Салон Банка Ідэй “На парозе зменаў ці на краю прорвы? Будучыня аўтарытарызму ў Еўропе” | Эн Эплбаўм, Максім Знак

🗓 Калі: 15 кастрычніка, 16:45–18:30
📍 Дзе: Варшава (дакладнае месца пасля рэгістрацыі)

Запрашаем на дыскусію Банка Ідэй пра будучыню аўтарытарных рэжымаў, выклікі для заходніх дэмакратый і магчымыя сцэнары палітычных зменаў у Беларусі і Еўропе.

Разам з вядомай амерыканскай журналісткай Эн Эплбаўм і юрыстам і былым палітвязнем Максімам Знакам абмяркуем, як змяняецца аўтарытарызм у сучасным свеце, ці здольныя дэмакратыі эфектыўна супрацьстаяць яго ўзмацненню і як заходнім краінам будаваць адносіны з аўтарытарнымі рэжымамі, спалучаючы прагматычныя інтарэсы з дэмакратычнымі каштоўнасцямі.

Асобную ўвагу нададзім Беларусі і Расіі: ці магчымыя палітычныя змены ў гэтых краінах, як на іх можа паўплываць завяршэнне вайны ва Украіне і якую ролю ў гэтых працэсах можа адыграць Захад. Калі ўзаемадзеянне з аўтарытарнымі рэжымамі можа прыносіць вынікі, якія рызыкі яно стварае і як дэмакратыям адстойваць свае доўгатэрміновыя стратэгічныя інтарэсы?

Размова будзе адбывацца па-ангельску без перакладу.

Спікеры і спікеркі:

• Эн Эплбаўм — амерыканская гісторык і пісьменніца, журналістка, лаўрэатка Пулітцэраўскай прэміі

• Максім Знак — кандыдат юрыдычных навук, юрыст і праваабаронца, былы палітвязень

Мадэратар:

• Антон Раднянкоў — старшыня Рады Цэнтра новых ідэй

Праграма:

• 16:45 — Збор гасцей

• 17:00–18:00 — Дыскусія з удзелам Эн Эплбаўм і Максіма Знака, пытанні аўдыторыі.

• 18:00–18:30 — Фуршэт

Колькасць месцаў абмежаваная! Абавязковая рэгістрацыя па спасылцы. Мы дашлем пацвярджэнне рэгістрацыі і дакладнае месца за дзень да мерапрыемства

Мерапрыемства фінасуецца Еўрапейскім саюзам

“Беларуская культура: будуем сусветны брэнд”: як прайшоў першы Салон Банка Ідэй у Варшаве

1 кастрычніка варшаўскі Stand Up Lokal ледзь умясціў усіх ахвотных: на сустрэчу, прысвечаную будучыні і прасоўванню беларускай культуры ў свеце, сабралася сотня чалавек. Поўны аншлаг паказаў: пытанне захавання і развіцця нашага мастацтва за межамі краіны сёння баліць і цікавіць многіх.

Вечар распачаўся з серыі кароткіх, але надзвычай канцэнтраваных выступаў. Куратарка і арт-менеджарка Вольга Мжэльская заклікала паглядзець на адсутнасць звыклых дзяржаўных інстытуцый як на шанец для будаўніцтва прыватных і грамадскіх сеткавых інфраструктур.

Пісьменнік, кніжнік і кніжны прадавец Цімур Кудзеліч з правакацыйнай тэмай “Белліт ніхто не чытае” даў цвярозую ацэнку таму, што адбываецца з беларускай літаратурай тут і зараз.

Рэжысёр і сцэнарыст Аляксей Палуян падзяліўся інсайдамі пра інтэграцыю беларускага кіно ў еўрапейскі працэс і кампрамісы, на якія даводзіцца ісці аўтарам.

Артыстка, сограйтэрка і музычная прадзюсарка Анастасія Рыдлеўская распавяла пра досвед стварэння музыкі “супраць плыні” — без лэйблаў і прадзюсараў, абапіраючыся на прамую сувязь са слухачамі.

Усе спікеры так ці інакш канстатавалі: сітуацыя з беларускай культурай цяпер складаная. Але ў кожным выступе знайшлася і надзея на тое, што культурны працэс не проста жыве, часам насуперак абставінам, а шукае новыя фарматы. А супольная дыскусія, дзякуючы мадэрацыі культуролага Максіма Жбанкова, ператварылася ў яркую, гарачую і запамінальную падзею.

Асобным момантам вечара стала прэзентацыя ад Maldzis. Яе заснавальнік Рыгор Астапеня прадставіў унікальны артэфакт, які ініцыятыва выкупіла праз аўкцыён у Нідэрландах — арыгінальнае выданне “Слоўніка беларускай гаворкі” (“Словарь бѣлорусскаго нарѣчія”) Івана Насовіча 1870 года.

Гэта фундаментальная праца мовазнаўцы, фалькларыста і этнографа была выдадзеная Імператарскай акадэміяй навук у Санкт-Пецярбургу. Улады тагачаснай імперыі не прызнавалі беларускую мову асобнай, таму выданне атрымала спецыфічную назву (сам Насовіч хацеў назваць яе слоўнікам “крывіцкай мовы”). Для ўсіх гасцей Салона выпала рэдкая магчымасць убачыць гэты гістарычны лексікаграфічны скарб на ўласныя вочы.

Завяршыўся вечар фуршэтам і цёплым нетворкінгам: удзельнікі і спікеры яшчэ доўга не разыходзіліся і працягвалі абмяркаванне.

Сачыце за Банкам Ідэй, каб не прапусціць наступныя падзеі і цікавыя публікацыі.

Фота: Johnny Cosmic

Анлайн-дыскусія “Еўраінтэграцыя Беларусі: ідэйны залаты актыў ці беларуская эмігранцкая ўтопія?”

У 2026 годзе BEROC скончыў вялікі даследчы праект па вывучэнні еўраінтэграцыі Беларусі ў эканамічным вымярэнні. Галоўнай мэтай гэтага цыклу даследаванняў было праэкзаменаваць ідэю беларускай еўраінтэграцыі, кіруючыся крытэрыямі эканамічнага аналізу і эканамічнай палітыкі, заснаванай на фактах, даных і доказах. Гэтая серыя даследаванняў дае адказы на пытанні: якія магчымасці і рызыкі будуць атаясамляцца з еўраінтэграцыяй; якія захады эканамічнай палітыкі магчымыя, каб нівеліраваць выяўленыя рызыкі. Аўтары прыходзяць да наступных галоўных высноў:

  • Еўраінтэграцыя для Беларусі будзе азначаць пошук балансу паміж доўгатэрміновымі выгодамі і кораткатэрміновымі выдаткамі дапасавання.
  • Сяброўства ў Еўрасаюзе выглядае абгрунтаваным рэцэптам для таго, каб Беларусь выйшла на шлях высокага доўгатэрміновага росту і стала краінай з высокім узроўнем даходу (супастаўным з Польшчай).
  • Пераход на гэты шлях, верагодна, будзе асацыявацца з кораткатэрміновымі макраэканамічнымі выклікамі: спадам ВУП і інфляцыйным уздымам.
  • Макраэканамічныя выклікі — асабліва пры наяўнасці знешняй падтрымкі — будуць абмежаваныя ў маштабе і часе.

Для палітычнага дыскурсу гэта вядзе да наступных высноў:

  • Беларусь — атыпічны кейс для еўраінтэграцыі. Беларусі недастаткова проста скарыстацца існуючымі механізмамі еўраінтэграцыі. Краіне спатрэбіцца распрацаваць сваю ўнікальную дарожную мапу.
  • Еўраінтэграцыя Беларусі будзе азначаць пераход з адной — расійска-цэнтрычнай — сістэмы інстытуцыйных норм і механізмаў у прынцыпова іншую.
  • Еўраінтэграцыя для Беларусі — гэта паўнавартасная змена рэжыму функцыянавання краіны, а не проста набор ізаляваных рэформаў у асобных сферах і сектарах.

Цыкл даследаванняў BEROC фактычна пастулюе, што еўраінтэграцыя — цалкам рэалістычная і шматабяцальная опцыя для Беларусі, па меншай меры, у эканамічнай прасторы. Але гэты цыкл даследаванняў свядома абмяжоўваецца выключна гэтай прасторай і не шукае адказаў на пытанні кшталту:

  • Якія выклікі непазбежна звязаныя з еўраінтэграцыяй у сумежных — міжнародныя дачыненні, бяспека — кірунках?
  • А наколькі наогул вартая ідэя еўраінтэграцыі з перспектывы пераваг беларускага грамадства?
  • Наколькі дарэчным з’яўляецца выкарыстанне гэтай ідэі сёння, калі краіна ідзе зусім у адваротным накірунку?
  • Каму і навошта патрэбная сёння ідэя еўраінтэграцыі Беларусі?
  • Ці варта прасоўваць ідэю еўраінтэграцыі ўжо сёння? І калі так, то як і якім чынам?

На воркшопе “Еўраінтэграцыя Беларусі: ідэйны залаты актыў ці беларуская эмігранцкая ўтопія?” мы хочам прааналізаваць ідэю еўраінтэграцыі праз прызму сённяшніх рэалій. Асноўнымі пытаннямі, на якія мы хочам знайсці адказы, з’яўляюцца:

  • Як, стаўшы на шлях еўраінтэграцыі, забяспечыць “развод” з Расіяй і гарантаваць бяспеку Беларусі?
  • Як успрымаецца ідэя беларускай еўраінтэграцыі з боку Еўрасаюза, ЗША, Украіны, Расіі?
  • Ці можа еўраінтэграцыя стаць кансалідуючай ідэяй для значнай часткі беларускага грамадства?
  • Ці варта, і калі так, то як камунікаваць ідэю еўраінтэграцыі для беларускага грамадства?
  • Ці можа еўраінтэграцыя стаць кансалідуючай ідэяй для беларускіх дэмакратычных сіл?
  • Калі і як еўраінтэграцыя можа ператварыцца з ідэі ў палітычны праект?

🗓 7 кастрычніка, 15:00 CET, анлайн

Праграма:

15:00 – 15:10 | Уступнае слова пра мэты дыскусіі
• Рыгор Астапеня, заснавальнік ЦНІ
• Зміцер Крук, старшы даследчык BEROC

15:10 – 15:25 | Еўраінтэграцыя і сумежныя пытанні: як забеспечыць “развод” з Расіяй і гарантаваць бяспеку Беларусі
• Роза Турарбекава, даследчыца Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы Універсітэта Юстуса-Лібіха
• Зміцер Міцкевіч, журналіст “Белсат”, аўтар у праекце Veridica

15:25 – 15:45 | Як успрымаецца ідэя беларускай еўраінтэграцыі з боку Еўрасаюза, ЗША, Вялікабрытаніі, Украіны, Расіі?
• Кацярына Глод, намесніца кіраўніка аддзела знешняй палітыкі Цэнтра Новых Еўразійскіх Стратэгій (NEST)
• Рыгор Ніжнікаў, старшы даследчык Finnish Institute of International Affairs (FIIA)
• Каміль Клысінскі, старшы даследчык Centre for Eastern Studies (OSW)

15:45 – 16:00 | Ці можа еўраінтэграцыя стаць кансалідуючай ідэяй для значнай часткі беларускага грамадства?
• Генадзь Коршунаў, прафесар Wyższa Szkoła Kadr Menedżerskich (WSKM)
• Максім Кудрэвіч, даследчык iSANS

16:00 – 16:15 | Ці можа еўраінтэграцыя стаць кансалідуючай ідэяй для беларускіх дэмакратычных сіл і як яе камунікаваць з грамадствам?
• Вольга Лойка, галоўная рэдактарка Plan B
• Аляксандр Кныровіч, прадпрымальнік, блогер, медыядзеяч

16:15 – 16:30 | Калі і як еўраінтэграцыя можа ператварыцца з ідэі ў палітычны праект?
• Юрый Дракахруст, старшы даследчык ЦНІ
• Андрэй Казакевіч, кіраўнік інстытута “Палітычная сфера”

16:30 – 16:45 | Агульная дыскусія

Запрашаем на Салон Банка Ідэй. Тэма: “Беларуская культура: будуем сусветны брэнд”

Як прасоўваць беларускія культурныя праекты ў Еўропе? Дзе шукаць рэсурсы для развіцця і як захоўваць устойлівую сувязь з аўдыторыяй за межамі краіны? Разам мы паразважаем пра магчымасці, выклікі і будучыню беларускага мастацтва ў свеце.

🗓 Калі: 1 кастрычніка, 18:30 – 22:00
📍 Дзе: Stand Up Lokal (ul. Noakowskiego 16)

Праграма:

18:30 – 19:15 | Серыя кароткіх выступаў пра сучаснаснасць і будучыню беларускай культуры: ад візуальнага мастацтва і літаратуры да кіно і музыкі.

  • Вольга Мжэльская – “Беларускае мастацтва ў свеце: адсутнасць інстытуцый і новая інфраструктура”
  • Цімур Кудзеліч – “Белліт ніхто не чытае. Ці можна нешта зрабіць?”
  • Аляксей Палуян – “Беларускае кіно ў еўрапейскай кінаіндустрыі: працэс інтэграцыі, выклікі і кампрамісы”
  • Анастасія Рыдлеўская – “Супраць плыні: як ствараць музыку без лэйблаў і менеджэраў”

19:30 – 20:15 | Агульная дыскусія з удзелам усіх спікераў і спікерак на тэму таго, як пабудаваць з беларускай культуры сусветны брэнд.

  • Мадэратар: Максім Жбанкоў

20:15 – 20:30 | Прэзентацыя новага артэфакта, набытага ініцыятывай Maldzis.

  • Спікер: Рыгор Астапеня

20:30 | Фуршэт і нэтворкінг

Колькасць месцаў абмежаваная. Калі ласка, запоўніце форму, каб зарэгістравацца на падзею.