоўлены зменамі палітычных пераваг сярэдняга класа, які больш адчувальны да адноснага заняпаду і страты сацыяльнага статусу, чым да абсалютнага ўзроўню даходаў. Стагнацыя таксама можа зніжаць верагоднасць паступовых інстытуцыянальных рэформаў і павышаць рызыку рэзкіх палітычных зрухаў. Але які дакладна набор эфектаў рэалізуецца, у якой паслядоўнасці і ў якіх прапорцыях, у значнай ступені залежыць ад індывідуальнага кантэксту.

Ужо з 2026 года беларускія дамашнія гаспадаркі, верагодна, пачнуць адчуваць жорсткія абмежаванні эканамічнага росту праз свае даходы. У перыяд 2022–2025 гг. рэальныя заробкі і даходы раслі значна хутчэй, чым эканоміка ў цэлым: у 2025 годзе ВУП быў прыкладна на 5% вышэйшы, чым у перадваенным і перадсанкцыйным 2021 годзе, у той час як сярэдні рэальны заробак вырас прыкладна на 37%. Гэты велізарны разрыў абумоўлены дэфіцытам працоўнай сілы, узмоцненым негатыўнымі дэмаграфічнымі тэндэнцыямі і масавай эміграцыяй, прычым значная частка нагрузкі па адаптацыі была паглынута пагаршэннем фінансавага стану карпаратыўнага сектара.

З 2026 года ў карпаратыўнага сектара будзе абмежаваная магчымасць і надалей падтрымліваць такую дывергенцыю паміж ростам эканомікі і працоўнымі выдаткамі. Больш за тое, агульныя тэмпы эканамічнага росту запаволяцца. Адпаведна, ужо ў 2026 годзе рост даходаў і спажывецкі аптымізм, хутчэй за ўсё, аслабнуць. Па меры паглыблення стагнацыі гэты патэрн будзе ўзмацняцца.

Паслабленне росту даходаў і зніжэнне спажывецкага аптымізму, у спалучэнні з усё больш выразным адчуваннем адноснага збяднення ў параўнанні з заходнімі суседзямі, амаль напэўна зменяць сацыяльны клімат і перавагі дамашніх гаспадарак у Беларусі. Але ў якім напрамку? І якія палітычныя анамаліі найбольш верагодныя ў беларускіх умовах?

Відавочная аналогія – перыяд 2012–2020 гг. Эканамічная стагнацыя ў той час сфармавала грамадскі запыт на пашырэнне эканамічных і палітычных свабод, што ў выніку вылілася ў спробу дэмакратычнай рэвалюцыі 2020 года. З аднаго боку, унутраны стан беларускага грамадства і дамінуючыя настроі падтрымліваюць такую аналогію ў перспектыве будучыні. З іншага боку, той перыяд характарызаваўся прынцыпова іншымі ўнутранымі і знешнімі ўмовамі. Ва ўнутранай палітыцы дамінавала паступовая квазі-лібералізацыя ў розных сацыяльных сферах. У знешняй палітыцы ўлады гулялі ў шматвектарную стратэгію. У эканамічнай сферы дзяржава ў асноўным устрымлівалася ад умяшання ў аўтаномію прыватнага сектара і часам нават стварала стымулы для яго развіцця, адначасова ўмацоўваючы макраэканамічныя рамкі.

Сёння сітуацыя па ўсіх гэтых вымярэннях амаль дыяметральна супрацьлеглая. Беларускія ўлады ліквідавалі практычна ўсю прастору для грамадзянскай актыўнасці, ізалявалі краіну ад развітага свету і выбралі татальную залежнасць ад Расіі як меншае зло. Хаця прыватны сектар застаецца значным паводле маштабу, яго залежнасць ад палітычных уладаў і падпарадкаванасць ім істотна ўзраслі.

Беларускі выпадак занадта складаны і кантэкстуальна спецыфічны, каб з высокай упэўненасцю вылучыць адзін дамінуючы сцэнар. Аднак з высокай верагоднасцю можна сцвярджаць, што існуючы палітыка-эканамічны статус-кво абумоўлівае пошук і фармаванне новага ўстойлівага стану. Эканамічная стагнацыя зробіць асяроддзе больш пластычным і схільным да змен. Больш за тое, усведамляючы гэта, ключавыя актары, хутчэй за ўсё, будуць усё больш імкнуцца прэвентыўна ўплываць на развіццё сітуацыі, умацоўваючы свае пазіцыі. З гэтага пункту гледжання высокая верагоднасць таго, што ў агляднай будучыні Беларусь пройдзе праз новую паваротную кропку. Галоўнае стратэгічнае пытанне – які вектар развіцця будзе дамінаваць пасля яе.

Палітычныя наступствы і як можна на іх паўплываць

У традыцыі сучаснай палітычнай эканомікі вектар развіцця (устойлівы стан) залежыць ад балансу інтарэсаў ключавых актараў і іх паводзінаў. З гэтага пункту гледжання пасля новай паваротнай кропкі найбольш рэалістычным для Беларусі выглядае сцэнар далейшага дрэйфу ў бок паглыблення залежнасці ад Расіі. Узмоцненая дэ-факта залежнасць ад Расіі ўмацоўвае актараў, чые інтарэсы супадаюць з такой траекторыяй. Інтарэсы беларускага і расійскага палітычных рэжымаў, а таксама шырокага кола беларускіх бізнесаў у значнай ступені замкнутыя на Расію. Грамадства, незадаволенасць якога будзе ўзрастаць на фоне стагнацыі, мае абмежаваны набор інструментаў уплыву; тыя яго сегменты, якія не падтрымліваюць такі дрэйф, могуць быць проста праігнараваныя. Акрамя таго, ва ўмовах выкарыстання сучасных аўтарытарных інструментаў — прапаганды і маніпуляцый — у спалучэнні з маштабнымі рэпрэсіямі назіраецца звужэнне спектру артыкуляваных грамадскіх запытаў. У сукупнасці гэта азначае высокую верагоднасць механізму залежнасці ад траекторыі, пры якім стагнацыя вядзе да яшчэ больш глыбокага ўкаранення Беларусі ў арбіту расійскага ўплыву.

Выява носіць ілюстрацыйны характар. Фота: “Вечерний Гродно”

У рамках гэтай парадыгмы адзіным спосабам паўплываць сёння на будучы вектар развіцця Беларусі з’яўляецца прэвентыўнае змяненне спектру інтарэсаў. Адсюль вынікае стратэгічная ўстаноўка: неабходна абмяжоўваць магчымасці патранажу беларускіх груп інтарэсаў з боку Расіі, адначасова ўмацоўваючы інстытуцыянальныя магчымасці Беларусі — як краіны, а не як уласнасці дзеючага палітычнага рэжыму.

З гэтай перспектывы важна таксама звярнуць увагу на тое, што інстытуцыйная раўнавага і спектр інтарэсаў не з’яўляюцца цалкам прадвызначанымі. У стандартных палітыка-эканамічных падыходах актарам прыпісваецца фіксаваны і зададзены набор такіх уяўленняў. На практыцы ж гэты набор кантэкстуальны, фармуецца пад уздзеяннем мноства фактараў і можа змяняцца. Напрыклад, Дэні Родрык звяртае ўвагу на істотны недахоп сучасных мадэляў палітычнай эканомікі — недастатковую ўвагу да ідэй1. І на ідэйную прастору магчыма (і трэба) уплываць.

Гэтае назіранне дапаўняе сфармуляваную вышэй стратэгічную ўстаноўку. Для выхаду з фармаванай палітычнай каляіны неабходныя новыя ідэі — новая ментальная мапа, праз якую актары могуць пераасэнсаваць свае інтарэсы. На сённяшні дзень гэта ідэйнае поле, прынамсі для актараў унутры Беларусі, амаль цалкам манапалізавана канцэптам развіцця ў расійскай арбіце. У кантэксце стварэння новай ментальнай мапы ўжо сёння важныя захады і намаганні па аддаленні Беларусі ад Расіі. Нават калі яны не могуць даць нейкага хуткага практычнага выніку (ці вельмі абмежаваны вынік), і могуць здавацца нейкай па-за навуковай фантастыкай. Аднак іх галоўны часавы арыенцір — будучая паваротная кропка.

Нядаўняя праца групы беларускіх экспертаў можа разглядацца як прыклад перакладу такога падыходу ў практычную палітычную плоскасць ужо цяпер. У ёй шлях да ўкаранення новай ментальнай мапы здзейсняецца праз пошук дапушчальнага балансу паміж двума полюснымі ўстаноўкамі. З аднаго боку, рэжым Лукашэнкі зрабіў краіну саўдзельнікам расійскай агрэсіі супраць Украіны, ваенным хаўруснікам Расіі і пагрозай для свабоднага свету. Гэты факт немагчыма ігнараваць. Разам з тым, краіна Беларусь і яе грамадства, з аднаго боку, і рэжым Лукашэнкі — з другога, не з’яўляюцца тоеснымі сутнасцямі. І гэты факт таксама немагчыма ігнараваць, бо ён мае велізарнае значэнне ў кантэксце фармавання будучыні. У межах дапушчальнага балансу паміж гэтымі ўстаноўкамі, мы дэманструем дзе і якія існуюць магчымасці для міжнароднай супольнасці.

Частка аўдыторыі, дзейнічаючы ў межах усталяванай ментальнай мапы, успрымае такі падыход як нібыта накіраваны на нармалізацыю адносін з рэжымам і яго легітымацыю. Але гэта зноў жа адгалоскі дамінуючай ментальнай мапы, калі існы рэжым успрымаецца як цэнтральны аб’ект увагі і штосьці непахіснае. За межамі рэжыму важна бачыць нешта больш фундаментальнае — саму краіну Беларусь. Краіну, будучыня якой не з’яўляецца наперад вызначанай і якая захоўвае патэнцыял змяніць траекторыю свайго развіцця за межамі існавання дзеючага палітычнага рэжыму. Менавіта краіна Беларусь – цэнтральны аб’ект увагі. І нават калі ў кароткатэрміновай перспектыве змена статус-кво выглядае малаімавернай, гэта не азначае, што бягучымі меркаваннямі трэба кіравацца ў дачыненні да будучыні.

Наадварот: калі інструментаў уплыву зараз мала, трэба глядзець, як іх пашырыць, каб паўплываць на шлях краіны пасля новай паваротнай кропкі. Сёння прыярытэт бачыцца такім:

  • паслабляць механізм залежнасці ад Расіі (path dependence),
  • і пашыраць прастору рэалістычных ідэй пра месца Беларусі ў міжнародных адносінах — так, каб у момант павароту ў краіны быў выбар не толькі паміж “як ёсць” і “яшчэ глыбей у арбіту”.

Гэты артыкул з’яўляецца перакладзенай і адаптаванай версіяй Полісі-брыфу “A Highly Likely Turning Point for Belarus: Can Early Action Shape the Outcome?

  1. У гэтым сэнсе ідэі — гэта ўяўленні актараў пра: (i) іх задачы аптымізацыі, (ii) тое, як функцыянуе знешняе асяроддзе, і (iii) якімі інструментамі яны валодаюць.