Гэты лонгрыд — працяг экспертнай анлайн-дыскусіі, якая адбылася 15 ліпеня. Запіс поўнай версіі трансляцыі можна прагледзець па спасылцы.

На працягу апошніх месяцаў беларуска-ўкраінскія адносіны перасталі выглядаць як застылая перыферыя рэгіянальнай палітыкі. Першая афіцыйная сустрэча Уладзіміра Зяленскага са Святланай Ціханоўскай, яе візіт у Кіеў, жорсткія заявы ў адрас рэжыму Лукашэнкі і прыкметная змена рыторыкі абодвух бакоў стварылі ўражанне, што ўкраінскі падыход да Беларусі перажывае фундаментальную трансфармацыю. Але ці сапраўды гаворка ідзе пра пераломны момант у двухбаковых адносінах? Ці гэтыя падзеі — найперш праява новага этапу вайны, у якім Беларусь становіцца яшчэ адным інструментам у шырэйшай стратэгіі Кіева? І што гэтыя змены азначаюць не толькі для Беларусі і Украіны, але і для будучай архітэктуры бяспекі ва Усходняй Еўропе?

Ці азначае гэта сапраўдны стратэгічны зрух — ці толькі новую тактыку ў межах ранейшых прыярытэтаў? Пяць экспертаў аналізуюць, як вайна змяніла баланс сіл паміж Кіевам і Мінскам, чаму Беларусь становіцца часткай дыскусіі пра пасляваенную канфігурацыю рэгіёна, якія магчымасці адкрываюцца перад беларускімі дэмакратычнымі сіламі і чаму нават Лукашэнка можа аказацца адным з бенефіцыяраў цяперашняй дынамікі.

Арцём Шрайбман, кіраўнік Sense Analytics

Публічныя ўльтыматумы Лукашэнку, першая сустрэча Уладзіміра Зяленскага са Святланай Ціханоўскай, яе візіт у Кіеў — усе гэтыя падзеі апошніх месяцаў правакуюць спакусу гаварыць пра стратэгічны зрух ва ўкраінскім поглядзе на Беларусь. Мне б не хацелася, каб гэтая размова звялася да тэрміналагічнай спрэчкі пра тое, што лічыць «зрухам», а што — не. Але як аналітык я не бачу, каб у стаўленні Украіны да беларускага рэжыму і дэмакратычных сіл адбыўся сапраўдны разварот палітыкі. Дакладней будзе сказаць, што Кіеў асэнсаваў новы кантэкст — міжнародны, вайсковы і двухбаковы — і моцна актывізаваў сваю палітыку ў розных кірунках. Компас застаўся тым жа, змянілася ўпэўненасць, з якой Кіеў па ім рухаецца.

Тры прычыны новай смеласці

Па-першае, змяніліся вайсковыя магчымасці абодвух бакоў: баланс зрушыўся на карысць Украіны. Гэта дало Кіеву ўпэўненасць, што пагроза з паўночнага фронту не настолькі вялікая, як лічылася раней, — а значыць, больш не забараняе весці праактыўную палітыку на беларускім напрамку.

Па-другое, дыялог Мінска з Вашынгтонам стаў успрымацца ў Кіеве як праблема, бо стварае рызыку легітымізацыі суагрэсара — а такая схема пасля можа быць скарыстаная і ў адносінах да Расіі. Таму пакуль дыялог Мінска з ЗША набіраў абароты, Украіна зрабіла сваю пазіцыю нашмат больш жорсткай, дэманструючы Вашынгтону, што не будзе дапамагаць у легітымізацыі Лукашэнкі, а нават будзе гэтаму замінаць.

Па-трэцяе, Кіеў рыхтуецца да пасляваеннай канфігурацыі рэгіёну і хоча быць актыўным аўтарам таго, як гэты рэгіён будзе выглядаць. Таму ўкраінская палітыка становіцца смялейшай не толькі ў дачыненні да Беларусі, але і да іншых суседзяў, напрыклад, Польшчы і Венгрыі. Украіна ўспрымае сябе калі не як рэгіянальную звышдзяржаву, то як адну з наймацнейшых дзяржаў рэгіёну, якая мае права пісаць правілы пасляваеннай канфігурацыі. А гэта азначае — мець уплыў і на сітуацыю ў Беларусі.

Тры канстанты, якія не зніклі

Гэтых зменаў недастаткова, каб казаць пра сапраўдны стратэгічны зрух, бо шмат што засталося нязменным.

Недапушчэнне ўцягвання Беларусі ў вайну застаецца нязменным прыярытэтам з 2022 года. Мяняюцца толькі сродкі дасягнення гэтай мэты, але не сама мэта.

Захоўваецца і размежаванне паміж Беларуссю і Расіяй. Насуперак папулярным трактоўкам пра Лукашэнку як несамастойнага васала, у Кіеве вераць у яго абмежаваную, але рэальную суб’ектнасць. Менавіта таму ўльтыматумы выстаўляюцца менавіта яму: няма сэнсу спрабаваць паўплываць на губернатара Белгародскай вобласці, але ёсць сэнс спрабаваць паўплываць на Лукашэнку, у тым ліку на яго вайсковую аўтаномію. З гэтай самай прычыны захаваліся і закрытыя кантакты з ім па лініі спецслужбаў: тэхнічныя каналы для лагістычных аперацый (вываз палітвязняў, абмен палоннымі і целамі загінулых), а часам і камунікацыя на вышэйшым узроўні. Калі верыць Лукашэнку, пасля ўльтыматуму па рэтранслятарах такая камунікацыя была, і Кіеў гэта не абверг. Кіеў не робіць стаўку на змену рэжыму ў Мінску, але ён спрабуе сілай фармаваць яго паводзіны і зніжаць уласныя рызыкі, а не працаваць на яго зрынанне.

Публічная жорсткасць і непублічныя каналы тут не супярэчаць адна адной — яны абслугоўваюць розныя задачы. На людзях Кіеў можа адмаўляць Лукашэнку ў легітымнасці і сустракацца з Ціханоўскай; кулуарна — падтрымліваць працоўны канал з тымі ж уладамі, калі гэта патрэбна для пытанняў вайны і бяспекі.

І трэцяя канстанта — размежаванне паміж беларускім рэжымам і беларусамі. Яно заўсёды прысутнічала ў рыторыцы Зяленскага, які падкрэсліваў еўрапейскія перспектывы Беларусі і тое, што беларускі народ — гэта не тое самае, што рускі ці беларускі рэжым. Многія беларусы пасля 2020 і 2022 гадоў заставаліся ва Украіне пад пэўнай палітычнай абаронай, і не апошнюю ролю тут адыграла тое, колькі беларускіх добраахвотнікаў паехалі ваяваць за Украіну.

Што могуць рабіць дэмсілы ў новых варунках

Каб выкарыстаць адкрытае акно магчымасцяў, важна памятаць: тое, што мы называем структурамі беларускіх дэмакратычных сіл, — гэта не ўсе дэмакратычныя сілы. Ёсць частка, якая, наадварот, лабіюе дыялог з афіцыйным Мінскам і лічыць, што ўльтыматумы толькі замінаюць. Увогуле ўсе беларускія дэмсілы, уключна з тымі, што ўвайшлі ў кантакт з Кіевам, я б хутчэй апісаў як сетку адвакацыйных арганізацый, чым як паўнавартасных палітычных актараў, — яны не канкуруюць за ўладу ў Беларусі зараз.

Іх місія на гэтым этапе – паляпшэнне іміджу беларусаў ва Украіне і аддзяленне народа ад рэжыму, а таксама падтрымка на міжнародных форумах і ўваход у структуры кшталту Люблінскага трохкутніка. Наступным крокам можа быць інстытуцыялізацыя стасункаў праз працоўныя групы і афіцыйнае прадстаўніцтва ў Кіеве. Усё гэта, дарэчы, супярэчыць наратыву пра тое, што Ціханоўская нібыта губляе вагу: яна знайшла магутнага партнёра ў асобе ўкраінскіх уладаў.

Варта асцярожна ставіцца і да параўнанняў колькасці беларусаў па розныя бакі фронту. Так, ёсць інфармацыя пра тысячы беларусаў на баку Расіі, але важна разумець розніцу: часта гэта зняволеныя або людзі, якія дзесяцігоддзямі жывуць у Расіі, так і не змяніўшы беларускі пашпарт на расійскі. Гэтыя групы нельга непасрэдна параўноўваць з тымі, хто свядома паехаў ваяваць за Украіну.

Высновы

Тое, што сёння адбываецца паміж Кіевам і Мінскам, – гэта не змена курсу, а тое ж самае, толькі больш смела і адкрыта. Тры прыярытэты – не дапусціць вайны, размежаваць Беларусь і Расію, размежаваць рэжым і беларусаў – вызначалі ўкраінскую палітыку і два, і чатыры гады таму. Змянілася толькі тое, наколькі ўпэўнена і публічна Кіеў гатовы гэтыя прыярытэты адстойваць. Менавіта таму слушней гаварыць не пра стратэгічны разварот, а пра пераацэнку ўласнай сілы. Менавіта гэтая розніца будзе вызначаць, наколькі доўга цяперашняе акно магчымасцяў застанецца адкрытым.

Паўло Радзь, аналітык Праграмы расійскіх і беларускіх даследаванняў Рады знешняй палітыкі “Украінская прызма”

Першая афіцыйная сустрэча Уладзіміра Зяленскага са Святланай Ціханоўскай, яе візіт у Кіеў, жорсткі ўльтыматум Зяленскага наконт рэтранслятараў і работы беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў на патрэбы Расіі — звонку ўсё гэта выглядае як тэктанічны зрух ва ўкраінскім поглядзе на Беларусь. Аднак змена рыторыкі ўкраінскага кіраўніцтва абумоўленая перадусім вайсковымі патрэбамі і імкненнем змусіць Расію да мірных перамоваў, а не пераглядам стратэгіі ў прынцыпе. Тое, што выглядае як тэктанічны зрух, — публічныя ўльтыматумы Лукашэнку і актывізацыя кантактаў з дэмакратычнымі сіламі — насамрэч з’яўляецца тактычнай адаптацыяй працы Украіны на беларускім напрамку. Гэтая адаптацыя абумоўлена як знешнепалітычнымі прычынамі, так і ходам вайны, і мае як мінімум тры вымярэнні.

Абарончая стратэгія Украіны Air-Land-Economy 

Украіна зараз рэалізуе абарончую стратэгію Air-Land-Economy. Мэты гэтай стратэгіі:

  • дасягнуць максімальных паказчыкаў збіцця расійскіх паветраных мэтаў,
  • поўнасцю спыніць прасоўванне расійскіх войскаў і адкінуць іх на асобных участках фронту, 
  • нанесці максімальную эканамічную шкоду, каб РФ не магла фінансаваць вайну (перадусім гэта тычыцца нафтаперапрацоўчага сектару, а з нядаўняй пары таксама і лагістычных цэнтраў маркетплэйса Wildberries).

Акрамя ціску на Расію, Кіеў таксама спрабуе ціснуць на бліжэйшага саюзніка Масквы. Таму ўльтыматум Зяленскага, а таксама яго заявы ў адрас Лукашэнкі тычыліся як мінімум двух з трох складнікаў гэтай стратэгіі: павышэння эфектыўнасці збіцця паветраных мэтаў (пытанне рэтранслятараў) і стварэння праблем у нафтавым сектары (работа беларускіх НПЗ на патрэбы Расіі). Мэта Кіева — скарэктаваць паводзіны рэжыму Лукашэнкі ў патрэбным для Украіны рэчышчы, стварыць умовы для ціску на расейцаў і выйсці на сур’ёзны дыялог з Масквой яшчэ да канца года.

Падрыхтоўка фундаменту на пасляваенны перыяд і перасцярога Лукашэнкі

Пры гэтым ціск на Лукашэнку мае і палітычны вымер. Ён неабходны для таго, каб стварыць перадумовы, каб пасля завяршэння вайны размаўляць з пазіцыі сілы пра новы фармат суіснавання з Беларуссю. Гэта таксама магчымасць заявіць пра сябе як пра палітычнага актара ў кантэксце беларускага пытання. Бо на працягу апошніх гадоў Украіна займала пасіўную пазіцыю, а перамовы Мінска з Вашынгтонам, як і рост імавернасці саступак з боку некаторых краін ЕС, маглі б пакінуць Украіну на ўзбочыне шырэйшых палітычных працэсаў вакол Беларусі.

Акрамя таго, ціск служыць сродкам стрымлівання магчымага далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну супраць Украіны. Хоць Лукашэнка на гэтым этапе не зацікаўлены ўцягвацца ў нейкія авантуры, а паміж Расіяй і Беларуссю ў цэлым размеркаваныя ролі ў пытанні расійска-ўкраінскай вайны, сцэнарый мабілізацыі ў Расіі можа стварыць дадатковыя рызыкі. Напрыклад, Расія, як і ў 2022 годзе, можа перакінуць нядаўна мабілізаваных грамадзян у Беларусь для навучання і падрыхтоўкі. Адпаведна, рост колькасці расійскага кантынгенту ў Беларусі будзе прымушаць Украіну рэагаваць, вылучаючы больш рэсурсаў для прыкрыцця паўночнай мяжы, а таксама больш насцярожана маніторыць сітуацыю ў Беларусі, асцерагаючыся найбольш негатыўных сцэнарыяў.

У такой сітуацыі кантакты з беларускімі дэмакратычнымі сіламі — гэта раздражняльнік і адзін з элементаў ціску на Лукашэнку. Пры гэтым сумнеўна, што Украіна мае цэласнае і доўгатэрміновае бачанне сваёй работы на беларускім кірунку. Цяперашнія змены маюць хутчэй тактычны характар, бо ў пытаннях, якія патрабуюць сістэмнай і паслядоўнай работы, пакуль асаблівага прагрэсу не было. У прыватнасці, гэта тычыцца легалізацыі беларусаў ва Украіне.

Гэтая розніца паміж гучнай дыпламатычнай актыўнасцю і адсутнасцю прагрэсу ў паўсядзённых пытаннях можа быць галоўным паказчыкам таго, што перад намі не новая палітыка, а новы набор інструментаў для старой, у аснове сваёй рэактыўнай, лініі паводзінаў.

Як будуць развівацца ўкраінска-беларускія дачыненні далей

На працягу найбліжэйшага часу Украіна, хутчэй за ўсё, будзе працягваць прыблізна такую ж лінію паводзінаў: перыядычныя кантакты з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, памножаныя на выпады ў адрас афіцыйнага Мінска. Аднак бліжэй да зімы, калі вайна не спыніцца, а Расія не абвесціць мабілізацыю і не паспрабуе заручыцца большай падтрымкай Мінска, танальнасць рыторыкі і актыўнасць дзеянняў могуць зменшыцца, бо кіраўніцтва краіны будзе засяроджана на знешнепалітычных пытаннях, а таксама на падрыхтоўцы да зімовага перыяду і рэагаванні на новыя выклікі.

Калі Расія агалосіць мабілізацыю і пойдзе на сур’ёзную эскалацыю без празмернага выкарыстання пагроз з боку Беларусі, беларускае пытанне можа наогул адысці на другі план у інфармацыйнай прасторы. У гэтым выпадку ўся ўвага ўкраінскага кіраўніцтва пераключыцца на ўзмацненне кадравых магчымасцяў Сіл абароны Украіны, прыцягнення дадатковых рэсурсаў ад заходніх партнёраў і абарону гарадоў ад удараў па крытычнай інфраструктуры. Гэта яшчэ адна прыкмета таго, што сённяшняя актыўнасць на беларускім напрамку — не самастойны прыярытэт, а функцыя ад іншых, куды больш тэрміновых задач.

Акрамя таго, невядома, што прынясуць нядаўнія перастаноўкі ў Кабміне. Адно з пытанняў — далейшая работа з дэмсіламі, бо за кантакты з імі збольшага адказвае МЗС. Ці будзе МЗС пасля фармавання новага ўрада і абнаўлення яго прыярытэтаў працягваць падтрымліваць кантакты з дэмакратычнымі сіламі — адкрытае пытанне. І менавіта гэтая нявызначанасць лепш за ўсё апісвае сённяшні стан беларускага напрамку ўкраінскай палітыкі: не стратэгія, а набор тактычных рэакцый, змест якіх можа змяніцца разам са зменай асоб, якія за яго адказваюць, або са зменай прыярытэтаў на фронце.

Павел Слюнькін, незалежны аналітык, былы дыпламат

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання ўкраінская палітыка на беларускім напрамку прайшла шлях ад асцярожнай дээскалацыі да тактычных ультыматумаў. Свежы прыклад — гісторыя з рэтранслятарамі Шродынгера, якіх адначасова няма, але яны ёсць; якія выключылі, але яны працягваюць працаваць. Знешнія праявы гэтай палітыкі могуць мяняцца радыкальна і даволі нечакана, як адбылося ў выпадку раптоўнага ўсплёску ўвагі Уладзіміра Зяленскага да Святланы Ціханоўскай.

Тры базавыя фактары погляду Кіева на Беларусь

Гэтыя падзеі могуць стварыць адчуванне фундаментальнай трансфармацыі палітыкі Украіны на беларускім напрамку. Аднак як тактыка «не злаваць (беларускага) дзеда», які марыць захапіць Кіеў за тры дні, так і жорсткія ўльтыматумы яму ж будуюцца на больш доўгатэрміновых і ўстойлівых базавых кампанентах, ад якіх гэтая тактыка і залежыць.

Іх усяго тры.

Першы — бяспека. Доўгая мяжа дзвюх краін можа быць як крыніцай экзістэнцыйных пагроз, так і сродкам зніжэння напружання і больш эфектыўнага размеркавання абмежаваных вайсковых рэсурсаў.

Другі — пытанне пра гаспадара Беларусі. Хто фактычна кантралюе Беларусь, ад чыіх рашэнняў залежыць баланс рызык і магчымасцяў на агульнай мяжы і з кім трэба весці, хай і завочны, але дыялог.

Трэці — міжнародны кантэкст. Наколькі пазіцыя замежных партнёраў па Беларусі адпавядае ўкраінскім інтарэсам.

Усё астатняе, што мы назіраем, ад рэтранслятараў да перамоваў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, з’яўляецца вытворным ад гэтых трох фактараў.

Ад дээскалацыі да ўльтыматумаў

Вясной і летам 2022 года Кіеў усур’ёз рыхтаваўся да ўступлення беларускай арміі ў вайну. Такі сцэнарый распыляў бы і без таго абмежаваныя ўкраінскія рэсурсы, узмацняў пагрозу сталіцы і прымушаў абараняць далёкія паўночна-заходнія ўчасткі мяжы. З часам гэтая пагроза саступіла месца іншай — паўторнаму нападу расійскіх войскаў з беларускай тэрыторыі. Пазней і яна звялася да мінімуму: Расія ўсё яшчэ не мае рэсурсаў для паўтарэння атакі лютага 2022-га. І пакуль гэтыя пагрозы слабелі, Украіна нарошчвала вайсковы патэнцыял і наносіла ўсё больш адчувальную шкоду расійскай арміі і інфраструктуры. Гарэлыя НПЗ, патопленыя караблі ценявога флоту, дэфіцыт расійскага бюджэту і мінімальныя прасоўванні акупантаў на фронце: усё гэта выразна дэманструе, што Украіна ўмее не толькі абараняцца. Яна вяртае вайну яе першапачатковаму адрасанту.

Усведамленне ўласнай сілы і ўразлівасці беларускай вайсковай і грамадзянскай інфраструктуры перад украінскімі дронамі дазволіла Украіне перайсці ад тактыкі дээскалацыі да зневажальных для Лукашэнкі публічных ультыматумаў.

Аднак гэтая пераацэнка пачалася задоўга да гісторыі з рэтранслятарамі. Ужо ў студзені 2023 года Украіна ўвяла першы буйны пакет санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў. Тады пад абмежаванні трапілі «Беларуськалій», Беларуская чыгунка (БЧ), беларускія банкі. У лютым таго ж года ўкраінскія спецслужбы правялі паспяховую атаку на расійскі самалёт дальняга радыёлакацыйнага выяўлення А-50 у Мачулішчах. У красавіку 2023 года Украіна запытвала ў Францыі лічбавыя карты рэльефу Беларусі, неабходныя авіяцыі і дронам для палётаў на малой вышыні. А ў 2026 годзе Уладзімір Зяленскі ўжо з высокай трыбуны з’едліва жартуе з Лукашэнкі. На прапанову сустрэцца «з прэзідэнтам Беларусі» ён адказвае, што ўжо сустракаецца — са Святланай Ціханоўскай.

Хто гаспадар у Мінску?

Пасля 2020 года Украіна адмовілася прызнаваць легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі, пры гэтым, вядома ж, кантакты паміж краінамі захоўваліся. І яны падтрымліваліся на афіцыйным узроўні. У дачыненні да дэмакратычных сіл Беларусі Кіеў займаў пазіцыю, якая заўважна адрознівалася ад лініі заходніх саюзнікаў: ад узаемадзеяння з Ціханоўскай Украіна паслядоўна ўхілялася.

Поўнамаштабнае ўварванне перавяло дыялог у іншую плоскасць. З таго часу паміж краінамі запушчаны і функцыянуе канал сувязі паміж спецслужбамі і вайскоўцамі. Увесь гэты час гэтыя каналы працуюць ціха і непублічна, але ў самыя напружаныя дні і месяцы пасля ўварвання менавіта яны дазвалялі абодвум бакам цвяроза ацэньваць дзеянні адно аднаго, узважваць спадарожныя рызыкі і абменьвацца папярэджаннямі.

Восенню 2022 года, напрыклад, па гэтым канале Украіна перадала Мінску папярэджанне: на запускі расійскіх ракет з беларускай тэрыторыі рушыць услед вайсковы адказ. Апошні ракетны ўдар па Украіне з тэрыторыі Беларусі зафіксаваны ў кастрычніку 2022 года. Падобныя перамовы вяліся і пра вылеты расійскай авіяцыі з Беларусі на бамбардзіроўкі Украіны, пазней — пра запускі расійскіх дронаў з Беларусі. Абедзве практыкі ў выніку таксама спыніліся. Украіна мела і палітычны канал з самім Лукашэнкам праз украінскага дэпутата Вярхоўнай Рады Яўгена Шаўчэнку.

Кантакты ж з дэмакратычнымі сіламі, якія выйшлі ў снежні 2025 года на найвышэйшы ўзровень, пераследуюць іншыя мэты. І прычына гэтага празаічная: рашэнні, якія ўплываюць на вайну, прымаюцца ў Мінску, а ўплыў дэмсіл з Варшавы і Вільні на гэтыя рашэнні роўны нулю.

Але пытанне «хто тут насамрэч гаспадар» рэлевантнае і для саміх дэмакратычных сіл — толькі ў іншым, унутраным сэнсе. Каб іх палітыка інстытуцыялізацыі стасункаў з Кіевам была паспяховай, яна павінна быць накіраваная на вырашэнне праблем, якія закранаюць рэальныя інтарэсы людзей, а не толькі сімвалічным жэстам. Сустрэчы на вышэйшым узроўні і супольныя фотаздымкі — гэта добра, але гэта толькі тактыка. Ва Украіне жывуць тысячы беларусаў, якія не маюць такой падтрымкі, як іх суайчыннікі ў Польшчы ці Літве: многія знаходзяцца на мяжы выжывання і сутыкаюцца з праблемамі атрымання грамадзянства пасля дзесяцігоддзяў жыцця ў краіне, а сем’і загінулых добраахвотнікаў — з адмовамі ў выплатах і медыцынскай дапамозе. Менавіта вырашэнне гэтых канкрэтных пытанняў, а не толькі рыторыка на сустрэчах з Зяленскім, стане сапраўднай праверкай, ці ператварыліся дэмсілы з інструмента ціску на Мінск у самастойнага актара.

Фактар Трампа

З прыходам Дональда Трампа ў Белы дом амерыканская стратэгія на беларускім напрамку перажыла маштабныя змены. ЗША прызналі легітымнасць Лукашэнкі, знялі санкцыі з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў і банкаў, правялі прамыя перамовы на ўзроўні двух прэзідэнтаў і нават сталі ціснуць на еўрапейскіх саюзнікаў, дамагаючыся ад іх зняцця часткі абмежаванняў супраць Беларусі.

У Кіеве на гэты разварот глядзяць скептычна, бачачы ў ім больш пагроз, чым выгад. Па-першае, зняцце санкцый з Беларусі адкрывае Расіі шляхі для іх абыходу. Па-другое, раптоўная трансфармацыя «краіны-агрэсара» ў «паўнавартаснага партнёра» адкрывае шлях да такой жа змены стаўлення да Расіі і асабіста да Пуціна ў будучыні. Варожыя дзеянні супраць Украіны, уключаючы ваенныя злачынствы, перастаюць быць для Вашынгтона абмежавальнікам на шляху аднаўлення супрацоўніцтва.

Да вяртання Трампа ў Белы дом падобныя рызыкі адсутнічалі, і Украіна магла дазволіць сабе ігнараваць беларускія дэмсілы і пры неабходнасці тактычна выкарыстоўваць канал сувязі з Лукашэнкам, пазбягаючы публічнай крытыкі ў яго адрас. Цяпер жа папярэдні баланс парушаны: Лукашэнка атрымаў прамы доступ да прэзідэнта ЗША і здольны напрост дамаўляцца з ім, у тым ліку пра нявыгадныя для Украіны здзелкі. Павышэнне ўзроўню кантактаў Украіны з дэмсіламі Беларусі стала адказам на ўмацаванне міжнародных пазіцый беларускіх уладаў і дадатковым рэсурсам у дыялогу з Лукашэнкам і ў палітычнай гульні супраць беларускіх уладаў у цэлым.

Таму, калі гаворка заходзіць пра «фундаментальную трансфармацыю» палітыкі Кіева ў дачыненні да Мінска, варта памятаць, што яна можа гэтак жа хутка і радыкальна змяніцца ў адваротным кірунку, калі зменіцца ацэнка Украінай трох базавых элементаў, якія яе фармуюць.

Андрэй Бушыла, былы кіраўнік галоўнага ўпраўлення Еўропы і Паўночнай Амерыкі МЗС Беларусі 

Пакуль адны каментатары бачаць у нядаўнім ультыматуме Зяленскага і візіце Святланы Ціханоўскай у Кіеў пачатак канфрантацыі, карысней паглядзець на гэтыя падзеі як на абмен жэстамі, у якім выйгралі, хай і па-рознаму, абодва бакі — і Кіеў, і сам Мінск.

Абмен жэстамі

Візіт Ціханоўскай ва Украіну варта бачыць як вывераны, сімпатычны асіметрычны жэст Кіева ў адказ на грубыя выказванні Лукашэнкі ў адрас Зяленскага. Гэты жэст быў разлічаны менавіта на эмацыйную ранімасць Лукашэнкі да такіх кантактаў. Для Святланы Ціханоўскай гэта, безумоўна, сур’ёзнае палітычнае дасягненне і дадатковая ўвага.

Што да самога ультыматуму: дзякуючы поспехам ва ўдарах па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, Украіна вырашыла праверыць, наколькі самастойным насамрэч з’яўляецца Лукашэнка. Гэта своеасаблівы «пас» яму: дакажы, што ты не марыянетка Крамля. І гэта, як ні дзіўна, выгадна абодвум — і Украіне, і самому Лукашэнку. Па сутнасці, гэта дээскалацыя праз эскалацыю. Зяленскі проста вярнуў Мінску той жа падыход, які Мінск даўно выкарыстоўвае супраць суседзяў праз мігрантаў і кантрабанду.

Што атрымаў Лукашэнка

Пытанне, якое рэдка гучыць у гэтай дыскусіі: а што атрымаў сам Лукашэнка? Паводле заяў украінскага боку, рэтранслятары спынілі працаваць — гэта выгада для Украіны, хоць незалежна пацвердзіць гэта складана. Але наўзамен Лукашэнка атрымаў адразу некалькі каштоўных для сябе рэчаў: 

  • заяву МЗС Кітая аб падтрымцы суверэнітэту Беларусі; 
  • вельмі акуратныя, абцякальныя фармулёўкі краін ЕС у дачыненні да Беларусі на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН; 
  • магчымасць перадаць прымірэнчыя сігналы ў Вашынгтон; 
  • базу для ўласнай прымірэнчай рыторыкі. 

Апошнімі тыднямі Лукашэнка сапраўды трансляваў пасыл «не ўцягвайце нас у вайну», які быў адрасаваны адначасова і Пуціну, і Кітаю, і Захаду, і ўласнай унутранай аўдыторыі. Паказальна, што і кіраўнік офісу Прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што не варта рабіць з Беларусі яшчэ аднаго ворага.

Такім чынам, за адносна невялікую тэхнічную саступку Лукашэнка паказаў адразу дзве рэчы: ён здольны ў пэўных пытаннях дзейнічаць уразрэз з Масквой, і ён здольны аператыўна карэктаваць уласную рыторыку, калі гэта яму выгадна.

Стары тэст Захаду

Захад традыцыйна глядзіць на Беларусь праз прызму двух фактараў: здольнасці Мінска да самастойных знешнепалітычных рашэнняў і ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне. У 2008 годзе гэта было непрызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі разам з вызваленнем палітвязняў. У 2014–2015 гадах — непрызнанне анексіі Крыма і зноў вызваленне палітвязняў. Гэта прывяло да перыяду 2014–2020 гадоў — часу росквіту адносін з Захадам і паступовага зняцця санкцый.

Пасля 2022 года на аснове гэтых жа двух крытэрыяў Захад пераацэньваў Беларусь ужо ў адваротным кірунку: Лукашэнка не здолеў дыстанцыявацца ад саўдзелу ў расійскай агрэсіі, а ў яго турмах па-ранейшаму трымаюць сотні палітычных зняволеных. Гэтыя два крытэрыі застаюцца актуальнымі для Захаду і сёння, але беларуска-ўкраінскія адносіны самі па сабе наўрад ці здольныя істотна на іх паўплываць.

Чаму сапраўдных змен чакаць складана

Якасных змен у беларуска-ўкраінскіх адносінах з боку Украіны няма і не варта чакаць: захаваюцца кропкавыя закрытыя кантакты праз амбасады і спецслужбы, а таксама выкарыстанне беларускай тэрыторыі для абмену палоннымі. Само па сабе існаванне такіх кантактаў — гэта кіраванне рызыкамі, а не нармалізацыя: Мінск можа заставацца для Кіева адначасова крыніцай пагрозы і тэхнічным партнёрам па асобных, вузка акрэсленых пытаннях, і адно не адмяняе другога. 

Для Украіны абавязковай умовай сапраўдных якасных змен ва ўкраінска-беларускіх адносінах выглядае спыненне з боку рэжыму Лукашэнкі падтрымкі расійскай ваеннай машыны. Але ў такую магчымасць верыцца слаба.

Нават без гэтага крытычнага кроку Лукашэнка мог бы скарэктаваць падыход ЕС да сябе праз відавочны і адносна танны для яго крок — вызваленне палітвязняў. Чаму ён гэтага не робіць — сказаць складана. Магчыма, справа ў тым, што яго кантакты з Вашынгтонам і без таго раздражняюць Маскву, і Лукашэнку ўжо назвалі цану за гульні з Трампам, якую ён пакуль не гатовы плаціць. Калі так, то і вызваленне палітвязняў, і далейшая дэманстрацыя самастойнасці ад Крамля будуць заставацца настолькі ж дазаванымі і сімвалічнымі, як і дэмантаж рэтранслятараў.

Высновы

Апошнія месяцы паказалі, што і Кіеў, і Мінск умеюць весці абмен жэстамі, якія дазваляюць кожнаму боку атрымаць сваю выгаду, не мяняючы пры гэтым базавых умоў гульні. Пакуль Лукашэнка не гатовы заплаціць цану за большую самастойнасць ад Масквы, а Захад працягвае ацэньваць Беларусь паводле тых жа двух крытэрыяў, што і ў 2008 і 2014 гадах. Размова пра сапраўдную якасную трансфармацыю адносін Беларусі з Захадам ці Украінай застанецца заўчаснай, колькі б прымірэнчых сігналаў ні пасылаў Мінск у Вашынгтон ці Кіеў.

Яўген Магда, палітолаг, дырэктар ГА “Інстытут Сусветнай Палітыкі”

Беларусь стала для Украіны перадусім фактарам узмацнення яе ўласнай вонкавай палітыкі — своеасаблівым спарынг-партнёрам, на якім Кіеў дэманструе сваю рашучасць знешняму свету. Украіна пры гэтым спрабуе гуляць адначасова на дзвюх дошках: з Лукашэнкам — каб не дапусціць яго ўцягвання ў вайну, і з Ціханоўскай — каб трансляваць уласны ўкраінскі досвед супрацьстаяння агрэсіі.

Новыя трэнды ў двухбаковых стасунках: дамінуюць сімвалічныя крокі

Візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў – важны крок у актывізацыі украінска-беларускіх стасункаў. Але ён застаецца перадусім сімвалічным, і яго не варта пераацэньваць. Пісьмовых дамоўленасцяў – а гэта асноўны крытэрый эфектыўнасці сустрэч на міжнародным узроўні – паміж бакамі не было. Гэта не абавязкова азначае недавер. Хутчэй, гэта адлюстроўвае аб’ектыўную розніцу ў міжнародна-прававой вазе украінскай дзяржавы і Офіса Ціханоўскай, а не нежаданне бакоў. 

Змена падыходаў Кіева звязаная ў значнай ступені з кадравым фактарам: прызначэнне Кірыла Буданава на новую пасаду (у студзені 2026 году ён стаў кіраўніком Офісу Прэзідэнта Украіны) адыграла сваю ролю. Таму гэта ў першую чаргу адлюстроўвае яго ўласныя погляды на стасункі з Беларуссю, а не паўнавартасны сістэмны перагляд падыходаў да Беларусі. Напрыклад, менавіта ён сустракаў чарговую групу вызваленых палітвязняў у снежні 2025 года.

Расія рэагуе на актывізацыю ўкраінска-беларускага дыялогу звыклымі для сябе метадамі: напрыклад, ударамі беспілотнікаў па беларускіх аўтобусах. Гэтыя правакацыі падобныя на метады нацысцкай Нямеччыны. А вось афіцыйны Мінск у асобе дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча публічна заяўляе, што не дасць уцягнуць Беларусь у вайну. І гэта, трэба прызнаць, даволі цікавы сігнал.

Адсутнасць доўгатэрміновай стратэгіі Украіны ў дачыненні да Беларусі

Для Украіны па-ранейшаму ключавая задача — не дазволіць уцягнуць Беларусь у вайну на баку Расіі. Але вось што важна прызнаць адкрыта: выразна сфармуляваная доўгатэрміновая стратэгія Украіны ў дачыненні да Беларусі адсутнічае. Стратэгія наогул не з’яўляецца моцным бокам украінскай палітыкі. Таму тое, што мы назіраем, — гэта рэактыўная палітыка, а не сістэмны курс.

Наогул, трэба быць гатовым і да гіпатэтычнага сцэнарыя абвастрэння. І тут я хачу перасцерагчы: сілавая эскалацыя не будзе на карысць дэмакратычным сілам Беларусі. У выпадку рэальных баявых дзеянняў у самой Беларусі непазбежна адбудзецца кансалідацыя грамадства вакол улады (так званая “кансалідацыя вакол сцяга”), як гэта было і ва Украіне пасля 2022 года. І дэмакратычным сілам будзе яшчэ цяжэй дастукацца да людзей унутры краіны.

Гіпатэтычны сцэнарый вайны, магчыма, і здольны пахіснуць пазіцыі Лукашэнкі ўнутры Беларусі, але няма ніякай гарантыі, што ўладу ў такім выпадку падхопяць менавіта дэмакратычныя сілы, а не тыя, хто фізічна застаўся ў Мінску і кантралюе сілавыя структуры.

Каб змяніць статус-кво адсутнасці выразнага стратэгічнага бачання ў дачыненні да Беларусі, Украіна, Польшча і Літва, якія сфармавалі ў ліпені 2020 г. так званы Люблінскі трохкутнік, павінны сфармаваць сумесную пазіцыю ў дачыненні да Лукашэнкі. Гэта найбольш эфектыўны фармат рэгіянальнай бяспекі, для якой і ствараўся Люблінскі трохкутнік. Бо, напрыклад, для Іспаніі ці Грэцыі беларускае пытанне проста не мае такой вагі. Пры гэтым трэба ўлічваць, што пасля вызвалення Андрэя Пачобута пазіцыя Еўразвязу ў цэлым стала менш выразнай. Польшча праз вызваленне Пачобута задаволіла ўласныя амбіцыі. Амерыканцы, магчыма, і хацелі б нешта атрымаць ад цяперашняй сітуацыі вакол Беларусі, але ў іх цяпер іншыя прыярытэты. Таму, хутчэй за ўсё, гэтая тэма для Вашынгтона будзе адкладзена.

Што можна і варта рабіць сення

У сённяшніх варунках мае сэнс сістэмна прасоўвацца па асобных вузкіх кірунках, а не абмяжоўвацца разавымі рашэннямі Кіева. Мая канкрэтная парада ўкраінскай уладзе: трэба забяспечыць, каб у нарматыўных актах беларусы і расіяне фігуравалі ў розных абзацах і параграфах, а не ў адной катэгорыі. Калі гэтага не зрабіць, праблемы будуць толькі пагаршацца. 

У першыя месяцы поўнамаштабнага ўварвання панавала рэфлекторная, эмацыйная рэакцыя ў дачыненні да ўсіх выхадцаў з краін-агрэсараў, але прайшло ўжо 1600 дзён вайны, і настаў час для больш дакладнай, юрыдычна замацаванай палітыкі. Гэта тым больш актуальна, што беларусаў у шэрагах расійскай арміі сёння, на жаль, больш, чым у сілах абароны Украіны. Але гэты факт не павінен размываць прававую розніцу паміж грамадзянамі краіны-агрэсара і тымі беларусамі, якія свядома змагаюцца на баку Украіны ці церпяць за яе падтрымку.

Беларусь як транзітная тэрыторыя для абменаў палоннымі — гэта таксама сённяшняя рэчаіснасць, і гэтую магчымасць трэба выкарыстоўваць. Але Украіна павінна больш актыўна патрабаваць вызвалення ўсіх, хто асуджаны ў Беларусі менавіта за падтрымку Украіны. Напрыклад, так званых «рэйкавых партызан» і байцоў палка Каліноўскага, якія ўжо чатыры гады знаходзяцца ў палоне і, на жаль, знаходзяцца пад пагрозай ужывання смяротнага пакарання ў выпадку выдачы ў Беларусь. Суб’ектнасць беларускіх дэмакратычных сіл у гэтым пытанні трэба падтрымліваць пастаянна, а не толькі ў момант палітычнай кан’юнктуры.

Высновы

Ператварэнне Беларусі ў інструмент уласнай знешняй палітыкі — цалкам рацыянальны і нават карысны для Украіны крок. Але ён прынясе доўгатэрміновы плён толькі тады, калі спарынг з Лукашэнкам і сімвалічнае партнёрства з Ціханоўскай Кіеў нарэшце дапоўніць уласнай, паслядоўнай стратэгіяй: з дакладнай прававой рамкай, каардынацыяй з Варшавай і Вільняй і рэальным клопатам, а не толькі рыторыкай пра лёс беларусаў, якія ўжо зрабілі свой выбар на баку Украіны. Інакш акно магчымасцяў зачыніцца гэтак жа хутка, як і адкрылася.


Ключавыя высновы

1. Стратэгічнага развароту Украіны ў дачыненні да Беларусі пакуль не адбылося

Нягледзячы на рэзкую змену рыторыкі і шэраг беспрэцэдэнтных палітычных крокаў, фундаментальныя мэты ўкраінскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі застаюцца ранейшымі. Змяніліся перадусім інструменты, інтэнсіўнасць і ўпэўненасць Кіева ў іх выкарыстанні.

2. Логіка вайны застаецца галоўным рухавіком змен

Беларускі напрамак па-ранейшаму вызначаецца найперш ваеннымі інтарэсамі Украіны. Новыя крокі Кіева тлумачацца змяненнем балансу сіл, імкненнем абмежаваць магчымасці Расіі і падрыхтоўкай да магчымых перамоваў, а не самастойнай пераацэнкай ролі Беларусі.

3. Беларусь становіцца часткай пасляваеннай канфігурацыі рэгіёна, пра якую Украіна задумваецца ўсё больш

Кіеў пачынае глядзець на Беларусь не толькі праз прызму цяперашніх ваенных пагроз, але і як на элемент будучага рэгіянальнага парадку. Частка сённяшніх крокаў накіраваная на тое, каб Украіна не апынулася ўбаку ад фармавання пасляваеннай архітэктуры бяспекі і вызначэння месца Беларусі ў ёй.

4. Украіна ўсё больш паслядоўна аддзяляе Беларусь і беларускае грамадства ад рэжыму Лукашэнкі, але ўзаемадзейнічае з абодвума па розных трэках

З аднаго боку, Кіеў узмацняе ціск на афіцыйны Мінск і захоўвае працоўныя каналы па пытаннях бяспекі, абменаў і кіравання рызыкамі. З другога — развівае кантакты з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і ўсё выразней аддзяляе беларускае грамадства ад рэжыму Лукашэнкі.

5. Для беларускіх дэмакратычных сіл адкрываецца новае акно магчымасцяў

Павышэнне ўзроўню кантактаў з Кіевам стварае новыя магчымасці для палітычнай і інстытуцыянальнай інтэграцыі ў рэгіянальныя фарматы. Аднак гэтае акно будзе залежаць ад здольнасці дэмакратычных сіл дасягаць практычных вынікаў, а не толькі сімвалічнага прызнання.

6. Лукашэнка таксама аказаўся адным з бенефіцыяраў новай дынамікі

Пайшоўшы на абмежаваныя саступкі, Мінск змог прадэманстраваць пэўную самастойнасць ад Масквы, умацаваць свае перамоўныя пазіцыі ў адносінах з ЗША, ЕС і Кітаем і пашырыць прастору для знешнепалітычнага манеўру, не змяняючы прынцыпова ўласнага курсу.

7. Будучыня беларуска-ўкраінскіх адносін будзе вызначацца не зменай рыторыкі, а новай архітэктурай рэгіянальнай бяспекі

Доўгатэрміновая траекторыя адносін будзе залежаць ад ступені самастойнасці Мінска ад Масквы, сітуацыі на паўночнай мяжы Украіны і месца Беларусі ў пасляваеннай сістэме еўрапейскай бяспекі. Менавіта гэтыя фактары, а не сённяшняя інтэнсіўнасць кантактаў і палітычных заяў, вызначаць устойлівасць цяперашніх змен.