Гэта скарочаная тэкставая версія экспертнай анлайн-дыскусіі Банка Ідэй, якая адбылася 7 кастрычніка. Поўную версію глядзіце ніжэй.
Удзельнікі і удзельніцы дыскусіі
Мадэратары:
- Рыгор Астапеня — заснавальнік Цэнтра новых ідэй, рэдактар Банка Ідэй.
- Зміцер Крук — старшы даследчык BEROC.
Эксперты і эксперткі:
- Роза Турарбекава — даследчыца Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы Універсітэта імя Юстуса Лібіха.
- Зміцер Міцкевіч — журналіст “Белсата”, аўтар у праекце Veridica, эксперт па бяспецы.
- Кацярына Глод — намесніца кіраўніка аддзела знешняй палітыкі Цэнтра новых еўразійскіх стратэгій (NEST).
- Рыгор Ніжнікаў — старшы даследчык Finnish Institute of International Affairs (FIIA).
- Каміль Клысінскі — старшы даследчык Centre for Eastern Studies (OSW).
- Генадзь Коршунаў — сузаснавальнік Беларускай сацыялагічнай групы.
- Максім Кудрэвіч — даследчык iSANS.
- Вольга Лойка — галоўная рэдактарка выдання Plan B.
- Аляксандр Кныровіч — прадпрымальнік, блогер, медыядзеяч.
- Юрый Дракахруст — старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, палітычны аглядальнік.
- Андрэй Казакевіч — кіраўнік Інстытута “Палітычная сфера”.
Эканамічны базіс і юрыдычныя сцэнары “разводу” з Расіяй
Зміцер Крук: Даследаванні BEROC паказваюць, што нават найгоршы сцэнар еўраінтэграцыі ў доўгатэрміновай перспектыве забяспечвае значна лепшы эканамічны рост у параўнанні са сцэнаром захавання бягучага статус-кво (знаходжанне ў арбіце Расіі і кволы эканамічны рост). Апошні фактычна ўяўляе сабой на будучыню пастку стагнацыі і паступовае збядненне ў параўнанні з краінамі Захаду. Сцэнар еўраінтэграцыі — гэта адзіны абгрунтаваны на сёння шлях развіцця Беларусі, які дазваляе не толькі вырвацца з гэтай пасткі стагнацыі, але і забяспечыць эканамічны рост і канвергенцыю з краінамі ЕС па ўзроўні даходаў. Іншымі словамі, эканамічны дыягназ гучыць даволі адназначна — Беларусі трэба ісці ў ЕС.
У той жа час існуюць тры асноўныя стэрэатыпы — па-за межамі эканамічнага вымярэння, — праз якія часта аспрэчваюць перспектывы еўраінтэграцыі Беларусі. Спрошчана іх можна сфармуляваць так:
- Расія ніколі не адпусціць Беларусь;
- грамадства не выказвае моцнай падтрымкі еўрапейскага шляху;
- у ЕС нас ніхто не чакае.
Наша сённяшняя дыскусія прысвечана абмеркаванню перашкод і выклікаў на шляху еўраінтэграцыі Беларусі. Мы паспрабуем адказаць на пытанні: наколькі гэтыя перашкоды і выклікі істотныя, ці варта і ці магчыма іх пераадолець, і калі так, то якім чынам.
Роза Турарбекава: Еўраінтэграцыя Беларусі, безумоўна, патрабуе выхаду з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расіяй.
Увогуле магчымыя тры шляхі выхаду з Саюзнай дзяржавы:
- Радыкальны: рэзкая змена рэжыму, ініцыяванне рэферэндуму і заўчасная дэнансацыя дагавораў.
- Пакрокавы: бюракратычны транзіт, адмова ад міжурадавых пагадненняў і дэнансацыя міждзяржаўных дагавораў па заканчэнні іх тэрміну (3–5 гадоў).
- “Кітайская тактыка”: прыпыненне інстытуцыйнай канвергенцыі, сабатаж міжурадавых рашэнняў і выжыданне спрыяльнага міжнароднага кантэксту.
Дэнансацыя Дагавора пра стварэнне Саюзнай дзяржавы 1999 года патрабуе рэферэндуму, а гэта актуалізуе праблему канстытуцыйнай невызначанасці. Калі рухацца па другім шляху, важна вылучыць найбольш адчувальныя для Беларусі абавязацельствы і ў першую чаргу сфакусавацца на іх адмене. Існую прававую базу ў межах Саюзнай дзяржавы можна падзяліць на міжнародныя абавязацельствы і міжурадавыя пагадненні. Найбольш праблемнымі па наступствах і складанымі з пункту гледжання выхаду з іх з’яўляюцца пагадненні па ўскосных падатках (2022 г.) і рынку электраэнергіі, а таксама Дагавор аб гарантыях бяспекі 2025 года. Не трэба скідаць з рахунку і магчымы трэці шлях фактычнага сабатажу ўдзелу Беларусі ў Саюзнай дзяржаве.
Бяспека і геапалітычны выбар
Зміцер Міцкевіч: Нейтралітэт для Беларусі ў суседстве з РФ немагчымы — фактычна гэта азначае поўны кантроль з боку Масквы. Адзіны рэалістычны шлях — удзел у еўраатлантычнай сістэме бяспекі. Беларусь мае досыць шмат аргументаў для таго, каб абгрунтаваць свой удзел у ёй. Па-першае, уключэнне Беларусі ў агульную сістэму бяспекі скарачае даўжыню мяжы, якую мусіць абараняць Аб’яднаная Еўропа. Па-другое, Беларусь можа ўнесці свае вельмі важныя інтэлектуальныя кампетэнцыі для сферы бяспекі — разуменне працэсаў у РФ і адпаведную экспертызу. Па-трэцяе, беларуская вытворчасць — колавыя шасі, оптаэлектроніка, сістэмы кіравання, — а таксама высокі ўзровень чалавечага капіталу ўяўляюць рэальную каштоўнасць для еўрапейскіх партнёраў.
Міжнародны кантэкст: як глядзяць на Беларусь заходнія краіны
Кацярына Глод: Пасля 2022 года ЕС перайшоў Рубікон: постсавецкія краіны Усходняй Еўропы (Украіна, Малдова) ужо ўспрымаюцца як частка еўрапейскай сям’і. Амаль напэўна сам ЕС паставіўся б да ідэі еўрапейскай Беларусі станоўча. Але варта строга адрозніваць агульную падтрымку дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі ад афіцыйнага прадастаўлення перспектывы сяброўства, якую раней Беларусі ніколі не прапаноўвалі.
Для дэмакратычнай Беларусі пытанне еўраінтэграцыі стане канкрэтным тады, калі ЕС будзе гатовы даць ёй такія ж палітычныя абавязацельствы, як Украіне і Малдове. А для гэтага ў дадатак да дэмакратычнай траекторыі развіцця спатрэбіцца таксама выхад з расійскіх блокаў. Немагчыма адначасова заставацца ў структурах накшталт ЕАЭС і спрабаваць далучыцца да агульнага рынку ЕС. У выпадку прыходу дэмакратычнага ўрада Беларусі давядзецца праходзіць адначасова некалькі цяжкіх этапаў: праводзіць глыбокія дэмакратычныя рэформы і здзяйсняць поўную дэінстытуцыялізацыю ад Расіі.
Але ёсць і добрая навіна: ЕС пачаў рэфармаваць свой падыход да пашырэння, што ў будучыні можа даваць дадатковыя спадзевы для Беларусі. Замест жорсткага прынцыпу “ўсё або нічога” ЕС шукае новыя, больш гнуткія шляхі, напрыклад дазвол краінам-кандыдаткам паступова далучацца да асобных галіновых палітык ЕС або выкарыстоўваць фармат асацыяванага сяброўства.
Сярод краін Захаду і рэгіёну па-за ЕС падтрымка еўраінтэграцыі Беларусі была б амаль аднагалосная (адзіным выключэннем з’яўляецца Расія). ЗША і Вялікабрытанія бачаць базавы стратэгічны інтарэс у суверэннай і незалежнай ад РФ Беларусі. Украіна таксама зацікаўлена ў свабоднай і незалежнай Беларусі. Але пасля падзей 2022 года галоўным крытэрыем для Кіева будуць гарантыі бяспекі — неабходнасць выключыць магчымасць выкарыстання беларускай тэрыторыі для расійскіх ваенных аперацый.
Рыгор Ніжнікаў: Еўрапейская будучыня Беларусі — гэта “no-brainer” (відавочна выгадны крок) як для самой Беларусі, так і для ЕС. Для Беларусі далучэнне да ЕС — гэта пытанне захавання суверэнітэту і далейшага развіцця, а для Еўрасаюза — ключавы элемент фарміравання новай еўрапейскай архітэктуры бяспекі. Без развязання беларускага пытання немагчыма пабудаваць трывалую еўрапейскую архітэктуру бяспекі, бо Расія будзе выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю супраць Еўропы. Ні нейтралітэт, ні саюзы з Масквой гэтую праблему для ЕС не вырашаюць.
У параўнанні з іншымі кандыдатамі ў ЕС Беларусь выглядае досыць прывабна. Беларусь не мае тэрытарыяльных спрэчак з суседзямі. Беларусь — еўрапейская краіна з кампактным памерам, высокім чалавечым капіталам (human capital) і блізкімі каштоўнасцямі, што дазволіць хутка дасягнуць кансэнсусу і прайсці інтэграцыйны шлях.
Важна ўжо цяпер праводзіць адвакацыю і разбіваць у еўрапейскіх колах уяўленне пра Беларусь як пра “сферу ўплыву РФ”. Замест агульных заяў палітычным сілам і экспертам патрэбныя выразная стратэгія, актыўнае лабіяванне і адвакацыя сярод заходніх палітыкаў, каб падрыхтаваць глебу яшчэ да адкрыцця “акна магчымасцей”.
Каміль Клысінскі: Час нейтралітэту для Беларусі канчаткова мінуў у 2020–2022 гадах. Выкарыстанне беларускай тэрыторыі для агрэсіі РФ супраць Украіны ў 2022 годзе паказала, што нейтралітэт ці стварэнне асобнага Балтыйска-Чарнаморскага саюза больш немагчымыя. У сучасным рэгіёне існуюць толькі дзве альтэрнатывы — альбо з Усходам (РФ), альбо з Захадам (ЕС). Дзейны рэжым у Мінску зрабіў выбар на карысць Расіі, што зафіксавана і адмовай ад імкнення да нейтралітэту ў Канстытуцыі.
Выхад з расійскай арбіты ўплыву наўрад ці можа быць лёгкім. Расійскія ўлады не глядзяць на юрыдычныя фармуляванні, юрыдычная культура Крамля “храмае”. Таму Расія будзе кіравацца не літарай закона, а сілай і патрабаваннем поўнага падпарадкавання. Любыя будучыя крокі па адыходзе ад РФ мусяць прагматычна ўлічваць фактар ваенна-палітычнага ціску з боку Масквы як ключавую рызыку.
Разам з тым Беларусі ўласціва сектаральная і інфраструктурная гатоўнасць да еўраінтэграцыі. У сектарах транспарту і лагістыкі Беларусь ужо зараз знаходзіцца на вельмі высокім узроўні і пры адпаведных палітычных умовах гатовая сесці за стол перамоў з ЕС як паўнавартасны кандыдат на сяброўства.
Настроі беларускага грамадства: прагматызм і каштоўнасці
Генадзь Коршунаў: Грамадская свядомасць засяроджана на паўсядзённасці і не выпрацоўвае геапалітычныя стратэгіі самастойна. Звычайны чалавек засяроджаны на штодзённых клопатах (дом, праца) і не разважае пра геапалітычныя вектары. Для грамадства геапалітычны выбар на 5 гадоў наперад — гэта абстракцыя.
Прывязанасць да Расіі зараз успрымаецца прагматычна — не таму, што гэта выбар сэрца, а таму, што “няма іншага выбару” ў цяперашніх жорсткіх варунках. Такім жа чынам — праз прагматычную прызму — разглядаюцца сёння стасункі з Еўропай. І тут кан’юнктура працуе ў бок пагаршэння адпаведнага ўспрымання. Напрыклад, адсутнасць магчымасцей наўпроставай камунікацыі (праблемы з візамі, зачыненыя межы) працуе супраць арыентацыі на Еўропу.
Нягледзячы на масіраваную антызаходнюю прапаганду, праеўрапейскі выбар захоўвае важкую падтрымку. У інфармацыйным полі Беларусі дамінуюць прарасійскія і дзяржаўныя медыя, якія актыўна ствараюць з Захаду і ЕС вобраз ворага. Нават у такіх экстрэмальных умовах наяўнасць значнай часткі прыхільнікаў заходняга выбару з’яўляецца вельмі моцным паказчыкам устойлівасці праеўрапейскага ядра.
Грамадская свядомасць вельмі валатыльная і пластычная. Наратыў пра “Захад як ворага” не працуе глыбока; беларусы ў цэлым прагнуць сябраваць з усімі суседзямі. Стаўленне да еўрапейскага выбару можа змяніцца вельмі хутка пры змене кантэксту. Калі з’явіцца рэальная сітуацыя выбару і пачнецца нармальная камунікацыя, колькасць прыхільнікаў еўрапейскага шляху можа прыемна здзівіць.
Больш за тое, для гэтага існуе глыбокі каштоўнасны падмурак, хоць сам тэрмін “еўрапейскія каштоўнасці” заплямлены прапагандай. Але калі раскласці комплекс каштоўнасцей на канкрэтныя складнікі (вяршэнства права, свабода, роўнасць, бізнес), яны вельмі блізкія і зразумелыя беларусам. Таму лепш называць іх “агульначалавечымі каштоўнасцямі”.
Максім Кудрэвіч: Ядро падтрымкі еўрапейскага вектара стабільнае. Яно складае 11–17% гарадскога насельніцтва, нягледзячы на інтэнсіўную антызаходнюю рыторыку беларускіх і расійскіх дзяржаўных медыя за апошнія чатыры гады.
Беларускае грамадства, у адрозненне ад расійскага, не з’яўляецца антызаходнім і дэманструе стойкасць да адкрытай прапаганды супраць ЕС, але і антырасійскія настроі слабыя. У цяперашніх умовах тэма геапалітычнага выбару для грамадства з’яўляецца перыферыйнай, бо людзей найперш хвалюе вайна ва Украіне.
Галоўны выклік на будучыню для еўраінтэграцыі — стэрэатып аб тым, што еўрапейскі выбар аўтаматычна азначае балючы разрыў усіх сувязей з РФ, а таксама абмежаванне мабільнасці (візы, закрытыя межы). У грамадстве няма масавых антырасійскіх настрояў, і значная частка насельніцтва падтрымлівае захаванне сувязей з РФ. Таму, калі еўраінтэграцыя прасоўваецца як поўны і жорсткі разрыў з Расіяй, гэта выклікае як мінімум насцярожанасць.
Таксама ў беларускім грамадстве па-ранейшаму моцнай з’яўляецца ўтопія: значны працэнт беларусаў дагэтуль аддае перавагу ілюзорнай магчымасці адначасовага захавання добрых стасункаў і саюза з Расіяй і развіцця сувязей з Захадам і трымаецца за яе.
Для ўзмацнення праеўрапейскіх настрояў важную ролю адыгрываюць фактары мабільнасці і адчування прысутнасці ЕС. Існуе простая залежнасць — чым вышэйшая мабільнасць людзей (візы, магчымасці падарожжаў), тым шырэй распаўсюджваюцца праеўрапейскія думкі; закрыццё межаў прыгнятае гэтыя настроі. На дадзены момант толькі каля 4% беларусаў адзначаюць рэальны ўплыў Еўрасаюза на сваё жыццё, тады як уплыў Расіі бачаць больш за 70%.
Камунікацыйная стратэгія: як гаварыць пра Еўропу з грамадствам
Вольга Лойка: Эканамічнай і каштоўнаснай альтэрнатывы еўраінтэграцыі няма. Эканамічную перавагу і неабходнасць еўрапейскага шляху лёгка давесці лічбамі, табліцамі і графікамі. Але сёння таксама ўзрасла роля каштоўнаснага падыходу.
Калі да вайны пытанне выбару паміж ЕС і РФ ляжала пераважна ў прагматычнай плоскасці зручнасці і бытавога камфорту, то сёння абмяркоўваць выгады ад саюза з РФ становіцца безмаральным з-за яе агрэсіўных дзеянняў. Таму еўрапейскі выбар — гэта адзіная сэнсавая і каштоўнасная альтэрнатыва.
Для ўзмацнення праеўрапейскіх настрояў патрэбная прадуманая камунікацыйная палітыка. Трэба працаваць са складанымі эмацыйнымі трыгерамі. Напрыклад, з эканамічнымі. Суседнія краіны (напрыклад, Літва і Польшча) перад рэферэндумамі 2004 года паспяхова прайшлі праз страхі за аграрны сектар і мясцовых вытворцаў, даказаўшы карысць еўрапейскіх пенсій і фінансавання. Таксама выклікам для камунікацыі з’яўляецца праца са складанымі і маніпулятыўнымі тэмамі, якімі карыстаецца прапаганда (ювенальная юстыцыя, ЛГБТ-парадак дня і інш.).
Важна ў камунікацыйнай стратэгіі надаваць увагу моўнай палітыцы (забяспечваць двухмоўнае вяшчанне на беларускай і рускай мовах), а таксама адметнасцям асобных сацыяльных груп. Поўная адмова ад рускай мовы пазбавіць доступу да праеўрапейскай інфармацыі значную частку рускамоўнага насельніцтва. Неабходна выбудоўваць асобную камунікацыйную палітыку для моладзі, навукоўцаў і дзеячаў культуры праз візы і праграмы мабільнасці, каб супрацьстаяць уплыву расійскіх праграм (накшталт “Россотрудничества”).
Аляксандр Кныровіч: Прамая агітацыя пад брэндам “еўраінтэграцыя” сутыкаецца з трыма адмоўнымі фактарамі ў свядомасці сярэдняга грамадзяніна:
- Адчуванне “здрады 2020 года”. Разачараванне пасіўнай пазіцыяй ЕС (выказванне занепакоенасці замест рашучых дзеянняў).
- “Жалезная заслона” пасля 2022 года. Візавыя абмежаванні, закрыццё межаў, забарона на ўезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі і санкцыі. Просты беларус адчувае, што яго “адсадзілі на адну кружку” разам з рэжымам.
- Страх ваеннага канфлікту. Страх перад коштам такога развароту і пагрозай расійскай ваеннай агрэсіі (расійскіх танкаў у Магілёве).
Найлепшая стратэгія камунікацыі — праз бытавыя “болі”. Замест абстрактных геапалітычных лозунгаў трэба гаварыць пра канкрэтныя бытавыя праблемы чалавека. Напрыклад, выдаткі на ежу (у Беларусі — 40% даходаў, у Польшчы — 18%); памер пенсій (у ЕС пенсія складае 56% ад зарплаты, што дазваляе пенсіянерам падарожнічаць); прымусовае размеркаванне студэнтаў (адсутнасць такой практыкі ў суседняй Літве).
Таксама важна накіроўваць асноўныя высілкі на правільную мэтавую аўдыторыю, а не пераконваць ужо перакананых. Працаваць трэба з “нармальнымі беларусамі” — шырокай, непалітызаванай часткай грамадства, якая бачыць небяспеку ад РФ і не хоча Лукашэнку, але прагне паляпшэння свайго бытавога жыцця.
Палітычнае ўвасабленне і высновы
Юрый Дракахруст: Патрэбна прапаноўваць грамадству не абстрактны “Еўрасаюз” і “еўрапейскі пакет”, а яго складнікі, якія людзі гатовыя прыняць ужо зараз і якіх няма ў Расіі. Трэба прасоўваць справядлівы і незалежны суд, роўнасць усіх перад законам, адсутнасць карупцыі.
Разам з тым трэба асэнсоўваць, што гістарычныя і сацыяльныя сувязі з РФ вельмі глыбокія. Сацыялагічныя дадзеныя за апошнія 26 гадоў паказваюць устойлівае дамінаванне арыентацыі на Расію ў параўнанні з ЕС. Грамадская думка не з’яўляецца настолькі валатыльнай ці пластычнай, каб яе можна было лёгка прасвятліць праз медыя.
Выбар паміж ЕС і РФ — выбар паміж рацыянальным і эмацыйным. Выбар на карысць Еўропы часцей за ўсё рацыянальны (багацце і высокі ўзровень жыцця). У той жа час выбар на карысць Расіі абапіраецца на ментальна-эмацыйную аснову (“свае”, “нашы”, “мы такія ж”). Рускія застаюцца самым блізкім этнасам па сацыяльнай дыстанцыі для беларусаў.
Таксама трэба ўсведамляць, што поўны разрыў з РФ для значнай часткі грамадства выглядае непажаданым. Заклікі да выхаду з усіх саюзаў з суседняй краінай сустракаюць глыбокі ментальны супраціў. Каб прымусіць грамадства пераламіць гэтую свядомасць, спатрэбіцца гістарычны маштаб лідарства і “духоўнай моцы” (падобна да рэформаў Атацюрка ў Турцыі), чаго пакуль у палітычных сілах не назіраецца.
Андрэй Казакевіч: Еўраінтэграцыя — гэта інстытуцыйна безальтэрнатыўны шлях. Падтрымка еўраінтэграцыі ў большасці краін суседства грунтуецца не толькі на захапленні еўрапейскай ідэяй ці каштоўнасцямі, але і на банальнай адсутнасці іншых жыццяздольных альтэрнатыў. Для Беларусі альтэрнатыва ў выглядзе захавання дамінавання Расіі няўхільна вядзе да эканамічнай стагнацыі і страты суверэнітэту. Калі перад краінай стаіць мэта забяспечыць развіццё і пазбегнуць расійскага дамінавання, іншага кірунку, акрамя еўрапейскага, проста няма.
Кошт нейтралітэту вельмі высокі. Спроба заставацца па-за блокамі вымагае велізарных выдаткаў на абарону, армію і ВПК (на прыкладзе Швейцарыі). Для Беларусі нейтралітэт у сучасным геапалітычным асяроддзі з’яўляецца эканамічна і інстытуцыйна нерэалістычнай опцыяй.
Пры змене кантэксту ператварэнне шляху еўраінтэграцыі ў мэйнстрымны — непазбежнае. Як толькі ў Беларусі адбудзецца змена палітычнага рэжыму і з’явіцца “акно магчымасцей” (пры зменах ці паслабленні ціску з боку РФ), еўрапейскі кірунак стане мэйнстрымам для новай палітычнай эліты, партый і грамадства. Больш за палову палітычнага спектра Беларусі будзе прасоўваць менавіта еўраінтэграцыйныя ідэі, бо яны прапануюць адзіную прагматычную мадэль развіцця.
