Апошнія гады беларускі рынак працы дэманструе парадаксальную дынаміку: колькасць вакансій імкліва расце, але гэта не суправаджаецца ні зніжэннем беспрацоўя, ні эканамічным уздымам. У красавіку 2025 года колькасць вакансій упершыню перавысіла 200 тысяч, а ўзровень вакантнасці дасягнуў 5% – паказчыка, які супастаўны самым напружаным рынкам працы ў Еўропе.
Даследаванне аналізуе рынак працы Беларусі ў рэгіянальным разрэзе і ставіць пад сумнеў распаўсюджанае тлумачэнне росту вакансій дэмаграфічнымі ці эканамічнымі прычынамі. Выкарыстоўваючы дадзеныя Агульнарэспубліканскага банка вакансій, Белстата і дзяржаўных органаў, аўтар разглядае ўзровень вакантнасці, абнаўляльнасць вакансій і структуру прапаноў на рынку працы па раёнах краіны.
Дадзенае даследаванне падрыхтавана ў межах адкрытага конкурсу Банка Ідэй для знешніх даследчыкаў і даследчыц. Гэты праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.
Вынікі паказваюць, што рост вакансій не звязаны наўпрост ні з міграцыяй працоўнай сілы, ні з эканамічным ростам, ні з натуральным скарачэннем працаздольнага насельніцтва. Наадварот, выяўлены ўстойлівыя заканамернасці, якія ўказваюць на жорсткае адміністрацыйнае ўмяшанне дзяржавы ў працэс фармавання вакансій. Асабліва высокі ўзровень вакантнасці характэрны для рэгіёнаў з актыўнай прысутнасцю буйных (пераважна дзяржаўных) працадаўцаў, а таксама для тэрыторый з падвышаным узроўнем палітычных рэпрэсій.
Даследаванне дэманструе, што значная частка вакансій носіць фармальны характар: яны рэгулярна абнаўляюцца, але не адлюстроўваюць рэальнае запатрабаванне ў працаўніках. У выніку рынак працы функцыянуе ў логіцы планавых паказчыкаў, а не рыначных механізмаў. Гэты аналіз дазваляе паглядзець з іншага боку на сацыяльна-эканамічныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, і з’яўляецца асновай для больш узважанай ацэнкі стану занятасці ў краіне.
Чытайце аналіз цалкам!
Спампаваць даследаванне
Рэгіянальныя асаблівасці і заканамернасці развіцця беларускага рынку працы (PDF)
Погляды, выказаныя ў гэтым матэрыяле, з’яўляюцца адказнасцю аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазіцыю каманды Банка Ідэй.
